Ў Ясных Крушнях у даліне
Стаіць бедная хаціна.
Як жабрачка — абарвана,
Як жабрачка — абматана
Дзе карою, дзе гальлішчам,
Дзе аздоблена карчышчам;
Замест шыбінаў — анучы,
Замест даху — лапак кучы;
Пазапланы шчэлі сенам,
Аддае гнільлём са сьценаў.
Во рассыплецца, здаецца,
Як дзядок, уся трасецца;
Нейкім дзівам, нейкім цудам
Не рассыпалася ў груду.
Як парваныя аборкі,
Разьляцеліся падпоркі
І тырчаць ва ўсе староны,
Як старыя забабоны
Ў галаве сівой бабулі.
Цесна хатку апынулі,
Як нязнаныя істоты,
Нібы злыбеды, — бядоты:
Тут абсмалены калочак,
Там пакрыўлены кіёчак,
Камень круглы і пузаты,
Слупок трухлы, сукаваты,
Воддаль засланка крывая,
Побач цэгліна старая,
Дзьве палоўкі дна ад бочкі,
Рознастайныя дашчочкі.
Гэта ўсё сям‘ёй разьбітай
Вокал хаткі пазабытай
Навалілася, як бура,
Як зьнямелыя хаўтуры.
Ой ня год і не дзесятак,
Не адна, а многа матак
Ў Ясных Крушнях вечным ходам,
Бязупынным карагодам
Сваю долю пракліналі,
Пастушкоў як гадавалі
Для багатага маёнтку,
Для дастатку і „пожондку“
Ў акрываўленай гасподзе,
Ў ганаровым панскім родзе.
Ой ня раз у гэтай хаце
Пралівала сьлёзы маці,
Як злы цівун бяз літосьці
Бізуном ламаў ёй косьці,
Калі сына бараніла,
Калі ў двор цягалі сілай
На пакуту і на зьдзекі,
Каб зрабіць з яго калеку
На пацеху панскім дзеткам,
Пястуном і малалеткам.
Ой ня мала сьцены гэты
Былі жудасьцю адзеты,
Як прыгожую дачушку,
Весялушку і пяюшку —
Ўцеху парабка старога,
Мазалістага, сівога,
Пацягнулі ў панскі хорам
На ганебнасьць і на сорам.
Ой ня раз у гэтай хаце
Гучна сыпалісь пракляцьці
І слаўцы ядроным макам.
Ліха шмат было ды з гакам,
Нат‘ як паншчына сканала,
Нат‘ як воля тут настала
Пры цары, пры „вызваленцу“.
Новых меў тут шмат штукенцаў
Селянін бяз добрай глебы,
Бяз жывёлінаў, бяз хлеба.
Цярпеў голад сын сялянскі,
Ладзіў балі сынок панскі.
З вольнай волячкі ў найміты
Горам мужычок прыбіты
Зноў пайшоў да таго пана Працаваць да ночы з рана
На абшырным загуменьні.
Пакаленьне ў пакаленьне
Гэтак шло-плыло бясконца
Пад адвечным нямым сонцам.
Пан быў важным і багатым, —
Ланцугом зьвінеў араты,
Крушні Ясныя араў ён,
Пад ярмом цяжкім стагнаў ён.
Нейкім дзівам, нейкім цудам,
Як пракляцьце здрайцы-Юды,
Як астаткі дзён пакутных,
Адзічэлых, каламутных,
Аж да нашых лепшых часаў,
Бяз прыправак, бяз прыкрасаў
Асталася тая хатка, —
Веку цёмнага дзіцятка.
Так стаіць бяззубай цноткай
Год мінуўшых доч-прыплодка.
У гэтай хатанцы ў старэнькай
З хлапчуком жыве маленькім,
З сваім Янкай-сірацінай
Гарапашная ўдавіна.
На вайне забілі мужа.
Цісьне гора, цісьне дужа.
— Што рабіці, мілы божа?
Так ня добра, так ня гожа
Жыць на сьвеце жорсткім гэтым
Неабутай, неадзетай,
І галоднай і халоднай,
Без апоры, як ніводны…
Але гэта з-поў бядоты, —
Бо найгоршую турботу
Маю тую, — як мне, маці,
Свайго сына гадаваці?
Надыйшоў час галадухі,
Не накорміш нават мухі.
