Перайсці да зместу

Паўстанне і нашыя заданні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паўстанне і нашыя заданні
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 8 лістапада 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Карыстаючыся з агульнадзяржаўнага бязладдзя і жадання ў салдатаў неадкладнага міру, «бальшавікі» распачалі ў Петраградзе паўстанне, арыштавалі Часовы Урад і забралі ўласць у свае рукі. Яшчэ змаганне за ўладарства ў дзяржаве не скончана — па гарадах ідуць бойкі, льецца кроў, руйнуюцца гістарычныя помнікі і культурныя здабыткі, і трудна, права, упэўніцца, чым гэта скончыцца, але адно ясна, што ні «бальшавікі», ні згодна складзенае міністэрства і ні жадны іншы ўрад з Масквы ці з Петраграду ўстанавіць парадку не можа. Не ўстановіць яго і той агульнадзяржаўны Устаноўчы Сойм, на каторы дзе-хто пакладае надзеі і да склікання каторага так млява і нядбала гатуюцца. Падзеі апошняга часу засланілі Устаноўчы Сойм, і калі нават ён і не разаб’ецца а скалы палітычнай бурай і сабярэцца ў тэрмін, дык кожнаму відочна, што ён нікога не здаволіць, парадку не ўстановіць і нічога не зробіць, як нічога не зрабіла т. з. Рада Рэспублікі, пабудаваная па прынцыпу вялікадзяржаўнага цэнтралізму.

Хто дбае аб культуры, хто стаіць за грамадскі лад, за дэмакратызм і еднасць Дзяржавы Расійскай, той мусіць адказацца ад надзеі завядзення парадку з цэнтра і рашуча стаць на грунт федэралізму. Палітыка дзяржаўнага цэнтралізму валтузіць поступ грамадзянскага адбудавання, спрыяе авантурнасці, і ніводзін народ Расіі не можа памірыцца з дыктатурай велікарускай народнасці, каторая не здолела яшчэ прабудзіць у сабе пачуцця нацыянальнага самапазнання.

Палітыка ўраду Керанскага і «предпарламенту» паказала ясна, што паразумення адтуль чакаць не прыходзіцца. Расійскі «бальшавізм» спрыяе нацыянальным дамаганням і повен жадання здаволіць самыя крайнія дэмакратычныя вымогі, але нядоля яго ў тым, што ён нежыццёвы, не мае грунт і асуджан на знішчэнне. Тут дапраўды справядлівы словы: падняўшы меч, ад мяча і згіне. Становішча з кожным днём горшае, і выйсце з яго толькі адно: як найхутчэйшае скліканне паасобных краёвых устаноўчых сеймаў. Украінцы, беларусы і велікарусы, казацтва, Сібір і ўсе аб’яднаныя краі здолеюць кожны паасобку ўтварыць лад і грамадскі парадак, а ўпарадкаваўшы дома, патрапяць устанавіць і агульнадзяржаўны парадак праз сваіх прадстаўнікоў у Маскве ці ў Петраградзе.

Краёвыя соймы ў трывожны час дзяржаўнай калатніны з’яўляюцца канечнай патрэбай дэмакратычнага захісту і захавання тых правоў і вольнасцей, каторыя намі здабыты такім коштам і напружаннем грамадскіх сіл. Хваля рэвалюцыйнасці дайшла да астатняй магчымасці і на моцы законаў падзення адхлыне назад з такой жа шпаркасцю, з якой шугалася ўперад. І ніхто з пэўнасцю не можа сказаць, дзе само, у якім месцы, на якой палітычнай камбінацыі яна супыніцца. І толькі краёвыя соймы могуць устрымаць хвалю контррэвалюцыйнасці і захаваць дэмакратычныя заваяванні. У гэтым — ядыны ратунак, ядынае выйсце з таго скрутнага становішча, у якім апынуліся мы, дзякуючы дзяржаўнаму цэнтралізму, прышчэпленаму расійскай дэмакратыі самадзяржаўным панаваннем.

Краёвая Беларуская Рада стала на чаргу дня і кліча на работу ўсіх, хто любіць свой край, хто жадае яму лепшай светлай будучыны і не хоча загінуць у моры бязладдзя, калатні і заняпаду.