Перайсці да зместу

Пашылісь у дурні (1928)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пашыліся ў дурні
Камэдыя
Аўтар: Марка Крапіўніцкі
1928 год
Арыгінальная назва: Пошились у дурні (1882)
Пераклад: Напалеон Чарноцкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пашыліся ў дурні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКІ ТЭАТР




М. КРАПІЎНІЦКІ.


ПАШЫЛІСЬ у ДУРНІ

ЖАРЦІК у III ДЗЕЯХ.



ВЫДАНЬНЕ ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЕ ШКОЛЫ.

ВІЛЬНЯ1928 Г.

БЕЛАРУСКІ ТЭАТР



М. КРАПІЎНІЦКІ.


ПАШЫЛІСЬ у ДУРНІ

ЖАРЦІК У III ДЗЕЯХ.

Пераклад з украінскае мовы.

На арыгінале напісана: Wolno wystawiać na obszarze Litwy Środkowej 10 III 1921 r. Jankowski.
Печатка: Tymczasowa Komisja Rządząca Litwy Środkowej. Wydział Prasowy.



АСОБЫ:

МАКСІМ КУКСА — багаты мешчанін, мельнік, удавец.
ГАНУЛЯ — старшая дачка яго, гадоў 19.
СЬЦЕПАН ДРАЎКО — багаты мешчанін, каваль удавец.
ГРЫПІНА — старшая дачка яго, гадоў 18.
АНТОН — малады Куксаў парабак.
ВАСІЛЬ — малады Драўкоў парабак.
СКАКУНЕЦ — валасны пісар.
НІЧЫПАР — падарожны чалавек, гадоў 30.

ГОСЬЦІ, НАРОД.

Дзеецца у мястэчку.


ВЫДАНЬНЕ ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЕ ШКОЛЫ.

ВІЛЬНЯ1928 Г.

Addrukowana u drukarni „RUCH" Tatarskaja wul. 6

Дзея першая

[правіць]

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ.

У канцы вуліцы з абодвух бакоў плецяны плот, за плотам відны хаты, паветкі, сьвіронкі, хлявы. Пад плотам лаўкі. З левага боку — хата Куксы, с правага — Драўкі. За хатаю Куксы — млын вадзяны. За хатаю Драўка — кузьня.

ЗЬЯВА ПЕРШАЯ.

З МЛЫНА ВЫХОДЗІЦЬ КУКСА І АНТОН

Кукса. Даглядай, даглядай, кажу табе, лепш як свайго вока!

Антон. Ды ўжо-ж ня турбуйцеся, гаспадару, — я вам кажу, што ніхто вам так ня здолее дагадзіць, як я. Спадзявайцеся на мяне, як на каменную гару.

Кукса. Адно толькі таго ніяк не разьбяру: за што ты такую злосьць маеш да гэтага бабскага роду?

Антон. За што? Доўга казаць. Толькі то праўда, што абы згледзіў маладзіцу, або, хавай, Божа дзеўку, то так мяне з душы верне, як муху глынуўшы. А дачок нашых за тое самое цярпець не магу, што вас, гаспадар, надта палюбіў: дык шкадую я вас за тое, што вы з імі гэтулькі клопату маеце.

Кукса. Ох, праўда, што клопату!.. А ты-ж ня гневаешся на мяне, што я цябе ня раз ганяю?

Антон. Да хавай Божа! Гаспадар мае права і спаць і гуляць, — на тое ён гаспадар; а парабак як дзень, так ноч павінен працаваць…

Кукса. Разумна, разумна мяркуеш!

Антон. З нашым братам, з парабкам, без лаянкі не абойдзешся. Біць нас трэба, ды яшчэ як, бо мы дурні…

Кукса. Тры месяцы ты ў мяне служыш, я ўжо цябе спадабаў, як роднага сына.

Антон. І я-ж скажу, што ня ведаю, ці любіў я свайго бацьку так, як вас люблю. (Пачакаўшы). Даўно ужо хочацца папытаць вас, ведаю, што адну скажаце мне шчырую праўду: на вошта гэтыя самыя бабы на сьвет родзяцца?

Кукса. І то праўда — на што яны?

Антон. Здаецца без бабаў лепш было-б жыць на сьвеце.

Кукса. Лепш. Але-ж, але!

Антон. Дык на што-ж яны патрэбны на сьвеце?

Кукса. Не скажу, галубок, не скажу. Колькі раз ужо і я меркаваў над гэтым… ведама, Бог так даў.

Антон. На пакусу.

Кукса. То-ж то і ёсць — на пакусу.

Антон. Ось дзякую, што вы мне тое сказалі, а то я марочыўся, марочыўся. Цяпер вы мне губы развязалі. От, скажаж, хоць Аксана, суседава дзеўка…

Кукса. А што-ж яна?

Антон. Пазаўчора я бачыў, як вы вун там — за паветкаю шапталіся з ею.

Кукса. (Спалохаўшыся). Што?.

Антон. Ды чуў, як вы ёй казалі, што купіце на спадніцу моднага паркалю ды хустку…

Кукса. Чуу? (У бок). Папаўся! (Да яго). Ты чуў? Глядзі ж, не прагаварыся суседу Драўку!.. Я хацеў яе пераняць да сябе на службу.

Антон. На што ўжо вам мне галаву дурыць. Бачыце, я перад вамі выкладаю ўсю сваю душу, а вы… Я чуў, як вы ёй казалі: „Выйдзі, як сьцямнее, за млын“.

Кукса. Не казаў!..

Антон. Ой, казалі, казалі…

Кукса. Даль-Бог-жа-ж, ні слова не казаў, каб за млын…

Антон. Ну, можа мне толькі так пачулася. Аднак, я зараз такі тагды падумаў: ці ня чорт-жа гэта пад дзявочаю адзежаю на пакусу вядзе майго гаспадара.

Кукса. А што думаеш? I то можа быць.

Антон. Пайду-ж я, думаю сабе, да папа ды папрашу, няхай адчытае майго гаспадара…

Кукса. Да папа? Ці ты здурэў?!

Антон. Я-ж яшчэ ня йшоў, толькі зьбіраўся. Бо я-ж ведаю, што й папу ведама, што вы чалавек багамольны ды баіцеся Бога.

Кукса. Але-ж, але… Сапраўды я такі. Ня йдзі ужо да папа, лепш я сам прызнаюся на споведзі.

Антон. Няхай-бы тая Аксана да мяне ліпла — ня дзівіўся-б, такі ж я малады хлопец, але што-ж яна у вас спадабала?

Кукса. Пакуса, чортава пакуса.

Антон. Хіба-ж ня лысіну вашу?

Кукса. (Грозна). Што-о?

Антон. Я тое… я памыліўся. Хацеў сказаць, ці ня грошы вашы яе кусяць.

Кукса. Якія грошы?

Антон. А тыя-ж, што вы на тым тыдні пераносілі за млын у паліваным глячку…

Кукса. Не пераносіў!..

Антон. Шкода толькі, што я ня бачыў куды вы той глячок перехавалі.

Кукса. Ня бачыў?

Антон. Каб толькі бачыў, то зараз-бы ўзяў.

Кукса. Узяў-бы?

Антон. Чаго вы гэтак спалохаліся? Я-ж кажу, — узяў-бы, прынёс-бы да вас ды сказаў: лепш хавайце, гаспаспадару, вашы капіталы.

Кукса. Ці праўда-ж?

Антон. З роду не брахаў.

Кукса. (Прыглядаецца да яго). Даль-Бог-жа-ж не разьбяру, што ты за чалавек?

Антон. Я? — Сама праўда.

Кукса. Можа быць, можа… але-ж і бойкі да гутаркі.

Антон. Ого, я да гутаркі, як да варганаў.

Кукса. Бачу, бачу… Музыкант. Хэ-хэ-хэ-хэ! А ну, глянь мне ў вочы. (Антон глядзіць). Здаецца, жто ты ня брэшаш. Ну! то я-ж вось пайду, а ты даглядай дзяўчат.

Антон. Ды ўжо-ж не бойцеся і вока ня сплюшчу. Можа й рад быў-бы заплюшчыць, ды калі-ж бабы такое мне зрабілі, што на век мне сон аднялі.

Кукса. Ну, будзь здароў, пакуль што!

Антон. Слухайце, гаспадар!

Кукса. Чаго табе яшчэ?

Антон. Вы ўжо, будзьце ласкавы, не зачапляйце гэтай Аксаны, няхай яна згіне.

Кукса. Пакуса, проста нячыстая сіла! (Пайшоў).

ЗЬЯВА ДРУГАЯ.

АНТОН ды ВАСІЛЬ, (ідзе з кузьні).

Антон. Ну!

Васіль. Ні ну, ні тпру!

Антон. Кепскія твае паперы. Ну, а я свайго жэрабца трохі завуздаў. Ось скора й закелзаю.

Васіль. А ведаеш, браток, што я прыдумаў?

Антон. Кажы!

Васіль. Калі ўжо дзела так стала, што няма куды, то трэба на хітрыкі кінуцца.

Антон. Даўно я тое ведаю ды так раблю. Бо на сьвеце больш бедных, як багатых на грошы і на гаспадарку, а бедных на розум то яшчэ больш. І тыя людзі, што ў дастатках жывуць, то найбольш маюць такую дзіўную натуру: шагу ня ступіць без павадыра, а іншы то яшчэ гневаецца, чаму яго за нос ня водзіш.

Васіль. Як-жа гэта так? — не разьбяру…

Антон. Ось памяркуй сам. Скажам і мой гаспадар: калі-б я не запэўніў яго, што цярпець не магу бабскага роду, — ці ён жа даў-бы мне сваіх дачок даглядаць?

Васіль. Праўду кажаш.

Антон. Даўней, бывала, ён з двара ня выйдзе, мучыцца бедны, не засьне спакойна, ня есьць, ня п‘е… Усё яму здаецца, што яго дочкі за хлопцамі бегаюць… А цяпер ён бязбоязна да людзей ідзе. Значыцца, я яго за нос вяду, а яму карысьць.

Васіль. Ну, й хітры-ж ты, шэльма!

Антон. А ты-ж казаў, што й сам на хітрыкі кінешся.

Васіль. Сваімі хітрасьцямі, мусіць, я сам сабе марочу. Мне, ці без Грыпіны жыць, ці галавою у праломку, то усё роўна — вось што я табе скажу, братка ты мой…

Антон. Яшчэ што задумаў. Няхай пакладаюць на сябе рукі тыя, па кім будзе каму галасіць; а няхай згіне не сваею сьмерцяю наш брат, бедната, то людзі адно скажуць: „Туды яму й дарога“. І я-ж палюбіў Ганулю, а што зробіш? Трэба хітраваць: не дасі рады пераскочыць, то лезь пад плот…

Васіль. Гэта я ад цябе кожны дзень чую. Толькі-ж кажу табе, што мне ўжо не чакаецца. Не, я ўжо надумаўся. От зараз мне трэба аднесьці работу ў мястэчка, забягу там да пісара, — ён мне сваяк, то такі-ж павінен раду даць. Я чуў, што мой гаспадар ці сягоньня ці заўтра некага з места чакае у сваты да Грыпіны.

