Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ПЕСЬНЯ НАД КАЛЫСКАЙ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Панас гуляе ПЕСЬНЯ НАД КАЛЫСКАЙ
Аўтар: Якуб Колас
1909
За падаткі


ПЕСЬНЯ НАД КАЛЫСКАЙ

Аа-аа, мой сынок!
Аа-аа, мілы!
Ня крычы, ня плач: дарэмна
Ты патраціш сілы,

А бяз сілы, мой сынок,
Жыць на сьвеце трудна...
Ой, ты, вецер, ня шумі,
Не сьпявай так нудна!

Спаць Міхаську не даеш...
Сьпі, мой сын маленькі!
Я цябе пакалышу -
Ай, люлі-люленькі!

Што цябе чакае, сын?
Што твая за доля?
Можа й ты пот будзеш ліць
У чужое поле?..

Будзеш ўлетку ты хадзіць
На плыты, на згоны,
З Коўны матцы прынясеш
Хоць гарсэт чырвоны...

А мо' ў школку пойдзеш ты,
Будзеш чалавекам -
Без навукі цяжка жыць
Гэтым трудным векам.

Кінеш матку, па чужых
Ты па людзях пойдзеш,
І на шчасьце нападзеш,
Долю сваю знойдзеш.

Ўспомніш матку ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе я ў ноч ня раз
Песенькі сьпявала.

І гасьцінца мне прышлеш,
Не забудзеш маткі.
Вось усьцешуся тады,
Аж запляшчу ў ладкі!..

Аа-аа, мой сынок!
Люлі, люлі, мілы!
Ой, ня плач ты, ня крычы,
Набірайся сілы!

1909 г.