Панская ласка (казка)
Панская ласка Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-058 |
Служыў у аднаго пана ляснік. Добра служыў, вераю і праўдаю, як кажуць. Пан гэта бачыў. Расчуліўся ён аднаго разу і кажа лесніку:
— Люблю я цябе, мой верны слуга. І буду за гэта трымаць я цябе і карміць да самай тваёй смерці.
Ну, а ляснік-то добра ведаў свайго пана. Вось ён і кажа:
— Э, пане, не крыўдуй, але я адкажу табе на гэта такою прыказкаю: панская ласка, жончын язык ды пасынкава любоў да бацькі-айчыма — аднаго варты.
— Няпраўда! Мая ласка шчырая і непарушная.
— Ну што ж, — кажа ляснік. — Пажывём — пабачым.
Назаўтра ўкраў ён у пана гусака і кажа жонцы:
— Звары, толькі каб ніхто не бачыў…
— Дзе ты ўзяў яго? — пытаецца жонка.
— Украў у пана. Толькі — ша! — ні слова нікому.
Зварыла жонка гусака. Сама са сваім сынам наелася, мужыка накарміла і пайшла ў панскі двор куму пераведаць. Сядзіць там у яе, балакае ды ўсё ваду папівае.
— Што ж гэта, кумка, ты такое ела, што так на ваду накінулася?
Муляецца госця, маўчыць.
— Цікава, — дзівіцца кума. — Ты ж ад мяне ніколі праўды не хавала. Нядобра, кумка.
— Ну што ж, — кажа госця, — скажу табе праўду, толькі ты, глядзі, нікому ні-ні…
Кума нават пабажылася, што будзе маўчаць як рыба.
А калі даведалася пра такі цікавы сакрэт, то ў той жа дзень пабегла да другой кумы. А тая — да трэцяй. Трэцяя — да чацвёртай. А чацвёртая была злосная на лесніка і расказала ўсё пану.
Пан палічыў гусей — праўда, не хапае аднаго гусака. Узлаваўся ён на лесніка, аж калоціць яго. Паклікаў ён свайго вернага слугу-лесніка да сябе і кажа:
— Павешу я цябе!
Усміхнуўся ляснік горка:
— Вельмі ж скора, пане, ты забыўся пра сваю ласку.
— Да дʼябла ласку, — крычыць пан. — Павешу!
— Добра, пане, — згаджаецца ляснік. — Дазволь толькі мне схадзіць дахаты. Там у мяне трохі грошай ёсцека. Падзялю іх жонцы і пасынку.
Пан дазволіў і нават сам пайшоў з лесніком: каб той, чаго добрага, не збег куды.
Расклаў ляснік свае грошы на тры кучкі і кажа:
— Гэта жонцы, гэта пасынку, а трэцяя таму, хто мяне вешаць будзе.
— Навошта, бацька, каму чужому грошы аддаваць. Дай іх лепш мне, я цябе павешу, — кажа пасынак.
Паглядзеў ляснік на пана і кажа:
— Ну, пане, не мая праўда? Усё выйшла так, як я казаў. Я табе шчыра служыў, не раз цябе на паляванні ад мядзведзя ратаваў, а ты мяне за нейкага аднаго гусака павесіць хочаш. Вось якая твая ласка!