Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ПЕСЬНІ ВЯСНЫ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Асеньні дождж ПЕСЬНІ ВЯСНЫ
Аўтар: Якуб Колас
1909
Лес


ПЕСЬНІ ВЯСНЫ

Песьні ў полі, шум і гоман.
Ну-ж і выдаўся дзянёк!
Сьнег на дзірах, лёд надломан,
І сьпявае ручаёк:

«Гэй, сябры, гэй, ручаёчкі!
Дружна разам пабягом.
Гайда, гайда ў сьвет, браточкі,
К тым шырокім берагом!

Людзі-волаты! глядзеце,
Колькі гонім мы вады,
Бо яднаньне — сіла ў сьвеце,
Хто-ж дужэй ад грамады?

Мы дарогі ў полі знаем,
Не заблудзіць там вада -
Знаньне — сіла! мы гукаем.
Гэй, за намі, грамада!

Мы імчым, мы гонім воды,
Затапілі мы брады.
Дружнасьць — першы крок свабоды,
Згода — сіла грамады».

1909 г.