Перайсці да зместу

Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі
Артыкул
Аўтар: Васіль Дружчыц
1925 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. Дружчыц.

Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі

Умовы Люблінскай вуніі.

Акт Люблінскай вуніі ня прыходзіцца прызнаваць за дагавор дабравольна заключоны на асновах перегавораў роўнага з роўным. Гэта хутчэй вынік вымушанай згоды праціўніка, які здаўся на ласку пераможцы. У такім становішчы была Літоўска-беларуская дзяржава ў час заключэньня вуніі. З аднаго боку пагражала існаваньню Маскоўшчына, якая ў асобе Івана Грознага заняла ня толькі прынятую ў склад дзяржавы Лівонію, але і значную частку Беларусі, а іменна: землі Полацкую і частку Віцебскай і пагражала самаму цэнтру дзяржавы. З другога боку, карыстаючыся гэтым цяжкім надворным становішчам літоўска-беларускага гаспадарства, Польшча—юрыдычная саюзьніца і зьвязаная з ім пэрсональнай вуніяй, аннексіравала Падлясьсе і ўсю Украіну, грунтуючыся на фікцыйных падставах [1], што гэтыя землі з пакон вякоў належалі да Польшчы. Утварыўшы такую аннексію, польская шляхта, марыўшая аб абшарах Украіны, здаволіла свае апэтыты, і далейшая справа аб злучэньні апошняго кавалка Літоўска-Беларускай дзяржавы, самага яе сэрца—цэнтра, пашла болей нормальна. У процэсе складаньня акту вуніі прыходзіцца зьвярнуць увагу на дзьве складных часткі польскага Сойму, апроч шляхты, рабіўшых уплыў на адбываўшыяся зьявы: гэта кароль, ён־жа і вялікі князь літоўска-беларускі, і сэнат—або каронная рада. Кароль, хаця і знаходзіўся ў поўным абкружэньні польскіх паноў і шляхты, ня мог забыць сваіх дэклярацый, якія зрабіў, нядаўна, напрыклад, у навуцы гаспадарскай, да павятовых Літоўскіх соймікаў, скліканых у часы Люблінскага сойму, дзе абяцаў ״постерегати, иж бы в ровности тые панства захованы были, а одно на другое не вывышало“. [2] Кароль быў аднэй з трох складных частак Сойму; 1) Кароль, 2) Паны-рада, або Сэнат і 3) Пасольская ізба. Ня гледзячы на ўсю яго бесталентнасьць і залежнасьць ад Сэнату і паслоў, хоць маленькі яго ўплыў на канчатковым вырашэньні вуніі захаваўся.

Другой сілай быў Сэнат, складаўшыйся з буйных земляўласьнікаў духоўных і сьвецкіх. Іх клясавыя інтарэсы не супадалі з інтарэсамі сярэдняй і асабліва дробнай шляхты, прадстаўнікамі якой была пасольская ізба. У гэты час паны сэнатары, як прадстаўнікі фэўдальнага магнацтва, ужо выпускалі ўладу з сваіх рук; галоўная роля ў кіраўніцтве польскай дзяржавай пераходзіла да шляхты.

Поўнае злучэньне з Літоўска-Беларускай дзяржавай пагражала новым наплывам такога-ж дробнага і сярэдняга шляхэцтва, якое яшчэ болей узмацняла־б шэрагі свайго ўласнага шляхэцтва і тым болей павялічвала-б яго політычную сілу. Спадзявацца на атрыманьне ўрадаў у княстве пры існаваньні там сваёй моцнай клясы паноў, пры існаваўшым і замацаваным у прывілеях і статутах прынцыпе аб раздаваньні ўрадаў толькі тубыльцам, ня было рэальнай магчымасьцю. Гэтым, у значнай меры, можна растлумачыць, чаму польскія паны-сэнатары былі болей згаворчывымі і ўступчывымі пры перагаворах аб вуніі.

Гэтыя абставіны памагчымасьці і скарысталі літоўска-беларускія паны,—дзеля абароны і захаваньня самастойнасьці і незалежнасьці Літоўска-Беларускай Дзяржавы. Пад уплывам усіх гэтых сіл склаўся той акт, які палажыў аснову дзеля новых узаемаадносін паміж Польшчай і Літвою з Беларусьсю. Як компроміс розных імкненьняў ня толькі двух дагаварываўшыхся праціўнікаў, але і стараны наступаючай, ужо часткаю задаволенай атрыманымі значнымі кавалкамі, склаўшыміся з Падлясься і Украіны, акт вуніі не зьяўляецца цэльным і аднальковым на ўсім працягненьні па правядзеньні сваёй асноўнай ідэі.

Галоўная яго думка адбілася у 3 § прывілея: ״што ўжо Карона Польская і вялікае княства Літоўскае ёсьць адно-непадзельнае і адзінае цела, а так-жа ня розныя дзяржавы, а адна спольная Рэч Пасполітая, каторая з дзьвух дзяржаў і народаў злучылася і зьлілася у адзін народ“ [3].

У выкананьне гэтага над абоімі народамі будзе панаваць адзін кароль абіраемы спольнымі галасамі Польшчы і Літвы, пры гэтым адсутнасьць аднэй часткі ня будзе перашкодай.

Асобнае абіраньне і вазьвядзеньне на трон адмяняецца, але цітул вялікага княства Літоўскага і ўрады захоўваюцца, і пры выбарах і коронацыі адразу гаспадар абвяшчаецца каралём Польскім, вялікім князем Літоўскім; Рускім, Прускім, Жмудзкім, Кіеўскім, Валынскім, Падляскім, Інфляндскім.

На коронацыі абраны гаспадар пацьвержае прысягай на адным лісьце і аднолькавымі словамі правы і вольнасьці ўсіх падданых абоіх злучаных народаў і Дзяржаў.

Соймы і Рады абоіх народаў заўжды будуць супольныя каронныя і паны радныя будуць засядаць сярод польскіх сэнатараў, а паслы—сярод паслоў і даваць параду аб супольных патрэбах.

Асобных Соймаў і Станаў выключна польскіх або літоўскіх кароль складаць ня будзе, а толькі спольныя з абоіх народаў.

Дагаворы і згода з другімі народамі вядуцца з парады абоіх народаў.

Монэта павінна быць аднолькавай па форме, весу і надпісу.

Падаткі і мыта з тавараў, вырабляемых ў маёнтках шляхэцкага стану, скідаюцца, як у Польшчы, так і ў Літве.

Усялякія статуты ў уставы, існуючыя ў Літоўска-Беларускай дзяржаве і пакірованыя супроціў народу польскага ў Літве, адносна набываньня і дзяржаньня маёнткаў у Літве, якім бы спосабам паляк яго ні дастаў-па жонцы, выслугай, купляй, дарэньнем, заменай і ўсімі другімі спосабамі паводле грамадзянскага звычаю і права, ня маюць моцы, як супярэчныя праву, справядлівасьці і ўзаемкай брацкай любві, і акту вуніі аб аб‘яднаньні двух народаў.

Але вольна заўсёды (кожнаму) паляку ў Літве і ліцьвіну ў Польшчы набываць і трымаць маёнткі адпаведна права той зямлі, у якой ляжыць маёнтак.

Застаюцца ненарушымым і Вялікаму Княству Літоўскаму яго цітул, дастойнасьці, усе ўрады і станавая значымасьць.

Экзэкуцыя адносна вялікіх княскіх маёнткаў паводле статуту караля Аляксандра і ўсякіх другіх прывілеяў і констытуцый ня будзе пашырана на станы і асобы вялікага княства і іх наступнікаў, ня гледзячы каму і ў які час гэтыя маёнткі разданы. Сэнатары, паслы і ўсе станы гэтай пастановай выключаюць сябе і сваіх наступнікаў права, якім-бы та ня была чынам падымаць і выражаць пытаньні аб экзэкуцыі адносна набытых да гэтага часу маёнткаў.

Усе правы і прывілеі, якія даны ранейшымі каралямі і самым Жыгімонтам Аўгустам да цяперашняга часу ўсім народам вялікага княства—Літоўскаму, Беларускаму, Жмудзкаму і другім народам і жыхаром гэтага княства, а таксама землям, паветам, радам і асобам павінны быць захаванымі і ні ў чым не парушанымі. [4]

Прывілей на вунію Літоўска-Беларускай дзяржавы з Польшчай выразна адбіўшы галоўныя імкненьні польскай шляхты, з аднаго боку выявіўшыйся ў параграфе аб праве набываньня маёнткаў у Літве польскаю шляхтаю, з другога боку, многа месца ўдзяліў і для выяўленьня клясавага характару незалежных імкненьняў літоўска-беларускіх паноў, які баяліся з утварэньнем вуніі страціць свае маёнткі. Яны абаранілі ад экзэкуцыі свае маёнткі і забясьпечылі за сабой уладаньне імі ў будучыне. З гэтага погляду прывілей зьяўляецца надзвычайна характэрнай крыніцай дзеля высьвятленьня тых прычын, чаму так польскае шляхэцтва дабівалася вуніі і чаму так упарта баранілі сваю незалежнасьць літоўска-беларускія паны. Прывілей, як компроміс тых і другіх імкненьняў, выразна адбіў гэта ў сваім зьмесьце.

Трэба адзначыць і надворны бок прывілея—ён выдадзен на імя пралатаў і паноў рады кароннай і паслоў земскіх каронных. Прывілей паіменна пералічвае сэнатараў і паслоў, і ўводзіць ў свой сьпіс і тых радных паноў і паслоў, якія ўвашлі ў каронны Сойм з аннексіраваных зямель Літоўска-Беларускага княства—Падлясься і Украіны. Адносна паноў радных і паслоў земскіх прывілей толькі спачатку ўпамінае аб іх прысутнасьці на спольным Люблінскім Сойме і згодзе на памянёную вуніі, але зусім не пералічае іх паіменна. Гэта тлумачыцца тым, што літоўска-беларускія паны,—радныя паслы і ўсе станы павінны былі з свайго боку даць падобны־жа прывілей.

Аднак, такога акту мы ня ведаем.

Дапаўняючымі актамі да прывілею зьяўляюцца: 1) акт аб пацьвярджэньні вуніі паміж народамі польскім і літоўскім на вальным Люблінскім Сойме, выданы ад іменя Жыгімонта Аўгуста, караля польскага, рускага і інш [5].

2) парадак месц членаў Рады Кароннай, Польскай і Літоўскай, як устанаўляецца ўжо адной Рэчы Паспалітай, утвораны каралём і радай кароннай на Люблінскім вальным спольным сойме 1569 г. [6]

3) Констытуцыі Люблінскага кароннага сойму, аб‘яднаўшага абодва народы—літоўскі і польскі ў 1569 г. [7]

У гэтых дакумэнтах падкрэсьліваецца далучэньне Падлясься, Валыні і Кіеўшчыны да Польшчы, устанаўляецца месца будучым Соймам у Польшчы; соймікі павятовыя адбываюцца звычайна ў Польшчы і ў Літве; адводзіцца месца літоўска-беларускім радным паном сярод сэнатараў польскіх і земля Інфлянтская далучаецца спольна да Польшчы і да Літвы пад абавязкам спольнай абароны. Апроч таго, Сойм па просьбе ўсіх станаў Вялікага Княства Літоўска-Беларускага, а выбраў дэпутатаў для паправы Статуту, „каб ужо ўва ўсіх панствах, як у адзінай Рэчы Паспалітай, аднальковыя правы былі“ а вырышаў некалькі дробных пастаноў аб падатках, адводзе пляцоў для пабудовы дамоў для земскіх судоў і аб астаўленьні паветаў Рэчыцкага і Мазырскага пры Менскім ваяводстве і іншыя дробныя пытаньні. [8]

Суджэньне аб характары злучэньня дзьвух дзяржаў на аснове даных актаў была доўга аднолькавым.

Погляды гісторыкаў склаліся пад уплывам тагочасных поглядаў польскіх шляхэцкіх колаў, якія глядзелі на дэклярацыю прывілею аб зьліяньні двух народаў у адзін, і дзьвёх дзяржаў у адну Рэч Пасполітую; погляды адбівалі жаданьні і імкненьні польскай шляхты, а не сапраўдныя факты. Ужо хроністы XVI в., як Мацей Стрыйкоўскі [9], Марцін Бельскі [10] і Лукаш Горніцкі [11], хоць і ня многа ўдзяляюць увагі акту Люблінскай вуніі, аднак, гавораць аб ім, як аб канчатковым злучэньні дзьвух дзяржаў. Так Стрыйкоўскі піша: „На тым сойме грунтоўна закончылася вунія або аб‘яднаньне Вялікага Княства Літоўскага з каронай Польскай. Валынь-жа, Падлясьсе і Кіеўскае ваяводства далучаліся да кароны, ня гледзячы на тое, што супроць гэтага было многа паноў з Польшчы“.