Што мне з хлопчыкам рабіці?
Трэба гадаваць, карміці,
А тут проста хоць лавіся,
Хоць у рэчку йдзі тапіся…
Плача маці, плача горка
Ды глядзіць на тую горку,
Дзе палац стаіць, мільгае
І на хмаркі паглядае
Горды, белы, пекны, стромкі,
Ды ў абхваце такі ёмкі,
Як-бы цэлы сьвет ён душыць,
Як-бы сонейка варушыць.
Блішчаць вокны, ганкі, дзьверы, —
Іх так многа, іх бяз меры.
А вакол там шмат будынкаў,
Як наваленыя скрынкі,
Нібы гэблем гэбляваны,
Нібы хварбай хварбаваны.
А далей шапочуць дрэвы,
Рэчка мчыцца ўправа, ўлева
І бурліць, пяе пяюшкай,
Зьмейкай ўецца, ўецца стужкай
Па разлогах, па далінах,
Па шырокіх лагавінах
І хаваецца ля бору, —
У лесе з хвойкамі гавора.
Дзіва-дзіўна пляце-вяжа,
Зычыць гулка, шэпча, кажа
Свае казкі, свае байкі,
Свае цуды, свае грайкі.
Гэта — панскі рай-раёчак,
То — багаты фальварочак,
Яснай Крушняй што завецца,
Дываном што тут пляцецца.
Туды маці паглядае,
Свае сьлёзы выціраe:
—То-ж няма, нябёсны тата,
Там цяперка пана ката,
Парабочкі цяпер самі
Там жывуць гаспадарамі,
Лоўка ладзяць гаспадарку
У тым пакінутым фальварку.
Там, дзе „хаму“ было цесна, —
Цяпер гулка пяюць песьні;
Дзе лілася кроў мужыча, —
Цяпер шчасьце сонца жыча.
Трэба шчыранька старацца, —
Карміць будзе сытна праца.
Зямля корміць, тых гадуе, Хто мазоль на ёй шаруe. —
Разважае удавіна.
— Ў пастушкі аддам я сына
Гарапашнікам у рукі,
Буду мець я менш дакукі,
Выйдзе там з яго араты
Мо‘ ня горшы, чым у таты.
Не пакрыўдзіць найміт быўшы,
Ў беднаце сам доўга жыўшы,
Скажа слова шчыра, ціха, —
Знае сам пачым фунт ліха
І чаму я так, сарока,
Ўсё маўчала, абібока,
І сынка трымала ў хаце?
Ой, дурненькая я маці
Сябе баба шчыра лае
І „ламакай“ называе,
„Качаргой крывою“ кліча;
Па каравых пальцах ліча,
Йшчэ як можна называці,
Каб у крыўдзе не застацца;
Аглядае хатку-пустку
І кусае хвост ад хусткі:
— Ну і глузд у баб трухлявы,
Розум наш, дальбог, няжвавы!
Хутка баба парашыла.
Пастушку, што трэба, сшыла,
Навучыла быць паслушным,
Быць старанным, разварушным.
Павяла свайго сыночка.
Пястуночка, галубочка,
Ў той фальварак да ратаяў.
Па гасьцінцы лядок таяў;
Быў дзянёчак вешні, сьветлы.
Грэла сонца шчыра, ветла,
Пелі птушкі зычна, міла,
Неба сэрца весяліла.
На зямлі з-пад сьнежных рамаў
Дзе-нідзе ляжалі плямы
Чорнай глебы, смачнай, тлустай,
Бы цямнелі хлеба лусты.
Хмельна пахла ўсюль вясною, — Над далінай, над гарою;
Ў вышыне, ў блакітнай далі
Гучна жаўранкі сьпявалі.
Завяла сыночка матка
У дом-палац бялюткі, гладкі.
Мужыкі яго прынялі,
Як свайго, і загадалі
Быць у іх цяпер сьмялейшым,
Весялейшым і спрытнейшым.
У гасподзе сваю долю
Будзе мець. Няхай у полі
Акуратна пасе стадка,
Будзе мець усё ў дастатку:
Кажушочак, шапку, боты,
Будзе жыць ён без бядоты,
Будзе хлеб і будзе сала,
Будзе радасьцяў ня мала.
Як заслужыць — паліўнога
Купім коніка сівога.
