Перайсці да зместу

Поэмы (Бядуля, 1927)/З сказаў буры і віхроў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чырвона-чорная жалоба З сказаў буры і віхроў
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Чырвоны каляндар
Іншыя публікацыі гэтага твора: З сказаў буры і віхораў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З сказаў буры і віхораў

I

… Го-го-го…
Посьвіст рэжа пушчу:
… Ф-ф-ф-ю-ю-у…
У апавітках ночнай сажы
З смаглаю журбою
Коціцца, паўзе па аксаміце лесу
Пошчак-рэха.
… Го-го-го…
Нехта звар‘яцелы, дзікі
Голаў б‘е аб сосны,
Скрабе плячом аб шурпаць жорсткіх пнёў
І сьвішча, сьвішча:
… Ф-ф-ф-ю-ю-у…

А пушча
Вілаватымі асілкамі,
Як той агромны ачарот,
Дрыжыць,
Дрыжыць,
Дрыжыць
І шорах льле такі,
Як быццам на чыгун гарачы,
Да бела раскалёны,
Пырскае халодны град крапінак:
… Ж-ж-ж-ж…
Так бор гудзіць пчалой.

Тут гладкі быў абшар зямлі,
Як вялізарны плех.
А з далечы прастораў і часоў
Імкнулася сюды, бы шквал сталёвы,
Няведамае племя,
Калюча-кудрае, віхрастае
І дзіка-воўчае,
Нахлынула, нарынула на веча-сход
Старукае, станогае
Няведамае племя.
І раптам —
Анямела, ацьвярдзела,
Мохам абсьцілалася,
Смалою абурштынілася,
Засталася навекі-вечныя стаяць
У пушчу-лес,
У лес з ваўкамі, ягадамі і грыбамі,
З казкамі дзядоў,
З труканьнем бяроставай трубы
Дзівацкіх пастухоў.
А мо‘ ня лес —
Коміны падземных фабрыкаў
Вылезьлі, як дудкі, ўверх з глыбі
Пячэр агнёвых, з падзямельля,
І сьвішчуць,
Сьвішчуць.

То пальцы два
У губу улажыў малойца новы
З новай казкі —
Засьвістаў.
Выскачыў з бярлогі сумны воўк,
Ад голаду сухі, бы корч,
І бразнуў фосфарам вачэй
У хмельны цемень лесу.
Іскравіў голадам, самотнасьцю
Вакол.
Паджаўшы хвост
І апусьціўшы нізка морду,
Воўк сунуў між пнёў —
Апрыкрыла яму „цю-га“ людзкое.

II

Як даўны рыцар лесу,
Які трымаў у страху
Магнатаў і князёў
І бараніў сярмяжны люд, —
Так і цяперашні славутны атаман паўстанцаў —
Янка Віхрабурны —
Хлопец з вёскі,
З буйнаю сям‘ёю дзяцюкоў
Палохаў тых,
Хто сюды прышоў з Пазнані і Варшавы
Панаваць.
Белыя былі арлы ў паноў на шапках,
Багнэты і нагайкі — у руках,
Матка боская з ксяндзамі — у хвасьце.
Беларусь ад іх стагнала стогнам.
Беларусь апранута была
Ў пажарышчы бурнос паўстаньняў.
А кіпці белапанскага агіднага арла
Ірвалі яе грудзі,
сэрца трэпетнае
Скублі на жылкі-ніткі.
… Што рабіць? —
Завойкаў люд па вёсках, —
… Што рабіць?
Дзе воі нашыя?
З зоркай на шаломах,
Дзе нашыя чырвоныя саколы
З бурай вольніцы ў грудзёх,
З полымем штандараў
На штыкох?
Дзе воі Леніна?
Дзе?
— Тут! —
Гукнуў Янка Віхрабурны, —
Мы самі — усе па вёсках!
Ідзём у цёмны лес!
Хлопцаў грамада адзін у адзін!
Чырвоны певень загуляе па маёнтках!
Зрываць будзем масты!
Як зьвяроў, трывожыць будзем
Панскіх наймітаў трусьлівых!
Мы вытурым іх з Беларусі!
Наш курганны край задушыць іх жыўцом;
Апынуцца яны, як тыя мышы, ў студні.
Нам не арліхі дохлыя патрэбны,
А творчы і мазольны Серп і Молат!
Мы адваюем край!
Ён вольным быць павінен!
Вінтоўкі ўсе з захову павыймайце!
Ідзём гуляць у жыцьцё і сьмерць!
(На фабрыцы дагэтуль Янка працаваў
У горадзе, і выведаў на сваіх плячох —
Адкуль на сьвеце ліха.
Ён ведаў Маркса,
Леніна чытаў,
Вярнуўся ў вёску вольніцы прарок).
Вочы ў хлопцаў загарэлісь,
Ап‘янелі з яго слоў.

