Паэт (Лермантаў/Глебка)
Паэт Верш Аўтар: Міхаіл Лермантаў Пераклад: Пятро Глебка |
Кінжал мой зіхаціць аправай залатой,
Клінок надзейны, без заганы;
Булат яго калісь таемнаю рукой
На Ўсходзе бранным гартаваны.
Джыгіту шмат гадоў служыў ён у гарах
Без жаднай платы за паслугу;
Правёў ён страшны след не па адных грудзях
І не адну прарваў кальчугу.
Як паслухмяны раб, забавы ён дзяліў,
Звінеў на крыўдныя прамовы;
У тыя-б дні яму чужым, ганебным быў
Убор багаты, каляровы.
Яго за Тэракам казак адважны ўзяў
На трупе пана па сканчыне,
І доўга ён пасля закінуты ляжаў
У пыльнай краме армяніна.
Цяпер без родных ножан, збітых на вайне,
Вісіць героя друг паходны;
Ён цацкай залатой зіхціцца на сцяне —
І неславуты, і няшкодны.
Ніхто яго прывычнай, дбайнаю рукой
Не чысціць больш, не даглядае,
І надпісу яго з малітвай прад зарой
Ніхто рупліва не чытае...
А ці не так у кволы век наш ты, паэт,
Сваё затраціў прызначэнне,
На срэбра ўладу прамяняў, якую свет
З маўклівым слухаў захапленнем?
Бывала, мерны гук тваіх магутных слоў
Успалымняў байца для бітвы;
Ён быў патрэбны ўсім, як чара для піроў,
Як фіміям у час малітвы.
Твой верш, як божы дух, лунаў над грамадой,
І водклік дум высокародных
Гучаў, нібыта звон на вежы вечавой
У дні нягод і свят народных.
Ды надакучыў нам твой просты, горды зык,
Нас цешаць бляскі і падманы;
Як даўняя краса, наш даўні свет прывык
Хаваць маршчыны пад румяны...
А ці праснешся зноў, абсмеяны прарок?
Ці ўжо ніколі для змагання
Ты з ножан залатых не вырвеш свой клінок
Пакрыты ржою ганьбавання?