Як засьвісьне — пойдуць рэхі,
Пойдзе водгул на пацехі,
Затрасецца гай хваёвы,
Будзе весела каровам.
Як па дзірках пальцам стукне,
Як задзьмухае, загукне,
Як пачне ён сыпаць трэлі, —
Пачне ладзіць бор вясельле.
Будзеш, Янка, гаспадарыць
Ды ў сьвісьцёлку смаліць, жарыць; —
Пройдзе дзень у полі хутка,
Нібы хвілька, як мінутка.
А ваўкоў ты не баішся?
Ты глядзі — іх сьцеражыся!
Гэтых страшных ваўкалакаў
Зацкуеш сваім сабакай.
На-цю-на! Гэй, дзе ты, шэльма?
Ганаровы ты ў нас вельмі;
Будзеш з Янкам сябраваці,
Наша стадка вартаваці!
Відаць, добры хлопчык Янка.
На-цю-на! Каб це‘ маланка!
Доўга людзі жартавалі
І ўдаве ўканцы сказалі:
— Янка будзе з намі жыці, Весяліцца, ня тужыці.
А зімой ён пойдзе ў школу,
Будзе добра і вясёла.
Адукуецца твой Янка,
Будзе знаць ня горш падпанка
І пісаць і рахаваці.
Не бядуй, ня плач-жа, маці!
— Я, браткі, ад шчасьця плачу.
Бачце, Янка мой во‘ скача!
Падабаецца ўсё тутка.
Ну, бывайце! Пайду хутка.
Мабыць курыца зьняслася, —
Прынясу яечка Ясю.
Ды ня бойся, у нас кармежкі
Хопіць без твайго яечка!
Зажылося Янцы добра.
Ён вясёлы і харобры
Выганяе ў поле быдла, —
Яму праца не абрыдла,
І будзіць ня трэба зрана.
Йшчэ вакол стаяць туманы,
Йшчэ мігцяць у небе зоркі, —
Чуваць Янчына гаворка:
— Дайце мне скарэй сьняданьне!
На-цю-на! На паляваньні
Мы з табой сягоньня будзем,
На балоце не заблудзем.
Бурчыць цюцька, жмурыць вочы,
Бо яшчэ драмаць ён хоча;
Хвастом круціць, хвастом меліць,
Зрэнкі хітрыя казеліць.
Янка трубіць, Янка звоніць,
Зычна сам з сабой гамоніць;
Гладзіць белага бычочка,
Ласуночка-трацячочка:
— Падрасьлі мо‘ занач рогі? —
Шмат на гэта трэба змогі, —
Трэба рогі пальцам мерыць,
Бо ня можна воку верыць.
А цялушачка тым часам
Пазірае набак ласа,
Падымае хвост трубою, Выгінаецца дугою.
Бярэ радасьць — ня стрымае,
Зараз пусьціцца да гаю, —
Брык і брык — і паляцела.
„Што-ж ты, цёлка, звар‘яцела?“ —
Кажа Янка, і драцянкай
Лясь і лясь пад самым ганкам.
Пуга ляскала удала.
Тут і сучка ня стрымала:
Пстрык — нагой пад вухам чэша,
Як загаўкае, забрэша,
І спрунжынай як заскоча,
Ды здаецца, яна хоча
Цэлы сьвет у міг стрывожыць.
Во і Янку заварожыць!
Далібог, заваражыла:
Ён бяжыць, аж трашчаць жылы,
За цялушкай і за сучкай.
Ля варот ратаяў кучка
За бакі бярэцца з сьмеху
І крычыць: «Ды бойся грэху,
Янка, так, скаціну мучыць
І сабаку баламуціць!
Ну, і спрыт у падшывальца,
Хоць ня большы ростам пальца!“
Сьвеціць сонца, ўжо з скацінай
Брыдзе Янка па лагчыне.
Па расе сьляды ён піша,
А чарот дубцом калыша.
Гляне ў поле, абярнецца
Ды на пушчу засьмяецца
„Го-го-го“ — гушчар рагоча.
„Го-го-го“ — шыр-даль якоча.
Даль туманіста, імгліста,
Гладзь нябёс над ёй квяціста;
Ў агняцьветах-пералівах
Млеюць казкі, шэпчуць дзівы.
„Шу-шу-шу“ — гушчар гаворыць,
„Шу-шу-шу“ — даль ціха ўторыць,
Цень глядзіць са шчылін бору,
Павылазяць страхі з нораў.
