Перайсці да зместу

Запісы Беларускага Навуковага Таварыства (1938)/8/Палітычны працэс Якуба Коласа і т.т.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
5. Багушэвіч і Арэшчыха Палітычны працэс Якуба Коласа і т.т.
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Антон Луцкевіч
1938 год
Прызнаньне правоў беларускае мовы падчас сусьветнае вайны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЛІТЫЧНЫ ПРАЦЭС ЯКУБА КОЛАСА і Т. Т.

(З архіву Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча).

Аб тым, што корыфэй беларускае паэзіі Якуб Колас, запраўднае прозьвішча якога — Кастанцін Міцкевіч, быў у 1906 годзе арыштаваны за арганізацыю вучыцельскага саюзу у роднай Мікалаеўшчыне і засуджаны пасьля на тры гады ў вязьніцу, ведама з кожнага падручніка беларускае літаратуры. Аднак, апрача голага факту арышту і прысуду, грамадзянства аб гэтай справе ведае вельмі мала. Навет найбліжэйшыя да нашага паэты асобы цяпер ня могуць нічога прыпомніць аб гэтым працэсе, дый магчыма, што ў самога Коласа ня шмат аб ім захавалася ў памяці. Дзеля гэтага публікуем тут жменю матэрыялаў да працэсу, атрыманых дзякуючы ветлівасьці аднаго з выступаўшых на судовай расправе адвакатаў, каторы захаваў одпісы абвініцельнага акту, пратаколу паседжаньня суду, матываванага прыгавору і некаторых паасобных дакумэнтаў дый пасьля аддаў іх у архіў Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча.

Абвіненьне было скіравана проці чатырох настаўнікаў народных школ: Кастанціна Міхайлавага Міцкевіча, Уладзімера Сыльвэстравага Міцкевіча, Якава Сымонавага Бязьмена і Сымона Іванавага Астроўскага. — Астроўскага абвінавачавалі паводле 51 ст. і 1, 2, 3 і 6 п. I ч. 129 ст. угалоўн. улаж., трох другіх — паводле I ч. 126 ст. угал. улаж. Судзіла Віленская Судовая Палата, Угалоўны Дэпартамэнт, з учасьцем станавых прадстаўнікоў. Справа паступіла ў Палату 21.IV.1908 г., разглядалася 15.IX таго-ж году. У склад суду ўваходзілі: старшыня П. Кабека, сябры К. Вярхоўскі, Ѳ. Дабужынскі, Д. Кісьлінскі, за сэкратара Т. Біруля, прадстаўнікі станаў: менскі маршалак шляхты А. Долгово-Сабураў, за менскага гарадзкога галаву сябра управы В. Яноўскі ды самахвалавіцкі валасны старшыня А. Пухальчык. Абвінавачаваў таварыш пракурора А. Юршэўскі. Паседжаньне Палаты адбывалася ў Менску. Па загаду старшыні, „посторонняя публика“ была выдалена з салі суду.

З акту абвіненьня даведаваемся, што справа ўзьнялася ў наступных абставінах.

Уначы з 9 на 10 ліпня 1906 году (ст. ст.) паліцыя, паведамленая земскім начальнікам б участку Менскага павету і сваімі тайнымі агентамі, прыехала ў сяло Мікалаеўшчыну (Нікольскае то-ж) і, увайшоўшы ў памяшчэньне тамтэйшае народнае школы, знайшла тамака зборку, у якой прымалі ўчасьце вучыцялі народных школаў Сымон Самахвал, Язэп Міцкевіч, Кастанцін Міцкевіч, Адам Вайцяхоўскі, Іван Лапцэвіч, Антон Камароўскі, Адам Мілюк, Аляксей Аляшкевіч, Вінцэнт Віолентій, Міхал Пальчэўскі, Уладзімер Міцкевіч, Аляксандра Райскі, Аляксандра Сянкевіч, Мікіпар Янкоўскі, Тодар Калечыц, Іван Фёдараў і Аляксандра Філіповіч. Зборка адбывалася ў кватэры вучыцеля школы ў Мікалаеўшчыне, Сянкевіча, каторы заявіў паліцыі, што гэта — ягоныя госьці, якія зьехаліся ў Мікалаеўшчыну, карыстаючыся летнімі канікуламі.

