Перайсці да зместу

Памятка беларусам маскоўскай прыхільнасці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Памятка беларусам маскоўскай прыхільнасці
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 10 сакавіка 1918 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с.— (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі ў Расіі панаваў цар, дык нам казалі, што ў нацыянальным уціску вінаваты не народ велікарускі, а толькі яго цар, хоць трудна было зразумець, хто забараняў велікарускай інтэлігенцыі адстаіваць, напрыклад, нацыяналізацыю школ.

Потым, як скінулі ў Расіі цара, а тым часам нацыянальнай палёгкі не прыйшло, дык гэта тлумачылі тым, што кіраўніцтва ў дзяржаве захапіла буржуазія дый не час, моў, займацца нацыянальным пытаннем. Вось прыйдуць сацыялісты, дык тыя ўжо зробяць і кожнаму ўнаровяць.

Прыйшоў сацыяліст — міністр А. Керанскі і, не вагаючыся, абвясціў, што «не отдастъ достоянія революціонной Рассіи и будетъ защищать яго кровью и железомъ». Так пагражаў ён Украіне і Фінляндыі, калі тыя паверылі слову велікарускай дэмакратыі ды сталі «самоопределяться». Прыхільнікі маскоўскай арыентацыі занепакоіліся, але іх усцешылі тым, што Керанскі падупаў буржуазнаму ўплыву, а вось хутка прыйдзе настаяшчая сацыялістычная дэмакратыя, тады… тады народы Расіі атрымаюць поўную магчымасць самаадзначэння і нават мецімуць падтрыманне.

Сталі чакаць і дачакаліся. Прыйшоў бальшавізм, і запанавалі на Беларусі т. званыя «народные комисары Зап. Области». Настаў час сапраўднага ўладарства маскоўскай дэмакратыі. Заварушылася і Беларусь. Сабраўся Першы Усебеларускі З’езд. А велікаруская дэмакратыя праз сваіх кіраўнічых стала дапамагаць беларускаму нацыянальнаму вызваленню такім абычаем: «Телеграмма. Западофронт, Полукорову. Сообщите товарищамъ, чтобы на съезде белорусов Рады они произвели переворот умов, раскол и выяснили буржуазность ея. Это требуется. Глабкозап Мясников».

Гэта — спрыянне беларускаму адраджэнню, а вот дапамога: «Комиссарият Внутренных Дел Западной Области. 17-го декабря 1917 г. № 1425. Товарищу Резаусскому. Предписывается, имея в своем распоряжении достаточно вооруженную силу, оцепить здание, где происходит заседание Белорусского Съезда, арестовать президіум Съезда, а равно избранный им орган краевой власти; отозвать со Съезда т. т. большевиков и стоящих на точке зрения Советской власти, а самый Съезд объявить распущенным. Комиссар к. Ландер. Секретарь (подпіс нечытэльна напісаны)».

Вось гэтакія і шмат іншых, не менш цікавых «памятак для беларусаў маскоўскай прыхільнасці» было знойдзена ў паперах «народных камісараў» пасля таго, як яны паўцякалі з Мінска перад прыходам немцаў.

Гэта трэба запамятаць і заўсёды трымаць на ўвазе прыказку слаўных нашых продкаў: «З маскалём дружы, а камень за пазухай дзяржы».