Антон. І мой часта выглядае ды таксама з места.

Васіль. Пайду, бухну пісару проста ў ногі, — няхай абодвых вызваляе.

Антон. Якім спосабам?

Васіль. Гэта ўжо ён ведае. (Пашоў).

Антон. А мой сапраўды пісар што і прыдумае! Чуў я, што пісары на гэткія штукі майстры вялікія. Чаму-ж гэта Ганулі да гэтай пары няма? Казала: „Як толькі бацька, з двара, то зараз выбегу“. (Бачыць — ідзе Гануля). Ідзі, Гануля, ня бойся! Вун ужо дзе бацька, ледзьве згледзіш. Пашоў па людзях за мліва грошы спаганяць, то можа і забавіцца.

ЗЬЯВА ТРЭЙЦЯЯ.

ГАНУЛЯ І АНТОН.

Гануля. Ох, усю мяне трасе!

Антон. Бог ведае, чаго ты баішся!

Гануля. Як чаго? Доля наша ліхая і пагаварыць даволі няма як.

Антон. Што-ж зробіш, калі твой гне ўсё на тое, каб да яго дачок сваталіся купцы.

Гануля. Ох, бяда мая цяжкая! „Аддам, кажа, цябе хоць за старога ды бяззубага, абы грошы меў“.

Антон. То-ж то і ёсьць! Кажы што хочаш, а такі грошы вялікая рэч. А ты паслухай бацькі: йдзі хоць за чорта лысага.

Гануля. Бог з табою, Антон, чаму ты гэтак гаворыш? Хіба гневаешся на мяне за нешта, ды цераз тое крыўдзіш. Ці я цябе ў чым ашукала?

Антон. А можа не? Што-ж ты з мяне зьдзекі строіш, ці як? От і учора — цалюсенькую ноч прахадзіў за млыном, а ты ня прышла. А я цагаўся, як дурны. Блізка да сьвету блукаўся ды сьпяваў. (Пачакаўшы). Ну, Гануля, — надумалася ты на тое, што я табе казаў?

Гануля. Па-просту скажу бацьку: аддайце мне за Антона.

Антон. Калі-ж гэта будзе?

Гануля. Як толькі ўхаплю такую мінуціну, што ён не сярдзіты…

Антон. Але!.. як раз на маленькага Юрья, як рак cьвісьне.

Гануля. Такі-ж часамі ён бывае вельмі добры.

Антон. На Міколу ды ніколі!

Гануля. Я яму проста скажу, што як разлучыць мяне з табою, то жыва ня буду.

Антон. Будзеш жыва!

Гануля. Ох, як ты ўражліва гаворыш!

Антон. Аднак я баюся даць табе веру. Няма майму сэрцу супакою.

Гануля. (Глянула на бок.) А, ліха-ж на мяне, бацька ўжо варочаецца.

Антон. Ці праўда-ж (Глянуў і ён). Але-ж. Але! Нясе яго ліха. Слухай Гануля, ідзем на прапалую!.. Не?.. Чаго-ж маўчыш?.. Ты-ж бачыш, што маё сэрца агнём гарыць. Ну, як сабе хочаш, а толькі слухай: хоць там сабе і сьмерць, а каб ты мяне сягоньня была за млыном!..

Гануля. Мой ты саколік, буду, хоць там сьмерць мая! (Разышліся).

ЗЬЯВА ЧАЦЬВЁРТАЯ.

Кукса. (выходзіць засмучаны ды сядае на лаўцы). Змарыўся. Ня так ад хадзьбы, як ад тых думак, ад таго клопату. Куды ня пойдзеш, так думка верне ногі да хаты. Ох, ох! He паможа, мілы Божа, ні васкова сьвечка! На якое гэта ліха я жаніўся! За якія гэта грахі пакараў мяне Бог? Ну, няхай сабе, скажам, адна дачка, няхай-бы і дзьве… Ешчэ і тры — сяк-так! А то — аж пяць. Гануля, Тацяна, Аксіньня, Аўгіньня, яшчэ і Еўка. Ну, як ты дасі ім рады? Гэта ж ня тое, што часамі трапіцца ў млыне, паломіцца — ці кулак, ці што якое: секануў раз, другі — ды настроіў, а тут бядуй што дзень, што момант…

Антон (з варот). Гаспадар! Ужо Гаўрылава жыта змалолася; чыё цяпер засыпаць: жыдоўскае, ці дзякова.

Кукса. Сып жыдоўскае. З жыда барджэй грошы сышчаш, а да дзяка папаходзіш (Антон пашоў, Кукса аглянуўся). Як гэта Антон падсьцярог, што я перахоўваў грошы? Добра, што я пазьней яшчэ раз перэхаваў (зноў аглянуўся). Колькі-ж гэта ў мяне яшчэ бракуе да пяці тысяч? Цяпер сыскаў 47 рублёў, у малой скрынцы пад замком 637, а ў глячку 4000.

Антон (з варот). А як зьмялю жыдоўскае, тады чыё засыпаць?

Кукса (хавае горшы). Чыё сабе хочаш! (Антон пашоў). Не, мусіць тагды палічу грошы, як спаць лягу; няма лепшай пары лічыць грошы, як у ночы — ніхто не перашкодзіць (пачакаўшы). От старшая дачка, Гануля, ўжо зусім пасьпела, да хлапцоў аж гарыць… А за ею ўжо і меньшая здымаецца ў гару, як тая канапелька. А сватоў, як на злосьць, як няма, так няма. Ужо-ж, як той кажа, аддаў-бы хоць за вала, абы залатыя рогі. Каб-жа-ж да Антонавай уроды ды грошы хоць рублёў з пяцьсот, ды конікаў пар са тры, ды зямелькі… От і быў-бы зяць. Ці такі дапраўды Антон гэтак бабаў цярпець ня можа? А як гэта ён падсьцярог мяне з Аксаною? Здаецца, так ужо сьцярогся — а такі-ж падгледзіў. Мусіць ня дарма чэлавек двое вачэй мае. Аднак, я думаю, што на бабу і двух мала; такое-ж ужо праклятае зельле, што за ім і ў чатыры не патрапіш.

Гануля (з двара). Тата! А дзе мукі ўзяць на зацірку, ці у млыне, ці?..

Кукса. А табе рупіць у млын? Цьфу! ўсё забываю, што ў мяне Антон служыць; ну з гэтым кепскія жарты!.. (гукае). Ідзі у млын, няхай Антон возьме шуплік з якога там купецкага лантуха. Ідзі, ідзі ды пацалуй яго! (рагоча).

Гануля. Чаму-ж гэтак? Пацалуйцеся сабе з ім самі, калі ён вам да спадобы (пашла).

Кукса. (сьмяецца). Мусіць ужо некалі зарабіла ад яго.

ЗЬЯВА ПЯТАЯ.

КУКСА ды ДРАУКО.

Драўко. (Крычыць на сваім двары). І слухаць не хачу! Ведаю, у якія грыбы пойдзеш! Сядзі мне ў хаце! (прыслухоўваецца). Што-о?.. Ну, ну! ты ў мяне пагаворыш! Што? такі йдзеш?! То й не варочайса у двор!

Кукса. Чаго гэта мой сусед гэтак расхадзіўся?

Драўко. (Выходзіць). Вось пакараў мяне Бог. Ні ў дзень, нi ў ночы і вока не заплюшчы, — так і сьцеражы, як той сабака.

Кукса. Добрага дня вам, суседзе!

Драўко. Ды ужо-ж мусіць, пакуль буду — добрага дня не пабачу.

Кукса. А што-ж вам такое трапілася?

Драўко. Адчапецеся ад мяне! Раз-по-раз ліпніце да мяне, як смала да падошвы, што дзень лезеце мне ў вочы… Здаецца, й так добра ведаеце мой клопат.

Кукса. А! гэта вы ўсё аб тым!

Драўко. Ня ужо-ж аб сім! Вось у вас ад пяцёх гэтага самага клопату повен мех, а ў мяке-ж іх аж сем… Я ўжо ня раз казаў, няхай бы лепш у мяне кавадла на дзесяць кускоў трэснула, як гэтак што дня гыркацца.

Кукса. А няхай бы мне што дзень латакі трашчалі, застаўкі засмактывала.

Драўко. А вам што?

Кукса. Я што? Ці то-ж ня ведаеце?

Драўко. У вас-жа ўсяго пяць.

Кукса. Такі-ж і пяць!

Драўко. Такі-ж ня сем!

Кукса. Але-ж пяць, кажу!

Драўко. Але-ж і ня сем, кажу. Ганка, Макрына, Грыпіна, Параска, Тацюха, Насьцюха, яшчэ і Хімка.

Кукса. Гануля, Тацяна, Аксіньня, Аўгіньня, яшчэ і Еўка. Яно пэўна…

Драўко. То–ж то бо і ёсьць.

Кукса. Такі-ж і пяцёх, кажу, у губу ня возьмеш.

Драўко. Але-ж і сем па абаранку ўсім… Хоць злажы на воз, прыцісьні жэрдкаю ды вязі на кірмаш. От, гэтакага ражна табе-б у бок!

Кукса. У галаве дзесяць ступ таўчэ.

Драўко. Няхай бы таўкло, а тут, перазлаваўшы, сэрца перагарэла, як жарства.

Кукса. Ці ня хочаце панюхаць сьвежанькай? (Падае табакерку).

Драўко. Добра ужо я чхаю і без табакі. (Нюхае). Я-ж кажу: няхай-бы была адна.

Кукса. Ну, яшчэ і дзьве нічога.

Драўко. Калі і тры, то яшчэ паўбяды.

Кукса. Тры — то яшчэ сяк-так.

Драўко. Але-ж ня сем!

Кукса. Але-ж і ня пяць!

Драўко. Але-ж ня… Ачхе! (Чхае).

Кукса. На здароўечка.

Драўко. Дзякуй! Моцная табака. У каго куплялі?

Кукса. У Сьвірыды.

Драўко. У таго, што чатыры дачкі мае?

Кукса. Але-ж. С крышталам. Крыштал з разьбітых шклянак таўчэ ды дабаўляе ў табаку, каб… каб шчыпала у носе…

Драўко. От штукар чалавек, трэба да ўсяго розумам дайсьці! А як-жа у вас новае верэцяно?

Кукса. Чыркае сяк-так.

Драўко. Чыркае?

