Перайсці да зместу

Памяці Тараса Шаўчэнкі (Бульба)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Памяці Тараса Шаўчэнкі
Артыкул
Аўтар: Альгерд Бульба
1911 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Памяці Тараса Шэвченкі
(у 50-летнюю гадаўшчыну яго сьмерці).

26 лютаго гэтаго году вялікі дзень на Украіне: пяцьдзесят гадоў таму назад памёр найслаўнейшый песьняр украінскаго народу, Тарас Шэвченко.

Імя Шэвчэнкі цесна злучэно з мукамі і сьлезамі народу ў часах прыгону: сам сын украінскаго мужыка-падданаго здабываў ён сваю славу крывёй і потам; ад калыскі прывыкаў да гора, бяды і працы; пачынаў працу, як пастух, парабак, панскі лякай. Граматы вучыў яго цэркоўны дзяк. Але маючы ад прыроды вялікі талент, Шэвчэнко скора звернуў на сябе увагу прадстаўнікоў інтэлігенціі таго часу, і гурток людзей добрай волі ня мог спакойна глядзець, як рабілася крыўда такому нештодзеннаму чэлавеку: Шэвчэнка за 2½ тысячы руб выкупілі с панскай няволі, а пасьля і яго радню. Як вольны чалавек, ён паступіў у Пецербурскую Малярскую Акадэмію, скончыў яе і пасьпяшыў на дарагую яму Украйну, каб служыць свайму народу. Пакінуўшы малярство, ён пачаў пісаць вершы і зусім пасьвяціў сябе літэратуры.

„Прыпадак падараваў Украіне чэлавека, каторый сілай свайго таленту ўлажыў жывую душу ў тое, што мó ешчэ доўга дрэмалобы; Шэвчэнко зыграў такую роль у справе адраджэньня украінскаго народу, якая рэдка прыпадае на долю аднаго чалавека. Шэвчэнко паказаў, што мова, у якой ён піша вершы, ня можэ быць некультурнай або не самабытнай; гісторычнае прошлае, каторае звініць-трапешчыць у яго гарачых вершах, не магло не ўвайсці глыбока ў душы украінцоў; тая народная душа, што давала сілу поэзіі Шэвчэнкі, тое багацтво перэлівоў у яго песьні, тые змаганьня настраенёў, абразоў, думак, то мяккіх-ласкавых, то магуча-пекных, то сумных, то гнеўных — мсьціцельных — усё гэта пацьвярдзіло перад усім сьветам, што украінскі народ не трэбуе чужых апекуноў, калі ён сам патрапіў стварыць сваю літаратуру і культуру[1]

Жывое слово Шэвчэнкі знаходзіло адгалосак серэд украінцоў, будзіло, сагравало, давало гарт і сілу да працы.

Ідэі-думкі яго належаць да найвялікшых; ён ішоў у першых радах людзей, што змагаліся за скасаваньне паншчыны; стойкі абаронай правоў пакрыўджэных і пагарджаных, Шэвчэнко стаяў за скасаваньне прывілеëў вышэйшых станоў, за свабоду слова, і друку, за свабоду веры. Думаў аб роўнасьці ўсіх славянскіх народоў і відзеў спаўненьне гэтай думкі толькі тады, калі будзе дана можнасць незалежнаго развіцьця ўсім славянскім народам, калі цэлая народная масса прымець учасць у далейшым развіцьці агульна-людзкаго жыцьця. У творах сваіх успамінаў славу свайго і нашаго народу. Па даносам ворагоў ён за перакананьня і думкі, за свае заданьне будзіцеля- паэта быў выслан далёка за граніцу роднай Украіны у Оренбург. Там аддалі яго пад сільны надзор і нават забаранілі пісаць. Пасьля 10-летняй ссылкі Шэвчэнцы пазволілі вярнуцца ў Пецербург. Ссылка на здароўі Шэвчэнкі адбілася надта дрэнна, дый халодна туманны наднеўскі горад ешчэ больш надарваў слабые яго сілы і у першые дні скасаваньня прыгону - 26 лютаго - Шэвченко памёр. Уміраў бачучы, што найвялікшая яго ідэя споўнілася.

