Перайсці да зместу

Песьня (Таўбін, 1928)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
5 сакавіка 1928 году
На дадзенай старонцы сабраныя ўсе варыянты гэтага твора, якія ёсьць на Вікікрыніцах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ах, песьня, песьня!..
Рокат струн,
Дрыжэньне сонечных расьніцаў!
Каму, каму твой хісткі струг
У снах лазоравых ня сьніцца?
І я ім сьніў,
І я аб ім
У думках патаемных марыў,
Сьпяваў яму адвечны гімн,
Лавіў цымбальныя удары...
І зноў сьпяваю,
Зноў пяю
У неабдымным дзённым гудзе,
І думку сьціслую сваю
Хачу укласьці ў сэрца людзям...
Таму, — мне хочацца цяпер
Усё абняць,
Ўсяму паверыць,
І зноў чаканіць гартам верш
І з вершам зноў ісьці наперад.
Часамі многа перашкод
Шляхі жыцьцёвыя мілуюць
І вёрткіх думак карагод
Ніяк, бывае, не злаўлю я.
І ўсё-жа шлю
Ўсяму прывет...
Мо' дні мінуць,
Гады адхлынуць
І будзе мне служыць сонэт,
І трыолёты, і тэрціны.

5-ІІІ-1928