Кукса. Ага, чыркае. А я ўжо, суседзе, часам думаю сабе: ці не стаяць нашы хаты на такім грунце, што ён гэтакі урадлівы на гэты бабскі род. (3 Драўковага двара чутно сабакі гаўкаюць).

Драўко (шпарка падбегае да свайго плоту ды заглядае ў двор). Сабакі загрызуцца. Ось ужо і Васіль вярнуўся (гукае). Ідзі-ж, ідзі да кузьні, няма чаго пераміргвацца.

Кукса. Ці-ж і ён туды?

Драўко. Не, цяпер ужо не уважаю, а перш трохі стрэляў… Толькі мая Грыпіна да яго…

Кукса. Гарыць?

Драўко. Полымям гарыць.

Кукса. Гэтак і мая Гануля да Антона, толькі не на такога папала.

Драўко. Не давайце веры.

Кукса. Бабаў прост цярпець не можа.

Драўко. А я-ж вам кажу: не давайце веры. От за Васіля то гатоў галаву на кавадле палажыць. Няхай-то адно катора дзяўчына заверне ў кузьню, — так ён зараз жалезнага ражня нагрэе ды проста ў вочы й суне.

Кукса. Не давайце веры.

Драўко. Што вы ведаеце!

Кукса. Кажу, не давайце веры!

Драўко. Расказывайце сабе, калі хочаце.

Кукса. Ох-хо-хо! За што на маю галаву такая бяда звалілася! Яна патаўкла маю душу, як пшаніцу ў ступе, на крупы падзерла маё сэрца.

Драўко. Няхай бы сабе дзерла, — гэта яшчэ паўбяды… А тут як абцугамі сьціснула табе душу ды пілуе, як сталь тупым напільнікам… (Чутно на дварэ рагочуць). Далі-Бог, Грыпіна ужо некуды выкрадаецца! Дзе-б мне кала папасьці? Пачакай-жа, я табе дам грыбы (вырваў калок з плоту ды бяжыць у двор).

Кукса. Ці не пайсьці мне у млын, заснуць крышку?

Антон (згледзіўшы Куксу, крычыць на Ганулю). Пашла! пашла вон з млына! Няма табе тут работы!..

Кукса. Ай, удалы Антон! (да Ганулі). Пацалуй яго Гануля, то ў яго зараз злосьць адыйдзе. (Рагоча).

Антон. Калі вы гаспадару, гэтак яе будзеце падучваць, то я зараз рашчоту папрашу. (Кукса, сьмяючыся, йдзе за млын).

ЗЬЯВА ШОСТАЯ.

ГАНУЛЯ.

Гануля. Ну й хітры-ж Антон! Так лоўка выдае што сярдуе, нібы-то сапраўды цярпець мяне ня можа… А ўжо як ён мяне любіць! як кахае! — то й ня ведаю, ці патрапіць які іншы парабак гэтак дзеўку любіць. І цалуе, ды прыгартае, ды шчабеча… Так тады на сэрцы люба, так весела… (ідзе ў хату.).

ЗЬЯВА СЁМАЯ.

ДРАУКО і ГРЫПІНА.

Грыпіна (ідучы цераз вуліцу). Я-ж вам кажу, жто зараз вярнуся.

Драўко. А я табе кажу, варочайся! Варочайся мне зараз, бо ногі паперабіваю.

Грыпіна. Я вам кажу — такі не вярнуся. (Пашла).

Драўко. Ах, ты хвароба! (кідае палку ды пападае у Скакунца).

ЗЬЯВА ВОСМАЯ.

ДРАУКО і СКАКУНЕЦ.

Скакунец (падняўшы папку). А што будзе, як я гэты самы дакумэнт прадстаўлю міравому?

Драўко. Выбачайце, я-ж не сумысьля!

Скакунец. Што мне да вашаго: „выбачайце?“ Вы маей асобе маглі гэтаю асобай ногі паперабіваць!

Драўко. Выбачайце, будзьце ласкавы!

Скакунец. Ізноў: „Выбачайце“. Дзіўны народ.

Драўко. А чаго-ж вам яшчэ?

Скакунец. Не даводзячы да асобы міравога судзьдзі, кажу вашай асобе заплаціць маей асобе рубель. На гэта даю вам тры дні. Гэта адна стацьця, а другая: маю да вас ліст з места.

Драўко. Пісьмо? Давайце барджэй (у бок). Пэўна з места ад Сымонкі.

Скакунец (гукае у двор Куксы). Гэй! хто там? Скажыце гаспадару, што я маю да яго ліст з места!

ЗЬЯВА ДЗЕВЯТАЯ.

КУКСА, ДРАУКО і СКАКУНЕЦ.

Кукса. (шпарка ідзе з млына). Кажаце ліст да мяне? (у бок). Пэўне нейкі прыяцель хлопца ў сваты раіць.

Драўко. Давайце-ж барджэй, бо часу ня маю!

Скакунец. Ніколі ня трэба хапацца. Хто хапаецца, той толькі дзела псуе, — так і ў пісаньні паказвае: хто сьпяшыць, той людзей сьмяшыць. Ось як, прыяцелі мае дарагія!

Кукса. Давайце-ж барджэй, будзьце ласкавы!

Скакунец. Што?

Кукса. Ведама што — ліст!

Скакунец. Які?

Драўко. А які бо чалавек! Тут поўна галава клопату…

Кукса. У галаве ажно гудзе, як у млыне.

Скакунец. Слухайце, я вам раскажу адну казку. Ехаў адзін пан цераз вузенькі масток, а яму крычыць поўпанок: „зьвярні!“ Крычыць другі раз. Той маўчыць. Поўпанок бачыць, што кепска рада, ды ўжо просіць паціху: „Чалавеча добры, зьвярні, будзь ласкаў“! А чалавек яму тады і прыпомніў: А дзе ваша — „здароў!“

Кукса і Драўко. Хіба-ж з вамі не прывіталіся?

Скакунец. Спраўку паказвае, што не.

Драўко (падае руку). То будзьце-ж здаровы!

Кукса (гэтак сама.) Добры-ж вам дзень!

Скакунец (сьціскае руку). Добрага здаровочка. Як жывяце?

Драўко. Так сабе — памаленьку!

Кукса. Памаленьку: то скокам, то бокам.

Скакунец. Ну, дзякаваць Богу! Што-ж у вас чуваць?

Драўко і Кукса. От, ізноў пачалі! Барджэй хаця!

Скакунец. Чаго вы да мяне прысталі?

Драўко і Кукса. А гдзе-ж тыя пісьмы?

Скакунец. Лісты там, дзе быць павінны — на дзераве.

Драўко. Ды ня лісты — пісьмы.

Скакунец. Ага, пісьмы! У Воласьці.

Драўко. Трэба-ж было зразу так сказаць (да Куксы). Пабяжымо, суседзе!

Кукса. А што-ж пакульгаем!

Скакунец. Воласьць зачынена.

Драўко і Кукса. А у каго-ж ключ?

Скакунец. У каго-ж ён павінен быць па закону? Закон паказвае: „Печаць у старшыні, бляха у соцкага, кніга у зборшчыка, а ключ у пісара“. Пісар — ключ да усякіх спраў.

Драўко і Кукса. Так адчынеце-ж.

Скакунец. Адчыніць ня штука, калі-б не заржаўлена…

Драўко. Лоем памазаць…

Кукса. Альбо аліваю. Аліваю йшчэ лепш.

Скакунец. Ня турбуйцеся. Я сваі інтарэсы і без вас знаю.

Кукса і Драўко. Ну?!

Скакунец. Ня нукайце, не павязе… А папробуйце сьцебануць, то яшчэ стане брыкацца.

Кукса і Драўко. Галаву дурыце, дый годзе!

Скакунец. Скажыце мне, дарагія мае прыяцелі: як вы зьбіраецеся ў дарогу, ці каней трэба дагледзіць?

Драўко. Хто-ж гэтага ня ведае?

Кукса. Не дагледзіўшы, не паедзеш!

Скакунец. І аброку даецё?

Драўко. Як не дасі аўса — не паедзеш, не пабяжыць.

Кукса. Няма чаго казаць — прыстануць.

Скакунец. Значыцца — тпрру!..

Драўко і Кукса. А няўжо-ж — тпрру.

Скакунец. От вам і ўся хвізыка. Дагадаліся?

Драўко і Кукса. Не!

Скакунец. Так слухайце-ж, я вам расталкую усё па-парадку.

Драўко і Кукса. А пісьмы нашы як?

Скакунец. Цяпер я пайду да хаты, паабедаю ды лягу адпачыц.

Драўко. Што гэта вам замарудзілася? На зьдзек нам, ці як?

Кукса. Нічагусенька не разьбяру.

Скакунец. Аднак будзьце здаровенькі. Заўтра, калі не забуду, то прынясу вам пісьмы.

Драўко і Кукса. Такі да заўтра чакаць?

Скакунец (узіраецца на іх). Бач, якія ня хітрыя! Ну, як бачу, з вамі недалёка заедзеш: ці вы такія сапраўды, ці вы дурняў робіце? Ці-ж такі вы зусім не дагадаліся?

Драўко. Я — не, — я зусім недагадлівы!

Кукса. А мне пажуйце ды ў рот улажыце, я й тады не дагадаюся. Хіба скажаце: „еш!“ А не, то так і буду стаяць разьзявіўшы рот.

Скакунец. Ці-ж праўда?

Драўко. А так, так! Ён у нас такі!

Скакунец. Значыцца, гаварыць па-просту.

Драўко і Кукса. А ужо-ж! Лепш па-просту.

Скакунец. Як проста, так проста. Заплаціце мне то й пісьмы зараз будуць.

Драўко. Трэба-ж было казаць адразу!

Кукса. А то зьвярнулі няма ведама куды — на каней ды на авёс.

Драўко. Ды на нейкую хвізыку.

Скакунец. Таксу маю ведаеце?

Драўко і Кукса. Якая-ж яна?

Скакунец. Перш была па пятаку, цяпер па дваццатцы. Бо цяпер усё падаражэла.

Кукса (у бок). От, чортава насеньне! (дастаў грошы). Наце вам!

Скакунец. А вам пісьмо!

Драўко. Наце й мае (дае грошы).

Скакунец (дае пісьмо). А вось і вам!

Кукса (адышоўшыся трохі мане пальцам пісара). На гадзіначку.

Драўко (мане да сябе). На хвіліначку!

Скакунец. Чаго?

Кукса. Будзьце ласкавы!..

Драўко. Калі ласка!..

Скакунец. І тут такса даражэйшая за прачытаньне — дваццатка, за адпісаньне саракоўка. (Голас з двара Драўковага). „Тата, барджэй, да вас нечага паламар прышоў“!

Драўко. Ото-ж, дзякуй Богу! Той мне без грошаў прачытае (пашоў у свой двор).