Народ украінскі прывёз цела свайго будзіцеля-паэты на Украйну, на берэг Днепра, насыпаў курган-магілу. Стаіць гэта магіла і, як да Пантэону Украйны, ідзе да яе украінскі народ на пакланеньне свайму "бацьцы". Так споўнілі украінцы адну з „Заповедзей" свайго „бацкі", а цяпер працай над національным адраджэньнем спаўняюць і далейшые.

Нам, беларусам, Шэвчэнко тым дораг, што ён ужо больш як поўсталецьця выказываў тые думкі, якімі мы цяпер жывем. Не адзін з нас прачнуўся, чытаючы "Кобзара". Шэвченко нам паказывае, як ісьці; вось, прыслухаймося, што кажа „бацька Украіны":

„Падзівіцесь на рай ціхі,
На родну краіну;
Пакахайце шчырым сэрцэм
Цёмную руіну!
Раскуйцеся, братайцеся!
. . . . . . . . .
У сваей хаці — свая праўда
І сіла і воля.
. . . . . . . . .
Німа другой такой краіны
Нічога роднаго німа;
А вы прэцëся на чужыну
Шукаць прывольнаго жыцьця,
Дабра сьвятога, болей волі,
Братэрства супольнаго...
Знайшлі,
Нясьлі, нясьлі с чужога поля
І на Украіну прынясьлі".

Але не заўсягды бывае гэта, каб папраўдзі прыносілі што небудзь добрае у родну хату, і Шэвчэнко звертаецца да тых, што свае сілы аддаюць на карысць чужынцам а не стараюцца працаваць для ўласнаго народу; замест таго, каб працаваць для

сваей бацькоўшчыны, - кажа паэт, —

„Ізноў вы скуру дзерэцë
З братоў нешчасных хлебаробоў!
І сонца праўды засеваць
У чужых краëх і на чужыне
Прэцёся ізноў!...

Да паноў, што стаялі за прыгон, Шэвчэнко кажэ:

„Апомніцеся! Будзьце людзі,
Бо ліха вам будзе:
Раскуюцца неўзабаве
Закаваны людзі,
Прыйдзе суд, і загавораць
І рэкі і горы..."

А адрокшымся ад бацькоўшчыны прарочыць:

.... Дым хмараю заступіць
Сонца перед вамі,
І на векі праклянецесь
Сваімі сынамі".

Якую вагу Шэвчэнко прыпісывае навуцы ў роднай мове, відаць з гэтых слоў яго:

„Як бы вы вучылісь, як трэба
То і мудрасьць была бы свая;
А то залезеце на неба:
„І мы-ня мы, і я-не я!"

Разумеў добра Шэвчэнко, што навука ў чужой мове толькі і робіць, што "я-не я..."

І клічэ гарача паэт, каб ні на каго не угледаліся яго браты, а каб самі сьмела браліся за сваю вялікую справу:

"...Усе мовы
Славянскаго люду —
Ўсе знайце, а сваей?
>Дасць Бог, калісь будзем
>І па своему гаварыць,
>Як чужынец скажэ,
>>А да таго і Гісторыю
> Нам нашу раскажэ!..."

У сваіх творах Шэвчэнко вучыць народ яго гісторыі, каб ведаў, хто ён такі:

„...гісторыя — поэма
„Вольнага народу!"

Шэвчэнко гарача жадаў, каб усе украінцы жылі, як браты, ўзіраючыся на вялікую будучыну, калі

....сьвет ясны, прамяністы,
Новы засіяе...
Абніміцеся, кахайцесь,
Вас я заклінаю!"

Словы вялікаго украінскаго песьняра пісаны крывёй з сэрца яго і заўсягды будуць для украінцоў сьвятымі «Заповедзямі». За імі ідзе і цяпер украінскі народ і будуе новае жыцьцë, аб якім «Бацько Тарас» толькі думкі снаваў. Дык нехай же словы Шэвчэнкі будуць і для нас, беларусоў, падмогай у змаганьні жыцьця.

Чэсць і слава памяці Тараса Шэвчэнкі!

А. Бульба[2]


  1. Глядзі „Исторія украінскаго народа" проф. Александры Ефіменко.
  2. Вершы Шэвчэнкі да гэтай стацьці перэлажыў А. Гурла с Капыля. Гл. «Кобзар»—«Да памершых, жывых і ненароджэных землякоў маіx».

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.