Перайсці да зместу

Плынь (1927)/II/Летнія адпачынкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Скакунцы Летнія адпачынкі
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Ліпень

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕТНІЯ АДПАЧЫНКІ

I

Ляжу пад бярозай за садам старым,
І вокам, і думкай — над краем маім.
Лясы па узгорках, і жыта, і луг,
І ветрык над гэтым, мой сябра, мой друг.
Ён дыша, цалуе, ён поўна жыве,
Ён думкі хістае ў маёй галаве.
І думкі, як хвалі на жыце, — вунь там.
Аддам я іх ветру, хоць зараз аддам!

— Бяры, вырывай іх, трапі па кустох,
Хай хітрыя дзеці заглохнуць ў лістох,
Заціснуцца ў лісьціках грушы старой,
Што сьпіць без дагляду пад гэтай гарой.
Эх, вецер, эх, братка! Ну, вольна-ж табе!
Павеці, і хаткі, і поле ў сяўбе, —
Усё ты цалуеш адразу і ў міг,
Цалуеш адхоны узгоркаў маіх,
І хмуры сасоньнік, і гучных дзяўчат, —
Усім ты вясёлы, жаданы сабрат…
Эх, добра і жабкаю шэраю быць,
Эх, добра ў вірочку між аіраў жыць!
Ня хочу быць птушкай, арлом-сакалом,
Ды лётаць у вершах за іхнім хвастом.
Пад сонца ўсё роўна, васпан, не ўзьляціш:
Паветра там мала, а холад ды ціш.
А жабцы — ёй добра вось тут, да-душы!
Як выплыве, сядзе — глядзі, ня дышы!
Глядзі, як глытае казюлечак — хоп!
Зноў вылупіць вочкі і плоскі свой лоб.
Ёй сонца здаецца чырвоным блінком,
А бусел затое, як той політком.
Эх, добра з чаротаў вадзіцу глытаць,
І спаць на лялеі, і жыць, як-бы спаць!
Давай-ка мяняцца, жабуня, са мной, —
Мне шэрая скурка і сьпеўнічак твой,
Табе-ж, разумееш, даю пяршынство:
У нас, людзі баюць, сядзіць бажаство, —
Прыроды уласьнік, любімы сынок —
Усё аддае вось за гэны вірок.
Даю табе леру, папер, алавок…
А жабка як квакне — ды скок у ставок…

II

Пад лесам, на ўзгорку хвалюецца жыта,
Яно, як зямелька мая, пры мяжы тэй, —
Па ім, як па сьвеце, бягуць тыя хвалі,
Што ветру чакалі, што ветру прыждалі,
Шум шэрага шэпту па жыце шыбае,
А жаўранка сьпевы у сіні купае…
— Цір-цюр-пі-цю-пі-цю-пі!
Лі сьпевы, лі сьпевы, лі!
Кінь працу, кінь працу, кінь!
Сінь неба, сінь неба, сінь!
І лёг я на цень свой, паўдзённа-аршынны.
Пад голаву кветка —матыль канюшыны.
І пах яе пышны нязьнятага мёду
Гадоў паскідаў мне да першага году;
Пайшоў чырванець мой падсонечны твар,
На скуру і думкі набыў я загар.
Заснуў. А той ветрык шаптаў мне у вушы
Пра поўныя соку зялёнага йгрушы;
Шаптаў мне пра сьліў недасьпелую цэру,
Пра смакі-зародкі, пра слуцкія бэры…
І так не хацелася з сонцам змагацца!
Кудысь захавалася строгая праца,
Напэўне, купацца пайшла у вірок,
Дзе сьпеў свой прасьцецкі заводзіць юрок.

Лясы па узгорках і жыта і луг,
Я ім толькі, ім толькі, сябра і друг.
Аддамся я сёньні увесь адпачынку,
Бо чэрвень ня зробіць благога учынку.
Мне люба сягоньня за садам старым,
І вокам і думкай над краем маім…

1924 г.

◆ ◆ ◆