III

Ноч і глуш
Спляліся між сабою ў жудасны дыван
Вандруюць, як разьведчыкі,
Між прысадаў лясуновых
У дзікай пушчы.
Над цёмнаю карунай
Стромкіх дрэў
Вісіць на жылах сівай хмары
Ярка-медны месяц —
Ня месяц —
То ў крыві карона,
Сарваная віхорам з галавы
Агіднага і дзікага бажышча.
Ня месяц —
Чырвона-вогненнае сэрца волата
Блытаецца ў сумнай пустцы неба.
Ня месяц —
Агромністая бурая лілея
Ў бяздоньні шкла нямых пустотаў
Заквітнела.
А над борам
Па блакіце люстраў
Нехта рассыпаў вялікі коўш
Чырвоных, ядраных малін,
Пульхных, нібы вусны малалетак, —
Зоркі.
Нехта расьсяваў
Па вадзяністым шоўку
Зерняткі з рубінаў —
Зоркі.
Нехта тысяччу вачэй
Глядзіць уніз — у кудры бору
І залатымі шпількамі
Коле пушчу.

Янка Віхрабурны
Толькі што прышоў у лес.
Прыдушаным авечым стадам
Ляжала водаль вёска.
Часам даляцелі стуль,
Бы спалоханыя качкі,
Шумы-згукі:
Скрып варот,
Сабачы брэх,
Ні то гоман,
Ні то шэпт людзкі.
Усё гэта лілося ў сэрца Янкі
Чароўнай музыкай,
Хмелем супакою,
Веяла яму у вочы абразкамі
Гадоў даўно мінулых…

Абразок за абразком мігцеў,
Бы на заходзе сонца плямы колераў.
Вось малы ён пастушок
З васільковым аганьком у зрэнках.
(У рэчку углядаючыся,
Ён заўсёды бачыў сам сябе
У русалчыным люстэрцы).

Старэнькі лысы дзед
З сьлязьлівымі вачыма
Яму тады пры стадзе
Казак шмат апавядаў:
Пра ведзьмакоў, русалак,
Ваўкалакаў і разбойнікаў.
А болей усяго яму былі ў спадобу
Казкі аб асілках,
Радзіўшыхся ад зор.
Расьлі асілкі тыя ў мігаценьне вока,
Высокія — бы сосны.
З жалезнай булавою у сто пудоў
Пускаліся яны па сьвеце вандраваць.
Біліся з зьмяямі,
З чароўнай, цёмнай сілай,
З панскім войскам,
З панамі,
Што гаротны люд душылі на прыгоне
У тых асілкаў:
За пазухаю — сонца, а дома
Месяц ясны — на чале.
Дзед памятаў прыгон —
І жудасныя казкі-праўды
Гаварыў малому Янцы
Аб тым, што дзеялася
У маёнтках панскіх.
І кулаком старым сухім,
Пажоўклым, бы карэньнем з-пад зямлі,

Трос стары у бок маёнтку
Пана Скрыцкага,
Які здалёку белым дахам
Неба падпіраў.
Тады ў вачох затухшых дзеда
Заіскравіўся захованы агонь…

З дзівам паглядаў малы Янка
На маёнтак панскі.
І доўга задумёны смутак
Яго вачэй палацы акрапляў…
Там…
У аксаміце, золаце і шоўку
Гадавалася, расла
Панская дачка Марына —
Беленькая, пухленькая дзеўчынка,
Як-бы сатканая з пуху
Сьнежнабелага, лябяжага…
А вочы… вочы…
Ласкавыя, мяккія.
Гляне —
Цёпла на душы малога Янкі робіцца,
Бы песьня жаўранка шчакоча яму вушы,
Бы васілёчкі песьцяць яго губы.
Цэлы дзень тады
Шчасьцем быў ён сыт.

