Перайсці да зместу

Пара бараніцца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пара бараніцца
Публіцыстыка
Аўтар: Змітрок Бядуля
1917
Крыніца: Вольная Беларусь, 1917. - №33 - с.1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шалены віхор поўстання разрастаецца і расшыраецца. Яго дзікае полымя абхоплівае сваімі буйнымі хвалямі усе большыя масы людзей. Пайшоў буяніць і разгульваць зьвер. Той зьвер, каторы у звычайным часі сядзіць глыбока захаваны у чалавеччай душы, а у часі смут і сваволля зрываецца з ланцугоў сумлення, сораму і страху.

Рабуюць і палюць маёнткі, мястэчкі і вёскі. Абдзіраюць адзін другога. Рэжуць, бьюць, нішчуць здабыткі людзкія і —ратунку німа.

Гэты шалёны віхор разгулівае цяпер у нашым краю. Гурт дзікіх людзей-ваўкоу, уходзючы ад фронту, рыскае па нашай зямлі і нішчыць, глуміць усе на пуці сваім, астаўляючы за сабою плач, стогны, голад, холад і руіны.

Што далей будзе, што нас чакае пад вясну, посьля гэтых рабункаў, — страшна падумаць. Голад давядзе людзей да таго, што брат на брата пойдзе, сын на бацьку рынецца, у літэрным значэнні гэтых слоў.

Нібы цёмная лавіна атруты, гэта пугачоўшчына шырэй і шырэй абхоплівае наш абездолены край і прэтварае яго у адны папялішчы.

Чужынцы абгрызуць нас. А як ужо тут нічога ні астанецца, чым пажывіцца, пойдуць адгэтуль кожны да сваёй хаты. далёка ад фронту, у свой ціхі, спакойны і цёплы кут. А мы астанемся без нічога.

Як змагацца з гэтым? Як ратаваць свае дабро, забытае дзесяткамі гадоў крывавай працы?

Ад расійскай уласьці чакаць ратунку німа чаго. Як тыя лялячкі бэтлеячныя, паказываецца яна з адных дзьвярэй і выходзіць праз другія, і разнаколерныя фігуркі, што хвіліну, мяняюцца і нічым памагчы ні могуць. Як тыя госьці да хворай цёткі, прыходзяць яны, паківаюць галавамі у знак свайго безсілля і... выходзюць.

А шалены віхор бушуе, разгульвае вольна, нахальна, і разводзіць свае гідасьці направа і налева.

Браты, беларусы! ні ад кога мы дапамогі чакаць ні можам, а толькі самі павінны сябе бараніць — бараніць сваіх дзяцей і старых ад галоднай сьмерці, ад пэўнай разрухі.

Мы самі за сябе павінны стаяць! Дык вось дзеля гэтаго самаго Беларуская Вайсковая Рада у Мінску арганізуе беларускае войско, форміруе беларускія полкі, каб абараніць свой край, сваіх бацькоў і дзяцей, свае дабро.

Воіны беларусы, змучаныя, абездоляныя за увесь час вялікай вайны! На вас ляжыць вялікі абавязак, самы законны і справядлівы абавязак кожнаго чалавека — бараніць самаго сябе.

Каб вы мелі да каго і да чаго вернуцца посьля вайны, каб цёмныя сілы ні зруйнавалі да шчэнту вашу бацькаўшчыну-Беларусь, запісывайцеся цяперака у Беларускае войско!

Дзе б вы ні былі, на усіх франтах, вымагайця, каб вас форміравалі у аддзельныя часьці і напраўлялі у свой край да родных межаў. — Бараніце сябе ад безуладных, цёмных людзей-зьвяроў!

Гэтыя подлыя трусы-скоты пабаяцца аднаго вашаго зьяулення, і вам ні прыдзіцца ужываць сілы.

Запісывайцеся у Беларускае войско і бараніце свой родны край ад загібелі!