Скакунец. Грыўня с кішані выляцела.

Кукса. Вось суседу шанцуе, — ён усё дарма дастане… Будзьце ласкавы!..

Скакунец. Hy!

Кукса. Прачытайце, што тут надрапана. На плату сыдземся.

Скакунец (выцягнуў руку). Па таксе!

Кукса. Ня турбуйцеся. Цяпер дробных няма. Заўтра.

Скакунец. He! дзякую… Мне ужо ад вашых заўтракаў жывот падвяло.

Кукса. А, доля-ж мая ліхая! Ось, хоць самі памацайце, нічагусенька ў кішні няма.

Скакунец (хоча узяць за кішэнь). Можна?

Кукса. І ня сорам гэта вам лезьці ў чужую кішэню?

Скакунец (засувае руку у кішэнь). З вашае згоды (выняў грошы). Бачыце, от і намацаў як раз дваццатку!

Кукса (у бок). Каб цябе памацала. (да яго). Такі-ж ня дарма мусіць, кажуць, што часам чалавек і сам ня ведае, у якой кішані у яго чорт сядзіць.

Скакунец. Праўда. (Раскрыўшы пісьмо чытае). „Прыяцелю мой дарагі і шаноўны пане!..

Кукса. Дзякуй за шанову! Мяне такі, дзякуй табе, людзі шануюць.

Скакунец (далей чытае)… „Шаноўны пане!..“

Кукса. Аж двойчы пашанаваў мяне. Такі надта нейкі добры чалавечак піша.

Скакунец. А вы не перапыняйце, слухайце гатовага. Зараз яно пойдзе далей… „Шаноўны пане. Выбачайце, што так доўга не адпісываў вам аб вашых справах, аб жаніху…

Кукса (азіраецца). Чытайце, будзьце ласкавы, ціханька, — я-ж ня глухі.

Скакунец (чытае). „…Аб жаніху, дзеля гэтага, што ня меў часу“

Кукса. А мо й запраўды ня было калі. Канешна, трэба выбачаць.

Скакунец. Я, мусіць, зьдзяру з вас удвойчы проці павышанай цаны.

Кукса. За вошта?

Скакунец. За тое, што многа гаворыце.

Кукса. Маўчу, ужо маўчу.

Скакунец. Даль-Бог, я палезу да вас у кішэнь (чытае). „…У нядзелю прыедзе малец, жонкі маей сваяк, на агледзіны да вас. Хоць ён ужо ў гадох і чалавек не паказны, але з грашмі. Пастарайцеся толькі прыняць яго па-людзку, — дачка ваша Ганна, знойдзе сабе шчасьце, — а каханьне само знойдзецца“.

Кукса. Каб то-ж Бог даў!

Скакунец. Але-ж язык у вас сьвярбячы!

Кукса. Маўчу, ужо маўчу.

Скакунец (чытае). „…Можа яму здумаецца падстроіцца убогім, ды адзенецца ён не па-багатаму, то вы не зважайце на гэтае“.

Кукса (скрозь зубы). Каб то-ж даў Бог!

Скакунец. Ня ўжо-ж твайго языка нічым ня можна стрымаць? ({{|Чытае}}). „…Жычу вам ад шчырага сэрца добра вясельле згуляць ды нас не забываць. Мая рада не зацягваць дзела, — у той жа дзень і зьвянчаць“.

Кукса. Аман! Даль-Бог, зараз ось і да папа зьбегаю ды стартуюся. (У бок). Вось Богу дзякаваць — прычакаў. (Да яго). І вас прашу на вясельле, будзьце ласкавы!

Скакунец. Дзякуем за чэсьць. Так як-жа, ці-ж вы ўраз думаеце іх зьвянчаць?

Кукса. А што-ж тут доўга адкладваць?

Скакунец. От, пісьму канец. А ад каго ён, вы дагадайцеся.

Кукса. Ад Сымонкі з гораду.

Скакунец. Так і тут стаіць! „Ад Сымона з гораду“. Ну бывайце здаровы! (Пашоў).

Кукса (хавае пісьмо). Ну, я вам скажу, што за гэткае куцае пісьмо ня варта была дваццаткі даць.

Скакунец. Не вялікі кажуць дукат, ды даражэнькі. За тое-ж і зяця багатага прыдбаеце…

Скакунец. (чытае) „…Ну, аднак цяпер пасылаю вам дарагую вестку; на гэтым тыдні, калі ня ў суботу, ўжо ня йначай у нядзелю“…

Кукса. Сягоньня-ж субота!

Кукса. Ну, скажыце, будзьце ласкавы!.. Ці-ж гэта мне мая дачка абрыдзела? Думаеце, лёгка з ёю разлучыцца! (ідучы к хаце). Дзякуй табе Божа! Так і чую, як мне на сэрцы палягчэла, а на душы так неяк весяла стала, нібы вада вясною у латаках прыбывае. Каб толькі-ж поп згадзіўся заўтра іх зьвянчаць. Няхай хоць 25 рублёў загне — дам. (пашоў).

Скакунец. Варта будзе даць знаць Васілю, што наша хвізыка, здаецца, кіпіць.

ЗЬЯВА ДЗЕСЯТАЯ.

ДРАУКО і СКАКУНЕЦ.

Драўко (сам да сябе). Я такі зараз дагадаўся, што гэта ад Сымонкі. Поп для мяне ласку мае, то ён мне іх заўтра зьвянчае. Паламар кажа, што можна хоць і сягоньня зьвянчаць, абы дакумэнты былі ў парадку. (да пісара). А вы яшчэ тут?

Скакунец. Чакаю, што вы зробіце з рублём на згоду.

Драўко. А які-ж чалавек! Аднак, я дабрэйшы за вас.

Скакунец. Цікавасьць!

Драўко. Прашу заўтра да мяне на вясельле.

Скакунец. Дзякуй. Гэта адно, а аб рублі — вам тры дні падумаць. Бывайце здаровы!

Драўко. Толькі-ж вы суседу ні гу-гу! (Пісар пашоў). Сягоньня, або заўтра жаніх павінен быць. Дзякуй Сымонку. Піша, каб заўтра зьвянчаць. Падскочыць трэба зараз да папа.

ЗЬЯВА АДЗІНАЦЦАТАЯ.

Кукса (ідучы з свайго двара, ня бачучы Драўка, ціха пяе).

І па хаце тне-тне,
І па сенях тне-тне!
Вары, жонка, мне, мне!

Драўко (пабачыўшы Куксу і сабе таксама).

Па хаце тупу-тупу,
Па сенях тупу-тупу!
Вары жонка крупу-крупу!

Кукса (угледзіўшы Драўка). Чаго гэта, суседзе, вы так усьцешыліся?

Драўко.А вы якое ліха падымаеце, што ажно скачаце?

Кукса. Ці-ж я скакаў? Я-ж толькі зямлю утоптаваў, — бачыце ось нейкі чорт падлубаў. Пэўна дзеці ў бабкі гулялі.

Драўко. А мне здалося, што вы скачыце; паддам, думаю, суседу ахвоты.

Кукса. Ды ці нам-жа аб скоках? аб збавеньні душы хіба думаць.

Драўко. Ці не на вячэрню зьбіраецеся?

Кукса. Але-ж!

Драўко. У якую царкву?

Кукса. Да Спаса. Казаў і каня запрагаць…

Драўко. А я йду да Прачыстае. Ох, грахі, грахі мае цяжкія!

Кукса. То-ж і ёсьць, што грахі. Здаецца і жывём па Божаму, і ў царкву ходзім, і посьцім, як трэба… Ці й вы ў панедзелак?

Драўко. А як-жа, ужо трэці год!

Кукса. А я шосты… А для таго пад старасьць так і чуеш колькі за плячыма граху набралося. Як пасьля добрае зімы вады у ставе.

Драўко. Але-ж, так і чуеш, як цябе гне да зямлі, — як добры лантух з вуглем.

Кукса. От, часам, на казюльку маленькую наступіш нагою ды раздушыш нясумысьля — а і гэта грэх (дае панюхаць). І гэтае зельле, кажуць, грэх ужываць…

Драўко (нюхае). Няўжо-ж. Я чуў ад аднаго дзяка, што, кажа на тым сьвеце нячыстая сіла, замест гэтае брыды, будзе табе у ноздры чэмяр запіхаць…

Кукса. Мне адзін маскалік расказываў: ён значыцца, быў ужо двойчы на Ахвонскай гары, — ды, кажа, і што… кажа — грахі нашы… дый годзе!

Драўко. Будзьце здаровы, пакуль што!

Кукса. Ідзіце здаровы! Можа вас чым пакрыўдзіў сягоньня, то выбачайце!

Драўко. І мне даруйце!

Кукса. Бог даруе! (пацалаваліся ды разышліся па хатах)

ЗЬЯВА ДВАНАЦЦАТАЯ.
ВАСІЛЬ, АНТОН, потым ГРЫПІНА і ГАНУЛЯ.

Васіль (рагоча узяўшыся за бокі) Бачыў, бачыў, як нашы гаспадары чуць не павар‘яцелі з радасьці?

Антон. Ад чаго-ж гэта?

Васіль. Пазьней, пазьней раскажу. От так штука!

Антон. Ой, ці не парупіўся ты цешыцца. Аднак, пакуль што, цяпер нам воля (гукае). Гануля! Барджэй сюды! Гукай на Грыпіну!

Васіль. Грыпінка, рыбачка мая, ідзі бордзенька!

Гануля (выбегшы). Чаго гэта бацька так рана ў царкву паехаў, яшчэ на вячэрню не званілі?

Грыпіна (прыбегла). Чаму гэта сягоньня так рана работу кінулі?

Васіль. Ох, якія-ж вы, дзяўчаты цікавыя!

Антон. Старым Богу маліцца, маладым гуляць. Цяпер нам воля!..

ПЯЮЦЬ:

Цяпер нам воля, далоў нядоля
Гуляймы, сьпяваймы, пакуль шчасьціць доля.

Дзея другая

[правіць]

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Рэчка за млыном. Вербы, лозы.


ЗЬЯВА ПЕРШАЯ.

ГРЫПІНА, а трохі пачакаўшы, ВАСІЛЬ.

