Палумесяц арэ залатыя барозны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Палумесяц арэ залатыя барозны
верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
Крыніца: http://biadulia.ru/stories/209.htm


Палумесяц арэ залатыя барозны.
Над рачулкаю вольха ківае пагрозна.
Млее хвоя, дрыжыць ува сне.
Ой, чаму я згубіў супакой свой раптоўна?
Ой, чаму гэтак вочы гараць непрытомна?
Ой, чаму стала сумна так мне?
І баліць, вакол шыі вяроўка пляцецца.
Нешта кажа мне сэрца.
Над лагчынай туман шэра-дымнай кудзеляй.
Сіне-росную гафту даліны адзелі.
Будзіць далі трывожны трызвон.
Гулам-гудам злосць-гнеў ён разносіць па краі.
Ой, чаму мне здаецца, што нехта канае?
Ой, чаму чую стрыманы стогн?
Ці да шчасця зачынены дзверы і дзверцы?
Нешта кажа мне сэрца.
Птушкай лезе ўспамін з абяздоленай вёскі.
Там замёрлі жыцця галасы, адгалоскі.
Людзі сталі маўклівы, як пні.
Пазадушана ўсё пад цяжарам магілы.
Чорным крыллем бяда нават сонца займгліла.
І прапалі, патухлі агні. Цішыня.
Анямеласць галечы і смерці.
Нешта кажа мне сэрца.