Поэма «Сымон Музыка» Якуба Коласа (Бабарэка)
Поэма «Сымон Музыка» Якуба Коласа Артыкул Аўтар: Адам Бабарэка 1927 Крыніца: Узвышша, 1927, №3 |
І
...Бо і ў тэй цішы заклятай
Ёсьць і голас, і свой твар,
Рознастайны і багаты,
Поўны музыкі і чар.
Я. Колас — „Сымон Музыка“.
Разьвіцьцё беларускай поэзіі, пачынаючы ад 19–га сталецьця, спраўляе ўжо трэці круг сваёй гісторыі, круг, зьвязаны з Кастрычнікам на Беларусі.
Першы круг, што вызначаецца іменьнямі шляхецкіх пісьменьнікаў — Баршчэўскага, Рыпінскага, Чачота... і самага яскравага з іх Дуніна–Марцінкевіча, — характэрны сваёю накіраванасьцю да „асьветніцтва“. Спалячаная беларуская шляхта часу названых пісьменьнікаў, прымушаная ходам гісторыі аглянуцца наўкола сябе, каб знайсьці апору сабе, вылучае з свайго стану лібэральных у сваім часе пісьменьнікаў. Праз гэтых пісьменьнікаў літаратура на Беларусі становіцца на службу шляхецкім інтарэсам, якія і падказваюць ёй кірунак, а разам з культурным узроўнем часу і яе „асьветніцкі“ характар. У сьвет зьяўляюцца літаратурныя творы, пісаныя ў польскай, польскай і беларускай мовах разам і ў аднэй беларускай, якія адрасуюцца ня толькі да шляхты, але й да „простага люду“, да „мужыка“ з мэтай яго асьветы. Выпрацоўваюцца дзеля гэтага адпаведныя літаратурныя формы вершаваных аповесьцяй, комэдый, навучальных вершаў. Разьвіваецца стыль зваротаў да „простага люду“ ў мове „мужыцкай“, штодзённай, зваротаў да шляхты, разьвіваецца стыль „саладчавых“ і „сьмешных“ вершаваных казаньняў... Усё гэта, часта ня ў меру, перасыпаецца народнымі песьнямі, прыказкамі, анэкдотамі... Але літаратура, прасякнутая асьветніцкімі тэндэнцыямі і разрываючыся супярэчнасьцямі між ідэяй і формай, не змагла ў гэным часе даць каштоўных твораў па шырыні й глыбіні іх выяўленьня жыцьця, а таксама й па сіле творча–мастацкай. Творы, што засталіся ад гэтага часу ў спадчыну й нам, значны толькі як факты, што самым сваім зьяўленьнем у сьвет паказалі на існаваньне народу, які мае сваю мову і сваю вусную творчасьць, ад якіх можа з часам вырасьці й сапраўды Мастацкае Слова, слова новае, прасякнутае й новай ідэяй, што сьпелілася ўжо і ў гэны час у нетрах беларускіх працоўных мас пад карою нацыянальнай і сацыяльнай няволі. Гэты голас „цішы“ й выбіваецца на сьвет у другім крузе гісторыі беларускае поэзіі.
Дзьверы другога кругу адчыняюцца моцным голасам Ф. Багушэвіча, выхадца таксама з шляхты, а такога, што канчаткова зьвязвае свае інтарэсы з інтарэсамі народу (разумеючы пад гэтым сялянства і яго інтэлігенцыю) і ня робіць ужо разьмежаваньня, як яго папярэднікі, між сабою, як поэтам, і селянінам, усьвядомленым соцыяльна і нацыянальна. Ф. Багушэвіч пачынае адраджэнскі круг у гісторыі беларускай літаратуры і грамадзкасьці, характэрны сваёю накірованасьцю да ўсебаковага самавызначэньня Беларусі. Завяршэньне гэтага кругу адбываецца ўжо ў нашу эпоху. Эпоху рэвалюцыйную, поруч з нараджэньнем і разьвіваньнем трэцяга кругу. З яго накірованасьцю да сацыялістычнага будаўніцтва.
Сярод іншых кругоў — адраджэнскі самы багаты і рознастайны, які здолеў выявіць вялікія творча–мастацкія магчымасьці, што тояцца ў нетрах беларускіх працоўных мас, і даў такія літаратурна–мастацкія дары, якія ніколі не забудуцца працоўнымі калісь „забранага краю“. Адраджэнскі круг вызначаецца такімі іменьнямі, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Зьмітрок Бядуля, якія самавызначыліся ў беларускай літаратуры як поэты–мастакі, а таксама цэлай пляядай драбнейшых поэтаў і пісьменьнікаў, часамі самабытных, а часамі подгаласкаў волатаў адраджэнскага мастацкага слова. У гэтым крузе зьліваліся ў адзін голас адраджэньня самыя рознастайныя галасы, якія йшлі і ад сялянства, і ад работніцтва, і ад інтэлігенцыі нацыянальна ўсьвядомленых. Літаратура ў гэты час — і слуга адраджэньня, і слуга красы і хараства беларускага. Мастацкім словам адраджэнцы карыстаюцца ня толькі для абуджэньня нацыянальнай і соцыяльнай сьвядомасьці ў працоўных масах Беларусі, гэтым словам яны самавызначаюцца наогул у мастацтве. Яны самі твораць гэта слова як слова, што мае каштоўнасьць культурна–мастацкую, а ня толькі нацыянальна–соцыяльную. Яны твораць падмурак для такога слова, што мела б значэньне ня вузка нацыянальнае або соцыяльна–групавое, але й агульналюдзкае. Яны пракладаюць шлях да слова такога, што зьявілася–б новым скарбам у агульналюдзкай культурнай мастацкай скарбніцы. Словам, адраджэнскі круг — гэта выяўленьне магутнасьці творчага духу беларускіх працоўных мас у іх змаганьні за сваё нацыянальна–сацыяльнае вызваленьне, у іх змаганьні за культурна–мастацкае самавызначэньне і месца сярод іншых культурных народаў сьвету.