Літаратура польская XVII і XVIII в. в., а ў большасьці XIX і XX ст., за ёю заходня-эўропэйская і руская разглядаюць акт Люблінскай вуніі такжа, як канчатковае злучэньне дзьвух дзяржаў у адну Рэч Паспалітую. Нават вядомы гісторык Літвы Тэодар Нарбут піша: „Я давёў апавяданьне да эпохі, з якой самастойнасьць вялікага княства перастала існаваць. Адсюль я павінен перадаць далейшае выкладаньне пісьменьнікам гісторыі польскай. Апошні незалежны манарх Літвы і астатні з мужчынскай лініі Ягелонаў памёр, і я ламаю маё пяро на яго труне“ [12]. З пазьнейшых гісторыкаў, нават такія, як М. К. Любаўскі, самастойны і глыбокі дасьледчык гісторыі Літоўска-Беларускай дзяржавы, трымаецца такога־жа погляду. У сваіх „очерках по истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. (Москва 1910 г.)“ ён піша:

„Так закончилось самостоятельное существование Литовско-русского государства, и произошло „втеление“ его в корону польскую. Давнишния вожделения поляков получили, наконец, полное удовлетворение… Раздираемое внутреннею рознью в тот момент, когда требовалось наибольшее единение и напряжение сил, литовско-русское государство и кончило свое самостоятельное существование“.

У. І. Пічэта трымаецца прыблізна такога ж погляду з некаторым нахілам прызнаньня аўтономіі Літоўска-Беларускай дзяржавы і пасьля вуніі. „Впрочем и новая уния не была инкорпорацией Литвы в Польшу. Правда, Литва лишилась части территории; к тому же Подлясье, Волынь, Киевщина и Литовское Подолье были инкорпорированы, но урезанное Литовское княжество сохранило в некотором отношении автономию, в виде права иметь свои уряды, законы, суды. Поляки после долгих споров согласились на это, но за то добились уступки и себе: поляки и литовцы—равноправные народы, а потому оба народа могут свободно занимать должности в обеих странах и приобретать недвижимое имущество, против чего еще недавно высказался Берестейский сейм 1566 года. Несомненно, что если на основании Люблинской унии Литва пользуется отчасти внутренней независимостью, то это дело магнатства. Демократическая же шляхта была настроена менее патриотично. Так усилиями шляхты была заключена парламентарная уния, отдавшая судьбу Речи Посполитой в руки шляхетской демократии и положившая начало тем новым отношениям, которыя в конце концов повели к полному слиянию обоих государств в одно“ [13].

Пр. М. Доўнар-Запольскі зусім туманна выяўляе свой погляд на характар вуніі. Высьветліўшы тэндэнцыі і імкненьні літоўска-беларускай шляхты, дамагаўшайся вуніі і літоўска-беларускіх паноў, абараняўшых незалежнасьць Літоўска-Беларускай дзяржавы, з аднаго боку, з другога боку—жаданьні польскай шляхты аб інкорпорацыі Літоўска-Беларускай дзяржавы у карону польскую, аб самым характары вуніі проф. М. Доўнар-Запольскі абмінае гаварыць ясна і выразна. У яго словах усё-ж такі болей адчуваецца нахіл да прызнаньня, што Літоўска-Беларуская дзяржава і пасьля захавала сваю дзяржаўнасьць: ״Калі заставіць у баку страту Валыні і Украіны, то трэба сказаць, што дастойнасьць літоўскай дзяржавы была абаронена“[14].

Навейшыя працы польскіх гісторыкаў паступова пачынаюць мяняць свой погляд. Так У. Смоленскі піша: ״За літвою засталіся асобныя ўрады, нават асобныя міністры, праз што Літва ня страціла поўнасьцю характару аддзельнай дзяржавы“[15].

Болей рашуча і абкрэсьлена высьвятляе пытаньне аб узаемаадносінах паміж Польшчай і Літоўска-Беларускай дзяржавай на аснове акту Люблінскай вуніі польскі гісторык Ст. Кутшэба. Яшчэ ў першым выданьні сваёй працы "Очерк истории государственного и общественного строя Польшы“ (перевод с польского Ядвиги Пашкович. С-Петербург 1907 г.) С. Кутшэба піша: ״У 1569 г., як і раней, палякі імкнуліся да поўнай інкорпорацыі Літвы, як адносна і другіх тэрыторый. Гэта, аднак, не ўдалося. Далучаны былі толькі ваяводзтвы: Падляскае, Валынскае, Брацлаўскае і Кіеўскае, ужо ў поўным сэнсэ слова, як адносна прывілегіяў, так і строю. Толькі адносна судовага права ў межах Валыні, Брацлаўля і Кіева захаваўся ў моцы літоўскі статут, так званы другі, з 1566 г., вядомы пад назваю Валынскага. Што датычыцца другіх, пакуль яшчэ літоўскіх тэрыторый, то паміж імі і Польшчай справа скончылася вуніяй, і, значыць, няпоўнай інкорпорацыяй. Была абвешчана непадзельнасьць дзяржавы, супольнасьць гаспадара, якога павінны абіраць супольна, супольныя соймы, утварыўшыяся такім чынам, што да ўдзелу ў іх заклікалі тых, хто меў права засядаць у польскім сэнаце, г. зн. біскупаў, міністраў ваявод і каштэлянаў, а такжа прадстаўнікоў соймікаў, нядаўна перад тым утвораных у Літве па польскім абразку. Земскія ўрады і раней былі ў Літве амаль што такія־ж, як і ў Польшчы. За тое заставілі (і гэта была ўступка з боку полякоў) асобныя цэнтральныя ўрады-міністэрствы, пабудаваныя па ўзору Польшчы, і, дзякуючы гэтаму, асобную, цэнтральную адміністрацыю, асобны скарб і ўласные войска. Захавалася такжа і сваё судавае права, згуртаванае ў другім літоўскім статуце. І так Літва атрымала канчаткова ў гэтай апошняй, рашаючай вуніі, цітул роўнай дзяржавы, хаця і ў болей абмежаваных, чым раней, прасторах. ״Рэч Паспалітая з гэтых часоў зьяўляецца саюзам дзьвюх дзяржаў, зьвязаных вуніяй״. Праводзячы гэтую думку да канца, докт. Ст. Кутшэба ў другім выданьні сваёй працы выдзеліў Карону і Літву і выкладае гісторыю іх пабудовы паасобку, называючы I том працы Карона, а другі Літва[16].

Такім чынам навейшая польская літаратура замест старых поглядаў аб поўным зьнішчэньні самастойнасьці вялікага княства Літоўскага-Беларускага прызнае існаваньне Літоўска-Беларускай дзяржавы і пасьля вуніі і акт вуніі лічыць дагаворам, злучаўшым дзьве дзяржавы ў саюз (з сваімі ўрадамі, уласным войскам, правамі ўстановамі і межамі і пасьля Люблінскай вуніі).

Такога-ж прыблізна погляду трымаецца і проф. Леонтович, які прызнае, што аб‘яднаньне, утворанае Люблінскай вуніяй, ня мела характару поўнай інкорпарацыі Літвы з Польшчай, не адмяняла па сутнасьці старой політычнай і адміністрацыйнай самастойнасьці, якой карысталася Літоўска-Беларускае княства да Люблінскай вуніі. Як і раней, княства жыло па свайму праву, кіравалася сваёю самостойнай сыстэмай вышэйшых і ніжэйшых адміністрацыйных і судавых органаў, мела сваё аддзельнае войска і здавальняла грамадзянскія патрэбы з свайго ўласнага бюджэту[17].

З новых рускіх дасьледчыкаў па гісторыі Літоўска-Беларускай дзяржавы проф. І. І. Лаппа яшчэ болей выразна стаў на такі-ж шлях. Свой погляд на існаваньне самастойнага вялікага княства Літоўска-Беларускага проф. І. Лаппа выявіў ужо тым, што разглядае яго асобную гісторыю пасьля Люблінскай вуніі у сваім творы: ״Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586) (Опыт исследования политического и общественного строя. Том первый С. Петербург. Типография И. Н. Скороходова 1901). Разглядаючы Люблінскую вунію проф. Лаппа прыходзіць да вываду "отдельности княжества от короны ясно сознаваемой и поляками и литовцами XVI столетия“. Існуюць радам ״отдельные литовские и отдельные польские дела“ і цікавасьці у палякаў да ўласна літоўскіх спраў, а ў літоўцаў да польскіх ня было пасьля зацьверджаньня акту вуніі. На сойме палякі і літоўцы маюць сваіх асобных ураднікаў. Галасы літоўскім паном радным раздае літоўскі марашалак, польскім—польскі. Пакуль існавала соймавае значэньне літоўскіх урадаў, да тых часоў у літоўскага народу ўсягды перад вачамі існавалі відзімыя і датычныя для кожнага знакі асобнасьці Літвы і Польшчы. Яны былі як-бы маякамі, якія асьвятлялі літоўскаю асобнасьць. Гэтая сьвядомасьць асобнасьці Літоўска-Беларускай дзяржавы падтрымлівалася існаваньнем доўгі час асобнай літоўскай монэты, а асабліва асобнай мовы, заставаўшайся мовай законаў і юрыдычнага жыцьця да канца XVII веку. Захоўваючы ״русский язык“ (ведама-беларускі) у сваіх законах, каралеўскіх распараджэньнях і судах, Літва абараняла і сваю асобнасьць ад кароны. Разам з моваю ахранялі сьвядомасьць Літвою свае асобнасьці і яе ўнутраныя урады і парадкі, утвораныя звычаем і старыной і стаяўшыя пад абаронай літоўскага Статуту. Старыя звычайныя парадкі захоўваліся, і захаваньне старыны ў дзяржаўным і грамадзянскім укладзе было нават уведзена ў політычны прынцып княсства. Калі захаваньне політычнай старажытнасьці было прынцыпам, аабвешчаемым літоўскім урадам у XIV і XV стагодзьдзях, то яно заставалося і ў наступныя часы незалежнага ісйаваньня Літоўска-Беларускага княства, як заставалася і ў эпоху, наступіўшую пасьля Люблінскай вуніі 1569 году, і Літва зрочна абараняла сваю старажытнасьць.

Люблінская вунія высьветліла эгозім палякоў да Літвы актам аннексіі Падлесься і Украіны. Самы акт пераходу гэтых зямель ад Літвы да Кароны ў 1569 г. зьнішчае магчымасьць лічыць Літву і Польшчу адзінай дзяржавай. Інакш гэта адарваньне ня мела б ніякага сэнсу, гэта было-б простым перакладаньнем з аднэй кішэні ў другую. Самы факт адарваньня ад княства багатых зямель выклікаў сярод грамадзянства Літоўска-Беларускага княства пачуцьцё глыбокага нездавальненьня вуніяй і палякамі і недавераньне да апошніх. Недавераньне да Польшчы, неабходнасьць пазіраць за кожным крокам палякаў, чы ня хіліцца ён да парушэньня літоўскіх інтарэсаў, павінны былі зьявіцца пастаяннымі падарожнікамі літвінаў, калі яны мелі справу з палякамі. Было лі магчыма поўнае зьліяньне Літвы з Полшчай пры такіх умовах? Дзіўная чыннасьць палякоў у адносінах да ״братскага“ народу, які яны аграбілі зусім не пабрацкі, зьнішчаў у корні магчымасьць гэтага і адначасна прымушаў літвінаў цясьней збліжацца паміж сабой, асьцерагаючыся паўтарэньня польскіх вівісэкцыяў і тэрыторый Літоўскага княства. Усе, што адбывалася паміж літвінамі і палякамі ў 1569 г., утварыла атмосфэру такога незадавальненьня ліцьвінаў палякамі і такога ўзаемнага недавераньня, што зьліваньне абоіх народаў надоўга стала немагчымым. Вунія, заключоная такім спосабам, які абралі палякі, утвараючы аб'яднаньне з надворнага боку, утварыла адначасна глыбокую ״розьнь“ паміж абоімі народамі, і ўсякая думка аб ёй выклікала ў адчуваньні ліцьвіноў столькі абражлівага і ўніжаючага, што аб злучэньні двух народаў у адно целае не магло быць і гутаркі.

Затым проф. І. І. Лаппа зьвяртае ўвагу на артыкул прывілея аб агульным сойме, па зьместу якога ўсе паны-рада і станы абоіх народаў павінны памагаць друг другу верна, усімі сваімі сіламі, лічучы агульнымі шчасьце і няшчасьце. Пры правядзеньні ў жыцьцё гэтага пункту прадстаўнікі абоіх народаў не маглі згаварыцца нават у пытаньнях агульнай абароны, а ў справах унутраных нежаданьне працаваць адзін дзеля другога яшчэ прыметней. Літоўцы зусім адмаўляюцца абгаварываць няцікавыя для іх польскія справы на Люблінскім сойме, а палякі ня цікавяцца справамі літоўскімі. Літоўскія констытуцыі, якія ня былі непасрэдна цікавымі для польскіх членаў сойму, павінны былі праходзіць без агульнага іх абгаварываньня, што не магло не падтрымліваць сэпаратызму Літвы. Працівалегласьць інтарэсаў і адсутнасьць праўдзівасьці і сяброўскага пачуцьця паміж палякамі і літоўцамі, якія аб‘ядналіся, з адсутнасьцю інтарэсу адзін да другога і сьпешнасьцю пры абгаварваньні, няпрынцыповых спраў, разбурвалі ў сапраўднасьці артыкул дагавору вуніі аб агульных народах, і рабілі яго невыпаўнімым. Літва і Польшча засталіся аддзельньімі адзінкамі з асобнымі тэрыторыямі і асобнымі правамі і пасьля вуніі 1569 г., хаця яны і мелі суполъны сойм і супольнага караля. Заключэньне вуніі ў тым выглядзе і тымі спосабамі, як яна ўтварылася ״нанесло новую рану литовцам и повело к пущему раздору“ і зусім ня зьліла канчаткова Літву і Польшчу. Літоўскае вялікае княства засталося і пасьля 1569 г. са сваімі парадкамі, асобнасьцямі і Люблінскі сойм патрабаваў толькі, каб літоўцы селі з палякамі ў супольным сойме і не падумаў аб болей глыбокай рэформе Літвы, дзякуючы якой яна зрабілася-б Польшчай.[18]

Такія вывады проф. І. І. Лаппа сталі магчымымі, дзякуючы ня толькі разгляду Люблінскай вуніі і папярэдніх перад ею фактаў, але і спэцыяльнаму вывучэньню хода гісторыі Літоўска-Беларускай дзяржавы і пасьля 1569 г. Гэта вывучэньне даведзена ім да 1586 году.