А раз…
Надаеў ён ёй.
Сабакамі яна яго цкавала,
„Хамам“, „быдлам“ абазвала,
Як доўга на яе здалёку
Ён глядзеў.
І пахаваў ён глыбака ў дышы,
Бы у труне,
Пачуцьце нежнае, сьвятое.
Памёр яго дзіцячы бог,
І злосьць яго ўзяла.
У дзіцячым кволым — у „мужыцкім“ сэрцы
Нешта гордае і гнеўнае палала…
Як быццам раптам
Сярод ціхага і сонечнага дню
Пакрылі неба хмары,
Віхор пачаў круціць,
Маланка заіграла —
І сьцюдзена і жудасна зрабілась.
Ён сам ня знай чаму, —
На Марыну болей не глядзеў
Аднак-жа
Постаць дзіўная дзяўчынкі панскай
Ў яго грудзёх жыла,
Атрутаю хмяліўшы яго думкі.

З пастушка зрабіўся Янка
Парабкам здаровым, стромкім.
Марына вырасла ў паненку.
І кожны раз, як ён яе здалёку прыкмячаў —
Успомнілась цкаваньне.
І кожны раз ўздымалась тая злосьць
І гордасьць.
І кожны раз, аднак, цягнула да яе…
— О, проклятае сэрца!
Сьціхні ты, гадзюка, сьціхні!
Не для цябе адродзьдзе панскае!
Каб загасіць агонь пякельнага каханьня, —
Янка ўцёк у горад,
У невядомы, чужы горад.

IV

Горад…
Як калісьці у дзяцінстве Янку вабіў лес,
Так яго зачараваў пасьля вялікі горад:
Казка з каменя і сталі.
Горад
У зморшчынах глыбокіх, гулкіх вуліц,
У павуціне дротаў,
У рогаце машын,
У маланках — агнявіцах элекрыцтва,
У хмельных скоках самаходаў і трамваяў, —
Нэрвовы, п‘яны і вар‘яцкі горад
Кіпеў жыцьцём.
Як мурашкі
На карчы у лесе,
Кішмя кішэлі людзі.
А штодзень горад выў,
Бы ранены зьвяруга.
Гэта фабрыкі, заводы
Войкалі у неба,
Высунуўшы ўверх страшныя языкі,
Якія чадзілі яскрава-чорным
Дымам пэргамін вышыні,
Плявалі ў перламутравы, аблочны
Трон нябёснага, царкоўнага тырана.
Хрыплым, гнеўным выкрыкам
Цьвёрдых і магутных мазалёў
Рабочых стагналі фабрыкі.
Дрыжы, банкір і фабрыкант!
Свае хаўтуры чуеш ў гуку фабрык!
У бэтонных курганох
Навекі ты засьнеш.
Дрыжы!
Музыка, шампанскае, блудніцы.
І блеск кафэ-шантанаў
Хай ліжуць твой распусны мозг,
Зацемраны францускаю хваробай.
У сутарэньні сядзіць галодны твой нявольнік, —
У лахмоцьцях увесь,
З маланкай цёмнаю ў вачох,
З пракляцьцем у душы,
З матаршчынай на губах,
З сталёвым гартам у руках,
Ён сатрэ цябе з зямлі,
Ён створыць новае жыцьцё.