Пры ўсім адзінстве гэтага кругу па сваёй асноўнай ідэі і імкненьню да адраджэньня ў ім зьмяшчаецца, часта, праўда, толькі ў стане зараджэньня, надзвычайнае багацьце рознастайнасьцяй, з якімі ня можа зраўняцца ні адзін з рэшты кругоў, нават і наш рэволюцыйны з яго шматлічнасьцю поэтаў і пісьменьнікаў. Тут знаходзім пачатак і мастацкай прозы (Каганец, Цётка, Ядвігін Ш., Т. Гу шча, Жывіца і інш.), і драмы і комэдыі. Тут, у лірычнай поэзіі, адасабляюцца самыя рознастайныя віды, удасканальваецца самы верш, поэтычная мова, вызначаюцца шляхі далейшага разьвіцьця беларускай літаратуры, нараджаецца поэтыка, крытэрыі мастацкага, выяўляюцца самыя рознастайныя тэндэнцыі ў імкненьнях да мастацкіх формаў — ад народнай песьні да апошняга слова сымболістычнай школы. Словам, адраджанізм закладае моцную аснову і вызначае магчымасьці для далейшага разьвіцьця беларускай літаратуры. Усё гэта чакае сваіх дасьледчыкаў і літаратурных ацэнак. Усё гэта чакае разьвіцьця ў школы і кірункі мастацкія.
Ціша для другіх — ня ціша ў сабе, а галасы, і галасы рознастайныя і багатыя. Адраджэнцы ўмелі чуць гэтыя галасы і іх выяўляць сваім мастацкім словам. Так, Янка Купала сваёю творчасьцю выяўляе сьвету веліч і магутнасьць голасу імкненьняў і волі, якія жылі ў беларускіх працоўных масах пад карою цішы. Так, Якуб Колас сваімі творамі выяўляе багацьце эмоцыянальнае, якое тоіцца ўнутры гэтых самых мас. Так, М. Багдановіч выяўляе багацьце і здольнасьці разумовыя. Іншыя стораны выяўляюцца іншымі поэтамі — часам, праўда, без належнага мастацкага аформаваньня. Так стварылася літаратурна–мастацкае люстра для жыцьця беларускіх працоўных мас. І „песьнямі зрабіліся страшэнныя стогны пакуты“, як кажа поэта З. Бядуля.
ІІ
А як песьня панясецца, –
Колькі ў песьні тэй нуды.
Уцякаў–бы, бег, здаецца,
Сам ня ведаеш куды.
Я. Колас.
Такім было і жыцьцё. Усе сілы і энэргія йдуць на змаганьне за голае існаваньне. Зусім не застаецца часу, каб любавацца красою сьвету, каб падумаць аб тым, як зрабіць жыцьцё прыгажэйшым. Абы–б мець кусок хлеба чорнага, а не канечна белага, бо пагнаўшыся за белым можаш застацца і бяз ніякага. Такі быў парадак у жыцьці. І чалавек ад раньня да позьняга вечару працуе–змагаецца. Міма волі яго кідаюцца яму ў вочы ў часы гэтай працы прыгожасьці і багацьці прыроды, якія абуджаюць у ім думку ці, праўдзівей, няяснае пачуцьцё аб тым, што гэтых багацьцяў можа хапіць усім людзям і што жыць можна–б і іначай, вальней і прыгажэй, чым жыве чалавек, прасьвету ніколі ня бачачы. Але ў сьвеце ўсё ўжо разьмяркована, усё распарадкавана і кожнаму вызначана яго месца, у кожнага свая доля. Дык як тут было не зьявіцца смутку. Як стрымацца, каб жаль і тугу сваю ня пусьціць у сьвет песьняю. І нясецца песьня нудная, песьня сумная... Хто яе пачуе, хто зразумее... Пра гэта ня думаецца. Выказаў жаль свой і — ,,лягчэй робіцца на сэрцы“. А там мо толькі адны пушчы ды гаі і слухаюць яго песьні–жальбы аб тым, чаму гэта „просты чалавек“ абавязкова павінен здавальняцца тым, што ёсьць, чаму яму скарацца перад абы–якою доляю, калі можна было–б мець і лепшую і прыгажэйшую за яго „залатыя рукі“, якая–б задаволіла ня толькі матэрыяльныя патрэбы, але і духоўныя (формальныя), якая–б давала ня толькі радасьці ад куска хлеба, але і асалоду жыцьця прыгожага.