Погляды ранейшых гісторыкаў аб канчатковым зьнішчэньні самастойнасьці вялікага княства актам Люблінскай вуніі ў значнай меры залежалі ад поўнай нераспрацаванасьці нашай гісторыі пасьля 1569 г. І цяпер яшчэ гэта ў поўным сэнсе слова tabula rasa (чыстая папера). Вось чым тлумачыцца, што і польскія апошнія гісторыкі, разглядаючы болей меней об‘ектыўна гістарычныя факты пасьля Любінскай вуніі, як Кутшэба і рускія, як Лаппа, прыходзяць к аднолькавым вывадам: Літоўска-Беларуская дзяржава ня страціла з актам Люблінскай вўніі сваёй самастойнасьці. Яна захавала ўсе адзнакі сваёй дзяржаўнасьці як тэрыторыю, урад, войска, дзяржаўную мову і свой кодэкс права, пры супольным каралі і сойме, але самыя спольныя соймы і нарады маюць характэр перагавораў розных народаў, а не агульных нарад.

Трэці Літоўскі Статут.

Другім важным дакумантам дзеля высьвятленьня становішча Літоўска-Беларускай дзяржавы ў складзе Рэчы Пасполітай зьяўляецца III Літоўскі Статут. Ужо проф. Лаппа ставіць пытаньне і часткаю вырашае яго, што Статут 1588 г. зьяўляецца асновай дзяржаўнага права Літоўска-Беларускай дзяржавы.[19]

Гэтае права ня толькі дапаўняе прывілей і констытуцыю Люблінскага сойму, але ў значай меры і корэктуе іх на карысьць Літоўска-Беларускага княства.

Статут 1588 году да сяго часу зусім мала вывучан з боку яго значэньня, як дзяржаўнага права.

Ужо Люблінскі сойм 1569 г. утварыў комісыю дзеля паправы статуту і прыстасаваньня яго да польскага права. Звычайна лічаць тэта мэтаю выданьня III Статуту 1588 г. Дзеля выкананьня гэтага заданьня была складзена комісія, у якую увашлі: ад паноў рады—Віленскі біскуп Валяр'ян Пратасэвіч, Жамойцкі каштэлян Мельхіор Шэмет, ад шляхты—Мікалай Дарагастайскі, князь Лукаш Сьвірскі, Ян Стацковіч, Бзнэдзікт Юрага, князь Павез Сакалінскі, Ян Смолка, Kipдзей Крычэўскі, Селецкі і Мартын Валадкевіч, апроч таго, Віленскі войт—Аўгусьцін Ратундус і два земскіх пісара—Віленскі, Андрэй Mapковіч, і Ашмянскі—Пётр Станіслававіч[20].

На справу дэпутатам комысіі, пакуль яны будуць працаваць, паложана з усіх абыватэляў вялікага княства з кожнай валокі па аднаму грошу, з дымоў Падляскіх—па 8 пенязеў, з агароднікаў—па 4 пенязі, з баяр путных і панцирных—па аднаму грошу, з шляхты, ня маючай людзей,—па 2 грошы з дыму[21].

Звычайны погляд, што прычынай утварэньня новага Статуту, была мэта параўнаньня праў літоўскага народу з правамі польскімі ня адпавядае сапраўднасьці. Другі Літоўскі Статут быў выдадзен сьпешна і ״недаправенный да канца״. Ужо Берасьцейскі сойм 1566 займаўся яго паправай, а Гародзенскі сойм 1568 году склаў нават комысію дзеля направы Статуту 1566 г., у якую ўвашлі чатыры радных пана і некалькі пэўных асоб з шляхты. Трэба заўважыць і тое, што ў Комісію, абраную на Люблінскім сойме не ўвашоў ні адзін паляк, а ўся яна складалася з прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўска-Беларускага. Месцам для заняткаў комісіі была назначана Вільня.[22]

Ужо па пытаньні аб тым, кім быў зацьверджан Статут 1588 г., у літаратуры выказаны працівалеглыя погляды. Адны вучоныя, як Леантовіч, да погляду каторага далучыўся і М. К. Любаўскі, упэўнены, што Статут зацьверджан Коронацыйным соймам 1588 году. Самае зацьверджаньне Статуту ня было актам аднаго караля; яно адбылося шляхам ״намовы“, або шляхам разгляданьня Статуту супольна з панамі радамі і панскай ізбой. З іх ״пазваленьня“ (глядзі прывілей 1 лютага 1588 году) кароль, як прадстаўнік улады ў дзяржаве, зацьвердзіў статут сваім прывілеем. Сумненьняў адносна законадаўчага пахаджэньня Статуту ніколі і ніхто не заяўляў, ды іначай і не магло быць, пры тым ходзе рэдакцыйнай працы, якая вялася пры выданьні Статуту[23].

Другі погляд выказан С. Л. Пташыцкім: ״Трэці Статут быў зацьверджан не ў законадаўчым парадку, як зацьверджываліся констытуцыі (кароль, сэнат і сойм), а “единолично“ каралём пасьля перагавораў яго з станамі абоіх народаў[24].

Проф. І. І. Лаппа па гэтым пытаньні выказваецца ў многіх сваіх працах і нават удзяліў яму спэцыяльны артыкул[25]. Дзеля вырашэньня гэтай спрэчнасьці проф. Лаппа ставіць тры пытаньні: 1) якія ўказаньні на соймавае зацьверджаньне трэцяга Статуту мы маем у ём самом, у дакумантах, далучаных да яго тэксту, а такжа ў констытуцыі каранацыйнага сойму 1588 году. 2) Мог лі быць зацьверджан трэці Статут Коронным соймам з тым зьместам гэтага кодэксу, які ён сапраўды мае і 3) як утварылася яго зацьверджаньне.[26]

Звычайнай адзнакай соймавай санкцыі зьяўляецца ўнясеньне таго ці іншага акту ў соймавую констытуцыю і адпаведнае адзначэньне спосабу зацьверджаньня маецца ў самым акце. Адносна Статуту 1588 г. у констытуцыі коронацыйнага сойму не гаворыцца ні слова. У самым Статуце і ў яго дадатковых актах таксама ня відна гэтага зацьверджаньня. У лісьце Л. Сапегі, у якім Сапега зьвяртаецца з падзякаю да караля німа ніякай адзнакі аб зацьверджаньні соймам: ״Ваша королевская милость, наш Милостивый пан, имя свое велце славное межы нами рачылесь учинить, же Статут новый, а на многих месьцях от людей мудрых, а в правах беглых, з народу нашаго на то обраных, поправленый на том першом в'ступку панованья своего рачилесь нам потвердити, а иж бы вжо вси суды в том панстве вашое королевское милости, славном Великом Княжестве Литовском, так были отправованы, з ласки своей господарской рачились нам позволити, тогда я, именем все речи посполитое (разумецца Літоўскае), вашой королевской милости, своему милостивому пану, покорне за так милостивую ласку дзякую“.

У прывілеі Жыгімонта Вазы таксама ня маецца ўказаньняў на тое, што Статут быў зацьвержан ухвалаю сойму. Коронацыйны сойм у прывілее упамінаецца толькі для адзначэньня месца і часу, а не як улада даючая сваю санкцыю. На сойме Статут быў "прогледан" і Жыгімонт Ваза ״памовлялся“ аб ім з панамі радаю і станамі абоіх нородаў, но не быў зацьвержан па ״зволеньню" і ״згоде“ станаў сойму, якія павінны былі выліцца ў ухвалу сойму і быць запісаны ў яго констытуцыі.

Па сваім зьмесьце Статут ня мог быць зацьвержан, бо ен йшоў супроць акту Люблінскай вуніі. У сваіх артыкулах ён зьмяшчае: 1) захаваньне поўнай асобнасьці ад Польшчы Вялікага княства Літоўскага, яго дзяржаўнага значэньня, недатычнасьці і цэласьці яго тэрыторыі з абавязкам для гаспадара вярнуць у склад яе тое, што з яе разабрана ״і ўпрошана“ другімі дзяржавамі; 2) асобную прысягу гаспадара Вялікаму Княству Літоўскаму, зьнішчаную ў 1569 годзе на Люблінскім сойме, утварыўшым адзіную агульную прысягу каралёў дзеля кароны і княства, як аднае дзяржавы; 3) незалежную і асобную ад кароннай рады дзейнасьць Рады Княства; 4) прызнаньне права на атрыманьне спадкавых зямель выключна родзічам вялікага княства.

Разглядаючы зьмест артыкулаў Статуту 1588 году і раўняючы іх з пастановамі Люблінскага сойму, можна зрабіць вывад, што Вялікае княства ня лічылася з актамі вуніі, а калі гэта так, то немагчыма было чакаць ад спольнага сойму згоды на зацьвяржэньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага з падобным зьместам. Даць гэту згоду значыла־бы для Польшчы формальна, шляхам соймавага законадаўства, адмовіцца ад пастаноў Люблінскага сойму 1569 году.

Як־жа быў зацьверджан Трэці Літоўскі Статут? Высьвятленьня гэтага пытаньня ў значнай меры зробіць болей ясным і зразумелым самы зьмест Статуту і яго паходжэньне з пастановамі Люблінскай вуніі.

Паправа Статуту 1566 году фактычна пачалася ужо да Люблінскай вуніі. Ужо Берасьцейскій сойм таго-ж 1566 году ў ліку сваіх спраў уводзіць і ״паправу“ Статуту. Горадзенскі сойм 1568 г. для паправы выбірае комісію і ўстанаўляе спосаб яго паправы. Люблінскі сойм так-жа пастанавіў паправу, паставіўшы новае заданьне—прыстасаваць законы вялікага княства да законаў кароны, але ў склад камісіі ня увёў ніводнага польскага прадстаўніка.

Пасьля Люблінскага сойму кіруючыя колы Літоўска-Беларускай дзяржавы ня толькі не выказваюць жаданьняў правесьці ў жыцьцё пастановы сойму, аб зьліяньні дзьвюх дзяржаў і двух народаў у вадно цэлае, но і ўпарта й напружана вядуць змаганьне за абарону незалежнасьці. Многа раз яны падымаюць пытаньне аб звароце анексіраваных Падлесься, Валыні і Украіны, вядуць самастойную надворную політыку з Масквой, адмаўляюцца прызнаваць констытуцыю 1573 году, ухваленую Варшаўскім соймам і, наканец, адмаўляюцца прызнаваць абранага Стэфана Баторыя, і прызнаюць яго пасьля асобнай прысягі і задаваленьня другіх сваіх дамаганьняў, выстаўляюць цэлы шэраг і другіх затрабаваньняў, як падзел Ліфлянт, для замацаваньня сваёй незалежнасьці[27].

Значную частку гэтых патрабаваньняў яны зьдзейсьнілі. У ліку гэтых дамаганьняў было й зацьверджаньне Статуту. Ужо на Варшаўскім сойме 1582 году Літоўска-Беларускае княства, патрабавала зацьвержаньня Статуту без разгляданьня яго соймам, але польская частка Сойму абараніла абавязковае яго разгляданьне.[28]

На Віленскім зьезьдзе 1584 г. кароль Стэфан Баторы даў гарантыю зацьверджаньня Статуту, аднак гэтага яму зрабіць не ўдалося. Толькі ў бескаралеўе пасьля сьмерці Стэфана Батора, калі ўладу караля браў на сябе "народ“, вялікае княства стала, болей рашуча ў сваіх дамаганьнях. Як асобная дзяржава, Літоўска-Беларускае княства ня прымае ўдзелу ў супольных соймах, а вядзе з імі перагаворы праз сваіх прадстаўнікоў, утварае свае соймы. У 1587 годзе яно зьбірае ў Вільні тры зьезды: у студзені, кастрычніку й лістападу, якія ўжо маюць характар не галоўных соймікаў, а ранейшых соймаў.[29] Зьезды вырашалі пытаньні адносна задаваленьня бягучых патрэб княства й выставілі цэлы шэраг дамаганьняў да Польшчы. Паміж Каронай і Літвой была ўстаноўлена згода, замацаваная асобным актам 4 жніўня 1587 г. Па гэтай згодзе быў вызначан шлях, якім літоўцы могуць атрымаць задавальненьне сваім дамаганьням: пэрсональнае рашэньне новага караля ў выпадку нязгоды паміж каронаю й княствам на будучым каранацыйным сойме. Дамаганьні павінны быць пацьверджаны дакумантальнымі довадамі. Гэта дасягненьне было магчыма дзякуючы цяжкаму становішчу Польшчы. Шляхэцтва Польшчы падзялілася пры выбарах караля на дзьве партыі, а Літоўска-Беларускае княства пагражала абвясьціць вунію разарванаю і дзейнічаць зусім незалежна.

