Па святой зямлі — Яго святыя ногі…
Выгляд
Па святой зямлі — Яго святыя ногі… Верш Аўтар: Ігнат Канчэўскі |
Па святой зямлі — Яго святыя ногі,
Да схілёных голаў — рук святых прыткненне…
Падарожнага пазналі ўсе дарогі,
І даюць Яму прытулак ўсе каменні.
Буйны вецер — адгалосак грознай буры,
Прыбліжонай буры ды для нас далёкай.
Сціхнуць нема ўраз сляпыя ўсе віхуры,
Як пачуюцца Яго святыя крокі.
І пазнаюць вобраз чысты і чаканы
Ўсе блудніцы, ўсе, хто ў зморы і агідзе,
Ўсе, хто брудны быў, слабы ці хворы, п’яны,
Бо ім штось шаптаў увесь час праканана:
— Так, Ён прыйдзе, Ён напэўна прыйдзе!