Імчыцца песьня ў сьвет, што ад яе „ўцякаў–бы й бег, здаецца, сам ня ведаючы куды“. Песьня–ж гэта — само жыцьцё, сама доля працоўных сялян. Якуб Колас сваёй чуткаю душою адчуў гэту песьню–жыцьцё ня ціхай цішы, і ўзбунтаваўся сваімі творамі супроць сьвядомасьці, што „такая ўжо доля“ бедняка, супроць зьмірэньня з тым, што ёсьць, супроць цярплівасьці і цягненьня ярма нявольніцтва і бяспраўнасьці працоўнага ва ўмовах існуючага (да рэвалюцыі) парадку. Але гэта бунт пачуцьця, гэта бунт чулай і мяккай душы. Гэта голас цішы задумнай і засмучонай. Самым моцным выражэньнем яго ў слове і ёсьць поэма „Сымон Музыка“. Гэрой гэтай поэмы, Сымон, — гэта жывая постаць таго, што выражана у адным з раньніх вершаў Коласа словамі „ўцякаў–бы, бег, здаецца, сам ня ведаеш куды“ ад гукаў нуднай песьні, песьні беларускай вёскі. А песьня гэта — само жыцьцё. Сымон змалку сваёй чуткаю душою перажыў гэту песьню і вынес яе на сваіх плячох, будучы выгнаным з хаты, дзе панавала беднасьць. У жыцьці ён чуе яе яшчэ ня раз, і кожны раз ад яе „ўцякае“. Жыцьцё жабрака, жыцьцё карчмы, жыцьцё ў замку — усё гэта нудныя песьні, ад якіх уцякае Сымон, „сам ня ведаючы куды“. Усё гэта кругі, праз якія праходзіць Сымон, будучы гнаным бядотаю, няйменьнем месца на зямлі сярод людзей для чалавека з чуткаю душою, для чалавека, што нарадзіўся, каб казаць людзям пра прыгожасьць прыроды, пра тое, як можна жыць на зямлі. Але ня ўсё цёмна ў гэтых кругах. Цёмны толькі самы кругі на сьветлым і поўным прыгожасьці фоне прыроды. Пасучы яшчэ авечкі (круг жыцьця дома), Сымон спаткаў дзеда Курылу, які адгадаў у ім талент музыкі і перадаў яму сьпярша дудку, а потым і скрыпку. У крузе жыцьця з жабраком Сымон спатыкае чулую дзяўчынку Ганну, вобраз якой ужо ні на момант не пакідае яго і дае яму сілы ўсё зносіць. У крузе жыцьця ў карчме Сымон спатыкае Яхіма, у замку — дзеда Данілу. Праўда, усе гэтыя вобразы выяўлены эскізна і як–бы ня зусім дарысаваны, але ўсё–ж і ад іх ужо вее новай песьняю. Гэта вобраз людзей, у якіх перадусім ёсьць душа, якія жывуць пачуцьцямі і жывымі думкамі. Гэта ўжо тая песьня, якая вабіць да сябе Сымона, але ня можа цалком захапіць, будучы апранутаю ў старую кару. І толькі з Ганнаю, як падае ў канцы поэмы поэта, Сымон пачаў новы, другі круг жыцьця, толькі яе ён ня кідае, толькі ад яе не ўцякае. На гэтым апускаецца заслона. Ці ўцёк Сымон ад нуднай песьні жыцьця, якое беднатою гоніць з дому, якое прымушае даведацца і долі жабрака, і долі паслугача ў карчме, і долі забаўніка ў замку, невядома. Адно толькі ёсьць — гэта новая песьня, песьня Сымона Музыкі, якая гаворыць аб тэй супярэчнасьці, што ёсьць у жыцьці між таленавітаю і чулаю асобаю (а асоба гэта — увесь беларускі народ, па азначэньню А. Гаруна) і тымі парадкамі і ўмовамі жыцьця, у якіх нарадзілася і жыве гэта асоба. Гэта песьня гаворыць аб тым, што песьняру–музыку няма месца ў кругох паднявольнага жыцьця.
Сымон Музыка — гэта вобраз беларускага поэты–адраджэнца, які сваю энэргію пясьнярскую аддаваў перадусім на змаганьне за нацыянальную і сацыяльную сьвядомасьць працоўнага люду беларускага, а таму і тварыў адпаведную песьню ды сам пракладаў ёю „пясьнярскую каляіну“ ў жыцьці. Сымон Музыка — гэта вобраз багацьця „сьвежых крыніц“ беларускай вёскі, якія гараць жаданьнем вясны, „людзям бліскучай зоркай у іх цемрадзі зазьзяць і сказаць ім, як шчасьліва можна жыць і на зямлі“, гараць красою адбітых у іх глыбі зор і „бязьмежжа горных сьветаў“, будучы абмяжованы берагамі рэальнага штодзённага клапатлівага жыцьця. Жыцьцё–ж гэта — як–бы кусты на ўлоньні прыроды, але кусты лазовыя, у якіх свой лад і строй, што вымагаюць ад усякага, хто зьяўляецца ў іх, дапасаваньня да сябе, але не наадварот. Так пабудована і поэма.
Вёска з яе бядотаю, у якой раджаецца Сымон, у якой праходзяць яго дзіцячыя гады, і якая яго праганяе — гэта першы куст, які ў пэўнай меры адбівае сабою шырокае соцыяльнае зьявішча: выкіданьне вёскаю „лішніх душ“, нараджэньне пролетараў у выніку павялічэньня сям’і пры нязьменнасьці зямлі, на якой працуе і якою жыве сям’я. Адгэтуль пачынаецца вандраваньне па іншых кустох.
Жабрак–профэсыянал, калі льга так азначыць яго, які эксплуатуе Сымона, іх цеганіна ад вёскі да вёскі, у якой спатыкае Сымон розных людзей і сярод іх Ганну, вобраз якой „ад усіх ясьней–ярчэй зьзяў, бы зорачка ў тумане, мілым усьмехам вачэй“, — гэта другі куст жыцьця, які сымболізуе сабою „падарожных“ у жыцьці, гатовых зарабляць–жабраваць чужым дарам, гатовых на няшчасьці будаваць свой нікчэмненькі дабрабыцік і нажываць капітал.