Янка на ліцейным доўга працаваў.
На тайных сходках часта ён бываў,
Там грамаце студэнты навучылі.
Паразумнеў, чытаў шмат кніг.
Шырокі, вольны, сонечны абшар
Горда думкі засьвяціў.
Вайна і Рэволюцыя.
І Янка добра ведаў,
Што такое пан-багатыр
І што рабочы і мужык.
Гардзіцца ён пачаў,
Што належыць да тэй сям‘і людзкой,
Дзе „костка чорная“ пакрыта
Мазалямі творчай працы;
Да тэй сям‘і вялікай, братняй
На ўсім сьвеце,
Якая будучыну, шчасьце для людзей
З жалезнай сілай рве з рук,
Пагніўшай і аджыўшай век свой
Багатай клясы,
Што хутка пойдзе ў процьму
Тхлані, забыцьця.

V

У гэтых думках-успамінах
Янка ня прымеціў,
Як паўстанцы-хлопцы падышлі
Са стрэльбамі,
З харчамі,
З кулямётам.
Ажыла пушча…
Там гнёзды сабе хлопцы парабілі,
І выхадзілі стуль часамі
Жаўнераў панскіх, нібы качак,
Паляваць.
А Беларусь, як-бы капусным рабаком,
Кішмя кішэла шляхтай і панамі.
Ваўчышчам край завыў,
Зьвяругай раненай, галоднай.
Музыка панскі бізуном іграў
На „халопскіх“ сьпінах,
Забіраў дабро,
Гвалціў матак і дзяўчат,
Нішчыў вёскі,
Расстрэліваў народ.

І помста полымем гарэла
Ў сэрцах у паўстанцаў.
Усе адзін ў адзін
Далі прысягу атаману —
Змагацца за народ,
Трывожыць пана,
Зьнішчыць яго да канца. А сьведкаю была матуля-пушча.

Хто тры разы савою закутыкаў?
Хто будзіць пушчу сполахам паўночным? —
Малойцы Янкі знак даюць…
Чырвоны полаг неба.
Гарыць маёнтак панскі, як лучына.
І ноч успыхнула,
Прачнулась людзкім гоманам,
Спалохана чытае
Чырвоную прысягу
На аркушы мядзяным неба:
Помста,
Помста,
Помста
За вёскі,
За народ.
Гарыць маёнтак панскі.
Пажарышча рагоча, як вар‘ят…

VI

Гарачы, летні дзень.
У пушчы цень і халадок.
Пахне ягадай, грыбамі
І смалою.
Лепшага няма на сьвеце,
Як у лесе — у глушы
Сядзець грамадай маладой,
Гарачай і адважнай,
І сполах навадзіць на тых,
Хто крыўдзіць люд гаротны.
У любую хвіліну ты гатоў
Змагацца за жыцьцё,
Пайсьці на сьмерць.
Ты нібы на працягнутым
Над бяздоньнем дроце
Скачаш.
Упадзеш — і скончана усё.
Ты чуеш, што жывеш…
Нібы зьмейкаю ў руках,
Сьмерцю і жыцьцём
Іграеш. —
Так думаў Янка,
Седзячы на пні.
Спакойна, з жартамі
Палуднавалі хлопцы.
Раптам нешта шаснула ў кустох…
Прыбег разьведчык:
„Пазнанцы абкружылі лес!“
Ускочылі паўстанцы.
Стрэльбы ў рукі.
Усьміхнуўся Янка.
Ведаў, што жаўнеры ў лес ня пойдуць —
Пабаяцца.
А скуль даведалісь яны,
Дзе мы сядзім? —
То вынюхаў мой брат Лявон…
О, подлы… здраднік…

З даўных пор Лявон
Аканомам служыць у пана Скрыцкага.
Гадоў мо‘ з дваццаць міскі ліжа
Панскія, як пёс.
Ён рассыцеў і панам сам зрабіўся.
Ён за паноў гатоў цяпер
На шыбельніцу ўзьвесьці
Ня толькі ўсіх сялян —
І бацьку роднага
Боль сумленьня ў ім загас,
Як той вуголь у лужы.

