Платон-казак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Платон-казак
Запісана А. Сержпутоўскім у в. Пярэвалка Слуцкага павета ад Калесніка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У двананцатом гаду падняўса на белаго руськаго цара пранцуз Напальён. Нагнаў ён сюды войська бы цёмная хмара да й пачаў паліць вёскі, гарады да забіваць людзей. Пахаваліса людзі, хто пасьпеў у лес ці за балото, загналі туды ўвесь свой статак, а дабро закапалі ў землю. Знішчылі пранцузы ўвесь край, змарнавалі ўсё дабро, так што й самі пачалі падыхаць з голаду.

Пераелі паганые сабак да катоў, палавілі мышэй да пацукоў, пастралялі ўсіх варон да й паелі ўселякую погань. Сам цар Напальён ходзіць сабе на балоце да ловіць жабы або чарапахі, каб пасілкавацца, бо голад не свой брат, кожнаго як засмокчэ, дак гатоў сам сабе руку адгрызці. Соваюцца галодные пранцузы, бы сонные мухі, да збіраюць чарвякоў, жукоў да ўселякіх слізнякоў, каб хаць гэстаю пошкудзью набіць сабе лантух.

От і пачалі людзі памаленьку вылазіць з лесу да дабіваць тых гадаў. Зберуцца яны дзе-небудзь грэцца ў хату, а тут бы з землі вынырне Платон-казак да й запаліць атусюль тую хату. Пекуцца пранцузы бы картопля ў прыску, пекуцца, а вылезці з хаты не могуць, бо дзьверы калом падперты. Гуляе Платон-казак та тут, та там, і ніяк яго не могуць злавіць пранцузы. Абецаў Напальён велікі гасцінец таму, хто зловіць Платона-казака ці хаць скажэ, дзе ён. Aле ніхто не мажэ таго сказаць, бо Платон-казак летае бы арол, плывае бы шчупак, бегае бы хорт. От перэадзеўса ён за купца да й прыехаў к Напальёну, нібыто прадаваць хлеб.

Прымае яго Напальён да й пытае: "Ой ты слаўны купец-маладзец, ты ўсюды па сьвету бываеш, усё бачыш, усё знаеш, мо Платона дзе стракаеш?" — "Ну, нема таіць чаго, добрэ знаю я яго". Цар тут разам схаменуўса, на Платона азірнуўса. Дак казак той не дурак, паказаў яму канчак. Замахнуўшыса з плеча, рэзнуў трэйко згарача, аж зваліласа карона: сам ускочыў у стрымёна да й крычыць: "Лаві Платона!" От такі то быў казак, што пранцузам даўса ў знак. Ён па полю раз'еджае, страх на варм'ю наганяе, паліць яняралаў хаты да берэ ат іх гарматы; забягае на дарозі, топіць войсько у Бярозі.

От адзін стаў Напальён, хаць прыўёў да нас мільён. От і едзе той казак па полю, смело даў каняцы волю. Жыто поруч каласіцца, крыж за горкаю ласніцца. Сонцо грэе, аж печэ, толькі пот с ылба цечэ. От ён шапачку здымае, Бога шчыро праслаўляе, што памог пранцуза раць з края роднаго прагнаць. Толькі ў жыце зашумело, раптам сэрца бы згарэло. Толькі ён перахрысціўса да й на карак да каня схіліўса. Казакоў падбегло двое. "Мабыць, место тут ліхое". Перш пранцуза тут забілі, а Раманава местэчко на жалобу запалілі. Бы свеча дамы палаюць — то Платона памінаюць. Слёзанькі з вачэй цекуць, песню ж казакі паюць, як велікі той казак згінуў дарам небарак.