Карчма, куды пападае Сымон, уцёкшы аджабрака, з вядомым Шлёмкаю, які „як– бы ты ні быў зь ім груб — і пасудзіць і парадзіць ды і выпіць даць ня скуп, абы толькі былі грошы, няма грошай –– напавер, — адным словам жыд харошы, толькі й ты яму адмер“, карчма з сваім брудна–дробным рахункам, з сваімі „правамі, звычаем і ўрадам“, карчма, што друзіць талент „на пыл“ і робіць з мастака рамесьніка, жывым уганяе ў магілу — гэта трэці куст жыцьця, што сымболізуе сабою пусьціўшых карэньні пры дарозе.
Замак, куды забірае Сымона князь, пачуўшы яго граньне ў лесе, як Сымон уцёк з карчмы, замак з яго надворным бляскам пазалоты і галотаю, што „сланяецца каля плота, у гразі яна ляжыць“, замак з пустэчаю ўнутры ад перасычэньня, які вось Сымона бярэ „для панскае ўцехі і для забаўкі паноў“, — гэта чацьверты куст, што най яскравей адбівае сабою падзяленьне людзей на два няроўныя станы: пануючых і падняволеных.
Уцякае Сымон і з гэтага куста і прыходзіць у пяты, дзе жыве яго любая Ганна, якую сілаю свайго каханьня і граньня на скрыпцы вяртае да жыцьця. На гэтым заслона ападае. Апошні куст сымболізуе нараджэньне новага адзлучэньня дзьвёх стыхій — песьні і каханьня на родных каранёх, з якіх пачатак і новага куста, куста кветак роднай краіны. Сымон ня мог разьвіцца ў першым кусьце, дзе вырас, ня мог ён і прышчапіцца на тых кустох, на якія ўскідала яго жыцьцё, „бо ён прыроджаны пясьняр“, як характарызуе яго поэта, і пачынае сабою новы куст жыцьця, ён пачынае новую каляіну, каляіну пясьнярскую ў жыцьці сярод кустоў лазовых. „Панёс ён людзям песень дар — агонь душы і сэрца жар, панёс пясьнярскай каляінай“. Толькі багацьце душы, толькі вялікая сіла імкненьня, якая здолела перацярпець столькі на сваім жыцьці і вынесьці свой дар незаплямленым і непадружаным на пыл, не разьмененым на дробную монэту, за якую можна было што–хаця купіць, нават і белы пірог з панскага стала ў замку, толькі нязьменнасьць самому сабе, толькі моц тэй акавіты, якая цякла ў яго жылах ад родных каранёў, толькі моцнае каханьне лілеі — Ганны (сымболічны вобраз маладой Беларусі), толькі ўсё гэта дало магчымасьць Сымону выжыць і зацьвісьці кветкаю на задумна–маўклівых палёх Беларусі, толькі яно здолела даць пачатак новай каляіне ў жыцьці беларускіх працоўных мас. І вось Беларусь работніцка–сялянская мае Сымона рэальнага ў постаці пляяды поэтаў– адраджэнцаў. З нуднай песьні нарадзілася першая радасьць — пачатак мастацкай літаратуры беларускай.
III
...І выхаду шукаў
Адбітак родных зьяў
У словах–вобразах, у песьнях вольнаплынных.
Я. Колас — Прысьвечаньне да „Сымона Музыкі“
„Сымон Музыка“, найлепшая поэма з творчасьці Якуба Коласа, каштоўна ня толькі як мастацкае выяўленьне вобразу песьняра–героя адраджэнскага кругабегу ў гісторыі беларускай літаратуры. Каштоўна гэта поэма як выражэньне ў мастацкай форме коласаўскага вопыту жыцьця, коласаўскага ўспрыяцьця сьвету і яго разуменьня. Каштоўна яна таксама яшчэ і тым, што ставіць сабою шмат проблем рознастайнага характару, вывучэньне і разгляд якіх складае задачу крытыкі.
У першую голаў поэмаю ставіцца проблема мастака як адбітка „родных зьяў“. На пытаньне, што такое мастак, Якуб Колас поэмаю „Сымон Музыка“ адказвае, што гэта асоба, перш за ўсё, і асоба з асабліваю псыхічнай арганізацыяй, а ня звычайнаю. Гэта арганізацыя надзвычайна тонкая і празрыстая, дзякуючы чаму яна надзвычайна чулая і здольная рэагаваць на самыя нязначныя і няпрыкметныя зрушэньні зьне яе. Пры гэтым яна рэагуе заўсёды ў адным і тым–жа кірунку ў тым сэнсе, што, застаючыся зьнешняга боку ўзглядна спакойнай, яна ўбірае ў сябе ўсё сваім нутром, каб потым перапрацаваўшы яго ў сабе, аддаць зноў сьвету гукамі музыкі, або словам–вобразам, або песьняй, аддаць яго, кажучы словам Багдановіча, жомчугам, у які ператвараецца сілаю пачуцьця нават грубы кавалак жыцьця. Быць можа, толькі дзякуючы гэтай уласьцівасьці, што не дазваляла музыку кінуцца ў жыцьцёвы штодзённы вір дзеля рэальнага з ім змаганьня, Сымон пралажыў у жыцьці сваю „пясьнярскую каляіну“, вышаўшы цэльным і цэлым з жыцьцёвых кустоў лазы, быльніку і чарнобылю. Словам, мастак, па Коласу, — гэта як–бы асаблівы тып чалавека. Такі погляд на мастака выказвае і Луначарскі, калі зазначае: „Надо помнить, что художник — это особый тип человека“[1]. І Я. Колас сваёй поэмаю сьцьвярджае, што гэтакія людзі ёсьць і ў Беларусі, пачатак свой яны бяруць у беднай вясковай хаце і выносяць шмат гора, пакуль выходзяць на „пясьнярскую каляіну“, яны ў роўнай долі з вясковым пролетарам. Вось адна з родных зьяў, што знайшла сабе адбітак у Коласа і выявілася ў слове–вобразе „Сымон Музыка“.