— Здавайцеся усе…
Мо‘ вас памілуюць.
Абкружаны вы тут
Жаўнерствам польскім.
З лесу шпілька не пралезе.
Ты звар‘яцеў, мой брат.
За што спаліў маёнтак?
Пан Скрыцкі — добры пан,
Вер брату роднаму —
Здавайся! —
Так соладка, так смачна гаварыў Лявон
З паўстанчай грамадой у лесе.
Пры гэтым выгляд у Лявона быў,
Як у сьвятога.
Вочы — бы ў ягня:
Пакорлівыя добрыя.
Сам гнуўся у бакі туды-сюды,
Як быццам без касьцей ён быў.
Ўся хітрасьць, хцівасьць вылезла наверх.
Лявон круціўся абаранкам,
Як пад карчом кусьлівая зьмяя.

А Янка — родны брат яго —
То бляднеў, то чырванеў,
Ён чуць стрымаў свой гнеў,
Уеўшысь пальцамі ў наган.
— Ты брат мне кажаш, брат?
О, подлая гадзюка,
Хоць костка родная, —
Сабачым, панскім мясам
Абрасла…
Маланкі дзьве блакітныя
Бліснулі грозна з Янкавых вачэй.
— Хлопцы! Плі!
Кашлянулі рэвольвэры.
Лявон завойкаў, паваліўся.

VII

Мядовым сокам канюшыны
Пахне сонца.
Яно зьвініць-гудзіць
Жаўранкамі і пчаламі.
Залатымі, драцянымі кудрамі
У рэчцы замільгала.
Зайчыкі яго на гладкім дне сьмяюцца,
Ў апракінутых уніз нябёсах,
У люстры з пэрлямутру
З акунькамі срыбнымі гуляюць.

Заціснуты абапал
Сьцяною жыта,
Возерам аўсу
Жвірова-жоўты ўецца
Шлях.
Ён цягнецца, як той рамнёвы, вялічэзны пас,

У даль,
У даль,
У даль…
З прастораў хмельных,
Ярка-гучных
Кідаецца у пушчу доўгі шлях;
Уцякае ў цень хваёў з гарачыні.

Абапал шляху —
Ў сполаху застыўшыя вандроўцы:
Сям‘я рабін да скрыўленага плоту
Цісьнецца;
Абвернутыя ў скруткі кужалю
Дрыжаць бярозкі
А водаль — елачкі,
Бы шэраг пірамідаў,
Уверх глядзяць.
Ім ветрык папраўляе складкі
На сьвітках з вожыкавых голкаў.
А дзе-нідзе
На межах,
Каля мшыстых крушняў,
Што абрасьлі „сабачымі грыбамі“,
Вартуюць шлях
Крыжы…
То голыя, нязнаныя істоты
Выпучылі грудзі ўперад,
Разагнулі рукі ў шыры,
Выцягнулі шыі ўвышку…
Здані безгаловыя нямеюць…
Нямеюць.
Бо няможна гаварыць
Аб тых, што дрэмлюць пад крыжамі,
Няможна…