Элекцыйны сойм 1587 г. выклікаў новае выступленьне Літоўска-Беларускага княства. Княства ня прызнала выбараў ні Жыгімонта Вазы, ні Максімільяна і абвясьціла аб гэтым асобным унівэрсалам. Скліканы ў кастрычніку ў Вільні зьезд паноў рады і шляхты прызнаў, што выбарамі двух каралёў парушана вунія. У лістах да палякоў Літоўска-Белар. княства трэбавала захаваньня вуніі, і ў лісьце да абоіх абраных каралёў было паслана запатрабаваньне ня прымаць абраньня, бо ў выбарах вялікае княства мае вольнае і роўнае права з народам польскім.

Зьезд у лістападзе 1587 г. абраў пасольства да абоіх номінатаў, якое ў ліку ўмоў паставіла і патрабаваньне зацьверджаньня і выданьня Новага Статуту[30]. У гэты час, як Літоўска-Беларускае пасольства вяло перагаворы паміж прыхільнікамі абоіх номінатаў йшла сапраўдная вайна. У бойцы пад Бычыным 24 студзеня 1588 году прыхільнікі Максімільяна былі разьбіты, а сам ён узят у палон. Літоўска-Беларускае пасольства ўважна сачыла за ходам змаганьня і, даведаўшыся аб перамозе прыхільнікау Жыгімонта Вазы, прызнала яго каралём, паставіўшы яму свае ўмовы. Дзеля падмацаваньня іх яно вааружыла свой народ— шляхту. Знаходзячыся ў такім становішчы, Жыгімонт Ваза, на нарадзе з кароннымі сэнатарамі, прыняў умовы княства, і 28 студзеня прынёс прысягу княству, выдаў прывілей, якім зацьвярджаўся Статут. Па славам Гейдэнштэйна, Каралеўскага сакратара, згода каронных Сэнатараў была вырвана да таго, пакуль палякі не даведаліся аб выніках Бычынскай бойкі.

Гэтыя спрэчкі аб зацьверджаньні III Статуту падняты ў XIX і XX стагодз. Усе гісторыкі, якія разглядалі гэта пытаньне, не зьвярнулі ўвагі на досыць выразнае і яснае апавяданьне хроністага ХVІ веку Іоахіма Бельскага. ״Літвіны“ піша ён, ״тымчасам свае зьезды часта зьбіралі, абгаварваючы да якога элэкта далучыцца. Да іх яшчэ з Вісьліцы паслан быў падсудак Люблінскі Станіслаў Неглеўскі, каторы, будучы на вялікім зьезьдзе паноў Рады, прасіў іх, каб яны разам з кароннымі станамі далучыліся да кандытатуры каралевіча Швэцкага, і запрасіў іх на коронацыю ў Кракаў. Але там-жа былі паслы і ад прыхільнікаў другога электа—Максімільяна. Затым літвіны выправілі сваіх паслоў да Кракава. У ліку іх былі ад паноў Рады— Троцкі ваявода Ян Глебавіч; падканцлер Леу Сапега, а ад шляхты—Бенедзікт Война, Зьміцер Халецкі, Габріэль Война і інш. Ад іх імя гаварыў Глебавіч. За тое, што караля яны не абіралі, яны выгаварылі сабе палову Ліфлянт, атак-жа прымусілі караля зацьвердзіць свой новы Статут яшчэ да прысягі (krolowi dopoprysic wtracili, zenia iez wtrowili), які найбольш усяго варожы супроць палякоў. Але гэта ўжо адбылося пасьля коронацыйнага сойму, і ня ведаю, як можа быць законным тым болей, што яны зацьвердзілі (ukowali) яго бяз нас, у той час, як мы самай нязначнай пастановы на сойме без іх удзелу не ухваляем[31].

З процэсу зацьверджаньня статуту мы бачым, што статут убачыў сьвет у выніку цяжкай і досыць доўгай барацьбы за незалежнасьць Літоўска-Беларускае дзяржавы. Ужо самы ход барацьбы паказвае выразнае выступленьне вялікага княства, як самастайнай дзяржавы, каторая вядзе сябе з Польшчай, як роўная з роўнай і як асобная дзяржава. Зразумела, што калі Статут зьявіуся, як вынік барацьбы і ў процэсе барацьбы, то ён павінен быў адбіць і замацаваць на сваіх старонках політычныя жаданьні Літоўска-Беларускіх кіруючых колаў і ўстанавіць новыя ўзаемаадносіны да кароны, бо умовы існаваньня княства ў складзе Рэчы Паспалітай на аснове пастаноў Люблінскага сойму адразу пасьля іх утварэньня, як і ў самы момант утварэньня, не задавальняюць панскае і шляхэцкае грамадзянства Літвы і Беларусі.

Па прывілею Люблінскага сойму, які вырашае будучыя узаемаадносіны дзьвех дзяржаў пастанаўляецца, што з гэтага часу карона польская і вялікае княства Літоўскае ёсьць адно непадзельнае і аднолькавае цела, а так-жа ня розная, а адна Рэч Пасполітая, каторая з дзьвех дзяржаў і народаў спаялася і зьлілася ў адзін народ.

Пасьля амаль што не 20 год па выданьні гэтага прывілея, гэтая спайка не адбылася і ўжо ў зацьверджваючым Статут прывілею Вялікае княства прызнаецца дзяржавай-панствам, якому кароль прыносіць прысягу і да актаў якога прыкладаецца ўласная дзяржаўная пячатка і, гаворачы аб абедзьвух панствах Рэчы Паспалітай, выказваецца ў множным ліку. Таксама і народы ня зьліліся ў адзін, а застаюцца два.

״Мы господарь знаючы быти повинность нашу ижь есмо тым панством на которых нас пан бог з ласки и воли своее святое задобровольным обудвух народов кароны польскаей великого князьства литовского обраньнем посадити рачыл, повиньни права вольносьти и свободы их не толко цело и не порушимо держати, але штобы на болей примножати сраведливость и оборону чинити, помнечи теж и на то, яко тыя оба два славные народы польский и литовский, опустивши много иншых славных и зацных панов, которые се о паньства з великими обетницами ни одно примноженыя прав, свобод и вольностей шляхетских, але розширьнья тых паньств и прабавленьня им многих пожитков старали, до нас хуть и волю свою склонивши нас господаря за пана собе зверхнего на корону польскую и на вяликое князьство литовское взяти волели, тою мы вдячни от них будучи, и хотячи им завжды прав, вольностей и свобод вшеляких, прикладом продков нашых прибавляти и примножати, на сесь час с повинности нашое господарское намовившись в том с паны радами нашими, и зо всими стана обоего народу на сойме вальном коронации нашое будучими, тот Статут права великого князьства литовского новоправленый, сим привильем нашим ствержаем и всим станам великого князьства литовского ку ужываньню на вси потомные часы выдаем, водле которого вже якось мы сами господар, так и вси иные станы, обыватели великого князьства литовского заховатися маем и под тою ж прысегою нашою которую есьмо на вси права и вольности, великого князьства литовского учинили, шлюбуем и обецуем, и вжо во всих землях и поветех в рядех и судех вшеляких до великого князьства належачых вси справы судовые порядком в том Статуте новоправленным описаным отправовати почати мають, в року пришлом тисеча пятьсот осьмдзесять девятом в трех кролех святе рымском, на роках судовых земских, але на потом завжды кагды одно того потребовати будеть вольность поправаньня того, Статут вцале им заховываем. А иж бы там рыхлей всим ку ведомости и ужываньню прыйци мог, про то тот Статут новоправленный и правильями земьскими, письмом польским и руским друковати и в поветы разослати велели есьмо, яко к для лепшое певности и ствержаньня того Статуту, сесь наш прывилей на сойме коронацыи нашое, рукою нашою подписавши и печать нашу великого князьства литовского да его привести и казавши станом великого князьства литовского, дали есмо, ведь же тот Статут, новопроправленный, звязьком, и списом унии, ни в чем противен быти и ничого шкодити и у-ближати не маеть. Писан у Кракове лета божаго нароженьня 1588 генваря 28 дня.

Сикисмундус Рекс.

Лев Сапега подканцлерий

Великого князьства литовского

Кгабриель Война Писар.
[32]

Вялікае княства Літоўска-Беларускае трактуецца як дзяржава на працягу ўсяго статуту[33] Напрод мы гаспадар обецуем і шлюбуем под тою ж прысегою, которую учинили есмо всим обывателем всих земль паньства нашого великого Литовского, иж всих княжатъ־ панов рад духовных и светских, панов хоруговных, шляхту, места всих поданных наших, и всих станов в том панстве нашем вяликом князьстве литовском, и иных всех земль, здавна ку тому паньству прыслухаючых, почоншы от вышшого стану аж до нижшого, тыми одными правы и артыкулы в том же Статуте нижей писаным, и от нас даными судити и справовати маем, так же чужоземцы заграничники великого князьства литовского, прыежджые и яким колвек обычаем прибылые люди, тым же правом мают быть сужоны, и на тых врадех, где хто выступить.[34]

Гэтым артыкулам вызначаны ня толькі назвы дзяржавы-панства вялікага княства Літоўскага, але і ўсе яго адзнакі: тэрыторыя, складаючаяся з усіх зямель панства і зямель, ״здаўна прыслухаючых ку тому паньству“, жыхарства, якое дзеліцца на "обывателей“, которыя складаюцца з паноў радных духоўных і сьвецкіх, паноў хоругоўных, шляхты, мяшчан і ״паданых“, гэта значыць, сялян, як гаспадарскіх, так і паданых другіх станаў. Грамадзян вялікага княства Статут строга аддзеляе ад загранічнікаў і чузаземцаў, якія аднак падлегаюць і адпаведаюць за ўсе учынкі літоўска-беларускаму дзяржаўнаму праву. Дзяржава або паньства вялікае княжастве літоўскае выдзяляецца з другіх паньстваў Рэчы Паспалітай ״Уставуем же выволанцы велікого князьства литовского так же и чети отсужоные во всих паньствах нашых не только у великом князьстве литовском, але и во всих паньствах наших не маюць быти ни через кого переховываны".[35]

Абразіўшы словам гаспадарскі маестат сядзіць у турме, аселый у Вільні, а неаселы можа і ў другім месце "ведь же не инде одно ў великом князьстве.“ I таковую ״справу“ тэж не инде, одно у великом князьстве литовском с паны радами, нашими судити маем[36]. Асобнасьць вялікага княства як самастойнай дзяржавы на працягу ўсяго Статуту рэзка падкрэсьліваецца. Назва паньствам Вялікага Княства ўстанаўляецца амаль што ня ў кожным артыкуле, выдзяляецца з другіх дзяржаў, падлеглых таму-ж самаму гаспадару, наша панства працівалегла чужым іншым панствам[37]. Такое падкрэсьліваньне назвы вялікага княства дзяржаваю і такая частасьць ужываньня гэтай назвы тлумачыцца бязумоўна тымі незалежніцкімі тэндэнцыямі комісіі, складаўшай Статут і ўсяго панства і шляхэцтва, асабліва першага, якім было яно ахоплена ў першыя часы пасьля Люблінскай вуніі. Добра зразумеўшы, што на спольным сойме нельга дабіцца згоды палякоў, яны выбралі другі шлях замацаваньня сваіх імкненьняў, шлях унясеньня іх у Статут і такім чынам замацаваньня сваёй дзяржаўнай незалежнасьці. З гэтай прычыны Статут зьяўляецца асноўнай констытуцыяй Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.

Падкрэсьліваючы значэньне вялікага княства, як асобнага ״панства“ Статут вызначае і склад зямель ״к тому панству прыслухаючых“[38] і яго межы. Едучы у замежныя дзяржавы, павінен мець пропуск, ״тады маюць такового за се з границ паньства нашего за тым же кглейтом нашим пропустити“[39]. Устанаўляючы тэрмін позваў у суд, Статут падкрэсьлівае ״если будем в здешнем панстве—за чотыре недели, астли заграницею того панства будем за осм недель“[40]. Вялікі князь абецае усім абыватэлям і абавязываецца за сябе і сваіх наступнікаў пад прысягой, якую ён учыняе усім абывателям ״всих земель великого князьства литовского, так тое то славное панство вялікое князьство и вси земли ку нему здавнаи тепер належачые в славе тытулех, століцы зацности, владзы, можности, расказываньню... и теж в границах ни в чем умешивати и уймовати або понижати не маем, и а в тем еще всего того примножати хочем и будем[41]. Гаспадар велик князь дае абавязак вярнуць тыя землі, якія адайшлі да варожых дзяржаў і тыя што ״ку иншему панству от того паньства нашего коли кольвек упрошоно, то за се ку власности того великого княжства привесьти, привлащити и границы направити обецуем.“[42]

Што Літоўска-Беларускае княства мела свае межы, выразна сьведчыць факт доўгіх і частых дамаганьняў звароту анексіраваных Падлясься і Украіны, ад чаго не адмаўляецца і статут, а за тым Лівоніі, атрымаўшай назву Інфлянт. Першыя вярнуць не ўдалося; інфлянты жа былі падзелены паміж Польшчай і Літоўска-Беларускай дзяржавай. Па рашэньні Люблінскага сойму Інфлянты павінны былі належыць да абедзьвюх дзяржаў адначасна, а пастановай элекцыйнага сойму 1587 г.[43] яны падзелены паміж Польшчай і княствам. Дзеля падзелу назначаны былі спэцыяльныя камісары, што зацьверджана рэцэсам коронацыйнага сойму 1588 г.[44] Існаваньне меж Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля вуніі непадлеглае спрэчкам.