Гэта зьява адказвае і на другое пытаньне, ці можна зрабіцца мастаком. Колас пра Сымона кажа, што ён „прыроджаны пясьняр“, і тым самым адказвае, што мастаком трэба радзіцца, а зрабіцца ім нельга. І тут выплывае новае пытаньне, як–жа пазнаць „прыроджанага песьняра“? Колас адказвае: па яго песьнях, як пазнаны быў музыка ў Сымоне і Курылам, і жабраком, і Шлёмаю, і Яхімам, і панам–князем, і дзедам Данілам, і Ганнаю...
На пытаньне аб месцы песьняра ў жыцьці Колас сваёю поэмаю кажа, што ён ва ўмовах паднявольнага жыцьця ня мае прытулішча дзякуючы толькі таму, што радзіўся ў сялянскай беднай хаце і застаў на зямлі ўжо ўсё разьмяркованым і распарадкаваным, знайшоў людзей ужо з пэўнай доляй. Гэта з боку соцыяльнага. Па тым–жа, якое значэньне мастака ў жыцьці людзей, яму належыць месца цэнтральнае, месца таго вузла, што злучае ідэальнае з рэальным, месца перадатчыка ідэальнага ў рэальнае, месца тых ніцей, што „злучаюць гук пярунаў з немым голасам цішы“. Мастак — гэта ключ, што адмыкае сьвет ідэальнага і пускае яго акавіту ў сьвет рэальнага. Пясьняр — гэта тая існасьць, праз якую „дух сусьвету з духам лучыцца зямлі“.
Поэмаю „Сымон Музыка“ ставіцца пытаньне і аб процэсе творчасьці як процэсе, які адбываецца ў часе і вызначаецца трыма момантамі: зьбіраньнем скарбаў з самых рознастайных крыніц жыцьця і прыроды, перажываньнем гэтага скарбу „ў сэрцы“ поэты („у сэрцы перажыты і росамі абмыты дзяньніц маіх...“) і, нарэшце, выхадам гэтых „абмытых росамі дзяньніц“ скарбаў у „словы–вобразы, у песьні вольнаплынныя“. Словам, творчасьць — гэта вялікая ўнутраная праца пачуцьцяў, думкі і волі, праца над успрынятым зьне праз адчуваньні, накірованая на ператварэньне яго ў слова–вобраз ці вольную песьню.
Азначанымі пытаньнямі далёка ня вычэрпваюцца ўсе пытаньні, што ставяцца і так ці йначай разьвязваюцца поэмаю „Сымон Музыка“. Уважлівы чытач знойдзе ў ёй мастацкае выражэньне пытаньняў і філёзофскага, і эстэтычнага, і псыхолёгічнага, і соцыяльна–экономічнага парадкаў як адбіткаў „родных зьяў“. Пытаньні гэтыя ў большасьці ня новыя, але нова і цікава іх пастаноўка і іх мастацкае выражэньне, што можа быць стымулам дзеля спэцыяльных досьледаў і пачаткам філёзофскіх шуканьняў на беларускай глебе. Вось для прыкладу, скажам, хоць–бы пытаньне аб магчымасьцях пазнаньня і яго шляхох. Сымон Музыка па аналёгіі з сабою, з сваімі ўнутранымі псыхічнымі процэсамі заключае аб існаваньні ўнутранога жыцьця ўва ўсім, што яго акружае: і ў жывой, і мёртвай прыродзе. Рэальнае веданьне Сымона яму кажа, што, нягледзячы на адсутнасьць з яго боку зьнешняга выражэньня, па якім–бы людзі маглі пазнаць, што робіцца ў яго нутры, у яго ня спыняецца жыцьцё, у яго ёсьць і думкі, і адчуваньні, і імкненьні. Адгэтуль па аналёгіі з сабою Сымон заключае ці, як ён сам выражаецца, „так адчувае“, што і тое, што маўчыць, мае ў сабе жыцьцё. Гэта фактычна адчуваньне сілы ў магчымасьцях, у потэнцыі. І гэта адчуваньне дае багаты матэрыял для яго выабражэньня і стварэньня сапраўды мастацкіх вобразаў, вобразаў жывых, лёгкіх для ўспрыяцьця ўсякага чалавека. Сымон ведае, што зыкі яго граньня, якія ў час ігры разносяцца ў прасторы, ідуць ад яго нутра, з яго самога, адгэтуль уяўленьне аб тым, што і зямля таксама жывая і ўсё, што з яе — „краскі, дзерава, трава“, — гэта знадворнае выражэньне яе нутраной існасьці, гэта імі зямля гаворыць сьвету, гэта імкненьні „яе духу лучыцца з духам сусьвету“. Такім чынам, у Сымона жыве пачуцьце ці адчуваньне, што ня ўсё тое, што ўспрыймаецца зьнешнімі адчуваньнямі, што ня ўсякі зьнешні вобраз тэй ці іншай рэчы адпавядае сапраўднасьці, і што чалавек, які судзіць аб зьявах ці рэчах толькі па іх зьнешняму выгляду, толькі па ўражаньню адзьнешніх адчуваньняў, памыляецца. Каб ведаць сапраўды тую ці іншую існасьць, апроч адчуваньняў патрэбна яшчэ й работа думкі ці, па Сымону, патрэбна разуменьне мовы, зьяў і рэчаў.
