Перайсці да зместу

Паштальён (Рагуцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паштальён
Аўтар: Уладзімір Рагуцкі
1937-38

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вокны насцеж —
сонца залатое!
Азіраю пышны далягляд:
Хтось ідзе цяністай стараною, —
Зачарован зеленню прысад,
Хараством блакітнага світання,
Прывітальным посвістам сініц...
Сам асыпан пылам красавання
Белакудрых грэчак і пшаніц.
Пазнаю я русую чупрыну
І яго вясёлую хаду.
На спатканне —
стройная дзяўчына,
Несучы крынічную ваду.
Вось яны вітаюцца шчасліва,
І знімае ён, бы незнарок,
Сумку з плеч,
напханую рупліва,
І спыняе дзеўчына свой крок.
Славіць сонца радасць маладую.
Цвет губляе топаль ля акон,
І пісьмо ад мілага — мяркую —
Падае дзяўчыне паштальён.
І пісьмо — здаецца мне — здалёку,
Ці не з мора сіняга ужо?
Мо з Адэсы, мо з Уладзівастока,
з Камсамольска-горада няўжо?
Адно бачу: лёгкая трывога,
Пунсавеюць шчокі, як зара.
І вада плюскоча на дарогу
Ручаямі срэбнымі з вядра.
І стаіць разгублена дзяўчына...
Як у вершы гэта расказаць?
Паштальён хаваецца за тынам,
І прыгожа вішні шалясцяць!