Сьпеце, косьці!
Тысячамі блукаліся па дарозе
Адвечна вінаватыя,
Адвечна загнаныя,
Адвечна прыбітыя,
Адвечна гаротныя
Сяляне —
„Бежанцы“.
Вас царскія нагайкі
Павыганялі з родных гнёзд,
Пускалі вёскі полымем і дымам.
Павыкурылі ўсіх,
Бы стады счумленых авец.
Ад немцаў забіралі
З-пад Нёмна,
З берагоў Вільлі.
У вачох туга аб тым,
Што засталося.
Падушкі і цабэркі на павозках.
Жывёліны ад сполаху рыкаюць.
Пануры конь, пакінуты гаспадаром,
Ў задуме голаду дрыжыць.
І, нібы збожжа з дзіравага мяшка,
Па дарозе трупы сеяліся,
Ня плакалі аб іх —
Бо ня было калі, каму…
Сухія былі вочы,
Гарачыя ад роспачы.
Маўчы, крыжоў сям‘я,
А то застогне камень,
Заенчыць поле,
Віхор скалыша шлях,
Уздыбіцца пясок
Ў абшарах Беларусі,
Засыпле вочы сонцу,
Досуха загаціць рэчкі
Ад гневу-помсты.
Ад вогнішчаў-пажарышч
Нашых вёсак
Ня мала пёкся шлях,
Бы скварка на патэльні.
Ня мала шлях у трасцы гойдаўся
Ад выбухаў гарматаў,
Ад рыку бомбаў з самалётаў,
Ад кулямётнай ашалелай малацьбы,
Ад гіку-сьвісту вострадзюбых стрэльбаў,
Ад абозаў рознафарбных войск,
Ад коньніцы зьдзічэлай,
Што ўсё поле здратавала.
На беларускіх гонях,
Залішне многа
Концэртаў сьмерці
Адбывалася.
У вопратках руінаў-папялішчаў
Беларусь галошаньне казала,
Прычытаньне рвалася з грудзей,
Кідалася, нібы град камнёвы.
Зьнізу ўверх —
У нямую сталь нябёс;
Пракляцьцем білася,
Як той азябшы падарожнік
Б‘ецца ў хату.

VIII

Гэй, шлях, маўчы!
А шлях наш не маўчыць яны
Ганебны, тлусты польскі пан
Зноў яго ўзбудзіў.
Як жывая жыла,
Як нэрв паколаты, балючы,
Дрыжыць наш шлях-дарога.
Войканьне і плач расьце.
З хатак-вёсак надыходзіць
Роем аваднёў
Воблака пяску кудзеліцца над полем.
Коньніца.
Павозкі.
Жаўнерскі брыль блішчыць.
Лаянка пазнанская.
Як дзікая процэсія з пякельні
У грозна-страшным выглядзе
Соваецца нешта:
Адзін у адзін сабраны ўсе
Дзяды старыя з вёсак.
Вяроўкамі зьвязаны рукі.
Па лысінах сьпяклася
Цёмна-бурымі блінамі кроў.
Запухлі вочы на сьсінеўшых тварax.
Акрываўлены кашулі на плячох
Ад шомпалаў жаўнерскіх і нагаек.

А побач з коньнікам
Ідзе стары яўрэй
З вяроўкаю на шыі,
Другім канцом прывязан да сядла.
Сівую бараду,
З мясам вырванню,
Трымае польскі „рыцар“ у руцэ —
Вайсковая трофэя.
Ботам па патыліцы
Старога жыда б‘е
Каб той ішоў хутчэй.

На сялянскім возе
У вадней кашулі
Сядзіць дзяўчына.
Зашнуравана моцна да сядзеньня.
Рукі пераціснуты вяроўкай.
К акрываўленым грудзям дзяўчыны
Жаўнер зьдзічэўшы лезе
Бруднаю, спацеўшаю рукой
І жарты гадлівыя строіць.
Ахрыпшым голасам
Крычыць дзяўчына,
Плюючы жаўнеру у твар
Крывавай сьлінай.

О, гордая красуня,
Прыгожая і сьмелая Агата!
За што дзявочу чэсьць тваю забралі?
За што такія зьдзекі над табой? —
Ты, Янкі Віхрабурнага сястра,
Разьведчыцай адважнаю
Была ў паўстанцаў.
Хтось падказаў жаўнерам…
Уланы гвалцілі яе.
Як белая галубка,
Трапяталась ты пад імі
— Будзь проклят, бог духоўнікаў,
Агідны і страшны!
Будзь проклят здраднік той,
Хто на мяне
Нагаварыў жаўнерам! —
Так пасінеўшымі, запухшымі губамі
Дзяўчына шэпча.