Тое–ж у думках і дзеда Данілы. Па яго ўяўленьню, на сьвеце ёсьць шмат загадак, ключы ад якіх у іх прыметах і знаках. Каб разгадаць загадкі, трэба адгадаць гэтыя прыметы і знакі розумам. Гэтыя–ж знакі ёсьць ува ўсім у прыродзе. Розум–жа і служыць, каб „позна–рана зьняць няведаньня пячаць, а той напіс няўчытаны растлумачыць, адгадаць“. Трэба зьняць „уладу нейкіх слоў“, што засланяюць сьвет ад людзкога вока. А фактычна ўсе загадкі ў тым, што Даніла ня ведае рэальных насіцеляў тэй сілы, што можа рэалізаваць і яго імкненьні і жаданьні. Адчуваць, што гэтыя сілы ёсьць, — Даніла адчувае, і гэта адчуваньне ажыцьцяўляе ў постаці нявіднай рукі і нечага розуму, што сочаць праўду на зямлі. Ня ведаючы рэальнага ажыцьцяўленьня гэтых сіл, Даніла творыць для сябе гэту рэальнасьць і кажа Сымону пра замак: „...людзі–практыкі ня лгуць: чыесь рукі сеці вяжуць і на замак іх нясуць. Нядарма–ж гудзе сякера; чуе парк тут свой канец“. Гэта хутчэй не пазнаньне аб’ектаў, а самапазнаньне і аб’ектывізацыя пазнанага ў сабе самым.
Ставіцца ў поэме і пытаньне аб чалавеку наогул, яго дачыненьні сьвету і яго значэньні ў сьвеце, аб сэнсе жыцьця, аб сувязі эстэтычнага з этычным, аб тым, што эстэтычнае ёсьць пачатак і этычнага. Ня будзем пералічаць тут усіх пытаньняў, якія ўзьнімаюцца поэмаю „Сымон Музыка“ і разьвязваюцца па– мастацку. Ужо й зазначанага досыць, каб уявіць сабе, з якой глыбінёю і шырынёю ўспрыймае Якуб Колас жыцьцё і сьвет. Аб гэтай–жа шырыні і шырыні мастацкага выяўленьня гаворыць яшчэ і тое, што Якуб Колас малюе самыя рознастайныя зьявы жыцьця і прыроды ды імкнецца да выяўленьня ў сваіх творах шматвобразнасьці жыцьця. Так, і ў „Сымоне Музыку“ чытач разам з Сымонам жыве ў рознастайных абставінах і кругох жыцьця, бачыцца і знаёміцца з рознастайнымі праявамі сьвету і жыцьця людзей, пачынаючы аджабрака да князя, хоць, праўда, й не заўсёды ў поўным іх выяўленьні, але ўва ўсякім разе ў такіх праявах, што даюць па[д]ставу судзіць аб асобах у асноўных іх рысах, а што галоўнае — даюць зьмест для глыбокіх перажываньняў.
Багаты адбітак родных зьяў у музычным слоўна–вобразным выяўленьні! Гэта багацьце прымушае часта нават зварочвацца за дапамогаю да алегорыяў–сымболяў, хоць аднак–жа нельга сказаць, каб яны абагачалі мастацкае выяўленьне „родных зьяў“. У лепшым разе яны або тлумачаць, або ўзмацняюць той ці іншы вобраз, аслабляючы разам з тым адчуваньні, выкліканыя дзейнымі ці то асабовымі вобразамі людзей. Справа ў тым, што алегорыі — гэта не для пачуцьця, а для розуму. Гэтае–ж багацьце выліваецца і ў лірычных адступленьнях у поэме, у якіх Я. Колас выяўляецца ўва ўсёй сваёй сіле мастака.
Разам з тым гэтыя адступленьні й алегорычныя вобразы кажуць і яшчэ пра адзін бок. Багацьце адбітку родных зьяў — багацьце перажываньняў ад іх — як–бы не знаходзіць яшчэ ў мастацкай скарбніцы свайго часу ўдосталь эпічных сродкаў і вобразаў жыцьця для эквівалентнага сабе выяўленьня, а таму змушана выразіцца або настроем у лірычных, поўных сілы й пачуцьця, аўтарскіх адступленьнях, або ў алегорыях, часам падыхаючых і нейкай баечнай штучнасьцю і як–бы вымушанай нацягнутасьцю пры паўтарэньнях аднэй і тэй–жа думкі, хоць і ў розных алегорычных вопратках. Такое выяўленьне роўназначна прыметам і знакам дзеда Данілы, якія чакаюць адпаведнага сабе ажыцьцяўленьня ў рэальных зьявах, каб потым быць сабранымі для мастацкага выяўленьня. Тлумачэньне такому зьявішчу бязумоўна патрэбна шукаць, з аднаго боку, у біографіі поэты, а з другога — у тых соцыяльна–культурных абставінах, у якіх жыў і матэрыял для свае творчасьці чэрпаў поэта. Беларуская грамадзкасьць пары адраджэньня — гэта была яшчэ грамадзкасьць „юнацкая“. Юнацкаю яна была ня толькі па ўзросту дзённых сіл адраджэньня, але й па гадох гісторыі самога адраджэньня. І ёсьць ведама, што невыпадкова Я. Колас і за героя сваёй поэмы бярэ музыку — юнака, якому дзед–пастух перадае дудку й скрыпку. Дзякуючы гэтай моладасьці героя, часам кідаецца ў вочы і мастацкае выяўленьне зьяў „па–юнацку“. Няхай крыху рызыкоўнае параўнаньне, але–ж і нашаніўскай пары ў спадчыну перадаў бацька беларускага адраджэньня Ф. Багушэвіч дудку, смык і скрыпачку (зборнікі поэзіі), у якія сам Багушэвіч увайшоў сваёй душою.