Аднак, падчас вобыску паліцыя знайшла на стале пратакол, які выясьняў запраўдны характар гэтае зборкі. З яго выяўлялася, што зборка, разгледзіўшы праграму „Всероссійскаго союза учителей и дѣятелей по народному образованію“, пастанавіла ўсей групай 1) далучыцца да „Всероссійскаго союза учителей“, прымаючы ягоную праграму; 2) пашыраць сярод вучыцялёў ідэі Саюзу, прыцягваць іх у сваю групу і дапамагаць у арганізацыі мясцовых груп; 3) пастаўленае на разгляд пытаньне аб патрэбах школы ў паўночна-заходнім краю адлажыць да наступнага зьезду; 4) прыймаючы пад увагу, што дасягненьне пастаўленых у праграме мэтаў зусім немагчыма пры сучасным дзяржаўным ладзе, група за найбліжэйшую сваю мэту прызнала: актыўна імкнуцца да разбурэньня гэтага ладу шляхам беспасярэдняга ўплыву на сялян і арганізацыі іх; 5) дзеля беспасярэдніх зносінаў з цэнтральным бюро „Всерос. союза учителей“ і паміж сабою выбраць бюро групы. Пратакол падпісалі ўсе ўчасьнікі зборкі.

Побач з пратаколам зборкі групы паліцыя знайшла рукапіс пад загалоўкам „Всероссійскій союз учителей“, з якога выяўлялася, што на адбытым у Маскве зьезьдзе пэдагогаў і дзеячоў на ніве народнае асьветы былі выпрацаваны падставы і праект „Всероссійскаго Учительскаго Союза“. Маскоўскі зьезд пастанавіў, што гэты Саюз павінен мець ня толькі мэты прафэсіянальныя, але й палітычныя. Саюз будзе імкнуцца да грунтоўнае рэарганізацыі справы народнае асьветы ў Расеі на падставах свабоды, дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі яе, а такжа за палітычнае вызваленьне Расеі ды за шырокія сацыяльна-палітычныя рэформы. З гэтай мэтай Саюз стаўляе сабе, паміж іншым, гэткія заданьні: а) адкрыта і свабодна, вусна і ў друку, крытыкаваць сучасны школьны лад і ўрадавую палітыку ў галіне народнае асьветы; б) арганізоўваць калектыўныя пратэсты вучыцялёў проці дзеяльнасьці адміністрацыі;… з) прыцягваць грамадзянства і органы грамадзкага самаўраду да абароны вучыцельства ад гвалтаў адміністрацыі і да матэрыяльнае дапамогі асобам, пацярпеўшым за палітычную і грамадзкую дзеяльнасьць;… к) у меру магчымасьці выпаўняць агульныя заданьні палітычнага характару, якія выплываюць з пастановаў Саюзу ці паасобных арганізацыяў яго; л) супрацоўнічаць на грунце палітычнае дзеяльнасьці з другімі прафэсіянальнымі саюзамі дзеля дасягненьня супольных мэтаў.

Із знойдзенага адначасна паліцыяй рукапісу пад загалоўкам „Товаришци Учителя“ вынікала, што „Всеросійскій Союз народных учителей“ паўстаў да жыцьця ў сакавіку і мае ўжо каля 5.000 сяброў.

Адозва гэтая заклікае вучыцялёў да шырокае працы над асьветай народных масаў і да палітычнае барацьбы за волю.

Дапаўняючы гэтыя матэрыялы, акт абвіненьня падае галоўныя рэзалюцыі і пастановы III дэлегацкага зьезду „Всероссійскаго Союза учителей и дѣятелей по народному образованію“, які адбыўся 7-10 чэрвеня 1906 году. Хаця гэты зьезд, каб аблягчыць аб‘яднаньне вучыцельства, выключыў із Статуту Саюзу палітычную мэту, усё-ж ён і далей стаяў на тым гледзішчы, што „учасьце вучыцельства ў барацьбе ёсьць просты абавязак перад бацькаўшчынай і школай, рэарганізацыя каторае на прынцыпах свабоды і дэмакратызацыі ў рамках бюракратычнага ладу немагчыма“. „II-ці дэлегацкі зьезд вучыцялёў і дзеячоў на ніве народнае асьветы лічыць, што павіннасьць Саюзу — прыняць найбольш чыннае ўчасьце ў вызвольнай барацьбе — на баку народу і супраць ягоных крыўдзіцеляў. Зьезд выказавае глыбокае перакананьне, што Саюз, дзякуючы свайму палажэньню, стаіць у беспасярэдняй блізкасьці да працоўнага народу, дык і ўчыніць усе высілкі, каб паглыбляць народную сьведамасьць і дапамагаць у арганізацыі барацьбы ў імя вялікіх ідэалаў працоўнага народу. Уся зямля — народу. Зямлю, волю і ўладу можа даць у рукі народу толькі ўстаноўчы сход, створаны шляхам рэвалюцыйнае барацьбы, на падставе агульнае, роўнае, беспасярэдняе і тайнае падачы галасоў бяз розьніцы полу, нацыянальнасьці і веравызнаньня. Зьезд перакананы, што Саюз будзе змагацца за правядзеньне ў жыцьцё даканца дэмакратычных і сацыялістычных прынцыпаў і за шырокую аўтаномію ўсіх народаў Расеі“…