І цэлы сьвет
Зрабіўся цёмным для яе,
Гнілой магілай:
Старога бацьку толькі што забілі.
Як бухнулі па чэрапе прыкладам —
Рассыпалася галава ў кавалкі,
Як арэх…
Труп, мабыць, шчэ цёплы, наложенос
Брат — у лесе…
І вочы дзеўчыны,
Налітыя крывёй,
Маланкаю бліснулі ў бок жаўнерa.
— Ня злуй, пся косьць! —
І штырх яе у бок, —
Ня то йшчэ будзе!
А за грамадай, на калясцы,
Расьсеўшыся вяльможай,
Пан Скрыцкі ехаў сам.
Ён раптам загадаў,
Каб „арыштанты“ засьпявалі
„Ешчэ Польска не згінэла“.
Нанова пад сьпякотай сонца
Катаваньне пачалося…
На панскую пацеху
Спынілі ход.
Упартыя былі сяляне:
Замест гімну —
Матаршчына…

IX

А побач каласілась жыта
Рухліваю густой сьцяной.
І раптам…
Дзіва…
З жыта выскачыў
Атрад паўстанцаў…
Сполах.
Крыкі.
Страляніна.
Стогны.
Пан Скрыцкі першым паў ад кулі.
За ім — улан і конь,
Да сядла якога
Быў прывязаны стары яўрэй.
Пакінуўшы грамаду, „арыштантаў“,
Жаўнеры уцяклі
Забралі толькі сястру Янкі…

Ад злосьці Янка скрыгатаў зубамі.
Цямнела у вачох.
А сэрца каменем распаленым
Пяклося у грудзёх,
— Агатка! Родная сястрычка!
Шчыра службу ты служыла
Нашаму народу.
З панскіх рук
Жывой цяпер ня выйдзеш…
Я адамшчу…
І вочы —
Два вуглі
На бледным твары загарэлісь.
І сківіцы, бы абцугі,
Сьціскаліся,
Скрыпелі.
І цела ўсё —
Стралою сьмерці
Сталёвая спрунжына:
Во-во,
Пусьціцца ў дагонку
За катам польскім…
— За бацькі сьмерць —
Пан Скрыцкі заплаціў жыцьцём.
Марына — адменай будзе!
За Агату.
З мясам вырву з сэрца я каханьне,
Як губку з дрэва.

X

Не ваўчанё
Над прыстрэленай ваўчыхай
Вые, прычытае, —
Марына, панская дачка,
Над забітым бацькам плача,
Б‘ецца галавой аб жвір.
Ручкі кволыя ламае.
Ўся дрыжыць, бы раненая птушка.
Змрокі падымаюцца, растуць,
Бы цёмныя густыя кудлы воўны.
Па лагчынах дыміцца туман.
У хвалях сівых хмарак
Месяц — човен залаты —
Плыве…
Шлях глытае цемра.
Гладзіць пух жвіровы.
Вільготным супакоем
— Ойчанька мой родны…
— Ойчанька мой мілы…
Марына ціха плача, прычытае.
Ня бачыць, што над ёю
Анямелы стаіць Янка —
Атаман паўстанцаў,
Той, каго яна калісь
Сабакамі цкавала…
Стаіць Янка,
Зачарован ёю
Вачэй ня можа адарваць.
Маўчыць.
Забыў ён бацьку роднага,
Забітага сягоньня
Пад камандай пана Скрыцкага.
Забыў сястру Агату,
Якую во цяпер,
У гэтую хвіліну,
Жаўнеры мо‘ жывую рэжуць
На кавалкі.
Забыў пра тое,
Што тут нядаўна
Пракляў сваё каханьне
Да панскае дачкі.
Ён бачыць прад сабою,
Як дзіўная дзяўчына,
Стромкая, як топаль,
Белая, як сьнег,
Кволая, як кветка,
Прыгожа, як русалка,
З блакітнымі вачыма,
Як бяздоньне неба,
Плача, убіваецца
У вялікім горы,
Трапечыцца, дрыжыць,
Бы яварак пад ветрам.
— Марына… — прашаптаў ён, —
Марына.
Марына ўскочыла на ногі,
Абвярнулась тварам да яго,
У вадну хвіліну
Вочы высахлі,
Сталёвымі, халоднымі зрабілісь
Пранізвала яго
Пагардаю, нянавісьцю,
Што з роду ў род
Жыве ў паноў
Да „чорнай, хамскай косткі“…
Прытомнасьць да яго вярнулась.
— Дык вось якая ты, Марына, —
Прахрыпеў.
— За бацьку — бацька,
А за маю сястру — ты!
Рэвальвэр бліснуў…
Раптам хтосьці ззаду
За руку яго стрымаў.
— Не страляй, мой брат!
Ня трэба!
То была Агата.
Нейкім цудам вырвалась яна
З жаўнерскіх рук.
Уцякла
— А ты, паненка,
Ухадзі скарэй,
Хоць ты мне вораг —
Табе таго ня жычу,
Што я мела.
Ня будзем мы, сяляне,
Так сябе паганіць,
Як вашыя паны.
Ідзі, атродзьдзе воўчае, адгэтуль!
Такая-ж гордасьць,
Такая-ж сталь
Блішчэла у вачох Агаты,
Такая-ж ненавісьць
Да чужой клясы,
Як у панскай дочкі.

