Цішка Гартны (1923)/Пролетарская поэзія і лірыка Цішкі Гартнага
← Абеглы саманарыс майго жыцьця | Пролетарская поэзія і лірыка Цішкі Гартнага Крытыка Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1923 год |
Цішку Гартнаму → |
Пролетарская поэзія і лірыка
Цішкі Гартнага.
Кожная кляса ў пэрыяд свайго росквіту стварае сваю літаратуру, сваю, поэзію, у якой знаходзіць сабе выраз і адбітак побыт гэтай клясы і яе ідэолёгія. Гэтак, у XVII стагодзьдзі ў Францыі ў часе панаваньня дваранскага стану разьвіваецца клясыцызм, увесь прасякнуты арыстократычнымі тэндэнцыямі. У канцы XVIII і пачатку XIX в. узмацняецца новая кляса — кляса буржуазіі, і гэта ўзмацненьне ў літаратуры суправаджаецца стварэньнем новага літаратурнага кірунку — сэнтымэнталізму. У творах Стэрна, Рычардсона, у драмах Дыдро знайшлі сабе выраз новы буржуазны побыт і новыя буржуазныя ідэалы. У Расіі ў 40—50 г.г. мінулага сталецьця панаваньне дваранскай клясы дасягае свайго апогею, і гэты факт у вобласьці пісьменства характарызуецца бліскучым разьвіцьцём дваранскай літаратуры ў асобе такіх выдатных прадстаўнікоў яе, як Тургенеў, Грыгаровіч, Леў Талстой і інш.
У нашы часы на арэну гісторыі выступае новая моцная кляса — кляса пролетарыяту; у вобласьці пісьменства гэтае выступленьне знаходзіць. сабе паралель у стварэньні новай пролетарскай поэзіі. І варта ўвагі, што ў кожнай старонцы становішча новага літаратурнага напрамку больш-менш адпавядае становішчу клясы, якая становіць соцыяльную базу гэтага напрамку. Па замежах Савецкіх рэспублік ідзе толькі гуртаваньне пролетарскіх сіл дзеля будучага рашучага бою з капіталам — і ў літаратуры мы бачым там толькі першую рунь пролетарскай поэзіі. З буржуазных хваляў, затапляючых жыцьцё, там выплываюць адзінокія іменьні, як Анры Барбюс ва Францыі, Ада Нэгры ў Італіі і інш.
Ня тое мы бачым у Савецкіх рэспубліках. Тут перад намі ня толькі першая рунь пролетарскай поэзіі, а і больш сьпелыя, больш жывучыя яе ўсходы, якія прадвяшчаюць багатае жніво. У Савецкіх рэспубліках пролетарскай клясе належыць пануючае становішча, і зразумела, што гэтыя ўзаемаадносіны соцыяльных сіл адбіваюцца й на становішчы пролетарскай поэзіі самым спрыяючым чынам. І па колькасьці і па якасьці выданьняў пролетарская поэзія ў Савецкіх рэспубліках захапляе сабе ўсё больш і больш шырокае поле чыннасьці. Гэтая поэзія мае цэлы шэраг запраўды талентных прадстаўнікоў, як Герасімаў, Кірылаў, Гасьцеў, Дазораў, Садофьеў і шмат іншых.
Вынікае пытаньне, чым-жа асабліва вызначаецца пролетарская поэзія, якія яе найбольш характэрныя рысы.
У адносінах формы пролетарская поэзія, як і ўсякае новае зьявішча, перажывае зараз пэрыяд шуканьняў, новага мала чаго дасягнута; можна толькі адзначыць, што ў ёй усё больш і больш прышчапляецца вольны верш Верхарна і Уітмана.
Але затое ў адносінах зьместу ў пролетарскай поэзіі замацавалася шмат новых мэтаў і настрояў, якія істотна адрозьніваюць яе ад поэзіі буржуазнай.
Перш за ўсё, пролетарская поэзія дзівіць нас сваім бадзёрым настроем, сваім оптымізмам. Яна ня ведае гамлетызму, ёй ня знана рэфлексыя, задумлёнасьць. Сьветлымі вачыма глядзяць пролетарскія поэты ў будучыну. Яны ўпэўнены, што іх высокія ідэалы зьдзейсьняцца, і гэтая вера акрыляе іх, дае надзвычайную моц і пафос іх ліры.