Характэрным у коласаўскім мастацкім выяўленьні „адбітку родных зьяў“ зьяўляецца яшчэ і тое, што ўсе гэтыя зьявы падаюцца ў статычным разрэзе, праз якія Сымон Музыка (дынамічны вобраз) толькі праходзіць, пападаючы ў іх неспадзявана для самога сябе, іх пазнаючы і ад іх адыходзячы, нягледзячы нават на тое, што ня ўсё было цёмным „зло–маўклівым і гнеўна–абурлівым“ у гэтым жыцьці. Нягледзячы на тое, што ў карчме быў Яхім, што ў замку быў Даніла, Сымон толькі любіць іх выслухоўваць, у іх ён як–бы вучыцца разуменьню жыцьця, але ня можа з імі злучыцца так, каб наважыцца да актыўнай якой дзейнасьці, апроч толькі аднаго — гэта ўцяканьня з карчмы па прыкладу Яхіма, а з замку ўжо па нарадзе і пляну з Данілам. Да аднаго толькі ляжыць душа Сымона, да чаго ён імкнецца ўсёй сваёй істотай — гэта прырода і каханая Ганна. З Ганнаю–ж ён, па заключным паведамленьню поэты, пайшоў і „пясьнярскай каляінаю“, а хіба ў нашаніўскую пору ня моладзь была тым полем, якое займалася руньню нацыянальнага і соцыяльнага ўсьведамленьня? Толькі яна і была тэй апораю і натхненьнем, якое жывіла адраджэнскія сілы. Падобна таму як Сымон пазнае радасьць і красу жыцьця толькі ў сугляданьні прыроды, у каханьні ды песьні, а смутак у соцыяльным жыцьці, у параўнаньні яго ўмоваў і быцьця, так і ў песьнях поэтаў–адраджэнцаў сум і туга там, дзе яны выяўляюць рэальнасьць жыцьця, і гэтым сумам нярэдка спавіваецца й радасьць хараства прыроды і чараў каханьня.
Характэрна таксама і тое, што йгра Сымона пакідае выяўленым у поэме сьлед толькі ў Ганны, толькі гэта апошняя ад ігры Сымона вяртаецца да жыцьця. Апроч–жа гэтага, яшчэ ў замку яго йгра выклікае ад пана напамінаньне Сымону аб прытрымліваньні языка, аб тым, што „раз мужык — будзь мужыком, маеш хлеб — і жуй цішком, будзь даволен сваёй доляй“. А ў рэшце выпадкаў, апроч прызнаньня за Сымонам таленту, яго песьня падае ў кусты родных зьяў як новае і нячуванае насеньне. У поэме, апроч момантаў непасрэднага ўзьдзеяньня музыкі ў часы ўзьнятае ігры, не выяўляецца дзейнасьць песьні ў часе, не выяўляецца, ці іначацца людзі дарог, карчмы, замку... ад Сымонавай песьні. Пакуль што заслона апушчана на статычнасьці зьяў: жабрак застаецца жабраком, карчма — карчмою, замак — замкам... Толькі Ганна адыходзіць сілаю песьні Сымонавай ад няпрытомнасьці, у якую ўпала яна, гнаная прасьледваньнем Дамяніка. Але насеньне кінута ўва ўсе куты. Сымона чулі ўсюды... І ёсьць ведама, што толькі час выяўляе лёс песьні ў тых кустох і прасторах... А гэта абавязвае ўжо поэтаў рэвалюцыйнай сучаснасьці падслухаць рост песьні–музыкі і выявіць сваімі творамі яе лёс і гісторыю ў сучасных „родных зьявах“...
IV
І гэты скарб...
Для вас, душою чулых,
Як доўг, як дар,
Дае пясьняр.Я. Колас. З прысьвячэньня „Сымона Музыкі“.
Якое–ж значэньне поэмы „Сымон Музыка“? Якая каштоўнасьць гэтага дару?
