Як люба тут, ля родных каляін,
Дзе сонца з ветрам песьню калыхалі;
Іду сьцяжынай сумнаю адзін
І зрок губляю ў задумённых хвалях.
Душа мая расхрыстана зусім, —
Усе з яе сарваны параліны.
Якая сочная над лесам сінь,
Якія тоны ў жытніх пералівах!
Дуброва ветліва ківае галавой;
Гамоніць з далямі сівая Сьвіслач.
Крынічны плёск на росных паплавох
Сялянскія люляе думы-мысьлі.
Я тут правёў свайго маленства дні,
Тут беднасьць песьціў кволымі рукамі.
Здаецца мне — за ўзгоркам сьпелых ніў
І сёньня, як і ўчора, раніца рыкае.
У гэтай у вялікай прастаце
Прыгожае пазнаць мне давялося.
На вадапоі дзён краса расьце, —
Хвалюецца, шуміць яе калосьсе.
Зажынкі я спраўляю кожны год, —
Мэлёдый сонечных люблю пахмельле.
Адным кілішкам п‘е са мной народ
Пітво не падфарбованае зельлем.
Суседзям-жа з кляновых дам дайніц,
А з чары сэрца дам сваёй Матулі.
Хай песьня льлецца музыкай крыніц,
Хай да сябе асьмееных прытуліць.
|