Паліцыя, забраўшы памянёныя вышэй дакумэнты і сьпісаўшы пратакол, пакінула ўсіх учасьнікаў зборкі ў Мікалаеўшчыне на волі. Было распачата сьледзтва ў гэтай справе, падчас якога выявілася, што, пачынаючы ад вясны 1906 году, у м. Сьвержані і ў суседніх з Мікалаеўшчынай вёсках былі раскіданы і расклейваны па платох розныя проціўрадавыя праклямацыі. Усе думалі, што гэта была работа мікалаеўскіх настаўнікаў. Настаўнікі Сянкевіч і Янкоўскі падчас сьледзтва ўцяклі заграніцу і прыслалі з Даніі на рукі ўладаў заяву, у якой адказнасьць за скліканьне зборкі і прынятыя на ёй рэзалюцыі прыймалі на сябе.

Як відаць з далейшага зьместу акту абвіненьня, менская дырэкцыя народных школ, не чакаючы на вынікі сьледзтва ў справе зборкі ў Мікалаеўшчыне, выдаліла ўсіх учасьнікаў зборкі з іх пасадаў і на іх месца назначыла новых настаўнікаў. Але гэта ня спыніла распачатае працы. У Менскай губ. пачалі тварыцца новыя групы вучыцялёў, жадаючых далучыцца да „Всероссійскаго Учительскаго Союза“. Першая — ініцыятыўная група пастанавіла склікаць дэлегацкі зьезд ад усіх групаў Меншчыны ў канцы 1906 ці ў самым пачатку 1907 году ( — дата зьезду была пазьней перанесена на Вялікадзень). Створанае групай бюро, вядучы арганізацыйную работу, выпускала адумысныя адозвы да вучыцялёў, заклікаючы да арганізацыі. Асабліва энэргічна бюро зарэагавала на звальненьне школьнымі ўладамі ўчасьнікаў мікалаеўскага зьезду. Месцы апошніх былі абвешчаны пад байкотам. Да нованазначаных вучыцялёў былі разасланы пісьмы ад бюро групы з заклікам ураз-жа падаваць просьбы аб пераводзе ў іншыя школы. — 15 сакавіка 1907 году ў м. Карэлічах паліцыя задзяржала на пошце вучыцеля Бязьмена, у якога было знойдзена шмат абцяжаючага яго матэрыялу. Справа пачала разрастацца. Коласа (Кастанціна Міцкевіча) абвінавацілі ў пісаньні пісьмаў аб байкоце. Зрабілі вобыск у Ўладзімера Міцкевіча і знайшлі новы абцяжаючы матэрыял. Вінавацілі-ж яго ў тым, што ён даваў сялянам рэвалюцыйную і апазыцыйную літаратуру, аб чым данёс селянін-правакатар Пятруша. У гэту-ж справу быў ублутаны вучыцель Астроўскі. Сярод рэвалюцыйных выданьняў была беларуская адозва „Праўда аб забастоўцы”, выданая „Першым Краёвым Камітэтам Беларускае Сацыялістычнае Грамады“. Былі такжа адозвы „Всероссійскаго Крестьянскаго Союза“, „Письмо отъ русскихъ крестьянъ Царю Николаю Второму“ і некалькі агітацыйных брашур партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і легальных выданьняў апазыцыйнага характару.

У выніку сьледзтва, падчас каторага віну рэшты вучыцялёў у адносінах да акцыі менскае групы „Всерос. Учит. Союза“ устанавіць уладам не ўдалося, былі аддадзены пад суд чатыры ўчасьнікі зборкі ў Мікалаеўшчыне: Кастанцін Міцкевіч, Уладзімер Міцкевіч, Якаў Бязьмен і Сымон: Астроўскі. Адносна да рэшты справа была прыпынена.

Не падаем формулаваных у акце абвіненьня канкрэтных закідаў падсудным, бо яны пераказваюць тое, што ўжо сказана. Закваліфікаваны яны, як праступкі, прадугледжаныя 51, 126 і 129 артыкуламі расейскага карнага кодэксу.

