Празасяданыя Верш Аўтар: Уладзімір Маякоўскі 5.III.1922 Арыгінальная назва: Прозаседавшиеся Пераклад: Рыгор Суніца Крыніца: Маякоўскі, У. У. Выбраныя творы / В. Маякоўскі ; пер. з рус. пад рэд. А. Куляшова. - Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, Рэдакцыя мастацкай літ., 1952. - 374 с.
Прапануем да спампаваньня!
Празасяданыя
Яшчэ і світанне не прыйдзе як след,
І дзень не пачнецца новы —[* 1]
хто ў галоў,
хто ў ком,
хто ў паліт,
хто ў асвет,
разыходзіцца народ па ўстановах.
Зойдзеш ў будынак нікім не заўважаны —
слепіць спраў папяровых мігценне...
Забраўшы з поўсотню іх —
самыя важныя! —
разыходзяцца служачыя на пасяджэнні.
Заявішся:
"Ці не могуць аудыенцыю даць?
Хаджу я здаўна і штодзённа[* 2]".
"Таварыш Іван Ваныч пайшлі засядаць —
Аб'яднанне Тэа і Гукона".[1]
Скалясуеш сто лесвіц.
Аж свет не мілы.
Зноў:
"Праз гадзіну сказалі зайсці вам.
Засядаюць: —
Купля пляшкі чарніла
Губкааператывам".
Праз гадзіну-ж:
няма ўжо і сакратара
і знік справавод —
гола!
Усе да 22-х год
на пасяджэнні комсамола.
Гледзячы ў ноч, лезу старанна[* 3]
на верхні паверх семпаверхага дома.
"Прышоў таварыш Іван Ваныч?" —
"На пасяджэнні А-бэ-вэ-гэ-дэ-е-жэ-зэ-кома".
Разлютаваны[* 4],
на пасяджэнне
ўрываюся лавінай,
дзікімі праклёнамі свет увесь лаю[* 5].
Аж[* 6] бачу:
сядзяць людзей палавіны.
Што за чорт!?
Дзе-ж палавіна другая?
"Зарэзалі!
Забілі!"
Кручуся, аж змок.
Да непрытомнасці страшны малюнак уразіў.
Ды чую
Спакойны сакратара галасок[* 7]:
"Яны на двух пасяджэннях адразу.
За дзень
пасяджэнняў на дваццаць
трэба справіцца[* 8] нам.
Міжволі прыходзіцца разарвацца!
Да пояса тут,
а ўсё іншае[* 9]
там".
З турботаў не спіцца.
А ўжо відно.
Марай такой сустракаю дзень я:
"О, хоць-бы
яшчэ
пасяджэнне адно
пра выкараненне ўсіх пасяджэнняў!"
5.III.1922
Зноскі
↑Тэа — Тэатральны паддзел Галоўпалітасветы пры Наркомасветы. Гукон — Галоўнае ўпраўленне конегадоўлі пры Наркамземе.
Рэдакцыя 1938 году
Паводле выдання: Маякоўскі, У. У. Выбраныя творы / В. В. Маякоўскі. - Мн. : Дзяржвыд Беларусі. Дзіцячая літ., 1938. - 128 с.
↑Ледзь золак цемру сапхне ў сусвет,
І дзень пачнецца новы, —