Перад Новым Годам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пад штандарам Перад Новым Годам
Верш з зборніка Хрэст на свабоду
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/58893
Бура ідзе


Загарак б’ець, ляцяць мінуты,
Дзевяцьсот пяты кончу год.
Хаджу па хаце, як атруты,
У жылах чую зімны лёд.
З кутоў глядзяць мярцоў шкілеты,
Па косткі плюшчыць цёпла кроў.
Ах, страшны, страшны быў год гэты,
Яшчэ страшнейшы будзе зноў!
Праз вокны бачу поўна поле
Старых, малых. Ах, чую крыкі!
Салдат людзей там рэжа, коле,
Казак дзяцей падняў на пікі.
Ляціць, як віхар, матка ў болю,
Хватае труп малога сына,
А тут і ёй якраз на долю
Трапляе гострая шраціна.
Бабулю сіву топчуць коні,
Хлапец ляжыць бяз ног і рук.
Ах, льецца кроў праз цэлы гоні!
Ах, Бог вялікі, сколькі мук!
А там мястэчка запалілі,
Рабуюць крамы, б’юць жыдоў,
І там зноў трупаў навалілі,
І там нявінну точаць кроў.
Нясецца гром з сталіц па краю,
Вяроўкі шыбеніц скрыпяць.
Самадзяржаўных гіцляў зграю
Народ свабодны хоча зьмяць.
Сатрап шчыміць кулак зладзейскі,
Засыпаў грошмі подлых слуг.
Яшчэ паслушны полк гвардзейскі,
Яшчэ ў жандараў мае слуг,
Яшчэ працуюць чорны сотні,
Яшчэ баіцца цёмны полк.
Але як выдасьць грош свой злотні,
То, мусіць, будзе дрэнны толк:
Гвардзеец кіне, жандар здрадзіць
І чорна сотня плюне ў рот,
Пан Вітэ нат пакіне радзіць.
Як я разважыў — добры год,
Як я раздумаў — будуць плёны,
Будзе добры ураджай.
Біце ў звоны, біце ў звоны!
Новы год, народ, страчай!

(Сьнежань, 1905)