Песьня VI. Песьня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/402


Чаго бяжыш, мужычок?
      – Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
      – Бо урадніка вёз.
Чаго ты п'еш, мужычок?
      – Бо і хлеба ня еў.
За што ты б'еш, мужычок?
      – Бо і сам тое меў.
Нашто ты краў, мужычок?
      – Бо свайго не пазнаў.
Чаму ты лгаў, мужычок?
      – Бо хтось праўду украў.
Чаму чорны, мужычок?
      – Бо у хаце курыць.
Не праворны, мужычок?
      – Бо усякі журыць.
Чаму цёмны, мужычок?
      – Бо пад цёмным сяджу.
Чаму бяздомны, мужычок?
      – Бо чужога гляджу.
Чаму хіцёр, мужычок?
      – Бо дурны, як варона.
Чаго умёр, мужычок?
      – Уцякаў ад «закона»!