Памяці Паўлюка Труса
Памяці Паўлюка Труса Аўтар: Алесь Пруднікаў |
Не засні,
пабудзі мяне рана,
о!.. мая
дарагая матуля!..
Паўлюк Трус
Не, не пабудзіць маці дарагая!..
Як сноп зарніцы неба азарыць,
Яна маўкліва выйдзе за курганы,
Дзе дзве сцяжынкі крочаць з-за гары.
Адна супыніцца ў тумане сінім,
Вачамі слёзнымі угледзіцца у даль,
Ці не пакажацца там постаць сына?..
Толькі сына ўсё чамусьці не відаць…
І пасыплюцца слёзы матчыны,
Нібы перлы рос залацістыя…
Ветры буйныя раскудлачацца,
Замятуць прастор-поле чыстае.
Бо пагасла зара юнай цвецені,
Бо замоўклі навек струны звонкія.
Асыпаюцца іх букецікі
На мурожныя травы золкія.
Больш не пабудзіць маці дарагая…
Як сноп зарніцы неба азарыць,
Яна маўкліва выйдзе за курганы,
Дзе дзве сцяжынкі крочаць з-за гары.
Адна сутуліцца ў тумане сінім,
Вачамі слёзнымі угледзіцца у даль…
Няма, няма там дарагога сына,
Ён больш не вернецца пад саламяны дах…
16 чэрвеня 1929 г.