Перайсці да зместу

Пахаванне (Крылоў/Таўлай)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пахаванне
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1817
Арыгінальная назва: Похороны
Пераклад: Валянцін Таўлай
Крыніца: Таўлай, В. П. Выбраныя творы / Валянцін Таўлай ; уклад., прадм. і камент. А. Клышкі. – Мінск : Беларуская навука, 2014. – 413 с., [4] л. іл. - с. 126

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пахаванне


У старыну ў Егіпце вёўся звычай рэдкі:
Калі хавалі знатнага каго,
Наймалі плачак выць услед труне яго.
Калісьці вось на пахаванні гэткім
Падобных галасільніц рой
Нябожчыка праводзіў завываннем
На вечны, як гаворыцца, спакой
І спачыванне.

Ішоў насустрач падарожны сцежкай той.
Наслухаўшыся скаргаў, енкатаў балесных,
Падумаў: з жалю надрываецца радня...
І кажа: «Хочаце, ён з дамавіны цеснай
Устане, уваскрэсне?
Я — маг, нябожчыка магу падняць,
Закляцце вымаўлю — і досыць;
Нябожчык ажывае ўраз».

«О, дабрадзей! уцеш няшчасных нас! —
Крычаць яны: — Яшчэ адной мы толькі ласкі просім:
Зрабі, каб ён
Ізноў сканаў праз пару дзён.
Калі ён жыў, карысці не было ніякай,
І надалей дабра з яго не мець;
А скосіць смерць,
Напэўна, зноў па ім нас ноймуць плакаць».

Так многіх багачоў сыход у небыццё
Карысней, чым жыццё.


1817