Перайсці да зместу

Прадмова да кнігі «Матар’ялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова да кнігі «Матар’ялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі»
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1928

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Спаміж дасягненьняў Беларусі, здабытых за апошняе дзесяцігодзьдзе, заслугоўвае адзначэньня адно, быць можа ня вельмі яскравае, але тым ня менш поўнае глыбокага сэнсу ў пэрспэктыве культурнае гісторыі краю. Я маю на ўвазе разьвіцьцё географічнага і статыстычнага самапазнаньня, якое цяпер ахапіла масы насяленьня Беларусі. Вось ужо некалькі гадоў, як на ўсёй прасторы Беларусі, па вёсках і мястэчках распачалася краязнаўчая праца, якая ў пераважнай большасьці мае географічны зьмест; статыстычнымі органамі зьбіраюцца і распрацоўваюцца лічбавыя матар’ялы ў такіх разьмерах, якіх ніколі ня бачыла Беларусь; стварыліся ўмовы, якія дазволілі вылучыцца новай галіне географічнае навукі — Географіі Беларусі. Апошняя цяпер стала адным з асноўных прадметаў выкладаньня ў школах усіх ступеняй да вышэйшых школ Беларусі ўключна. Гэты процэс географічнага самапазнаньня бясспрэчна стаіць у найцясьнейшай сувязі з тымі вымаганьнямі, якія ставіць навуцы эпоха рэволюцыі, эпоха соцыялістычнае перабудовы ўсяго конкрэтнага, навакольнага жыцьця. Для продукцыйнай працы ў гэтую эпоху асабліва неабходна самае тонкае разуменьне і выкарыстаньне ўсіх географічных асаблівасьцяй краю і кожнага яго раёну, а па магчымасьці і кожнае мясцовасьці.

Але адно зьбіраньне географічнага і статыстычнага матар’ялу ёсьць толькі пачаткам гэтае важнае справы, які патрабуе свайго лёгічнага працягу, — распрацоўкі, сыстэматызацыі і апублікаваньня ўсіх вартых таго матар’ялаў. З гэтага боку застаецца яшчэ шмат працы для выкананьня. Статыстычныя матар’ялы распрацоўваюцца і публікуюцца толькі ў вельмі абмежаваных рамках, з мэтаю пераважна даць пэўныя сярэднія лічбы па ўсёй Беларусі і па яе найбуйнейшых падзелках-акругах. Найцікавейшы для географа матар’ял аб дробных тэрыторыяльных адзінках, аб паасобных паселішчах звычайна не публікуецца, дый наўрад ці можа быць апублікаваны ў поўнай меры, дзякуючы сваёй грамознасьці. Тое самае можна ў яшчэ большай меры сказаць аб географічным матар’яле, зьбіраным краяведамі. Усе гэтыя матар’ялы пакуль што неабходна выкарыстоўваць для навуковых географічных прац у сырым відзе, публікуючы, аднак, разам з працамі і больш каштоўныя з выкарыстаных сыстэматызаваных матар’ялаў, каб даць магчымасьць шырэйшым колам дасьледчыкаў як спраўдзіць вывады кожнае працы, так і далажыць сваіх высілкаў для далейшага дасьледваньня таго самага матар’ялу іншымі мэтодамі, з іншых пунктаў разгляду.

Катэдра Географіі Інстытутут Беларускае Культуры, распачынаючы выданьне «Матар’ялаў да Географіі і Статыстыкі Беларусі» мае на ўвазе публікаваць у іх працы пераважна монографічнага характару, пабудаваныя на шырокім выкарыстаньні сырога матар’ялу, які часткаю таксама будзе публікавацца ў дадатках. Такім сырым матар’ялам, па сутнасьці, для географа зьяўляецца і канчатковая публікацыя статыстычнага матар’ялу. Каб зрабіцца гатовым географічным матар’ялам ён павінен быць ня толькі разьмешчаны на географічнай карце, але ў кожным пункце гэтае карты павінен быць увязаны з цэлым шэрагам географічных элементаў у суцэльнай характарыстыцы географічнага раёну.

Катэдра географіі мае сваім заданьнем географічную распрацоўку ўсіх пералічаных матар’ялаў, якая павінна з усёй масы іх выбраць тыя, што маюць географічнае значэньне і ў належнай меры характарызуюць раён, да якога адносяцца. Атрыманы ў выніку гэтага адбору географічны матар’ял будзе ўжо трывалым і пэўным фундамэнтам, на якім будзе разьвівацца географія Беларусі.

У 1-м томе «Матар’ялаў» зьмяшчаюцца працы, пабудаваныя на статыстычным матар’яле, што тлумачыцца як тым, што гэты матар’ял ужо даўно чакае навуковага выкарыстаньня, так і яго большай даступнасьцю, паўнатой і аднастайнасьцю зьбіраньня, што дазваляе асьвятліць адразу некаторыя шырокія проблемы з належнай гарантыяй упэўненасьці. У далейшых томах «Матар’ялаў» зьявяцца працы пабудаваныя на даных, зьбіраных краязнаўчымі організацыямі, а таксама і самой Катэдрай Географіі, ды іншымі катэдрамі Інстытуту праз іхнія экспэдыцыі.

Было-б вельмі пажадана, каб у навуковай распрацоўцы абшырнага географічнага і статыстычнага матар’ялу аб Беларусі прынялі удзел магчыма шырэйшыя колы дасьледчыкаў-географаў і статыстыкаў. Супольнымі высілкамі нам трэба дабіцца, каб посьпехі географічнага самапазнаньня Беларусі былі замацаваны глыбокімі навуковымі падставамі і каб яны, як найхутчэй прынесьлі справе гаспадарчага і культурнага будаўніцтва Беларусі тую карысьць, якой ад іх можна спадзявацца.

А. Смоліч.