У разьвіцьці беларускай поэзіі „Сымон Музыка“ — першы монумэнтальны вершаваны твор. Але не монумэнтальнасьцю выяўляецца каштоўнасьць поэмы. Уся веліч „Сымона Музыкі“ ў тым, што гэты дар зьяўляецца адраджэнскаю нацыянальнаю поэмаю творча–мастацкага духу беларускага народу (у постаці яе працоўнага сялянства). Карэньні гэтай поэмы йдуць глыбока ў нетры беларускай народнай вуснай творчасьці. Іх пачатак там, дзе канчаецца народная казка „Музыка й чэрці“ — казка, якая па сіле творчай магутнасьці і глыбіні сваёй ідэі не саступае выдатным творам прыгожага пісьменства дзе якіх народаў, нават і Заходняй Эўропы. Іх пачатак там, дзе разьліта ў прасторах мяккая краса простай, але рознастайнай звычайнасьці беларускай прыроды, на ўлоньнях якой выхавалася ў цяжкіх паднявольных соцыяльных умовах сваеасаблівая культурнасьць „простага люду“, працоўных сялянскіх мас калісь „забранага краю“ з адвечным імкненьнем „да сонца і зор“. Іх пачатак там, дзе высьпелена надзвычайная асабовая адзыўнасьць на самыя няпрыкметныя, здавалася–б, зьявы сілы, пачуцьця, думкі і красы. I як „Фауст“ Гётэ, гэта трагедыя духу мысьлі, што сваімі карэньнямі выходзіць з глыбінь народнай легенды, так і „Сымон Музыка“ — як „казка жыцьця“ эмоцыянальнага духу, духу творча–мастацкага — не забудзецца сярод народаў, што ўзьняліся і ўзьнімаюцца да вольнага жыцьця на калісьці „забраных краінах“ у імпэрыялістычнае ярмо, разьбіўшы Кастрычнікам гэта ярмо. Там, дзе растуць і будуць расьці каласы, там і „Сымон–Музыка“ будзе вольнаю песьняю–гімнам росту гэтых каласоў, бо ў ёй цякуць, зьліўшыся ў адну крыніцу, жывыя воды і з нетраў народнай творчасьці. Нетраў народнага духу–формы, і з патайных куткоў рэальнай прыроды й жыцьця „забраных краёў“, краёў, што ня ведаючы пладоў „цывілізацыі“, здолелі ў сабе захаваць багатую формальную (духоўную) культуру, яе высьпеліць у адменных колерах звычайнай, але рознастайнай красы прыроднай. Крыніца гэная не ўвабралася ў „саеты“ й ядвабы, у званочкі, браскоткі й бляск „цывілізованае“ поэзіі. Яна знайшла сваю самабытную культурна–мастацкую форму адзінства „рэалізму“ і „рамантызму“, якое льга адзначыць як адраджанізм. „Сымон Музыка“ ў сваёй трэцяй рэдакцыі названы аўтарам поэмаю, але гэта поэма ўжо не старога разуменьня, як аб ёй трактавалася ў старых тэорыях славеснасьці, гэта поэма новага разуменьня, паняцьце з новым зьместам, якое вызначаецца фактам „Сымона Музыкі“. Яна зьмяшчае ў сабе ня выключна эпічныя элемэнты, але поруч з імі, а таксама шчыльна зьліваючыся з імі ў адзінства, і элемэнты лірычныя, драматычныя, народна–песенныя і баечна–казачныя. Ня зусім выпадкова, што гэта поэма самім поэтам у першай рэдакцыі называлася дзеля азначэньня жанравасьці „казкаю жыцьця“. З рытмічна–стылістычнага боку яна вызначаецца мяккаю, лёгкаю і плаўнаю музычнасьцю вершу, плястычнасьцю і ярка–адчувальнаю жывізною вобразаў. З боку композыцыйнай структуры пяцёхпялёсткавай прыроднай (як будова красак, каласоў, дарог), архітэктурнасьцю будовы з арнамэнтам „запевак“, „прыпевак“, „заставак“ і „канцовак“ як надворнай, так нутраной суразьмернасьцю і стройнасьцю разьмеркаваных частак, вобразаў і ліній у цэлым з натуральным ступянёвым узьніманьнем уверх, з такім узьніманьнем, як „каленцавы“ рост коласу. У сваёй будове поэма вызначаецца строгім лікам пяцёхпялёсткавасьці і пяцёхлінейнасьці. Сярэдзіна гэтых пяцёх ліній, пяцёх каласоў у поэме, — вобраз Сымона, які ўзьнімаецца ўвысь, як–бы расьце праз нутро пяцёх „каленцаў“, пяцёх відочных зьяваў, з першага — пастушком — самародным музыкаю, з другога — жабраком–музыкаю, з трэцяга — парабкам–музыкаю, з чацьвертага — панскім слугою–музыкаю і з пятага — вольным песьняром–музыкаю. Поруч з гэтай лініяй узьнімаецца вакол яе яшчэ чатыры: а) лінія каханьня (Ганна), якая таксама праходзіць пяць „каленцаў“ у спатканьнях Сымона з Ганнаю (хата бацькоў Ганны, сад, лес, сон і яў — зноў у хаце Ганны — моманты спатканьняў), б) лінія жыцьцёвай рэальнасьці (пабытовая лінія штодзённага жыцьця), в) лінія жыцьцёвай ідэальнасьці (песьні, каханьне, хараство прыроды, ігра, думкі–лятуценьні) і г) лінія самога поэты. І гэта нутраная будова адпавядае і надворнай: поэма складаецца з пяцёх часьцей з пяцьма разьдзеламі ў кожнай. Вось беларуская клясычнасьць „казкі жыцьця“! Клясычнасьць падобная трохчэлеснай клясычнасьці ў будове „Боскай камэдыі“ Дантэ па сваёй ідэі колькаснай суразьмернасьці і колькаснага самавызначэньня! Клясычнасьць дарожкі, пра якую ў адным з раньніх вершаў Я. Колас казаў: „у пяць нітак лягла цьмяна... тканка ног і кола!“ Так „дух сусьвету з духам лучыцца зямлі“... Праз гэта поэма „Сымон Музыка“ — ісьціва нацыянальная поэма творча–мастацкага духу Беларускага народу ў асобе яго працоўных мас. Яна для далейшага разьвіцьця беларускай поэзіі — прыгожы ўзор мастацкай будовы твораў, узор мастацкага выяўленьня і выражэньня шырыні й глыбіні жыцьця, а яе творца — узор поэты–мастака з шырокім — па абхвату зьяў — і глыбокім — па прасячнасьці іх сваім чуцьцём — прыняцьцем жыцьця і ярка выражаным асабовым асьвятленьнем яго ў духу народнага беларускага сьветаразуменьня і агульналюдзкога імкненьня да ідэальнага жыцьця, імкненьня ўвысь.
„Сымон Музыка“ — гэта найлепшы і найкаштоўнейшы дар Якуба Коласа маладой беларускай мастацкай літаратуры ад адраджэньня, дар, які ніколі не памрэ ў народным сэрцы там, „дзе сам народ — пясьняр“.
- ↑ Вопросы культуры при диктатуре пролетариата. Зборнік. 1925 г., стар. 115.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.