XI

Прайшло йшчэ колькі дзён.
Галодная, аборваная, гнеўная
Армія Чырвоная
Імпэтна, як віхор,
Гналася за сытым
Войскам панскім —
За стадам вяпрукоў,
Адкормленых амэрыканскім дзядзькам
Белаю мукой і салам.
На панскім карку
З страху
Лой дрыжэў, бы квашаніна.
За сьпінамі чулі сталёвы штык
Рабочых і сялян.
На Варшаву пуць трымалі.
Бы мора посьле буры,
Стыхія уляглася.
Песьні волі засьпяваў наш край.
Пачаў залізываць нанесеныя раны.
На папялішчах новае жыцьцё
Квітнела…

Раз вечарам у Менску
Па Савецкай вуліцы
Са сходу позна йшоў
Янка Віхрабурны,
Быўшы атаман паўстанцаў.
Цяпер партыец чынны
Ішоў ён задумёны, незаўважыў,
Як за ім усьлед
Цікуе нейкая фігура;
Ідзе кашачым крокам,
Не адстае, як цень.
Падышла.
Рукой зьлягка штурхнула:
— Янка…
Уздрыгануўся ён.
Знаёмы голас.
Па нэрвах электрычнасьць праскачыла.
— Марына…
— Я…
З-пад шырокага капялюха
Дзяўчына на яго скасіла вочы.
Яна — і не яна…
З вачэй, калісь прыводзіўшых яго
У трапятаньне шчасьця,
Цяпер іграла похаць,
Бессаромлівасьць…
Губы нафарбаваныя былі,
Як надрэз на сыром мясе
Выглядалі…
— Якім чынам ты ў Менску апынулась?
Чаму з панамі не ўцякала?
— Ой, ня пытайся, Янка.
Жаўнеры польскія усё ў мяне
Забралі ў Менску на вакзале,
Адна я засталася.
Знаёмага ксяндза сустрэла.
Паехалі мы з ім ў Расію.
Дзівацкі быў той ксёндз.
Ён „маткай боскаю“ мяне назваў,
У белае мяне ён апранаў,
Маліўся на каленах прада мною
Кожны дзень.
А у вачох яго агонь гарэў брыдкі.
А раз у час малітвы,
Як зьвер, ён на мяне накінуўся,
Зваліў на ложка.
З тых часоў я жонкаю яго была.
О, подлы і паганы ксёндз!
Саромлюсь і цяпер я расказаць,
Што вытвараў ён нада мной.
Ня вытрымала я.
Кінула ксяндза.
Да працы ня прывыкла.
І вось другі ўжо год
Як сваім целам
Гандляваць пачала.
Ідзём са мной…
Ня хочаш?..
Дай на кокаін!
Як хлапчук, зачырванеўся Янка,
Кінуў грошы ёй.
За галаву схапіўся,
Пусьціўся уцякаць.
Блудніцы рогат
Ляцеў за ім удагонку.
Яму здавалася,
Што з кожнай брамы,
Атуленыя цёмнай вільгацьцю,
На яго глядзяць
Марыны вочы…

Менск, 20 III — 24 г.