Па дакладу Віктара Чарнова
Выступленне па дакладу Віктара Чарнова Выступленне Аўтар: Тамаш Грыб 1922 Крыніца: pawet.net |
Вельмі перапрашаю, што затрымаю вашу ўвагу на адным пытаньні, якое дакладчык чамусьці не закрануў, мусіць, забыўся ці што, ня ведаю. Гэта яго справа. Бачыце грамадзяне, прачытаўшы ў «Голосе Родины» аб тым, што адбудзецца даклад старшыні — як гэта сказана ва ўваходным білеце — "Усерасійскага Устаноўчага Сходу В. М. Чарнова на тэму: «Сучаснае становішча Расіі й пазыцыя партыі сацыял-рэвалюцыянэраў», што пасьля даклада адбудзецца дыскусія, што запрашаюцца прадстаўнікі рускіх дэмакратычных групаў, беларускіх, украінскіх ды інш. нацыянальных арганізацыяў. От жа, маючы на ўвазе гэта, я адважыўся ўзяць слова, каб перад дакладчыкам і аўдыторыяй паставіць вось гэткае пытаньне.
Дакладчык нам даў падрабязны й пры гэтым вельмі ўдалы гісторыка-філёзофскі аналіз падзеяў рэвалюцыі на ўсходзе Эўропы, устанавіў пэўныя паралелі з падзеямі Вялікай францускай рэвалюцыяй. Але ўпусьціў надта важны момант, упусьціў адзін вялікі гістарычнай вагі фактар — справу прыгнечаных нацыяў. Калі француская рэвалюцыя ня ведала нацыянальнай справы, дык Вялікая рэвалюцыя на ўсходзе Эўропы паставіла гэтае пытаньне рубам і якое вымагае яснага ды дакладнага развязаньня, як у плашчыне тэарытычнай, так і ў плашчыне практычнай.
Як ня сумна, але неабходна адзначыць, што рэвалюцыя толькі паставіла на парадак дзённы гэтае пытаньне, але далека яшчэ ня вырашыла. Дзіўна, як-жа дакладчык, кажучы пра сучаснае становішча Расеі, аніводным словам не закрануў гэтай набалелай справы. Я надта ўважліва прыслухоўваўся да словаў дакладчыка, хацеў пачуць што-небудзь у гэтай справе, а ну ж ды скажы нарэшце новае слова ў разьвязаньні нацыянальнай праблемы прадстаўнік расейскай працоўнай дэмакратыі, гэтае трэцьцяй сілы. На вялікі жаль, сказана анічога ня было.
Дык няўжо ў сучасным становішчы Расеі з пункту гледжаньня расейскай працоўнай дэмакратыі існуюць толькі клясавыя супярэчнасьці ды зусім няма супярэчнасьцяў нацыянальных? Няўжо й зараз, як у старыя часы, ад пламеннай Калхіды да саплівых Карпат, — гэта ўсё адзіная Расея? Няўжо ў сялянаў цьвярскіх ды яраслаўскіх, з аднаго боку, і сялянаў беларускіх, украінскіх, сялян прыбалтыйскіх ды Каўказа зусім такія аднолькавыя мэты й заданьні, аднолькавая псыхалёгія?
Ня трэба губляць з поля зроку, што волю рэвалюцыі вырашаюць ня толькі класавыя ўзаемаадносіны, ня толькі фактары эканамічныя, але й культурна-псыхолёгічныя, у дадзеным выпадку, фактар нацыянальны. У гэтым ёсьць значнае разыходжаньне Вялікай францускай рэвалюцыі ад рэвалюцыі на ўсходзе Эўропы. Вось чаму было б надта пажаданым, каб дакладчык даў ясны ды цьвёрды адказ — як думае вырашыць нацыянальную праблему расейская працоўная дэмакратыя, уласна тая партыя, прадстаўніком якой ён тутака выступав.
(Датуецца восеньню 1922 г.)