Грыпіна (вышла ды ўзіраецца). Ледзьве прычакала, каб бацька заснуў. Чаго гэткі вясёлы ён з вячэрні вярнуўся, трохі ня скача? „Злажы, кажа, на заўтра на сябе найлепшую адзежу ды спадзевайся да нас гасьцей“. „Якіх“ пытаю. „Сама пабачыш“. Ды доўга яшчэ аб нечым загаварыў, толькі я нічагусенька не разьбяру. Усё нейкія жарты строіць, аж мне абрыдзеў. Ледзьве, ледзье лёг спаць. Я такі, каб запэўніцца, што сьпіць запраўды, узяла саломку, ды паказытала яго па твары, а ён і вусам не маргне: храпе… Чаму-ж гэта ні Антона, ні Ганулі няма, ды Васіль недзе прападае? (Села на пяньку ды гукае). Гу-у, Гануля, гу-у! Што-ж гэта, запраўды, ніхто ня йдзе? Аднэй як-бы трохі боязна сядзець. Гу-гу-гу! Ды што-ж гэта запраўды, Васіля так доўга няма? А мо дзе-небудзь прытаіўся ды чакае ад мяне знаку. Дзіўны хлопец. „Як часам, кажа, не адазвуся на твой голас, то так і ведай, — гэта значыць, што нехта за намі ўзіраецца; тады мяўкні, як кошка, а я зараз яўлюся“… А ну-ну, чы адазвецца? (мяўкае). Мяў-мяў! (Паслухаўшы). Не, нячутно!

Васіль. Мяў-мяу-мяў!

Грыпіна. О, адклікаецца.

Васіль (крадзецца пад рачку). Я тут Грыпіна. Іду да цябе, мая ты рыбачка, мая ўцеха, маё ты яснае сонейка.

Грыпіна. Запраўды? мусіць такое яснае, што у вачох цямнее. Табе ўсё толькі абы цалавацца ды галубіцца; а таго ня ведаеш, што заўтра, мусіць, нейкае ліха мяне чакае. Казала-ж табе я колькі раз, уцякайма, ды зьвенчаймася па ціханьку. А ты ўсё: „Баюся, ды баюся“!

Васіль. Заўтра вас можа ня ліха, а шчасьлівая доля чакае. Заўтра, як той кажа, — на двое бабка варажыла.

Грыпіна. Што? Што? Як?

Васіль. А так, што я такую машыну падстроіў, што твой бацька з Куксаю з радасьці ледзьве не падурэлі.

Грыпіна. Якую машыну?

Васіль. А што, цікава? А ты-ж ці раз дакучала, што я палахлівы ды недагадлівы; а ну, няхай хто дагадлівы такую штуку выдумае!

Грыпіна. Так як-жа, кажы скарэй, барджэй?

Васіль. Рупіць? А я не скажу!

Грыпіна. Скажы, а я пацалую!

Васіль. Ага! Цяпер ужо і „пацалую“. А ты-ж ўсё казала, што я палахлівы ды недагадлівы.

Грыпіна. Ну, на тое, каб каму галаву адурыць, вялікай адвагі ня трэба.

Васіль. Але, расказывай. А штука будзе, так штука! (смяецца).

Грыпіна. Чаго-ж ты так рагочаш?

Васіль. Як чаго? Гэта ўжо мне ведаць. Абы толькі канец такі, як пачатак, тады і ты пэўне, мая будзеш!

Грыпіна. Чаму так, твая буду?..

Васіль (спалохаўшыся). Як? Дык жа-ж ты…

Грыпіна. Бажылася, што пайду. Так што-ж… А цяпер вот не хачу! Не хачу ды годзе!

Васіль (аж дух яму заняло). Так ты мяне…

Грыпіна. А ну, заплач! Чаму-ж ня плачаш?

Васіль. Так ты вось як? Яшчэ хочаш, каб я заплакаў! Не дажджэш!.. Бадай-жа цябе!..

Грыпіна. А далей што? Чаго-ж ты замоўк?

Васіль. Не, маўчаць ня буду. Будзь жа ты прок… Не, праклінаць цябе я не хачу. Што с таго праклінаньня? Ну, любіла, пакуль любілася. Бывай здарова, Грыпіна! Толькі-ж ты мяне бачыла!

Грыпіна (хапае за руку). Куды-ж ты?

Васіль. Ня бойся, не кінуся ў рэчку, ды на галіне не павешуся! А табе можа таго хацелася? Ідзі-ж ад мяне, здрадніца! (шыбка пашоў).

Грыпіна. Васіль, Васілёк! Пачакай-жа, вярніся! Яшчэ можа і запраўды ў рэчку кінецца, або на галіне павісьне (Даганяе).

ЗЬЯВА ДРУГАЯ.

Драўко (выбегае с калом). Чуў я, чуў! сваімі вушамі, што яны вось тут гаманілі. На тое, што гэта Антон з маею Грыпінаю, я гатоў жменю жарствы глынуць.. Ну, ка то-ж мне іх злавіць… (Пашоў)

ЗЬЯВА ТРЭйЦЯЯ.

Антон. (з далёк пяючы, пасьля перастае). Што гэта значыцца, што Ганулі дагэтуль няма? Ужо ня рана ды агні пагасілі, а яе няма ды няма. (Выняў дудку ды грае жаласьліва). Нешта і дудка мая храпе. Зусім голасу няма. Ну, няхай-жа яна толькі сягоньня ня выйдзе! Заб‘ю. Да душы заб‘ю! Так задам, як яшчэ ёй ня сьнілася. Я не пагляджу на цябе, што ты багатырская дачка. Пачакай яшчэ над бедняком зьдзекі строіць. Хоць бедны, а задасьць табе такога чосу… Ведае-ж, шэльма, што люблю яе, як душу. Знае, што прападаў, прападаю за ею, як… А мо яшчэ стары ня сьпіць? Што гэта такое, якая прычына, не разьбяру… Нібы то нешта варушыцца. (Узіраецца). Яна, да душы яна! (Прысеў за кустом).

ЗЬЯВА ЧАЦЬВЕРТАЯ.

АНТОН і ГАНУЛЯ.

Антон. Дзе-ж ты прападала? Я так даўно цябе чакаю

Гануля. Калі-ж бацька да гэтай пары ня сьпіць. Ты вельмі злаваў, што я так доўга забавілася?

Антон. Цяпер усё адышло.

Гануля (сьмяецца). А вельмі-ж кіпела?

Антон. Як у пекле…

ЗЬЯВА ПЯТАЯ.

Яны-ж ды ГРЫПІНА з ВАСІЛЕМ.

Грыпіна. (Падкраўшся да іх). А-псік!

Гануля. А Божухна!

Антон. Гэта Грыпіна дурэе.

Грыпіна. (Цянгне Васіля за руку). Людзі добрыя, гляньце адно на гэтае пудзіла. (Рагоча). Ці вы яго такога бачылі калі?

Антон. Што з табой, Васіль, робіцца?

Грыпіна. Гэта яны бачыце гневаюцца, за тое, што я з імі пажартавала… Ды ўжо засьмяяўся. (Песьціць яго). Засьмяяўся, кажу.

Васіль. А што-ж тады будзе? (Усьміхаецца).

Грыпіна. Такі па моему вышла.

Васіль. Але!

Антон і Гануля. Як-жа гэта ў вас было?

Васіль. Эт, ведама — авечка кручаная…

Грыпіна. (Рагоча). А такі па моему вышла, такі расказаў мне ўсё чыста.

Васіль. Будзе некалі і на маей вуліцы сьвята.

Грыпіна. Яшчэ пачакаеш. (Чутно шэлест).

Антон. Ціха! (узіраецца). Стойце! нешта крадзецца каля рэчкі.

Гануля. А доля-ж мая, доля!.. Можа бацька?!

Грыпіна. А я не баюся, няхай сабе і бацька.

Антон. Уцякайце, дзяўчаты ў кусты! А ты, Васіль, сюды. (Дзяўчаты хаваюцца). Калі гэта мой, або твой гаспадар, то трэба яму бокі памяць.

Васіль. Не, уцекайма лепш і мы!

Антон. Дурны! Чаго ты баішся? Насуньма шапкі на вочы, то не пазнае, ды задамо добра… Прыляж! (Воддалек прыляглі).

ЗЬЯВА ШОСТАЯ.

ЯНЫ-Ж і НІЧЫПАР.

Нічыпар (прыглядаецца). Куды-ж гэта я забраўся? Ці ня мара гэта мяне водзіць? Такі я бачу, што нешта ўсё мне дарогу забегае, нібы-то кот, або заяц… І куды тая дарога дзелася? (узіраецца). Няхай-бы пьяны напіўся, а то ўсяго дзьве чаркі з кумам Пятром, ледзьве стало сонейка заходзіць. Нейкая рэчка блізка, ці што?.. Дзядзькіна жонка казала мне некалі, што як заблуджуся, то перавярні скарэй сарочку каўняром назад. То зараз навядзе на дарогу.

Антон. Гэта нешта не з нашых.

Васіль. Нешта з чужога боку.

Нічыпар. Ня многа-ж і выпіў… Адно дзьве чаркі сербануў, глузды так забіла, што нічога не разьбяру. Ужо-ж мусіць і поўнач блізка, а я ўсё блукаюся. Ось нешта пакацілася куртатае, ды чорнае…

Антон з Васілём (запыняюць яму дарогу). А хто тут?

Нічыпар. Браткі, галубочкі, не чапайце мяне, да душы я ня злодзей!

Антон. Хто ты такі? прызнавайся зараз!

Нічыпар. А кто-ж яго ведае? — я сам цяпер ня ведаю, хто я?

Антон. А скуль-жа ты?

Нічыпар. Скуль я? Але-ж — скуль я — з Ясюкавіч.

Васіль. З якіх Ясюкавіч?

Нічыпар. З якіх Ясюкавіч? 3 нашых, з гэтых самых Ясюкавіч.

Антон. Гэта з тых, што каля Равуцкага?

Нічыпар. Ну, але, з тых.

Антон. Чаго-ж гэта цябе ажно сюды, за пятнаццаць вёрст, занясло?

Нічыпар. Бачыце? пятнаццаць вёрст! От, мара праклятая, куды занясла?

Васіль. Якая мара? Ды ці пры сваім ты розуме?

Нічыпар. Мара. Такое чорненькае, так перад табою і коціцца.

Антон. А ты ня звар‘яцеў часам.

Нічыпар. На гэта я пэўнасьці ня маю. Выпіў, бачыце, з кумам Пятром дзьве чаркі ды пашоў, ледзьве яшчэ сонейка стала заходзіць…

Антон з Васілём. Гэта мы ўжо чулі. А далей што?

Нічыпар. Hy — але. Значыць выпіў я дзьве чаркі з кумам Пятром… Ды быў яшчэ ў карчме той, што два гады таму… ось, як яго… Ну! што ў Сьцепана, Сёмкава зяця… хата яго каля самае грэблі…

Антон. Ды ці ня канакрад ты часам, што гэтак блутаеш?

Васіль. Бог ведае, што ты, Антон, гаворыш. Паўзірайся-ж на яго: ці ён да канакрада падобен?

Антон. Ён так. Запраўды можа вар‘ят.

Нічыпар. Гэткае самае здарэньне мне было летась на Вялікдзень… Так сама выпіў я дзьве чаркі з кумам Пятром.

