Песьняй толькі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьняй толькі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/29423


Песьняй толькі на сьвеце жыву я,
Празь яе тапчу толькі расу;
Пасьцігаю, як ёй запаную,
Недасьціглую быту красу.

Са сьвятламі бязьмежна ўсясьвету,
Як сьвятло сам, лунае мой дух;
Аглядаю міры, як у сьне тым,
І жыцьцё абымаю ўвакруг.

Над душамі, што шчасьця даўцо весьць
Загубілі з адвечных нягод,
Я тварыў бы нягадану повесьць
Вечных радасьцей, вечных яснот.

Перуны залатыя хапаў бы,
Што у хмарах бушуюць агнём,
І страламі народны дух слабы
Развагняў, патрасаў бы, як гром.

Млечны Шлях, што нябесны дзядзінец
Засьцілае, я б зьняў на зямлю
І масьціў бы ім новы гасьцінец
Цераз родную ніву сваю.

Сонца ўзяўшы агністае ў рукі,
Што гарыць над бязьмерам палёў,
Я па Млечным тым Шляху бяз мукі
Чалавека да шчасьця бы вёў.

Гэтак песьняй мой дух маладзіцца,
І на сьвеце жыву толькі ёй,
Хоць пішу кроўю гэты страніцы,
З свайго сэрца гарачай крывёй.

(1913)