Як сымбол асобнай дзяржавы Літоўска-Беларускае княства мае свой дзяржаўны гэрб і пячатку[45].

Жыхарства. Абодвы народы па ўмовах Люблінскай вуніі зьліваюцца ў адзін народ. Як грамадзяне аднэй дзяржавы палякі ў Літве, а літоўцы ў Польшчы маюць права набываць маёнткі ўсімі законнымі спосабамі і ўсе пастановы, перашкаджаючыя гэтаму, павінны быць скасаваны[46]. З набываньнем маёнтку набывалася аселасьць і права займаць урады. Статут вырашае гэта зусім наадварот і згодна з асноўнай сваёй ідэяй аб дзяржаўнай незалежнасьці, праводзячы погляд на княства, як на самостойную дзяржаву, статут прыстасоўвае да яе і свае разуменьне аб грамадзянстве гэтай дзяржавы. Статут вытрымана і строга адрозьнівае і падкрэсьлівае абыватэляў ״родичов старожитныхъ и уроженцовъ великого княжества“, ад ״чужоземцовъ заграничниковъ и суседовъ“[47]. Адпаведнасьці падлегаюць па артыкулах статуту і тыя другія, але правы іх у вялікім княстве далёка не аднолькавы. Правы і вольнасьці, даныя ўсімі ранейшымі князямі, гаспадар вялікі князь пад прысягаю забясьпечвае ўсім станам княства[48].

Права на палучэньне ״достойнасьцей духовныхъ и светъскихъ, городовъ, дворовъ, круктовъ, староствъ, державъ, врядовъ земскихъ и дворныхъ посесий або въ держанье и поживанье и вечностей жадныхъ чужоземцамъ и заграничникомъ, а ни суседом того паньства давати не маемъ, але то все мы и потомъки наши великие князи литовские давати будем повинни, только литве, руси, жомойти, родичомъ старожитнымъ и уроженцомъ великого княжества литовского, и иных земль тому великому князьству належачых“. Хто-б ״з чужоземцовъ заграничниковъ и суседовъ того паньства“, адважыўся чаго-небудзь з гэтага ўпросіць ״взяти“ і ўвайсьці ва ўладаньне, той траціць сваю маемасьць. Статут, аднак, дае магчымасьць за заслугі дзяржавы набыць аселасьць, гэта значыць, маемасьць, аднак, пад умовай ״індыгэнату“. З даніны ״Гаспадара“, або которымъ другимъ правомъ“ набыўшы нярухомую маемасьць ״оселость“ павінен прынесьці присягу перад урадам гродскім або земскім у тым павеце, дзе знаходзіцца аселасьць "ижъ маець быти вернымъ и зычливымъ тому паньству великому князьству литовскому, так яко и тубыльцы“. Набыўшы ״оселость“, павінен адбываць ״службу земскую“, гэта значыць вайсковую ״тому жъ паньству“. Аднак, і ў правах яны нераўны з ураджонымі тубыльцамі. ״Але и таковые на достоенства всякие, вряды духовные и светъские, не маюць быти припущани, а ни от господара установлены, чого печатары и писары наши с повинности своее постерегати винъны будуць“[49].

Вольнае права набываньня маёнткаў для палякаў у літоўска-беларускай дзяржаве, набытае ўмовамі Люблінскай вуніі, 12 артыкулам, III разьдзелу статуту касуецца і суседзі палякі займаюць аднолькавае ў гэтых адносінах палажэньне з усялякімі другімі чужаземцамі і загранічнікамі. Што пад назваю ״суседи“ разумеюцца ні хто іншы, як палякі, назва досыць вытрымана праведзена на працягу ўсяго статуту, болей выразна відна з артыкулу 23, разьдзелу II: ״теж уставуемъ ижи людей прибылыхъ такъ обчыхъ яко и суседнихъ заграничниковъ приймовати и вести не маем“.

Тое права, чаго так жадала польская шляхта і з-за чаго і была ўтворана, галоўным чынам, вунія, было скасована трэцім літоўскім статутам 1588 году.

Гэту ідэю аб правах родічаў і загранічнікаў статут праводзіць строга і цэльна на ўсім сваім працягу, як і ідэю незалежнасьці. Яно і зразумела, бо правы грамадзянства былі жывым і конкрэтным зьместам ідэі незалежнасьці дзяржавы.

Устанавіўшы агульнае палажэньне аб праве набываньня аселасьці і права даручэньня ўрадавых пасад толькі ״старажытнымъ родичомъ и уроженцом великого князьства“, Статут кожны раз, гаворачы аб якой-небудзь пасадзе, падкрэсьлівае, што яна можа займацца толькі імі, а не ״чужоземцами, або суседями“.

Гэтман найвышшы можа быць толькі родзічам старадаунім. ״Мы господар обецуем тот вряд гетманство великое, годным и досведчоным людзем народу шляхетского, родичом стародавним тутошнего паньства нашого великого князьства литовского давати, и тое мест'це засаживати“[50].

Хорунжыя, павятовыя, земскія і дворныя іначай не даюцца, як толькі пасьля абраньня ״родичов того паньства и оселых“.[51]

Судзьдзя земскі, падсудак і пісар абіраюцца ״з родичов того паньства великого князьства, и в том повете не ново незмышлене оселых“[52].

Немесьнікі ваявод і стараст судовых, або судзьдзя падстаросты і пісар назначаюцца з людзей ״в праве и писма руского умезтным шляхтичов, в том же повете оселых и родичов того паньства великого князьства литовского"[53].

Членамі комісіі дзеля ўстанаўленьня меж і ацэнкі грунтаў могуць быць ״толькі з родичов и обывателей того паньства нашого великого князьства литовского“.[54]

Пасада вознага або гэнэрала даецца ״оселому родичу великого князьства писмо руское умеючему“.[55]

Подкоморы і коморнікі могуць быцьтолькі аселыя ў тым-жа павеце.[56]

Прокуратарамі, або ״умацованымі״ маюць права быць аселыя і неаселыя. Права выступаць па чужых справах неаселыя прокуратары маюць толькі па спэцыяльнаму даручэньню, замацаванаму перад урадам, а асобна па ״умацованаму лісту“ за родных паноў, за іх пячаткаю і ўласным подпісам, а за другіх станаў патрэбна яшчэ ўласнага подnicy і пячаткі і подпіс ״староньного“ чалавека ״ведь же за таковою неврядовою моцъю умацованый мает быти оселый въ томъ паньстве нашомъ великомъ князстве литовском.“[57]

Апякунамі маюць право быць ״не чужоземцы, але родичи того паньства великого князьства литовского".[58]

Светкамі прадажы, падарунку, заставы, запісу маенткау айчызных, мацярыстых, выслужаных, купляных, усякім способом набытых, моуць быць з ״особ народу шляхэтского веры годных в великом князьстве оселых“[59].

Сьведкі тэстамэнту такжа павінны быць аселымі. ״Тогда перад трема шляхтичами в том паньстве нашом великом князьстве литовском оселыми людьми веры годными может тэстамэнт справити“[60].

Такім чынам, ня толькі пасады ўрадывыя, але і права быць апякуном, сьведкай усякіх офіцыйных спраў, права правазаступніка, даручаюцца статутам толькі тубыльцам, родзічам вялікага княства. Такое падкрэсьліваньне абмяжаваньня гэтых праў, належачых выключна толькі грамадзянству Літоўска-Беларускай дзяржавы, адбівае той варожы настрой кіруючых колаў супроціў палякаў, збоку якіх пагражала небясьпека незалежнасьці.

Можа паўстаць пытаньне, што гэтае права ня выконвалася ў рэчавістасьці. Сказаць, што гэта права не нарушалася, зразумела нельга. Але постановы статуту былі апорай у тым змаганьні між Польшчай і Літоўска-Беларускай дзяржавай, якое ня скончылася Люблінскай вуніяй. Некаторыя выпадкі гэтага змаганьня вельмі цікавы і былі важны для таго часу, як прэцэдэнты і як пабеда поглядаў Літоўска-Беларускіх на узаемаадносіны паміж Польшчай і Літоўска-Беларускім княствам. Такім фактам было жаданьне Жыгімонта Вазы назначыць на пасаду Віленскага біскупа паляка Бернарда Мацееўскага.[61]

У 1591 г. кардынал Юры Радзівіл, кіраваўшы віленскім біскупствам, быў назначан на Кракаўскую біскупскую катэдру. Ня гледзячы на протэсты польскага грамадзянства, заяўленыя ў 1891, 92 і 93 г.г. панамі і шляхтаю на сэсіях галоўнага трыбуналу, зьезьдзе і нават у сойме, Юры Радзівіл застаўся кракаўскім біскупам. Яго падтрымлівалі кароль, папа і кракаўская капітула.

Кароль Жыгімонт Ваза на вакантную пасаду Віленскага біскупа рашыў назначыць Луцкага біскупа паляка Бернарда Мацееўскага. У Віленскага біскупства ўваходзілі ваяводзтвы: Віленскае, Троцкае, Новагрудзкае, Полацкае, Віцебскае, Менскае, частка Падольскага і Падляшскага. Віленская капітула пасьля назначэньня Юрыя Радзівіла на катэдру Кракаўскага біскупа, абвесьціла катэдру Віленскага біскупства вакатнай. Назначэньне біскупа адбывалася ў той час, наступным спосабам: 1) абраньне кандыдата гаспадаром і 2) зацьверджаньне яго папай. Жаданьне караля назначыць Віленскім біскупам паляка сустрэла варожыя адносіны раней усяго паміж вышэйшых ураднікаў. Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега пісаў 12 лістапада 1592 г. Віленскаму ваяводзе Крыштофу Радзівілу, што ваявода Смаленскі Ян Волменскі зьяўляецца прыхільнікам жаданьняў караля. Але сам Сапега глядзіць на гэту справу з прынцыповага боку: ״тагды паддайцеся, піша ён, ува ўсім палякам, адмоўцеся ад літоўскай пячаткі, маршальскай ласкі, гэтманшай булавы, і няхай будуць польскія ласкі, пячатка, булава, да і агульны скарб... або загінуць, або дабіцца таго, каб літвін быў Віленскім біскупам“.[62]

Калі на сойме 1593 г. Кракаўскае ваяводзтва падняла пытаньне аб назначэньні ״Літвіна“ contra leqes patriae—супроць дзяржаўных законаў, паднялася думка аб назначэньні паляка на Віленскае біскупства. Леў Сапега ў сваім лісьце адбівае тую трывогу, якая паднялася сярод паноў і шляхэцтва з гэтай прычыны: ״высунута думка аб назначэньні на Віленскае біскупства паляка, но мы ўсялякімі спосабамі будзем процівадзейнічаць; я паказаў ім усе небясьпекі, пераконваў арцыбіскупа, каб ён перашкодзіў гэтаму; ён абяцаў даць нараду каралю". Літоўска-Беларуская шляхта, офіцыйна даведаўшаяся на сойме аб магчымым парушэньні асноўнай констытуцыі Статута, пачала хвалявацца і абгаварываць гэта пытаньне на павятовых сойміках і вынесла сваю пастанову на Віленскім зьезьдзе, адбыўшымся ў жніўні 1593 году. Віленскі зьезд абвесьціў, што Віленская біскупская катэдра незаконна пустуе такі доўгі час, а яшчэ горш—стаў вядом намер караля аддаць гэта біскупства паляку, чым парушаюцца правы вольнасьці і даўнія звычаі. Зьезд даручае сваім паслом прасіць караля да ад'езду ў Швэцыю (куды ён у той час зьбіраўся), назначыць Віленскім біскупам чалавека з ״народа литовского“, згодна з правамі вялікага княства Літоўскага і прывілеямі, выданымі папярэднімі гаспадарамі. Калі-ж кароль, ня гледзячы на гэту заяву, аддасьць біскупства паляку, то вялікае княства Літоўскае ня прызнае яго, ня прыме, і не дапусьціць да ўпраўленьня Віленскім біскупствам. Зьезд даручае сваім дэпутатам не адсылаць да караля прасімага ім падатку, калі кароль не выканае жаданьняў зьезду; дэпутаты павінны запрасіць усе станы, як ім, дэпутатам, рабіць далей. Кароль аднак выехаў у Шзэцыю, ня выканаўшы патрабаваньняў зьезду. Віленская капітула, трымаўшаяся тых-жа поглядаў, клапацілася аб неназначэньні на Віленскае біскупства паляка. Клопаты яе таксама ня мелі посьпеху. Між тым Бернард Мацееўскі дастаў брэве ад папы на выдачу яму з Віленскай капітулы пазыкі ў 10.000 злотых. Пасьля доўгіх спрэчак, грошы капітула павінна была выплаціць. Мала таго, папа патрабуе ад Жыгімонта Вазы, каб ён зараз-жа номінаваў у Вільню біскупа.