Васіль. А ведаеш што, Антон? Гэта-ж як раз будзе такі чалавек, як я табе казаў, які нам патрэбен. Ні ён нікога тут ня знае, ні яго ніхто.

Антон. А ты што думаў? Праўда! От будзе камэдыя, так камэдыя?

Нічыпар. Мо вам трэба на што ліхое, то шукайце сабе другога.

Васіль. Ды не! Мы не такія людзі, каб вас на ліхое падмаўляць.

Антон. Дзяўчаты! Хадзіце сюды, годзе вам хавацца.

Гануля і Грыпіна (прышлі). Хто гэта?

Васіль. Ня ўзірайцеся, пасьля пазнаеце! Чалавек з чужога боку.

Нічыпар (да дзяўчат). Як гэта вышаў такі нейкі інтэрас, то і не разьбяру?.. Вось дзіва! Няхай-бы, скажам, пьяны быў, ці што такое, а то уважайце адно: выпіў ўсяго дзьве чаркі з кумам Пятром, — толькі яшчэ сонейка заходзіла…

Антон. Хадзем ад гэтуль, бо тут не бяспечна — ды там ужо аб усім паталкуем.

Нічыпар. Гісторыя ды годзе… Ну, хай бы пьяны быў…

Гануля (да Антона). Да вы нам толкам кажыце, што эта вы задумалі?

Антон. Няхай цябе парупіць!.. Хадзем тымчасам!

Нічыпар. Кажу-ж вам толкам: выпіў я з кумам Пятром… (Антон, Нічыпар ды Гануля пашлі).

ЗЬЯВА СЁМАЯ.

ГРЫПІНА ды ВАСІЛЬ.

Васіль. От, ты ўсё казала, што я баязьлівы ды благі, а ты бачыш, — от, ужо работа ў нас кіпіць.

Грыпіна. Цаца, цаца! Давай, я цябе па галоўцы пагладжу!

Васіль. Цюцьку пагладзь, а я чалавек!

Грыпіна. А ты-ж, мой цюцька! (Рагоча; пашлі).

ЗЬЯВА ВОСЬМАЯ.

Драўко (ізде сагнуўшыся з калом). Каб мне малатка ў руцэ ня ўртымаць, каб мне пяткі да касы ня прыварыць, каб мне крэсіва не загартаваць, калі я ізноў ня бачыў сваімі вачыма ад гэтага Антона з суседавай Гануляй. Таго самага Антона, што аб ім Кукса кажа, нібы то ён бабскага роду цярпець ня можа. Добра ня церпіць! За тое-ж пасьмяюся я з суседа! Ведама, бо, што гэта не Васіль; Васіль пашоў да брата, яшчэ з вечара папрасіўся. Каб то-ж мне іх злавіць, — узяўбы Антона за чупрыну, Ганулю за касу ды прывёў-бы да суседа, няхай цешыцца. Ціха, нехта йдзе… (прысеў).

ЗЬЯВА ДЗЕВЯТАЯ.

КУКСА і ДРАУКО.

Кукса. (Ідучы напевае). „Ой ня шумі луг ды дуброва“… Ня сьпіцца нешта. Каб то-ж скарэй разьвіднелася! Ніяк ня прычакаю таго ранка. Як-бы так, што ноч на небе затамавала, трымае яе на мейсцы, як ваду за застаўкамі. Антон у млыне зачыніўся, — гукаў, гукаў, стукаў, ня хоча адчыняць. Трэба толькі даведацца да майго гаршчэчка, ці не хапіў Антон грошаў.

Драўко. (Кідаецца на яго з калом). Ага! Папаўся!

Кукса. Стой! Хто гэта?

Драўко. Гэта вы, суседзе?

Кукса. А якога-ж чорта вам яшчэ трэба? Бадай вас, ледзьве мяне калом ня угрэў.

Драўко. Я-ж адно жартаваў. Хацеў вас напалохаць.

Кукса. Добрыя-а былі жарты, каб пацягнуў калом цераз плечы.

Драўко. Чаго гэта вам цягацца каля рэчкі?

Кукса. А вам чаго?

Драўко. От, так сабе… Прысьнілася, бачыце мне, нібы то нехта крадзецца да кузьні, — я гэта прачнуўся, ды барджэй на двор. Ну, а далей, падумаў сабе, — калі ўжо устаў, то трэба абыйсьці кругом двара дзеля усякага прыпадку…

Кукса. А кол-жа дзе зачапілі?

Драўко. Па дарозе… так адно дзеля усякага прыпадку.

Кукса. Відаць у вас шмат грошы закована, цераз тое і сьніцца няведама што.

Драўко. Іскры да жарству там у вочы! Скуль у мяне грошы? От у вас кіба, ажно скрыні ад грошы трашчаць

Кукса. А бадай вас… Пяць дачок маючы, чорта лысага захаваеш…

Драўко. Так у вас-жа адно пяць, а у мяне сем.

Кукса. Але-ж і пяць, кажу…

Драўко. А вас-жа скора паменшае.

Кукса (у бок). Скуль гэта ён даведаўся аб сватох?

Драўко. Такі ваш Антон запраўды роду бабскага цярпець ня можа?

Кукса. А што? я вам казаў?

Драўко. Бачу, бачу! (рагоча).

Кукса. Чаго-ж гэта вы рагочаце? (Драўко рагоча). я вас аблаю проці нядзелі. Баязьнь Божу паказваеце, а лезеце ў калатню.

Драўко. Гэта так я жартую. (Памаўчалі).

Кукса. Вельмі хораша ў вячэрні дзякі пяялі.

Драўко. У прачыстае харашэй пяюць. Там адзін басісты, калі зараве, то так здаецца ажно ў галаве табе раве ды валасы дыбам становяцца…

Кукса. Ведама, народ на ўсё выхітраваны.

Драўко. Ці ня хочаце панюхаць? (Памаўчаў). Заўтра, кажуць вясельле ў некага будзе.

Кукса (у бок). Ось ізноў! Ад каго гэта яму даведацца?..

Драўко. Чуў я, што і вас клікаць мусяць.

Кукса (у бок). Ніяк не разьбяру. (Да яго). Да каго клікаць муць? Ці вы са сну, ці як гаворыце? Я чуў, што нібы-то вас клікаць муць, — не мяне.

Драўко (у бок). Што гэта ён таўчэ? Ад каго-ж яму ведаць?

Кукса (у бок). Ці ня пісар яму шапнуў?

Драўко. Ну, калі вы ужо аб тым даведаліся, то просімо, будзьце ласкавы.

Кукса. Вас, не мяне. Да хавай Божа! Ведама па-суседзку, паклічэма й вас.

Драўко. Як-жа гэта вы?..

Кукса. На зьдзекі.

Драўко. Каторы з нас сьпіць?

Кукса. Ня ведаю.

Драўко. Цьфу!

Кукса. А вам двойчы: цьфу, цьфу!

Драўко. От лепш папросіма адзін аднаго да сябе ды ляжам спаць, а заўтра відней будзе, што ў каго. (За Куксаю Васіль чхае). На здароўечка!

Кукса. Дзякуй! толькі-ж гэта не я чхнуў, бо я яшчэ не панюхаў, то з чаго-ж мне чхаць?

Драўко. Ці праўда-ж? А мне здалося…

Кукса: Такі заўсёды вам нешта здаецца. Так, кажаце, да заўтра? (За Драўкам нехта чхае). На здароўечка!

Драўко: Ой, хто гэта?

Кукса. Што?

Драўко: У мяне за плечыма нешта так чхнула, што ажно семсот сьвечак у вачах паказалася:::

Кукса. Бачыце, яж вам казаў не раз, што гэта месца ня пэўнае.

Драўко. Хто вам казаў? (Чутно нешта сьвішча, рухкае па-сьвінячаму, брэша, гамоніць.

Кукса: О! О! Чуеце? (Абодва з перапалохам уцякаюць). Уцекайце! Куды? Туды!

ЗЬЯВА ДЗЕСЯТАЯ.

Выбягаюць; АНТОН, ВАСІЛЬ, ГАНУЛЯ І ГРЫПІНА.

Пяюць:

Ой, так мы іх спалохалі,
Што абодва паўцякалі;
Ня вернуцца ўжо сюды,
Цяпер збылісь мы бяды!

Антон. Цяпер запяем нешта пра нашу родную бульбачку.

Усе. Давайце, давайце… сьпяваюць: „Гарні, гарні бульбу с печы“.



Дзея трэцяя

[правіць]

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ.

Усё гэтак сама, як у першай дзеі. Дзень.


ЗЬЯВА ПЕРШАЯ.

ДРАУКО.

Драўко. (Адзін. Стаіць на плоце ды ўзіраецца на гору, на гасьцінец). Што гэта мае быць, шта да гэтае пары маладога няма? Ужо і людзі пачалі зьбірацца на вясельле, а яго няма, ды няма. Ось нешта курыць!.. Тройка, ці пара каней. Здаецца тройка… Але тройка! Ды коні нічога… Ага сьпяшаецца. Ворчаковыя у скучку йдуць. Добрыя каненяты. А ён здаецца, у сіняй сьвітцы. Ці то можа сурдут такі? А толькі, што ў сінім. Не, здаецца, у чорнай бурцы. Пэўне бурку накінуў, каб не запыліцца… О, ужо блізенька…

ЗЬЯВА ДРУГАЯ.

КУКСА І ДРАУКО

Кукса. (Вышаў з двара ды, ня бачучы Драўка, узлазіць на плот). Бяда дый годзі! Гасьцей поўна на двары ды ў хаце, а маладога да гэтае пары ня відна, няма ды няма. І хто іх, гэтых гасьцей, наклікаў? І сваты, і кумы мае, і кумы братнія, і кумавы сваякі. Гэтулькі набілася, што і не пералічыш. І пытаць брыдка ад каго даведаліся… (Узіраецца на гару).

Драўко. Вось дзіва! Гэта-ж і ня коні, а нехта нібы то цялё гоне…

Кукса. (Узіраецца). Нехта сьвіньню гоне, мусіць на торг. (Угледзіўшы Драўка). Чаго-ж гэта вас аж на плот выперла, як на дзіва?

Драўко. А вы там чаго целяпаецеся, як тое пудзіла?

Кукса. А… гэта дзеці казалі, нібы то недзе гарыць.

Драўко. Узьлезьце на хату, мо‘ відней будзе.

Кукса. А калі-б і на комін узьлез, то вам што за клопат?

Драўко. Узьлезьце, узьлезьце ды яшчэ бражчотку ў рукі вазьміце… Склікайце людзей на гвалт.

Кукса. А вы вазьміце веху ды махайце!

Драўко. Ня лезьце ў вочы, як тая асва!

