Вісіць над сумнаю зямлёю
Заслона шэрая нябёс.
Душа чакае перамены,
Жджэ сонечных сьвятлістых кос.
Шумяць так жаласьліва дрэвы,
Што восень смутная прышла,
Што прынясла з сабою сівер,
Убор зялёны іх зьняла…
Ужо скавалі гразь марозы,
І жджом цярпліва сьнегу мы.
Смутліва й ціха у прыродзе;
Прырода жджэ даўно зімы.
У дзень сьцюдзёны і марозны
Залётаў матылькамі сьнег —
Спачатку дробны, далей буйны —
І пасрыбрыў салому стрэх.
Сьняжынкі дзіўныя, бы зоркі,
Прыветна ў дрэвах шапацяць
І ўсё гусьцей, гусьцей кладуцца,
Бы мошкі белыя ляцяць;
Чароўным бляскам аддаюцца,
Адкрылі поле і ральлю
І хутка гожа так прыбралі
У срыбну вопратку зямлю.
І рада сьнегу ўся прырода.
А ён ляціць усё сьмялей.
Наўкола сьветла так стаецца,
Ў душы зрабілась весялей.
Сьмяюцца людзі, гай сьмяецца.
На дрэвах белая кара.
Дзе ні зірні — ўсё срэбра, блёсткі,
І сьвет усенькі з серабра!..
|