З акту абвіненьня відаць, што Уладзімер Міцкевіч і Бязьмен адказавалі на судзе з вастрогу, двое другіх — з волі. Уладзімер Міцкевіч прасіў на абарону адваката Казімера Пятрусэвіча, Кастанцін Міцкевіч — Тадэуша Врублеўскага, Астроўскі — „казённага“ адваката па назначэньню Суду. Дзеля таго, што адв. Врублеўскі ня ўзяўся за абарону Коласа, апошняга і Якава Бязьмена бараніў К. Пятрусэвіч, у абароне-ж Уладзімера Міцкевіча і Астроўскага выступіў адв. І. І. Мятлін.

Пратакол засяданьня суду нічога новага ня даў. Характэрна толькі тое, што правакатар Пятруша на суд не зьявіўся. Хаця суд палічыў ягоныя паказаньні ня маючымі вагі дзеля справы і выключыў іх, аднак Пятрушу за ўхіленьне ад выступленьня на судзе пастанавіў пакараць штрафам.

Прыгаворам Судовае Палаты падсудныя Кастанцін і Ўладзімер Міцкевічы і Якаў Бязьмен былі прызнаны вінаватымі ў закіданых ім праступках і засуджаны на ссылку на пасяленьне, пры чым ссылка была заменена — „по обстоятельствам дѣла“ — на трохгадовую адседку ў крэпасьці.

Чацьвертага падсуднага, Астроўскага, суд прызнаў невінаватым і звольніў яго. Засуджаных Міцкевічаў і Бязьмена ўраз-жа заарыштавалі і адвязьлі ў вастрог.

Засуджаныя заявілі, што прыгаворам здаволены.

Дзеля таго, што ў крэпасьці вольных месц ня было, суд загадаў засуджаным адбываць кару ў менскай турме, пачынаючы ад 15 верасьня 1908 году.


∗          ∗

Да гэтага сырога, але даволі характэрнага дзеля тагачасных настрояў і дзеяльнасьці найбольш актыўнае часткі народных вучыцялёў матэрыялу трэба дадаць некалькі слоў выясьненьня.

Справа ў тым, што сярод беларускіх дасьледчыкаў гісторыі адраджэнскага руху пануе пагляд, быццам Колас і ягоныя таварышы былі засуджаны за ўчасьце ў „Беларускім Вучыцельскім Саюзе“. Як мы бачылі з актаў працэсу, судзілі іх за ўчасьце ў мясцовай групе арганізацыі, якая мела назоў „Всерос. Учит. Союз“. Але гэта не зьмяняе факту, што — незалежна ад арганізацыі агульна-расейскае — Колас і некаторыя з ягоных таварышоў ужо пасьля выкрыцьця зборкі ў Мікалаеўшчыне зьехаліся на нелегальны, чыста нацыянальна-беларускі вучыцельскі зьезд у Вільні ўлетку 1906 году, на якім было пастаноўлена стварыць „Беларускі Вучыцельскі Саюз“[1]. Зьезд апрацаваў праграму „Б. В. С.“, у аснове якое было дамаганьне ўвядзеньня ў дзяржаўныя народныя школы на Беларусі беларускае выкладовае мовы. Гэты постулят Колас і другія ўчасьнікі віленскага зьезду меліся праводзіць і ў лёкальнай групе „Всеросс. Учит. Союза“, а праз яе — і ў цэнтралі гэтае арганізацыі, як абыймаючае ўвесь абшар Расейскага Гаспадарства, каб беларускі постулят увесьці гэтак у праграму агульна-саюзную. Гэтак, калі на зборцы ў Мікалаеўшчыне справа асаблівых патрэб школьніцтва ў „Сѣверо-Западномъ Краѣ“ была вызначана дзеля разгляду на наступным зьезьдзе групы Меншчыны, бо ініцыятары зборкі мо‘ йшчэ самі ня мелі сканкрэтызаванага пагляду на гэту справу, дык пасьля віленскага зьезду Колас і ягоныя таварышы ішлі да народнага вучыцельства нашага краю з гатовай праграмай і канкрэтным плянам нацыянальнае працы. Урадавыя рэпрэсіі гэту акцыю разьбілі.

А. Л.



  1. З лічбы ўчасьнікаў Зьезду жывуць яшчэ ў Вільні дзьве асобы: гр.гр. Сымон Кароль і Антон Луцкевіч. Апошні зьмясьціў свае ўспаміны аб Зьезьдзе ў кніжцы „За 25 гадоў“, Вільня 1928.