Кукса. Дык мяне-ж не чапайце!

Драўко. Які чорт вас чапаў?

Кукса. Ось той, што гаворыць!

Драўко. Вы-б хоць лысіну пакрылі, блішчыць на сонцы, як бляха ў соцкага.

Кукса. Хуць-бы калтуны свае расчасалі, а то вераб‘і падумаюць, што кудзеля, ды на гняздо абсмыкаюць.

Васіль. (3 двара). Гаспадар! Нейкі чужы чалавек да нас ідзе.

Драўко. (Саскочыўшы з плоту). Ці-ж праўда? Дзякуй табе, Божа! Як-жа я гэта яго перагледзіў? (Пабег на свой двор).

ЗЬЯВА ТРЭЦЯЯ.

АНТОН І КУКСА.

Антон (выбег з двара). Гаспадар! Нейкі чалавек, ці хлопец заехаў на кватэру да Гіршы, скінуў сваю адзежу, надзеў нейкую старую, папытаўся, дзе наша хата, ды йдзе ўжо сюды.

Кукса. Ці праўда? Ты яго бачыў?

Антон. Няўжо-ж не! Сваімі вачыма бачыў. Іду я гэта з мястэчка цераз заездны дом, бачу што за дзіва? Некі чалавек распрануў добрую адзежу ды надзевае старую. Я давай цікаваць, — чую, пытае: „Дзе Куксава хата?“

Кукса. Дзякую-ж табе, што даў знаць, Антон. Палюбіў я цябе, Антось, даль-Бог, палюбіў! Пабудзь у мяне яшчэ гадоў са два, або са тры, — і грошэй заслужыш ня мала, а тымчасам, можа і тваё сэрца да дзяўчат паверне, то пасватаешся да маей Тацяны. Тымчасам і яна падрасьце, у людзі выйдзе.

Антон. Калі гэтак, то ўжо лепш Ганулю за мяне аддайце.

Кукса. Ганулю? Аддаў-бы-б і Ганулю, калі-ж… (Азірнуўшыся, па ціху). Гэта-ж гэты ў сваты да Ганулі прыехаў.

Антон. У сваты? Ну калі адно выдасьце за яго Ганулю, то скажыце будзь здароў і Антону, і млыну свайму, і гаспадардцы.

Кукса. Што? Як?

Антон. А так, што спалю!

Кукса. (у бок). От як! (да яго). Так ты гэтак бабаў цярпець ня можаш?!

Антон. Не цярпеў, не цярпеў, а ось раптоўна ізноў мяне да бабаў павернула.

Кукса. Павярнула? Бог з табою! Ты… Ты… А як-жа-ж ты мяне напалохаў! (Шпарка ідзе ў двор). От табе й даледзіў, абадвума вачыма гледзючы. (Пашлі.)

ЗЬЯВА ЧАЦЬВЕРТАЯ.

Нічыпар (вышаўшы з за хаты). Пабачыма тыкеля, што з гэтага выйдзе. Як давядзецца мне добрым хлопцам у прыгодзе памагчы. Дзякуй ім і пачаставалі і грошаў абецаліся даць аж дзесяць рублёў.

ЗЬЯВА ПЯТАЯ.

Драўко (выбягаючы з свайго двара). Будзьце ласкавы! (хапае яго за рукі ды цягне да сябе).

Нічыпар. Чаго гэта вы так да мяне прычапіліся?

Драўко. Гэта-ж вы ад Сымона. А я зараз дагадаўся.

Нічыпар. Чаго-ж гэта дагадаліся?

Драўко. Будзьце ласкавы зьбірацца.

Нічыпар. Куды-ж мне так сьпяшыцца?

Драўко. У маю гасподу.

Нічыпар. У вашу гасподу?

Драўко. Ужо, як трэба, усё гатова.

Нічыпар. Я ня кончу дзела ад аднаго слова.

Драўко. Я ўжо з папом згадзіўся.

Нічыпар. То ягомасьць пасьпяшыўся.

Драўко. Адно толькі слова ды марш да шлюбу. Мы даведзём дзела зразу да канца.

Нічыпар. Пасьпеем, пасьпеем!

Драўко. Перакусілі-б больш-менш.

Нічыпар. Я ўжо пад‘еў, як на вясельл!.

Драўко. Яшчэ-бы зьелі буракоў, зьелі кашы…

Нічыпар. Ня ем я буракоў, ня ем я кашы.

Драйко. Хадзем, ня баўмася! — ў царкву пара.

Нічыпар. Значыцца, паеўшы з Богам са двара?

Драўко. А чаго-ж тут адкладаць?

Нічыпар. Мо-б да заўтра паждаць?.. Пасьпеем.

Драўко. Калі пасьпеем? як пасьпеем?

Нічыпар. А вы хто такі будзеце?

Драўко. Драўко.

Нічыпар. Ці бачыш! Якое дзіўнае прозьвішча.

Драўко. Так ад бацькоў засталося… Ну, хадзем ў хату.

Нічыпар. Не, вынясьце сюды добрую чарку гарэлкі, я выпью дзеля сьмеласьці.

Драўко. Сюды? Ну, што зробіш! (У бок). От штукар! (Пабег на двор).

Нічыпар. Хаця-б мне не забыцца, аб чым гэта мы з хлопцамі умовіліся…

Антон і Васіль (са сваіх двароў). Нічыпар! дзяржыся!

Нічыпар. Яшчэ дзяржуся!

Драўко (выбягае). Выпівайце ды закусывайце! А я для таго зразу дагадаўся, што вы ад Сымонкі.

Нічыпар. Дагадаўся?

Драўко. Ну, хадзем-жа ў хату, бо ўжо нярана, хоць і да шлюбу.

Нічыпар. Добрая гарэлка і закуска добрая, дарма, што не на галодны зуб (есьць).

Драўко. На здароўечка!

Нічыпар. І кілбаса добрая!

Драўко. А вы яшчэ ня бачылі маей Грыпіны?

Нічыпар. Гм…

Драўко. Такая акуратная дзяўчына, як ангеліцкія абцугі.

Нічыпар. Ці праўда? А ну давайце яшчэ па другой!

Драўко. Пійце ды трэба борздзенка даводзіць дзела.

Нічыпар. Дзіўное здарэньне трапілася мне ўчора; адно дзьве чарачкі выпіў з кумам Пятром, толькі што сонейка пачало заходзіць. Праўда я і забыўся, што вам гэтага ня трэба ведаць.

Драўко. Што? Як?

Нічыпар. Не… як. Ось цяпер нібы-то троха падмацаваўся. Ну, калі рабіць, так рабіць — што далей?

Драўко. А што-ж далей?

Нічыпар. Давайце яшчэ й дзеўку сюды!

Драўко. Як сюды?

Нічыпар. Перад мае вочы. Тут мы агледзіны зробім.

Драўко. Гэта-ж людзі сьмяяцца будуць.

Нічыпар. А я ў хату не пайду, пакуль сьмеласьці не набяруся.

Драўко (у бок). От штукар! Ну, і штукары-ж гэтыя, панічы з места! (Пабег у двор).

Нічыпар. Аднак гарэлка здорава ў галаву бье.

Антон і Васіль (з двара). Нічыпар! Дзяржыся!

Нічыпар. Яшчэ дзяржуся!

ЗЬЯВА ШОСТАЯ

НІЧЫПАР і КУКСА.

Кукса (вышаўшы з-за плоту). Куды-ж гэта ён дзеўся? Бегаю, шукаю, шукаю, — няма (згледзіўшы Нічыпара). Гэта-ж мусіць ён! От так штукар. (Да яго). Будзьце ласкавы ў хату. Вы ад Сымона?

Нічыпар. Можа і так! А вы хто такі?

Кукса. Кукса.

Нічыпар. На каторую нагу?

Кукса. Ды не, гэта бачыце, прозьвішча, хвамілія мая.

Нічыпар. Ну, то як здаровы?

Кукса. Прашу пакорна!

Нічыпар. Надта праворна!

Кукса. Даўно вас жду.

Нічыпар. У хату не пайду.

Кукса. Даволі ўжо вам дурыць, трэба да шлюбу пасьпяшыць.

Нічыпар. Ніколі неварта сьпешыць каб людзей не сьмяшыць.

Кукса. Як-жа гэта будзе? У мяне усё гатова, скажыце-ж, зрабіце ласку і вы сваё слова.

Нічыпар. Лёгка сказаці — цяжка зрабіць.

Кукса. Я зразу раблю.

Нічыпар. Я так ня люблю.

Кукса. Думаць і нам трэба хутчэй.

Нічыпар. Ня будзеш за сябе мудрэй.

Кукса. Годзе ўжо вам сьмяшыці, пара з дзелам нам сьпяшыці.

Нічыпар. Даль-Бог у мяне не да сьмеху!.. Здаўся людзям на пацеху…

Кукса. Годзі, годзі, сынку! Скідай стару сьвітку, яна тут ня ў прыгодзе, пасьмяшыў, дый годзі!

Нічыпар. Учыню вашу волю, калі так прысталі. Толькі глядзіце, каб не шкадавалі.

Кукса. Годзі ўжо табе дурня строіць… Кажу табе, што я даўно дагадаўся.

Нічыпар. Дагадаўся! Толькі мусіць да гары нагамі?

Кукса. Як да гары нагамі!

Нічыпар. Воўнаю наверх.

Кукса. Што ты гаворыш?

Нічыпар. „Здароў, кажа, Ісаю!“. — „Да чаек чакаю“ — „А ці жыў, здароў“. — „Чатыры нашоў“. — „Што ты, дурню, гаворыш“? — „Так, старое ня зловіш“.

Кукса. Што кажаш?

Нічыпар. Куркулю-муркулю. Разьбяры, што я кажу.

Кукса. Ды мой панічок, які-ж з цябе штукар!

Нічыпар (доўга ўзіраецца на яго). Дзеўку сюды давайце!

Кукса. Як?

Нічыпар. Ня гневаць мяне, а рабіць, як прыказана! Ну, жыва, борздзенька! Дзеўку сюды, ды добрую чарку гарэлкі!

Кукса. Ото-ж сьмяхун! Пабачыма што з гэтага будзе! (Пабег.).

Нічыпар. Ось так іх паганяць, як жарабцоў на лінцы

Антон і Васіль (з двара). Нічыпар! дзяржыся!

Нічыпар. Ох-ох-ох! Яшчэ дзяржуся!

ЗЬЯВА СЁМАЯ.

НІЧЫПАР, ДРАУКО, КУКСА, ГРЫПІНА, і ГАНУЛЯ.

Драўко (цягне Грыпіну). Хочаш, каб за кудлы цябе пацягнуў?

Грыпіна. Пушчайце, я й сама пайду (вырываецца ды ідзе да Нічыпара). Вы хацелі на мяне паўзірацца? Узірайцеся.