„Буль буль-буль“ — хтось балабоча
Хтось з-пад крушанькі шапоча.
А травіца яшчэ росна.
Ў адзіноце Янцы млосна, Ўспамінае байкі таты
Аб фальварку аб заклятым,
Дзе людзей цкавалі псамі,
Рвалі скуру паласамі,
Бізунамі катавалі,
Без канца дзяўчат псавалі;
З бедных вопраткі зрывалі
І калоды надзявалі,
І кідалі ў муравельнік
За пагоркам, там дзе ельнік.
Страшна Янцы. Плакаць хоча.
Паглядаюць з лесу вочы,
Вочы, вочы… іх ня зьліча;
На ратунак сонца кліча
Сонца зьзяе, сонца грае,
Блішчыць рэчка залатая.
Забывае хлопец страхі,
Бачыць ў небе хмаркі-гмахі.
Ён пяе у лесе, у полі
На шырокім на раздольлі.
Так плывуць-мігцяць дзянёчкі,
Нібы ў полі матылёчкі.
Не калінка гнецца ў гаю,
Не бярозка байкі бае, —
Дабрадзейкі, бабкі, цёткі
Носяць-сеюць байкі-плёткі,
Што удавіца бесу, чорту,
Злому, гідаснаму хорту,
Прадала душу людзкую,
Хрысьціянскую, сьвятую:
Аддала ў фальварак сына, —
Ён у лапы пеклу рынуў.
Ой, бажніц няма ў фальварку,
Праца йдзе, як па загарку;
Няма сварак, няма спрэчак,
Няма востранькіх славечак.
Там ня моляцца ніколі
Ані ў хаце, ні на полі.
Там папа не паважаюць,
Прад ім шапкі ня здымаюць.
Там праз меру ўсе лагодны;
Так ня бачыў з нас ніводны. Гэта кепская прымета:
Злы, страшны антыхрыст гэта
Цягне ў пастку ачмурэлых,
Ашалелых, адурэлых.
Цар ангельскі едзе, скача,
Перарэжа ўсіх, няйначай;
З „велькім пэндам“ пан нясецца,
На стаеньніках ён прэцца.
Будзе шыбельніц бясконца
Ў нашай змучанай старонцы.
— Забяры хлапца з фальварку,
Прывядзі да хаты шпарка.
А то потым будзе позна, —
Людзі ў нас талкуюць розна. —
І няшчасная матуля
Затужыла аб Янулі,
Задрыжала, як асіна:
— Ня дай бог, хлапчук загіне!
Жыцьце стала ёй ня міла,
Цёнгля сны благія сьніла:
Сьніўся вісельнік і чэрці,
Сьніўся цар, вужака, сьмерці;
На патэльні Янку сквараць,
У катле з смалою жараць.
— Ой, зьвязаўся на нядолю
З Яснай Крушняй тут на полі! —
Вось надумалася маці
Свайго сына „ратаваці“.
Ў лес-гушчар пайшла ціхутка,
Там пачула рэхі дудкі;
То сынок сабе іграе,
Аб нядолі і ня дбае.
Падышла. Яго схваціла,
За каўнер патармашыла:
— Пойдзем, бедненькі, дадому!
Не хваліся ты нікому,
Што служыў тут! — Хлопец плача:
Звар‘яцела ты, няйначай!
Як я кіну сваё стала?
Гэта-ж будзе сорам, здрада.
Мабыць, матанька, жартуеш, —
Свайго сына пашкадуеш.
Не пайду! Рабі, што хочаш! —
— Зара, сынку, заякочаш! —
За чупрыну як матнула, За каўнер як пацягнула,
Дык, — ці хоцькі, ці ня хоцькі, —
Пастушок пашоў упрочкі.
Вырываўся, плакаў, енчыў,
Па дарозе бедны кленчыў:
— Ой, пусьці назад, матуля! —
— Замаўчы, бо дам на дулі!..
Тры дні хлопчык прывязаны
Быў у хаце да тапчана;
Адарваўся на чацьверты
І абшорпаны, абдзерты
Паляцеў назад вясёлы,
Падкасаўшы свае полы,
Да фальварку па сьцяжынцы,
Па зялёнай па лагчынцы.
Менск, 1921 г.
|