Перайсці да зместу

Панская гаворка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Панская гаворка
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-050

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жылі ў адной вёсцы тры браты. Багатыя былі, а гаварылі, як і ўсе мужыкі, — па-простаму. А ім вельмі хацелася навучыцца гаварыць па-панску.

Сабраліся яны і пайшлі ў маёнтак панскай мове вучыцца. Прыходзяць, а ў пана гасцей поўна.

— Нас да гасцей, — кажа старэйшы брат, — пан не пусціць. Дык мы хоць пад акном паслухаем панскую гаворку. Можа, чаму і навучымся. А каб усім не тырчаць пад акном, давайце будзем слухаць па чарзе, цішком.

Першы падышоў да акна ён сам. Слухаў, слухаў — нічога не разабраў: шумяць паны, як восы ў дупле. А адзін наймацней крычыць:

— То естэм мы! То естэм мы!

— Ага, — зарадаваўся старэйшы брат, — тры словы ўжо ведаю!

Падышоў да акна сярэдні брат. З усяго шуму ён таксама разабраў толькі тры словы:

— Ні за цо! Ні за цо!

А малодшы брат добра пачуў словы:

— Добжэ. Мы пуйдам хоць да дʼябла!

Ну, на першы раз і гэтай навукі братам хапіла. Ідуць яны дахаты, бачаць: на дарозе мярцвяк ляжыць. Сталі браты і глядзяць на мёртвага чалавека. А тут якраз станавы прыстаў едзе. Убачыў мерцвяка і да братоў:

— Гэта вы чалавека забілі?

Браты і думаюць: як жа ім з прыставам гаварыць? Ён жа таксама пан, і, відаць, лепш гаварыць з ім панскаю моваю.

Вось старэйшы брат, набраўшыся панскага гонару, і кажа:

— То естэм мы!

— За што ж вы яго забілі? — пытаецца прыстаў.

— Ні за цо! — умяшаўся ў гаворку сярэдні брат.

Станавы раскрычаўся:

— У Сібір вас, забойцы, заганю!

А меншы брат выпаліў:

— Добжэ. Мы пуйдам хоць да дʼябла!

Вось як добра пагаварылі браты з прыставам на панскай мове.