Між тым, у 1595 годзе павінен быў сабрацца вальны сойм.Віленскі павятовы прадсоймавы соймік патрабаваў ад абраных соймавых паслоў, каб яны, не прыступаючы да соймавых спраў, патрабавалі ад караля назначэньня ״літвіна“ на Віленскае біскупства. Калі-ж Жыгімонт Ваза ня выканае просьбы, то паслы Віленскага павету павінны напамянуць радным панам рэзідэнтам аб іх абавязках і абяцаньнях, даных імі на двух папярэдніх Віленскіх зьездах, пад сваім шляхэцкім словам, што яны не дазволяць назначыць на біскупскую віленскую катэдру чужаземца, або паляка, а прымуць толькі чалавека ״народа літовского“. Літоўска-беларускім панам печатарам, гэта значыць канцлеру і падканцлеру, Віленскія паслы павінны напамінаць аб гэтым-жа іх абавязку і прасіць іх, каб яны, як абаронцы праў і вольнасьцяй вялікага княства Літоўскага, ня прыкладалі дзяржаўнай пячаткі да прывілея на Віленскае біскупства. Калі паслы не даб'юцца выкананьня гэтых пастаноў, яны павінны кінуць сойм, заявіўшы протэст і ня прымаючы ўдзелу ў соймавых справах.

Яшчэ да сойму 1595 г. ад канцлера Л. Сапегі хацелі вырваць згоду на тое, каб ён прылажыў пячатку да паперы, у якой назначаўся біскупам Бернард Мацееўскі.

На сойме 1595 г. паслы Літоўска ־ Беларускага княства не дабіліся выкананьня сваіх пастаноў і ўнесьлі протэстацыю цераз Ашмянскага пасла Яна Чыжа. Протэстацыя ўнесена ў кнігі Літоўскай мэтрыкі і захавалася да цяперашняга часу.

Дзеля вырашэньня гэтай спрэчкі кароль утварыў спэцыяльную комісію. У комісію ўвашлі ад княства канцлер Леў Сапега, Троцкі ваявода Міколай Крыштоф Радзівіл, навагрудзкі ваявода Тодар Скумін Тышкевіч, Менскі ваявода Ян Абрамовіч, падканцлеры вялікага княства Літоўскага Гаўрыла Война і земскі падксарбі Дзімітры Халецкі; ад Польшчы—каронны канцлер Ян Замойцкі і чатыры сэнатары. Склад комісіі паказвае, насколькі важным лічылі гэту справу ў той час, як справу, маючую прынцыповы характар. Пры перагаворах літоўска-беларускія прадстаўнікі хоць і згодзіліся, што палякі пакрыўджаны назначэньнем літвіна Юрыя Радзівіла на Кракаўскае біскупства, аднак заявілі, што назначэньне на Віленскую катэдру паляка можа быць зроблена толькі шляхам гвалту, супроць іх волі. На нарадзе была ўнесена пропозыцыя, як компроміс з утварыўшагася становішча, даць права паляку заняць гэту пасаду, толькі гэты раз, з агаворкай, каб у будучыне ніводзін паляк ня меў права ня толькі на вышэйшыя біскупскія і сэнатарскія ўрады, але і на меней высокія. Аднак, і гэту пропозыцыю зьдзейсьніць магчыма толькі з добравольнай і аднагалоснай згоды ўсіх літоўска-беларускіх станаў. Да гэтай пропозыцыі нахіляўся Леў Сапега і Крыштоф Радзівіл. Апошні, апроч таго, прапанаваў для большай пэўнасьці замацаваць гэта палажэньне спэцыяльнай соймавай пастановай, каб у будучыне ніводзін чалавек "литовского народу“ ня мог займаць ніякіх пасад у Польшчы і ніводзін паляк—у Вялікім княстві Літоўскім пад страхам вялікай кары.

Жыгімонт пасьля нарады комісіі патрабаваў ад Льва Сапегі лістом ад 12 траўня 1595 г., каб ён, як канцлер Вялікага княства, прыклаў дзяржаўную пячатку да каралеўскай ״преэзентацыі“ папе адносна Б. Мацееўскага, дзеля назначэньня яго біскупам. Кароль абаснаваў сваё патрабаваньне згодай Крыштофа Радзівіла. Леў Сапега раней, чым выканаць гэта патрабаваньне, запытаў аб гэтым самога Кр. Радзівіла, паслаўшы копію каралеўскага загаду, а пакуль што адмовіўся па тэй прычыне, што для ўзьвядзеньня паляка на Віленскую біскупскую катэдру неабходна згода станаў Вялікага Літоўска-Беларускага княства.

На сойме, скліканым у сакавіку 1596 году, станы энэргічна выступілі на абарону констытуцыі сваёй дзяржавы. Сойм закончыўся вялікімі спрэчкамі, а паслы вялікага княства ў літоўскую мэтрыку "протэстацыю“ ״данесьли, ижъ будучи с поветовъ Великого Князьства Литовского до Варшавы на сойм вальный послаными, частокроть прозьбу до его королевское милости о бискупство Виленское именемъ братии своей чинили, наболей для тое причины, абы за дальшимъ затягомъ не далъ ее поводъ зменшеньня и затертыя права, вольности и свободу Великого Князьства Литовского; ижъ за такъ частыми прозьбами меншъ его королевскую милость, своего милостивого пана, зразумели быть прихилнымъ своей справе, абавляючы, абы недбалства виною у братьи, од которыхъ имъ сторожа правь и вольностей есть поверона, не были строжовани просили, абы тое оповеданье их до книгъ канъцелярскихъ было записано. Што есть записано и выпись подъ печатью Великого Князьства Литовского выдан. Писанъ у Варшаве“.[63]

Кароль, аднак, не адмовіўся ад свайго намеру. Ён загадаў канцлеру Льву Сапегу ўнесьці ў інструкцыю гаспадарскім паслом на павятовыя соймікі вялікага княства перад соймам 1597 году каралеўскую просьбу а згодзе літоўска-беларускіх станаў на назначэньне паляка біскупам адзін раз. Ня гледзячы на пэрсональную каралеўскую просьбу, Слонімскі зьезд, адбыўшыйся 28-30 студзеня 1597 году, катэгорычна адхіліў яе. На падставе гэтай пастановы на сойме 1597 году літоўска-беларускія паслы рашуча адмовіліся задаволіць жаданьне караля і патрабавалі назначэньня на Віленскую катэдру ״литвина“. Справа аб Віленскім біскупстве была частым і бурным прадметам спрэчак на сойме 1597 г. 10 лютага сойм адчыніўся, а 27 ў пасольскай ізьбе Віленскае біскупства выклікала буру спрэчак. Палякі даводзілі, што вунія аб‘яднала абедзьве дзяржавы на аснове ўзаемнай дружбы, і дастойнасьці павінны раздавацца аднольква прадстаўнікам таго і другога народаў. Літоўска-беларускія паслы пратэставалі супроць гэтага, а 4 сакавіка заявілі, што будуць дабівацца выкананьня патрабаваньняў вялікага княства цаною жыцьця. Калі 11 сакавіка складалася комісія дзеля апрацоўкі соймавых пастаноў, літоўска-беларускія паслы згодзіліся на гэта толькі пад умовай выпаўненьня іх патрабаваньняў, 13 сакавіка прасілі караля аб назначэньні літвіна на Віленскае біскупства, 14 патрабавалі захаваньня свабод і вольнасьцяй вялікага княсжства, 17 зноў паднялі пытаньне аб Віленскім біскупстве, а 18 тое-ж зрабілі ў сэнаце; 19 панавілі свае заявы, а 20 ўчынілі нараду з сваімі раднымі панамі, якім спосабам дабіцца задаваленьня сваіх патрабаваньняў аб Віленскім біскупстве. Калі Жігімонт, даваўшы адказы ў канцы парады сойму на просьбы станаў, нічога не адказаў на заяву літоўска-беларускіх станаў, то ад імя літоўска-беларускіх станаў, выступіў гаспадарскі сакратар Еронім Валовіч, заявіўшы, што ў выпадку назначэньня Віленскім біскупам паляка, ён ня будзе літоўска-беларускім сэнатарам, потым зьвярнўся да канцлера і падканцлера з перакананьнем не прыкладаць да лістоў аб назначэньні паляка Віленскім біскупам пячаткі. Апроч таго літоўска-беларускія паслы падалі Льву Сапегу протэстацыю з заявай, што яны ня будуць і пачынаць ніякіх спраў, калі будзе паляк назначай Віленскім біскупам.

Сойм 1597 году ня вынес жадных пастаноў, і галоўнай прычынай гэтага былі спрэчкі аб Віленскім біскупе.

Між тым кароль номінаваў Бернарда Мацееўскага ў чэрвені 1597 г. Віленскім біскупам. Дзеля прадстаўленьня гэтае номінацыі папе патрэбна было прыкласьці пячатку Літоўска-Беларускага княства. Літоўска-беларускаму канцлеру быў прыслан ліст караля з ״номінацыяй‘ Б. Мацееўскага, якім загадвалася канцлеру прыкласьці пячатку. Сам Б. Мацееўскі явіўся да Сапегі і запытаў яго, ці прыкладуць яму пячатку да-яго номінацыі. Л. Сапега і быўшы тут-жа падканцлер Гаўрыла Война адказалі, што гэта яны могуць зрабіць па згодзе на гэта ўсіх станаў вялікага княства.

Кароль аднак і цяпер не адмовіўся ад сваёй думкі. На нарадзе з польскімі панамі рашано было да прадстаўленьня папе аб номінацыі Б. Мацееўскага прыкласьці польскую дзяржаўную пячатку, выходзячы з таго погляду, што ў Рыме ня прымецяць гэтага. Зьдзейсьненьне гэтага намера была-бы нарушэньнем ня толькі асноўнай констытуцыі, Трэйцяго Літоўскага Статуту[64] але і ўмоў Люблінскай вуніі аб захаваньні ўрадаў вялікага княства. Сойм 1598 году зноў становіцца арэнай спрэчак аб Віленскім біскупстве. Пад уплывам розных прычын Жыгімонт Ваза не хацеў вызываць абурэньня літоўска-беларускіх станаў і ў сваім адказе на пытаньні аб Віленскім біскупстве абвесьціў, што кароль вырашэньне гэтай справы адкладае да будучага сойму, а пакуль номінат ня будзе сэнатарам і ня будзе карыстацца даходамі Віленскага біскупства. У наступныя часы становішча Жыгімонта Вазы пагоршылася дзякуючы вайне за швэцкі прастол і пасьля сьмерці Кракаўскага біскупа Юрыя Радзівіла Бернарду Мацееўскаму была аддадзена Кракаўская катэдра, і на Віленскую быў назначан літвін і тубылец Бэнадзікт Война ў 1600 г.

Такім чынам літоўска-беларускі погляд на констытуцыю Вялікага княства атрымаў перамогу. Гэтая барацьба мела вялізарнае прынцыповае значэньне. Гэта добра разумелі і палякі, пад уплывам якіх у гэтым пытаньні быў кароль, і літоўска-беларускае грамадзянства. Здацца ў гэтым аддзельным выпадку значыла даць грунт канкрэтнага прэцэдэнту і дзеля будучых узаемаадносін да Польшчы. У гэтай барацьбе змагаліся два акты. Акт Люблінскай вуніі, абвяшчаўшы злучэньне двух народаў, дзьвёх дзяржаў, у адзін народ і дзяржаву, і Трэці Літоўскі Статут, утварыўшы і новую констытуцыю Літоўска-Беларускага княства і глядзеўшы на княства, як на асобную дзяржаву, зьвязаную саюзам з Польшчай, як роўную з роўнай. Грамадзянства гэтай саюзнай дзяржавы зьяўляецца ״чужаземцамі“, ״загрнічнікамі" і абмежавана у правах, як і ўсе ״обчыя чужоземцы“.

Гаспадар вялікі князь. Па прывілею Люблінскай вуніі на чале агульнай Рэчы Паспалітай стаіць адзін кароль, які носіць тытул караля польскага, в. Князя Літоўскага, Рускага, Жмудзкага і інш. Кароль выбіраецца палякамі і літвінамі і адначасна на Сойме ў Польшчы. На выбары павінны выклікацца станы абоіх народаў, але адсутнасьць аднаго не павінна перашкаджаць выбарам. Асобнае абіраньне Велікім Княствам і ўзвядзеньне выбранага гаспадара на прастол Літоўска-Беларускага княства адмяняецца і ў будучыне не павінна быць і падабенства такога парадку. Абраны гаспадар павінен прынесьці агульную прысягу абоім народам і на адным месцы і аднолькавымі словамі зацьвярджаць правы і вольнасьці абоіх народаў.[65]

Гэтая пастанова праводзілася ў жыцьці ня так проста. Ужо пры абраньні Стэфана Баторага былі ў адсутнасьці паны Рады і паслы Вялікага княства. Яны протэставалі супроць выбараў караля бяз іх удзелу і грунтаваліся на тэксьці акту Люблінскай вуніі, па якім ні адзін народ не павінен абгаварываць спраў бяз удзелу другога. Яны папракалі Стэфана Баторага за тое, што ён абраны аднымі палякамі, ужывае цітул вялікага князя Літоўскаго, ня гледзячы на тое, што яны яго не абіралі сваім князем, не запрашалі на трон праз сваіх паслоў і не падавалі яму ўмоў. Хаця Баторы і принёс прысягу на ўмовы гаспадараваньня, але гэта ня мае сілы, бо супярэчыць жаданьням і воле літвінаў, як складзеныя аднымі палякамі. Літоўска-беларускія паслы прасілі, каб кароль устрымаўся ад коронацыі і пачакаў бы сойму, скліканага ў Варшаве, на якім адбудзецца новая элекцыя па згодзе абоіх народаў. Калі кароль ня зробіць згодна іх нарадзе, то яны выедуць, падаўшы прэтэстацыі аб нарушэньні іх праў і дагавору вуніі[66].

