Парог (Тургенеў/Абрамовіч)
Парог Верш Аўтар: Іван Тургенеў Пераклад: Зыгмунт Абрамовіч Крыніца: Наша ніва, №33 — 1910 г. |
Падзагаловак і словы пасля тэкста: (Па рас. напісаў І. Тургенев) / Слуцк. 13 VII — 10. Перэклаў Зыгмунт Абрамовіч. |
Я бачу вялікі дом. У пярэдняй сьцяне вузкіе дзьверы адкрыты насьцеж; за дзьверамі сумная імгла,
Перад высокім парогам стаіць дзяўчына. Гэта непраглядная імгла дышыць марозам, і разам с холадам выходзіць з глыбокасьці глухі голас:
— О, ты, што жадаеш перайсьці цераз гэты парог, — ці ведаеш, што цябе чэкае?
— Ведаю — атказывае дзяўчына.
— Холад, голад, ненавісьць, пагарда, насьмешка, крыўда, вастрог, хвароба, сама сьмерць!
— Ведаю.
— Ты будзеш адрэзана ад сьвету, адзінокая!
— Ведаю… я гатова. Я гатова перэнясьці ўсе мучэньня, ўсе удары!
— Ня толькі ад ворагоў, але і ад родзічоў, ад прыяцелёў?
— Але… і ад іх!
— Ты гатова на ахвяру?
— Але!
— На безыменную ахвяру? Ты пагібнеш, і ніхто ня будзе ведаць, чыю чціць памяць…
— Мне ня трэба ні падзякі, ні жаласьці. Не патрэбна мне імя.
— Гатова ты на праступак?
Дзяўчына апусьціла галаву.
— І на праступак гатова.
Голас не зара пачаў пытацца дальш.
— Ці ведаеш ты, — спытаю наканец — што можэ прыйдзецца перэстаць верыць ў тое, у што верыш цяпер, што можэш зразумець, што ты ашукалася і дарма загубіла маладое жыцьцё?
— Ведаю і гэта. І жадаю увайсьці!
— Дык увайдзі!
Дзяўчына пераступіла праз парог, і цяжкая заслона закрылася за ёй…
— «Дурная!» — сказаў нехта з боку,
— «Сьвятая!» — у адказ праняслося здалёка…
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі ды ў ЗША, бо ён быў апублікаваны да 7 лістапада 1917 года (паводле новага стылю) на тэрыторыі Расійскай імперыі.
За выняткам тэрыторый Вялікага Княства Фінляндскага і Царства Польскага, і не быў апублікаваны на тэрыторыі іншых дзяржаваў цягам 30 дзён пасля дня першае публікацыі. Юрыдычна Беларусь (ССРБ), як і Расея (РСФСР), не з’яўляецца спадкаемцам Расійскай імперыі. Таксама агульная міжнародная абарона аўтарскіх правоў на гэты твор не здзяйсняецца, бо Расійская імперыя не падпісвала міжнародных пагадненняў у галіне аўтарскага права.