Прагны багацей

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прагны багацей
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-070

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жылі два браты: багаты і бедны. Багаты сам нічога не рабіў, бо меў шмат парабкаў. А бедны лавіў вудаю ў возеры рыбу — з гэтага і жыў.

Аднаго разу багаты спраўляў вяселле — жаніў сына. Шмат сабралася ў яго гасцей.

«Пайду і я да брата ў госці», — думае бедны. Пазычыў ён у суседзяў каравай хлеба і пайшоў на вяселле.

Прыйшоў і стаіць у парозе з хлебам. Убачыў яго багаты брат:

— Ты чаго прывалокся? У мяне тут госці не табою будучы! Вон, каб я цябе і не бачыў!

І прагнаў яго.

Крыўдна стала беднаму брату. Узяў ён вуду і пайшоў рыбу лавіць. Сеў у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Вудзіў, вудзіў — усё дробная рыбка трапляецца. А тут і сонца заходзіць. «Ну, — думае бедны рыбак, — закіну яшчэ раз, на шчасце». Закінуў вуду і выцягнуў такую рыбіну, якой і зроду не бачыў: вялікая ды ўся серабрыстая.

Пацешыўся ён з дзіўнай рыбіны і пачаў яе ў торбу запіхваць. А тая раптам і кажа яму чалавечым голасам:

— Не губі мяне, добры чалавек, пусці назад у возера.

Успомніў рыбак сваіх дзяцей і кажа:

— Не магу я цябе пусціць — я сам галодны і дзеці даўно есці хочуць. З чым я дамоў вярнуся?

— Калі ты такі бедны, — кажа рыбіна, — дык засунь руку мне ў рот і дастань адтуль залаты пярсцёнак.

Рыбак падумаў і кажа:

— Баюся, ты мне яшчэ руку адкусіш.

— Не бойся, не адкушу!

Пасмялеў рыбак, засунуў руку рыбіне ў рот і дастаў адтуль залаты пярсцёнак.

— Што я з ім рабіць буду? — пытаецца рыбак. — Ён жа мяне не накорміць.

— Нічога, — адказвае дзіўная рыбіна, — яшчэ як накорміць! Выкідай сваю дробную рыбку з чоўна і ўкінь туды гэты пярсцёнак.

Рыбак так і зрабіў. І як толькі кінуў пярсцёнак на дно чоўна, дык там адразу цэлая куча грошай стала.

Пусціў бедны рыбак тую рыбіну ў возера, а сам хутчэй да берага паплыў. Скінуў на беразе кашулю, сабраў у яе грошы і пайшоў дадому.

Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Пабудаваў новую хату і паклікаў гасцей на ўваходзіны. А брата не пазваў: не мог дараваць яму крыўды.

Дачуўся багаты, што яго бедны брат новую хату паставіў і з гасцямі балюе. Кажа ён сыну:

— Схадзі паглядзі, што ў яго там робіцца.

Прыйшоў сын, паглядзеў ды бягом назад.

— Ой, — кажа бацьку, — у цябе таго няма, што ў твайго беднага брата — і хата новая, і жывёлы поўна, і на стале ўсяго хапае.

Багаты аж пачарнеў ад зайздрасці. Пасылае ён зноў сына, каб паклікаў беднага брата.

Прыйшоў бедны брат да багатага.

— Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. — Ты, кажуць, жывеш цяпер лепш за мяне.

Бядняк ілгаць не ўмеў — усё і расказаў, як было.

Як пачуў гэта багаты, дык так і засвярбелі ў яго рукі. «Пайду, — думае, — і я злаўлю тую рыбіну».

Узяў ён добрую вуду, сеў у новы човен і паехаў на сярэдзіну возера. Лавіў, лавіў і вывудзіў-такі дзіўную рыбіну.

— Не губі мяне, — просіцца рыбіна, — пусці назад: у мяне там дзеці малыя…

— Не, галубка, — захадзіўся багаты, — не пушчу! Дай мне такі ж пярсцёнак, які дала майму брату.

— Дык брат жа твой бедны быў, ён і хлеба не меў… А табе навошта?

— Як гэта навошта? Не хачу, каб брат багацейшы быў за мяне! Давай пярсцёнак — і канец! А не, дык занясу цябе дамоў і засмажу…

— Ну, што ж, — кажа рыбіна, — бяры, калі ты такі зайздросны. Мне не шкада.

Разявіла яна рот. Прагны багацей засунуў ёй у рот руку па самы локаць. Тут рыбіна як глымане зубамі — адкусіла руку і нырнула з ёю на дно возера.

Вярнуўся багаты брат дамоў і без грошай, і без рукі.