Правады
Выгляд
Правады Верш Аўтар: Юрка Лявонны 1927 |
За высокім вакном правады —
Гнуткай медзьдзю апраўлены дрот.
І бягуць тэлеграмы ўпярод,
І сплываюць, як ранічны дым…
Кожны з нас на зямлі толькі госьць:
Гэта — вечная радасьць і драма…
Як па медных дратох тэлеграма —
Прамільгне і мая маладосьць.
І ня ўспомняць таго, што чыталі,
Што казалі пяшчотнае: «Вер!»…
Паглядаць будзе сёньняшні верш
Мармуровай, забытай скрыжальлю.
За высокім вакном правады
Дзіўнай музыкай сэрца нітуюць.
Песьню іхную — гэтак прастую —
Ловяць вёскі, палі, гарады…
Правады, уцякаючы, звоняць,
Абдае іх рыжэючы пыл,
І гудзяць пры дарогах слупы
Ад Дзьвіны да глыбокага Дону.
За высокім вакном правады,
За высокім вакном — шумны горад…
Пралятаюць — і шчасьце, і гора,
Як ружова-расьцьвечаны дым.