Перайсці да зместу

Празвінеў званок, — і на пероне… (Астапенка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Празвінеў званок, — і на пероне…
Аўтар: Змітрок Астапенка
1931
Крыніца: http://vershy.ru/content/inkvizitsyya

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Празвінеў званок, — і на пероне
Ужо растаў бялява-пухкі дым…
Праз прастораў звонкія парогі
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым.

Я вакенца ў золкасць адчыняю,
Папяроса пыхае, трымціць…
За вакном — прыгожая нязнанасць,
Кругабегі рэйкавых пуцін.

Паравоз стучыць-грыміць па шпалах,
Па загонах распусціўшы чад…
Струнных думак звонкія цымбалы
Не спяшаюць тонны ні на час.

Я гляджу — бягуць на сустрач далі.
На загонах раніца імжыць…
У істоце нечага не стала,
Не хапае нечага ў душы.

Груст апаў, фарботай задумлёны,
І вішнёвы смутак без пары…
Ці за тым, што ў песенных загонах
Я пакінуў вёскі ля зары…

Паравоз грыміць і ўторыць думкам
І ў разгоне раду хоча даць.
— З-за прыгожых, песенных лятункаў
Хіба варта, хлопча, груставаць?..

І з чыгуннай песняю ўрачыстай
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым…
І шапчу я — будзь заўсёды «чыстым,
Будзь заўжды — як вечнасць, маладым»!..

1931