Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ПЕСЬНЯ АБ ВЯСЬНЕ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Дай зірну ў сваё аконца ПЕСЬНЯ АБ ВЯСЬНЕ
Аўтар: Якуб Колас
1922
Ноч


ПЕСЬНЯ АБ ВЯСЬНЕ

Уцякай, мароз-дзядуля!
Чуеш ты, стары, ці не?
На пагорках — булі-гулі! -
Песьні чуюцца вясьне.

Звоніць, скача, як дзіцятка,
Гэты жэўжык ручаёк.
На яго, бы тая матка,
Сонца кідае свой зрок.

А ён, гучны і сьмяшлівы,
Так і ходзіць, аж дрыжыць,
І другі сябрук шчасьлівы
Насустрэч яму бяжыць.

Ты паслухай, дзед сярдзіты,
Што там чуецца ўгары?
Што за сьпеў за самавіты
Ў небе правяць песьняры?

А зіма аж пачарнела -
Годзі ёй тут кросны ткаць!..
Гэй, маленства, жыва, сьмела
Выйдзем весну прывітаць!

А як слаўна каля хаткі
Нам пабегаць, пагуляць!
Ну, зіма: зьбірай манаткі,
Годзі нас табе ўшчуваць!

Маладая вясна,
Залатая пара!
Будзь красна і ясна,
Не шкадуй нам дабра!
Вокам маткі зірні,
Бледнасьць з твару згані!
Дай уздужаць малым
Пад павевам тваім.
Мы вяночак спляцём,
Табе песьню сьпяём.

1922 г.