Адзе Нэгры, напрыклад, будучына рысуецца, як сьветлае панаваньне вызваленай працы! Перад ёй разгарнаецца чароўны малюнак:
Наделенные шумом поля и равнины |
У гэтае сьветлае царства будучага вядуць два шляхі: праца і змаганьне. Зразумела, што гэтыя шляхі становяць сабою найбольш распаўсюджаныя тэмы пролетарскай поэзіі.
Пролетарскія поэты скінулі з сябе ўладу зямлі, у іх творах рэдка трапляюцца нават пэйзажы прыроды. Іх вабіць да сябе горад з яго рухам, з яго кіпучым і бурным жыцьцём. Логінаў, напрыклад, заклікае:
Дальше, дальше от равнин, |
Адсюль пролетарская поэзія ёсьць пераважна поэзія гарадзкая. У ёй мы знаходзім малюнкі гарадзкога побыту, гарадзкога жыцьця. Адсюль і толькі праца ў умовах гораду, фабрычна-заводзкая праца складае сабой звычайную тэму новай поэзіі. Замест вясковай нівы з калыхаючымся збожжам, тут абрысоўваюцца машыны з іх грукатам і шумам, посьвіст рэмняў, фабрычныя гудкі, разьмяраючыя жыцьцё рабочага. Замест індывідуальнай працы, у новых творах рысуецца праца колектыўная, даецца поэтызацыя гэтай працы, прасякнутая верай у перамагаючую ўсё моц колектывізму. Садоф‘еў піша:
Мы усильем непреклонным |
Гэтак колектывізм прадстаўляе сабой аснову соцыяльных ідэалаў пролетарскай поэзіі.
І па сваёй філёзофскай падставе пролетарскія творы ўяўляюць сабой новую плынь. Мы ня знойдзем тут туманнай рэлігійнай містыкі, замест яе тут на кожным кроку рацыяналізм, вера ў чалавечы розум і яго зброю — навуку; замест царквы тут усхваляюцца бібліотэкі,
Логінаў, напр., сьведчыць:
Мой храм — библиотека, |
Грунтуючыся на новай соцыяльнай і філёзофскай падставе, пролетарская поэзія востра паставіла пытаньне аб культуры, створанай іншымі клясамі. Па гэтаму пытаньню мы знаходзім тут розныя думкі, часта дыямэтральна процілежныя адказы. Кірылаў выступіў з заклікам поўнай адмовы ад папярэдняй культуры.
Яго дэвіз:
Во имя нашего завтра сожжём Рафаэля, |
У процівалегласьць яму Герасімаў выказваецца за прыняцьце і ўсваеньне спадчыны мінулага; ён гавора:
Мы всё возьмем, мы все познаем, |
Гэткім чынам ня цяжка заўважыць, што пролетарская поэзія зачапляе шмат новых тэм, што ў ёй многа жыцьцёвасьці, бадзёрасьці і суцэльнасьці.
Як-жа стаіць справа з пролетарскім кірункам у беларускім пісьменстве?
Беларусь — старонка пераважна сялянская, земляробская. У ёй няма буйных фабрычных прадпрыемстваў, няма, значыць, пэўнай соцыяльнай базы дзеля бліскучага разьвіцьця пролетарскай поэзіі. І мы бачым запраўды, што пролетарская поэзія да гэтай пары не зьяўляецца сталым, выразна выявіўшымся кірункам у беларускай літаратуры. Да апошняга моманту ў ёй пераважную ролю граюць народніцкія сялянскія мотывы. Але, паколькі і на Беларусі ёсьць дробныя фабрычныя прадпрыемствы, і ў беларускай літаратуры пад уплывам кастрычнікавай рэволюцыі заўважваецца магутны рух у бок пролетарскай поэзіі, і ў беларускім пісьменстве знаходзяць сабе месца, калі і ня ўсе, то хоць нtкаторыя элемэнты пролетарскай поэзіі.
Найбольш выдатным прадстаўніком пролетарскай музы ў беларускай літаратуры зьяўляецца поэта Цішка Гартны.
Творчасьць Гартнага вызначаецца рознастайнасьцю, але галоўны лейт-мотыў яе зазначае сам поэта ў вершы „Неба і зямля“.