Перад сэнатам і пасламі польскага сойму літоўска-беларускія прадстаўнікі такжа протэставалі аб нарушэньні іх праў праз коронацыю бяз іх удзелу і абвесьцілі, што яны вольны ад акту вуніі, парушанай палякамі. Дзеля ўрэгуляваньня ўзаемаадносін ад палякаў былі зазначаны паслы ў Літву ў Мсьцібогаў, дзе сабраліся на зьезд літоўска-беларускія станы. Зьезд згодзіўся прызнаць Стэфана Баторыя вялікім князем і адправіў спэцыяльнае пасольства дзеля абвэшчаньня гэтага Стэфану Баторыю з тымі ўмовамі, па якіх яны прызнаюць яго вялікім князем. Кароль прынёс другі раз 29 чэрвеня, пасьля каранацыі, болей чым праз месяц, прысягу перад літоўска-беларускім пасольствам у прысутнасьці сэнатараў і шляхты кароны, пакрэсьліваючы ў асобным лісьце, што гэта зроблена дзеля дабра і згоды падданых яму народаў. Апроч аддзельнай прысягі кароль Стэфан Баторы на адзельным дакуманце задаволіў патрабаваньні Літоўска-Беларускага княства, чым формальна былі парушаны ўмовы Люблінскай вуніі.[67]

Прызнаньне і прысяга Жыгімонта Вазы, як мы ўжо бачым, таксама адбыліся асобна. У статуце пакрэсьлена гэта асобная присяга гаспадара вялікаму княству: ״Так жа мы господар обецуем и шлюбуем под прысегою нашею, которую учынили есмо и всим станом обывателем его“. (ІІІ,1) Гэтыя факты сьведчаць аб тым, што літоўска-беларускія кіруючыя колы ня лічыліся з актам вуніі, праводзілі ў жыцьце свой погляд на князя, як гаспадара не агульнай рэчы Паспалітай, а свайго ўласнага гаспадара асобнай Літоўска-Беларускай дзяржавы.

Такі погляд на вярхоўную ўладу гаспадара Літоўска-Беларускага вялікага княства, як толькі на свайго князя, адбіўся ў статуце 1588 г., як новай констытуцыі вялікага княства.

Гэта констытуцыя, як асноўныя законы, зьяўляецца абавязкай і для гаспадара. Гаспадар ״сторож посполитое вольности“, абмежаваў свае правы, то цяпер ужо не ״заданьне“ і не ״уподобаньне“ ляжаць у аснове ўлады гаспадара, але ״певную границу панаваньня их пад нами права замерили“, тым што ״рачылесь учынити Статут новый“.[68]

Гэта палажэньне аб значэньні Статуту, як законаў ня толькі для грамадзянства, але і для гаспадара, падкрэсьлена і ў самым прывілеі Жыгімонта Вазы, зацьвердзіўшым Статут: ״Тот статут права великого князьства Литовского новоправленный, сим прывилеем нашом ствержаем и всим станем великого князьства Литовского к ужыванью ва вси потомные часы выдаем, водле которого уже як есмы сами господар, так и вси иные станы заховатисе маем“.[69]

Гэта агульнае і асноўнае палажэньне гаспадара, падлягаючага Статуту, конкрэтызавана ў асобных выпадках. Гаспадар вялікі князь па сваім сане мае абшары зямель і маёнткаў; у спрэчках ״той речи земляной маем мы и потомки наши великие князи литовские также одным правом яко и поданные наши великого князьства судитися".[70]

Маючы гаспадара, які зьяўляецца ня толькі вялікім князем літоўска-беларускім, але і каралём польскім, Статут забясьпечвае цэлым шэрагам артыкулаў ад магчымых нарушэньняў збоку гаспадара, як караля польскага, праў вялікага княства. Мы ўжо бачылі гэтыя адмежаваньні, разглядаючы жыхарства. Статут выразна забараніў гаспадару раздаваньне зямель, дзяржаў, посэсій і ўрадаў ״чужоземцам* і ״загранічнікам“ як агульным артыкулам, так і асобнымі.

На ўсім працягу Статуту гаспадар разглядаецца, як вялікі князь Літоўска-Беларускай дзяржавы. Цэлы шэраг артыкулаў, найчасьцей разделаў I-IV, абмежоўваюць уладу гаспадара, як вялікага княза. Разгляданьне іх не ўваходзіць у мэты гэтага артыкулу. Слаба зусім закранута вярхоўная ўлада, як гаспадара агульнай рэчы Пасполітай, маючая свае асобныя інтарэсы і абавязкі. Сутракаюцца толькі і ўпамінаньня аб тым, што гаспадар вялікага княства, адначасна зьяўляецца і гаспадаром другіх панств. Калі гаспадар будзе ў другой дзяржаве, то працяг часу дзеля яўкі ў суд гаспадарскі павялічваецца[71]. Гаспадар у некаторых выпадках бярэ на сябе абавязак, як і гаспадар другіх панств: ״уставуем же выволапцы великого князьства литовского, также и чети отсужоныя во всех паньствах наших не только у великим князьстве литовском але и во всех паньствах наших не мают быти ни через кого нереховываны“.[72]

Калі нават і сустракаецца назва караля польскага і вялікага князя літоўскага, то Статут разглядае пасаду гаспадара, толькі як вялікага князя "тутошнего паньства“, а ня як гаспадаря рэчы Пасполітай.

״Кгды бы ся хто бунтовал покой посполитый взрушаючы против нас господара, або ку шкоде речи посполитое... або по зейштью з сего света нашом господарском, также и потомков наших королей польских и великих князей литоўских, хотечи хто осести и опановати тое паньство, великое князьство и господаром на нем быти таковой с права и розъсудку нашего с паны радами нашими великого князьства литовского честь, и горло тратить.[73]

Маўчаньне Статуту аб агульнай уладзе гаспадара Рэчы Паспалітой нават ў тых выпадках, калі гаворыцца аб спольных установах, як сойм, дзе ні слова не сказана ні аб месцы сойму, ні аб тым, што ён спольны з соймам польскім, і не сустракаецца слова Польшча, паляк, надзвычайна характэрна. Гэта сьведчыцца аб тым, што нават у гэтай, сапраўды агульным для Польшчы і Літоўска-Беларускай дзяржавы ўстанове, фактычна нічога ня было супольнага. Адна асоба, але розныя і асобныя улады гэтай асобы, як караля польскага і вялікага князя літоўска-беларускага. Яна кіруе па асобных для кожнай дзяржавы законах і, кіруючы, падлегае ім сама. Такім чынам, і ў гэтым кірунку вунія пацярпела паражэньне і нічога не дабілася, апроч замацаваньня таго палажэньня, фактычна існаваўшага і да 1569 году, што начале дзьвёх сфэдэрыраваных дзяржаў будзе стаяць адна асоба.

Рада. Побач з гаспадаром у Літоўска-Беларускай дзяржаве да Люблінскай вуніі стаяла Рада. Рада вырасла з Вялікакняскага савету, складаўшагася ў фэодальную эпоху з князёў і паноў, пад уладую каторых былі буйныя абшары зямлі, і тых асоб, якіх запрашаў на нараду вялікі князь. З зьнішчэньнем політычнай улады князёў фэодалаў і ўтварэньня адзінадзяржавія вялікага літоўска-беларускага князя ў часы Вітаўта ў склад рады пачалі ўваходзіць супрацоўнікі вялікага князя, дапамагаўшыя яму ўтварыць адзінадзяржаўе. Яны такжа былі буйнымі земляўласьнікамі-панамі, князямі. Яны сталі намесьнікамі вялікага князя асобных зямель, складаўшых Літоуска-Беларускую дзяржаву, захапілі цэнтральныя ўрады, кіраваўшыя дзяржавай і ўрады дворныя, дапамагаўшыя вялікаму князю ў гаспадараваньні над яго вялізарнымі зямельнымі маемасьцямі. К канцу XV стагодзьдзя склад Рады вялікага княства выявіўся. У яе ўвашлі каталіцкія біскупы— Віленскі, Луцкі, Жамойцкі і Кіеўскі, ваяводы, ваштэляны або паны, старосты Жамойцкі і Луцкі, Маршалак Валынскай зямлі, канцлер і падканцлер, гэтман, марашалак земскі, маршалак дворны і падскарбі земскі.

Апроч дзяржаўных ураднікаў уваходілі ў склад Рады ураднікі дворныя, маршалкі, падчашыя, пакаморыя стольнікі, крапчыя, канюшыя, падстоліі, лоўчыя, кухмістры, мечнікі, хорунжыя, падскарбі дворны, пісары і сакратары[74].

Некаторыя князі і паны, як перажытак старыны, мелі мейсца ў радзе па асабовым праву, а не па ўраду, напрыклад: князі—Мсьціслаўскі, Заслаўскі, Сангушкавіч, Чартарыйскі, Слуцкі і паны—Глебавічы Храбтовічы, Пацы і др.

З складу ўсіх членаў Рады ўжо ў другой палове XV стал. выдзяляюцца ״старшыя паны“, ״Рада Найвысшая“, ״Господа Старшая", ״прелаты и Панове старшии“.

Да канца першай чвэрці XVI ст. ўсе члены рады былі поўнапраўнымі і называліся панамі-радамі. Паступова ўтвараецца тайная рада, розьнячаяся ад поўнага складу рады; апошняя выступае толькі пры ўрачыстых выпадках і называецца соймам паноў рады. У тайную раду не ўвашлі вураднікі дворныя, князі і паны. Панамі радамі тайнай рады сталі ўсе біскупы, ваяводы, каштэляны, старасты—Жамойцкі і Луцкі, маршалак Валынскай зямлі, канцлер, падканцлер, гэтманы маршалкі земскі і дворны і падскарбі земскі[75]. З членаў тайнай рады выдзяляецца ״преднейшие“ Рады, складаўшыя першую ״лавицу“ рады. ״Преднейшая“ рада, сядзеўшая на пасяджэньнях агульнай рады на першай ״лавице“, абгаварывала важнейшыя, сакрэтнейшыя, дзяржаўныя справы. ״Преднейшую“ раду складалі біскуп Віленскі, ваявода Віленскі, пан (каштэлян) Віленскі, ваявода Троцкі, пан Троцкі і стараста Жамойцкі. Гэта ״паны рады старшыі“, ўсе другія члены тайнай рады называюцца ״Меншими“ і займаюць другую лавіцу.

Розьніца нацыянальнасьці і веры не перашкаджала займаць вышэйшыя ўрады і месца у Радзе ״асобам светского стану“, у якой засядаюць каталікі, побач з праваслаўнымі. Рэлігія зрабіла ўплыў толькі на склад Рады духоўнага стану; духоўны стан Рады складаўся толькі з каталіцкіх біскупаў, атрамаўшых месца ў радзе пасьля таго, як Літва прыняла каталіцтва. Праваслаўныя архірэі ня мелі доступу ў Раду. Пасьля Люблінскай вуніі склад Рады перамяніўся толькі ў тым, што ўсе дворныя вураднікі, а такжа князі і паны, пэрсанальна ўваходзіўшыя ў Раду, адпалі, і членамі рады засталіся толькі члены тайнай рады і то ў абрэзаным відзе, бо адпалі ураднікі анэксіраваных зямель— Украіны і Падлясься, стаўшыя членамі Польскага Сэнату. Дамаганьня Літоўска-Беларускіх станаў і аддзельных асоб (як князь Слуцкі) аб увядзеньні ў склад рады ўсіх ранейшых яе членаў, ня мелі посьпеху[76].

Компэтэнцыі Рады. Папрывілею 1492 году, формальна абмежаваўшаму гаспадара Літоўска-Беларускай дзяржавы, вялікі князь павінен быў вырашаць наступныя справы па нарадзе і згодзе з панамі радамі: пасылаць пасольствы ў чужыя дзяржавы і весьці дыплёматычныя справы, касаваць выданыя раней з панамі радаю законы, адымаць і раздаваць урады, рабіць усякія расходы з дзяржаўнага скарбу і выносіць судовыя пастановы па важнейшых справах[77]. Гэтым прывілеем быў зафіксіраван звычай, які існаваў да гэтага году. Цяпер на будучыя часы вялікі князь законам быў прымушан вырашаць дзяржаўныя справы па ״намове“ і згодзе з панамі радаю. Пры вырашэньні бягучых спраў гаспадар вырашаў іх з тымі панамі рады, якія ў даны момант былі пры ім; для вырашэньня важнейшых пастаноў склікаліся ўсе паны на агульны зьезд. Такі сход паноў рады называўся соймам паноў рады. На ём вырашаліся тыя пытаньні, дзеля якіх ён быў склікан, а такжа і набраўшыяся справы па ўпраўленьні дзяржавай.

