Першы снег (Маракоў, Кляшторны, Дудар)
Першы снег Верш Аўтар: Валеры Маракоў, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар 1934 Крыніца: Іскры Ільіча. – 1934. – № 12. – С. 4. |
Дзе лясы,
дзе воўчы перабег,
лебядзіным пухам
першы снег
лёг на голле дрэваў,
на палі.
І, здаецца, сосны —
расцвілі.
Заіскрыўся
пышны самацвет,
дзе лясы,
дзе хітры воўчы след.
Пчолы не лятуць
на сенажаць,
больш мядзведзю мёд
не каштаваць,
галаву ён ніжай
апусціў —
дзікіх пчол мядзведзю
не знайсці.
Апусцеў і лес,
і сенажаць,
і мядзведзь залёг
ад гора спаць.
Смокча лапу ён
і бачыць сны,
так праспіць
да самае вясны.
Дзеці ў лес
на лыжах пабягуць,
звонкі смех па лесе
разнясуць.
Будзе снег пад лыжамі
рыпець,
не пачуе гэтага
мядзведзь.
Будуць дзеці
жартаваць і пець,
не пачуе гэтага
мядзведзь.
Будзе лес
шумець і шалясцець,
не пачуе й гэтага
мядзведзь.
Будзе снег іскрысты
зіхацець,
не пабачыць гэтага
мядзведзь…
Дзе лясы,
дзе воўчы перабег,
заіскрыўся першы
лёгкі снег.