Хоць чароўна ты, геба, ўсяды, |
Гэта жыцьцё, якое кіпіць бурным руччом, і становіць сабою галоўную тэму творчасьці нашага песьняра. Яго ня вабяць да сябе надземныя высі, для яго прынадна сама зямля з яе радасьцямі і горам. Адсюль выцякае яскрава рэалістычны характар творчасьці Цішкі Гартнага.
У гэтых адносінах заслужвае ўвагі ўжо самая назва апошняга зборніка лірычных твораў беларускага поэты — „Песьні працы і змаганьня“. Запраўды, праца і змаганьне становіць галоўныя мотывы лірыкі Цішкі Гартнага.
Мотывы працы ў гэтай лірыцы цесна злучаюцца з мотывамі аўтобіографічнымі. Сам рабочы, прайшоўшы цяжкую І суровую школу жыцьця, наш поэта апявае асабіста перажытае і адчуванае. Ён сам зазначае крыніцы свайго натхненьня:
Маёй песьні далі тоны |
Выцякаючы з асабістых перажываньняў аўтора, яго вобразы набываюць асаблівую рэальнасьць і конкрэтнасьць; у іх адчуваецца шчырасьць і беспасярэднасьць пачуцьця. У гэтых адносінах запраўднымі ўзорамі мастацтва зьяўляюцца вядомыя „Песьні гарбара“:
Цэлы дзень я за брудным сталом, |
Па агульнаму настрою і па мастацкаму хараству твор Цішкі Гартнага Можна паставіць побач з вядомым творам ангельскага поэты Томаса Гуда „Песьня а сарочцы“: і тут і там даецца аднальковы малюнак жудаснай пакуты рамесьніка, які гіне без пары пад цяжарам непасільнай працы ў брыдкіх надворных умовах.
Гэтым брыдкім умовам працы беларускі поэта процівастаўляе адвечнае хараство прыроды:
Там, за вакном, ціха неба сінее, |
З душнай майстэрні поэта цягне на ўлоньне прыроды; там ён набіраецца новых сіл і энэргіі.
У некаторых творах Цішкі Гартнага яшчэ адчуваецца сувязь з вёскай. Напр., у вершах Песьня жняі“, Касьба“ ён дае малюнкі сялянскай працы, поэтызуе гэту працу!
Ня спалі шчэ раньнія росы, |
Але гэтыя водгукі народніцкай поэзіі ў нашага песьняра стаяць асабняком. Поэта бачыць, што жыцьцё бязьлітасна разбурвае поэзію вёскі; яно вясковых дзяцей адрывае ад грудзей маці-зямелькі і, заганяючы ў горад, кідае на шлях зролетарызацыі. З шчырым засмучэньнём поэта ў сваёй „Калыснай песьні“ апявае гэтую долю будучага пролетарыя:
Гора сілаю загоніць |
Галоўную ўвагу поэта спыняе на абрысоўцы працы дробнага рамесьніка (грабара, каваля, ткачыхі). Ён малюе цяжкае матар‘яльнае становішча рамесьніка, брыдкія надворныя ўмовы і паднявольны характар яго працы, суровую прозу яго жыцьця. У гэтых малюнках заўважваецца об‘ектыўнасьць поэты-рэалісты і шчырасьць чалавека, на сабе самім вынесшага ўвесь цяжар фізычнай працы. Праўда, кола назіраньняў Цішкі Гартнага досыць вузкае. У яго мы ня знойдзем, напрыклад, малюнкаў колектыўнай працы буйных прадпрыемстваў, ня сустрэнем абрысоўкі становішча організаванага пролетарыяту. Каханы гэрой Гартнага, адзінокі рамесьнік, пакутуючы ў сваёй майстэрні.