Кукса (цягне Ганулю). Ідзі, ідзі, няма там чаго баяцца!

Гануля (ледзь стрымлівае сьмех). Ох, дык я-ж саромлюся!

Кукса. Дык чаго-ж ты, дурненькая! Яно толькі з пачатку трохі, як той казаў, ні тое ні сёе (падае Нічыпару гарэлку ды згледіў Драўка з дачкою). А гэта што такое?

Нічыпар (да Ганулі). Дазвольце на вас паўзірацца.

Драўко (да Нічыпара). На вошта гэты лысы чорт прывалок сюды сваю сьлюнявую?

Кукса (Нічыпару). На вошта мой сусед прыпёр сюды сваю рабую?

Нічыпар (да дзяўчат). Дазвольце мне паўзірацца вам у зубы.

Дзеўчаты. На што-ж гэта?

Драўко (Грыпіні, сьмяючыся). Разьзяві яму рот.

Грыпіна. Ня хачу!

Кукса (да Ганулі). Пакажы ўжо яму зубы.

Гануля. Не пакажу ні за што.

Кукса. Глянь ось я свае пакажу, што-ж тут за дзіва?!

Драўко. Бачыш, я свае вышчыру. Няхай глядзіць.

Нічыпар. Як я бачу, то з вамі шмат цэрамоніі.

Драўко (да Грыпіны). Разьзявіся, будзь ласкава.

Кукса (да Ганулі). Пакажы, зрабі ласку.

Драўко (да Грыпіны зазлаваўшы). Разьзявіся, кажу табе!

Кукса (да Ганулі). Пакажы, кажу табе! (Дзяўчаты на ўцёкі. 3 двара пачынаюць гукаць: „Сваце! Калі-ж мы вашага маладога пабачымас

Драўко і Кукса (да сваіх двароў). Зараз!

Драўко (у бок). Пэўне, што Сымон да абодвух нас аднаго ў сваты прыслаў.

Кукса (у бок). Пэўне гэты малады заблудзіўся.

Драўко. Потым будзеце ўзірацца, цяпер канчайма.

Кукса. Потым будзеце глядзець, хоць кожнага дня. Толькі давадзіце дзела да канца.

Нічыпар. Я ўжо скончыў.

Кукса. Вам можа здаецца, што сусед мой то гэта я, а я — то гэта мой сусед?

Драўко. Пэўне вы думаеце, што я-то гэта мой сусед, а мой сусед-то гэта я.

Нічыпар. Не, я нічога не думаю.

Кукса. Ну?

Драўко. Ну?

Нічыпар. Тпру! Ды годзі-ж вам мяне церабіць, як цыган здохлую кабылу. Усё роўна я ніяк не разьбяру, аб чым гэта ў вас гутарка была.

ЗЬЯВА ВОСЬМАЯ.

ТЫЯ САМЫЯ, ВАСІЛЬ ды АНТОН.

Васіль (да Драўка). Гаспадар! поп прыслаў, каб барджэй ехаць. Бо кажа, царкву зачыніць.

Антон (да Куксы). Ужо і музыкі прышлі, пытаюць, ці зачынаць іграць.

Кукса і Драўко (у бок). От табе і на! Трэба йсьці на прапалую (да Нічыпара). Ну, каторую-ж?

Нічыпар. Яно добра-б было абедзьве ўзяць.

Драўко. Як абедзьве?

Кукса. Хіба-ж можна з дзьвюма разам?

Нічыпар. У турках можна хоць з трыма.

Драўко. І я гэта чуў.

Кукса. Там можна.

Нічыпар. А ў нас ня можна, бо я ўжо жанаты.

Кукса і Драўко. Жанаты?! Як жанаты? Ты хто-ж такі?

Нічыпар. Ніхто.

Кукса і Драўко. А што-ж цяпер?

Нічыпар. А цяпер — дзякуй вам за хлеб, за соль ды за ласку. Будзьце здаровы!

Кукса і Драўко. Пачакайце-ж. Як-жа гэта?

Нічыпар. Ну, і доўга-ж у вас торг ідзе. Як вала або каня купляючы.

Кукса. Выходзіць, што я самахоць сабе абшыў.

Драўко. Выходзіць, што я сам сябе пашыў.

Кукса. Каго-ж цяпер лаяць, каго біць? Дайце мне яго, я яму ўсе валасы выскубу!

Драўко. Дайце мне яго, я яго разарву!

Кукса. Такі-ж ужо гэтак ня будзе, а ось як! А цяпер я дагадаўся (да Драўкі). Гэта вы можа сумысьля гэтакую хвізыку пад мяне падвялі, каб мне перад усім народам сораму нарабіць?..

Драўко. А хіба-ж гэта ня вы наклікалі мне повен двор гасьцей? Як я цяпер гляну людзям у вочы?

Кукса. Пачакайце цешыцца, не дажджэце! Антон! Кліч зараз сюды Ганулю. (Антон пабег ды хутка вядзе Ганулю). Ого-го! Яшчэ той на сьвет не нарадзіўся, што з мяне будзе зьдзекі строіць.

Драўко. Так і я ня дам пляваць сабе ў кашу. (Гукае на свой двор). Грыпіна, цягні сюды Васіля.

Антон і Гануля. Мы тут!

Кукса. Антон! Я памыліўся. Гэта ён да суседа ў сваты прыехаў. А я ўжо даўно надумаўся Ганулю за цябе аддаць, — бяры яе! Ось як у нас!

Гануля (кідаецца да яго). А татачка, а галубок родненькі!

Кукса (да Антона). Я хацеў адно крышку цябе паманежыць. Ну, кланяйся гаспадару у ногі за такую чэсьць.

Драўко (крычыць). Грыпіна! Сюды барджэй!

Кукса (да Антона). Чаго-ж ты стаў, як пень?

Антон. А за вошта-ж я вам кланяцца буду?

Кукса. Горды! Ось за гэта сама ты мне да ўпадобы. І я гэтакі самы горды. Толькі-ж, як закон кажа, то і я пакланюся.

Антон. Хіба-ж што закон. Закон мушу споўніць. (Бярэ Ганулю за руку). Благаславіце нас, тата, на чэсны шлюб!

Васіль і Грыпіна. Мы тут!

Драўко. Барзджэй у ногі!

Васіль. Я гатоў! (Кланяецца).

Драўко (да Куксы). Гляньце, суседзе, ось, як у нас!

Кукса. Бачу. Вочы у мяне ня вылезьлі.

Драўко (дачцэ). А ты?

Грыпіна. Галава ня гнецца.

Драўко. Бач, якое зелейка! Праўда, я рад, што выпхну цябе з двара, менш клопату будзе… А ўсё-ж бацьку пакланіцца трэба, бо гэтак закон наказвае.

Грыпіна. Хіба што закон… (Кланяецца з Васілём).

Кукса. Божа вас благаславі!

Драўко. Божа вас благаславі!

Васіль. Цяпер вы на мне хоць усе клешчы пабійце, слова вам у папярок не скажу.

Драўко. За гэта я цябе палюбіў, што ты такі пакорны. Я ўжо трое клешчаў на табе пабіў, а ты ўсё карышся…

Кукса. Суседзе! Цяпер толькі чатыры.

Драўко. А ў мяне толькі шэсьць.

Драўко і Кукса (гукаюць). Людзі добрыя, будзьце ласкавы сюды! Вітайце нашых маладых.

Нічыпар. От і дзякуй Богу!

Кукса і Драўко (да яго). То гэта вас Сымон ня прысылаў?

Нічыпар. He!

Кукса і Драўко. Хто-ж вы такі?

Нічыпар. Я-ж кажу — так сабе, ніхто.

Драўко. Чаго-ж ты лезеш у вочы?

Кукса. Ішоў-бы ты сабе вон са двара, ды і годзе!

Нічыпар. І пайду!

Кукса. А мо яшчэ жаніх прыедзе?

Драўко. Можа яшчэ жаніха пачакаць можна?

ЗЬЯВА ДЗЕВЯТАЯ.

ТЫЯ САМЫЯ ды пісар СКАКУНЕЦ.

Скакунец. Няма чаго чакаць, ня прыедзе.

Кукса і Драўко. Як?

Скакунец. А так. Бо гэта-ж я лісты да вас напісаў, от гэтаю рукою,

Кукса і Драўко. Каб вас чэрці пабралі!

Гануля (да Куксы). Годзі, татачка, ужо гневацца. Мусіць гэтак Бог хацеў.

Грыпіна. Тата, не падымайце гоману, бо адракуся ад благаслаўленьня.

Скакунец. Паслухайце мяне дурнога, то можа й вам Бог розуму падбавіць… У той час, калі яшчэ людзям праўду казалі ў вочы… Ня было ні неба, ні зямлі, а стаяў толькі адзін плецены плот. Я адзін, мае дарагія, праўда, тады быў…

Кукса. Гэта вы ўжо ізноў нудоту зацягнеце. Я паблагаславіў, значыцца слова ўжо не зламаю.

Драўко. А можа падвядзеце пад нас такую хвізыку, што вочы горлам палезуць. Благаслаўленьне даў, значыцца — аман!

Скакунец. Калі так, то другая рэч: ура! ура! ура!

Драўко. Суседзе, ці не пагодзіцца нам пры радасьці ды згуляць два вясельлі ў адзін кошт?

Кукса. (падае руку). А што-ж? (цалуюцца). Вы ўжо пеўчых згадзілі, а я — музыку. (Паціху). Пашыліся ў дурні абодва — трэба ужо маўчаць.

Драўко. Перамудравалі.

Кукса. Гэй, прыданкі! Адзявайце маладых ды гетуйце іх з Богам да шлюбу. Дружачкі, а ну! гукнеце вясельную! Дайце знаць сьвету Божаму нашу радасьць.

Драўко. Прасіма дарагіх гасьцей славіць нашых маладых вясельнаю песьняй.

ХОР:

Ой, попе, попе!
Бацька наш,
Адчыняй цэркаўку,
Прасі нас;
Звенчай дзеткі —
Адналеткі
У Божы час.

Кукса з Драўком цешацца ды паказываюць на пальцах адзін аднаму што ўжо ня пяць — а чатыры, — ня сем — а шэсьць.
Сьпеваюць „Антон малодзенькі“.

Антон. Кончылі Антона, цяпер давайце пра Юрку сьпяваць.

„І столяр Юрка, і маляр Юрка
І шавец Юрка, і кравец Юрка“
Сабраліся Юркі да аднэй да-
чуркі
Чаму Юрачка ты ня жэнішся.
Прыдзіць зіма дзе ты дзе-
нішся.
Пад паветкай не схаваішся.
Я ў зімачку пад пярыначку
А ў летачку пад паветачку.

ЗАСЛОНА.



  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.