Цяжка гэтаму рамесьніку за працай, яшчэ цяжэй бяз працы. На гэта становішча беспрацоўя поэта таксама зварачвае сваю ўвагу; ён рысуе нам „Гарбара на вандроўцы“:
Дожджык пакрапляе, |
Гэтак у голадзе і холадзе вандруе гарбар, шукаючы сабе працы. Але людзі бязьлітасны:
…Што-ж ня чуюць |
Жудасна матар‘яльнае становішча беспрацоўнага, але яшчэ больш жудасча моральная пакута, якую нясе з сабой беспрацоўе: толькі работа дае жыцьцю пролетарыя сэнс і ўнутраную падставу, бяз працы пролетары адчувае сябе лішнім у сьвеце. Гэтая моральная пакута беспрацоўнага знайшла сабе мастацкую абрысоўку ў нашага поэта. Ён гавора:
І ня тое, што работа |
Узятыя ў цэлым песьні Гартнага гэткім чынам уяўляюць сабой гымн працы; у іх добра зазначаецца пеыхолёгія працоўных масаў, для якіх работа — галоўная моральная аснова жыцьця. Калі праца зьяўляецца цяжарам, пакутай, то ў гэтым вінавата не сама яна, а ненормальныя соцыяльныя варункі капіталістычнага ладу. Барацьбе за зьніштажэньне гэтага брыдкага ладу і за будову комунізму пасьвечаны ў поэты яго песьні змаганьня.
Агульная рыса гэтых песьняў — надзвычайны рэволюцыйны пафос аўтора. Стыхія барацьбы для яго — родная стыхія. Нават у прыродзе песьняру больш за ўсяго падабаюцца грозныя магутныя зьявішчы; поэт малюе, напр., навальніцу:
Я люблю, калі небны абшар, |
З гэткім-жа захапленьнем пясьняр рысуе і завіруху; ён у ёй бачыць бунт прыроды.
Люб мне ветру гуд шалёны, |
Грозныя зьявішчы прыроды ў душы поэты адбуджаюць сугучныя струны: яму гэтак сама хочацца барацьбы, змаганьня. Ён гавора тады пра свае жаданьні:
Я хацеў-бы пылаць, |
Перад намі гэткім чынам абрысоўваецца магутная індывідуальнасьць поэты, шукаючая змаганьня, бачучай ў ім сэнс жыцьця. Ахоплены пафосам барацьбы, пясьняр рысуе нам дынаміку рэволюцыі ў мастацкіх сымболічных вобразах полымя[17], будоўлі новай хаты[18], загукаючага звону[19] і інш.
Асабліва трапную вобразнасьць сустракаем мы ў вершы „Чырвоны мак“. Тут перад намі праходзіць зьмена сьвятла і ценяў.
Чырвоны мак пылае у гародзе |
Поэта з радасьцю вітае работнічую і сялянскую рэволюцыю:
Яна прышла ад цяжкіх сох, Гары-ж, агонь кастрычніка, гары! |
Бадзёра, оптымістычна глядзіць поэта ў будучыну; ён жыве вераю ў ажыцьцяўленьне сваіх высокіх ідэалаў:
Я жыву таму, што маю |
Гэткім чынам у творчасьці Цішкі Гартнага мы знаходзім выраз супрацоўнай пролетарскай ідэолёгіі, якая становіць сабой галоўную адзнаку пролетарскай поэзіі. Наш пясьняр у беларускую, пераважна народніцкую, поэзію ўнёс новыя, сьветлыя мотывы пролетарскай музы. У гэтым заключаецца яго вялізнае, няўмірушчае значэньне ў гісторыі беларускага пісьменства.
М. Пятуховіч.
- ↑ Фриче — Очёрки по истории Западно-Европ. литератур, стр. 244.
- ↑ Львов-Рогачевский. Очерки по истории новейшей русской литературы, Москва, 1920 г. стр. 120.
- ↑ Ibidem.
- ↑ 4,0 4,1 Львов-Рогачевский. Очерки по истории новейшей русской литературы. Москва 1920 г. стр. 120.
- ↑ Ibidem.
- ↑ Песьні. Пецярбург, 1913 г., стр. 34.
- ↑ „Песьні працы і змаганьня“. Бэрлін. 1922 г., стр. 63 і 64.
- ↑ Ibid., стр. 8 і 9.
- ↑ Ibid., стр. 9.
- ↑ Ibid., стр. 19 і 19.
- ↑ Ibid., стр. 22.
- ↑ Ibid., стр. 12 і 13.
- ↑ Ibid.
- ↑ Ibid., стр. 21.
- ↑ Ibid., стр. 62.
- ↑ Ibid., стр 62.
- ↑ Ibid., стр. 65.
- ↑ Ibid., стр. 31.
- ↑ Ibid., стр. 66.
- ↑ Ibid., стр. 68, 69.
- ↑ Ibid., стр. 69.