Калі да соймаў паноў рад далучалася шляхэцтва, або яго прадстаўнікі, то такі сход называўся вялікім вальным соймам. Вальны сойм выступае там, дзе нельга вырашаць спраў без "призволения“ шляхэцтва. Шляхэцтва паступова пачынае цікавіцца ўсімі дзяржаўнымі справамі, а ня толькі тымі, якія ставяцца ўрадам і панамі радаю. Яно пачынае падаваць ад імя шляхэцтва ״просьбы“ гаспадару. Адказы на іх гаспадар дае па ״намове“ з панамі радаю. Закондаўчая ўлада фактычна належала панам радзе, і гэта было зафіксавано Статутам 1529 г.[78] Шляхта пачынае дабівацца ў часы паміж першым і другім Статутамі пашырэньня сваіх праў і Статутам 1566 году было пастаноўлена, што законадаўчая ўлада належыць толькі ўсім станам вялікага вальнага сойму[79]. Такім чынам толькі перад Люблінскай вуніяй была абмежавана законадаўчая ўлада рады, і органам законадаўчай ўлады стаў вялікі вальны сойм.

Адначасна з абмежаваньнем законадаўчай улады рады былі скасаваны выключныя правы паноў-рады, князёў і паноў—судзіцца толькі ў гаспадара. Былі ўтвораны новыя выбарныя шляхэцкія суды, якім падлягаюць і паны і шляхта.

Па рашэньні прывілея Люблінскай вуніі Соймы і Рады абоіх народаў будуць заўсёды Сполнымі кароннымі пад сваім гаспадаром каралём польскім і засядаць будуць паны радныя паміж сэнатарамі, а паслы паміж пасламі і абгаварываць справы на соймах і бяз сойму аб спольных патрэбах як у Польшчы, так і Літве.[80]

Месца паноў рад літоўскіх, як духоўных, так і сьвецкіх вызначана сярод паноў кароных, як ужо ў адным сэнаце[81] і затым прыводзіцца месца кожнага пана рады ў спольным сэнаце.

Такой постановай было вырашана палажэньне Рады ў вялікім вальным сойме, органе, галоўным чынам, законадаўчым, але зусім не абкрэсьлена значэньне Рады, як вышэйшага органу ўпраўленьня і суду. Невырашанасьць гэтага значэньня Рады паставіла Літоўска-Беларускае княства ў палажэньне досыць выгаднае; гэтым княству дана была магчымасьць самаму ўтвараць і будаваць вышэйшую сваю ўстанову—Раду, як кіраўнічы орган дзяржавы.

Ужо ў "Pacta conventa“ Генрыха было ўнесена патрабаваньне, каб кожны сойм назначыў па 16 сэнатараў з Польшчы і Літоўска-Беларускай дзяржавы ў прыбочную каралеўскую раду, так званых сэнатараў рэзідэнтаў, з якімі кароль павінен быў вырашаць усе дзяржаўныя справы. Агульная пастаноўка пытаньня была нездавальняючай для літоўска-беларускіх паноў рады і пры абраньні Стэфана Баторыя зноў выстаўляюцца патрабаваньні аб урэгуляваньні палажэньня Рады. Граматаю ад 29 чэрвеня 1576 г. Стэфан Баторы пастанавіў, што літоўска-беларускія паны рады пастаянна павінны быць у прыбочнай радзе. Але дзякуючы таму, што Літоўска-беларускіх сэнатараў меней, чым польскіх і іх чарга канчаецца раней, чым польская, то літоўска-беларускія паны рады назначаюцца ў прыбочную раду па іх сьпісу спачатку, каронныя-ж сэнатары вядуць сваю чаргу.

Сэнатары Польшчы і паны рады Літоўска-Беларускай дзяржавы разглядаюцца тут не як прадстаўнікі адзінай, агульнай дзяржавы, а як абаронцы інтарэсаў двух дзяржаў—Польскай і Літоўска-беларускай, хаця і аб‘яднаўшыхся ў адну Рэч Пасполітую, але маючых свае асобныя правы і розныя інтарэсы.

Трэці Літоўскі Статут замацаваў гэта значэньне рады, як установы, з дапамогай і нарадаю якой вялікі князь кіруе Літоўска-Беларускай дзяржавай. Рада выступае, як установа самостойная, бяз усякай супольнасьці і сувязі з сэнатарамі кароннымі. Праўда, Статут не пералічвае пэўнай компэтэнцыі Рады і тых спраў, якія яна вырашала, але існаваньне Рады, як установы аддзельнай ад Польскага сэната, выступае выразна.

Статут адрозьнівае раду прыбочную ад Сойму паноў Рады. За зьневажаньне высокасьці гаспадарчага маестату тым, што хто-небудзь абразіў шляхціча словамі, ״шкодлівымі учцівосці шляхэтской" у гаспадарскім палацу, той прыцягваецца да адпаведнасьці перад гаспадаром ״с паны радами нашими при нас на тот час будучими“... ״Ведже где бы шло о якую речь, штот ся чсти дотычеть, тогды то аж на сойме с паны радами нашими здешнего паньства судити маем.“[82]

Статут выдзяляе тыя справы, якія вырашаюцца гаспадаром з панамі радамі ״прибочными“, рэзыдэнтамі.

У выпадку нездаваленьня пастановай суду па справах зямельных шляхты з гаспадаром і нязгоды камісараў, высланых для вырашэньня зямельнай спрэчкі, а такжа аб бяспраўных данінах, або прыўлашчаньні спадкавых маемасьцяй ״тагды апеляцыя да нас гаспадара обема сторонам вольно, а мы за тую апеляцыю, тут у великом князьстве литовском судити будем с паны радами нашими, которые при нас будуть״[83].

Процэсы аб няправільных данінах шляхэцкіх грунтаў і мяёнткаў каму-небудзь у дзяржаньне, а такжа працэсы аб парушэньні свабод і вольнасьцяй шляхэцкіх вырашаюцца ״з права й з суду справедливаго через нас и потомки наши за радою рад нашых великого князьства"[84]. Наем і ўвод войска ў межы Літоўска-Беларускай Дзяржавы бяз ведаму радных паноў ня можа адбыцца. "Тэж уставуем иж людей прибылых, так обчых, яко и суседних заграничников прыймовати и вести до паньства нашего великого князства Литовского и через тоеж паньство не маем, аж з ведомостью и за радами рад наших великого князства Литовского"[85].

Назначэньні на дзяржаўныя пасады робяцца гаспадаром з панамі радамі. Хорунжыя назначаюцца з кандыдатаў, абраных станамі "кому се нам с паны радами нашими попристойне видети будет".[86]

Дзеля вырашэньня многіх спраў, як судовых, так і па ўпраўленьню склікаюцца сходы—״соймы паноў-рады,“ як поўная ўстанова. Не зьявіўшыся на суд ״за позвом“, ״тот непослушенством куправу, не толькі горло, але в честь тратити будет за отосланьем врядовым, з разсудку нашого господарского и панов рад того паньства на сойме за доводом стороны поводовое“[87].

Такія сходы рады звычайна адбываюцца на вялікім вальным сойме. ״Тэж обецуем и будем повинны каждому с поданных наших, кому-бы шло о честь, прудкую а неотвлочную справедливость учинити, на первшом близко пришлом сойме великом вальном с паным радами нашими великого князства Литовского без всякае отволоки“.[88]

Статут падкрэсьлівае, што судовыя процесы аб ״чести и горле" адбываюцца ״нигде инде одна на сойме великом вальном с паны радами нашими великого князьства Литовского“[89].

Вялікія вальныя соймы склікаюцца па нарадзе з панамі-радамі: ״маем мы и потомки нашы завжды коли того потреба укажеть Речи Посполитой за порадаю рад нашых тогож паньства складаны листы нашыми были (разд. III, арт. 6.)“

Паны рада, як цэлая ўстанова, выступаюць на галоўным з‘ездзе ў Слоніме перад вялікім вальным соймам. Галоўны зьезд адбываецца за два тыдні да адчыненьня сойму, дзе пераглядаюцца інструкцыі ўсіх зямель і паветаў, і выносіцца агульная пастанова ад імя ўсяго княства (III, 8).

Статут ня пералічае ўсе бакі дзейнасьці рады. Статут толькі выпадкова закранае яе дзейнасьць. Аднак дзейнасьць Рады шырокая і калі Статут ня вызначае яе ўсебакова, то ён гэта падразумявае, бо ўносіць агульны артыкул аб кары за невыпаўненьне загадаў і пастаноў гаспадара з панамі радаю і супярэчаньне таму, што ״мы гасподар с паны радами нашими, з выроку нашого сказанье учинили“.[90]

Што дзейнасьць паноў рады шырокая, відна з тых спраў, якія Статут пераносіць на вырашэньне Сойму. Пастановы аб земскай службе, аб вайне, устанаўленьне падатку ״саребщины“, а так-жа і другіх падаткаў ״мы гаспадар и с паны радами нашими не маем и не будем мочи того учинити“. Дзеля вырашэньня гэтых усіх спраў гаспадар павінен складаць вальны сойм ״и так на сойме мы гаспадар и з их милостью паны радами и, послы земскими с парадаю и з годным призволеньем их таковые речи о войне намовляти и становити... а без сойму и позволенья всих станов войны в'щинати и вести не маем“[91].

Усе справы, такім чынам, апроч спраў, вырашаемых вялікім вальным соймам, падлегаць рашэньню Рады разам з гаспадаром.

Статут, адзначыўшы ў агуле, галоўным чынам, судовую дзейнасьць Рады, не вызначае складу гэтага суда. Констытуцыя Сойму 1588 году у соймавы суд рады уводзіць ужо і восемь асоб з пасольскай ізбы. Такім чынам суд становіцца соймавым, а ня судом паноў-рады. З працягам часу лік судзьдзяў ад пасольскай ізбы павялічваецца да 12, 24 і 54 асоб. Можна думаць, што гэты закон адналькова быў пашыран, як на польскіх, так і на Літоўска-Беларускіх паслоў, хаця констытуцыя нічога аб гэтым не гаворыць.

Закон пералічае злачынствы, якія падлягаюць гэтаму Суду: crimen laesae majestatis, каторыя толькі inmpersonam Regiam паводле права machinatione, conspiratione, violento conatut et, quod longe absit in vitam commititur“.[92]

Констытуцыя 1641 году апроч crimina laesaemajestatis пералічае наступныя справы: 1) crimen perduellionis et rebellionis; 2) crimen peculutus; 3) каваньне фальшывой монеты; 4) гвалт, учынены на Сойме, сойміках, судовых трыбуналах і цэлы шэраг другіх спраў[93].

Констытуцыяй 1641 году быў устаноўлен парадак і чарга адбываньня на сойме судовых спраў: ў панядзелак разьбіраліся скарбовыя процэсы, у аўторак справы Літоўска-Беларускага княства, у сераду, пятніцу і суботу — справы крымінальныя, а у чацьвер—апеляцыі на рашэньні розных судоў. Калі на які-небудзь дзень не хапае судовых спраў, то разьбіраюцца крымінальныя. Па сканчаньні тыдня той-жа парадак паўтараецца[94].

Такім чынам Літоўска-Беларускае княства мае свой дзень; вочавідна, свой склад соймавага суду.

Судзьдзі ад пасольскай ізбы разглядалі справы пасля рашэньня справы сэнатарамі і толькі ў канцы XVII ст. пасяджэньні сэнатараў і земскіх паслоў становяцца сумеснымі.

Канчатковае сформаваньне соймавага суду была праведзена ў канцы існаваньня Літоўска-Беларускага княжаства, орданацыяй сойму 1775 году. Гэты суд складаўся з усіх паноў рады і прадстаўнікоў пасольскай ізбы ў ліку 30 асоб: 20 польскіх паслоў і 10 ад паслоў Літоўска-Беларускага княства. Літоўска-Беларускія судзьдзі абіраліся на аддзельным пасяджэньні паслоў вялікага княства, як польскія на пасяджэньні паслоў каронных.

Для засяданьняў судоў былі вызначаны тры шэсьцітыдневых перыоды: два для кароны і адзін, з першага чэрвеня, для княства. У выпадку экстэрных і спешных спраў кароль мог склікаць соймавы суд княства і ва ўсякі другі час.[95]

Такім чынам судовая дзейнасьць рады вялікага княства, выліўшаяся з цягам часу ў соймавую судовую ўстанову, існуе пасля Люблінскай вуніі, мяняючы толькі форму дзейнасьці.

У трэцім Літоўскім статуце дзейнасьць Рады, як вышэйшага кіруючага органу, амаль-што не закранута. Між тым, у некаторых выпадках, рада бярэ на сябе такія рашэньні, якія належаць толькі вялікаму вальнаму сойму. З констытуцыі 1690 г. мы бачым, што ў 1687 і ў 1689 гадох пастановамі рады княства былі прызначаны экстра ордынарныя падаткі. Гэтыя пастановы былі выкліканы пільныыі дзяржаўнымі патрэбамі—неабходнасьцю выплаціць войску належачую яму пэнсыю, у той час як два падрад соймы былі сарваны. Сойм 1690 году зацьвердзіў дзейнасьць рады княства, але падкрэсліў, што з гэтага часу сэнацкай пастановай ня будуць устанаўляцца і ўхваляцца падаткі, і кароль абавязаўся за сябе і сваіх наступнікаў ня выдаваць адпаведных універсалаў. Цікава, што констытуцыя падкрэсьлівае, што Senatus consultum—пастанова рады—была ўхвалена толькі Літоўска-Беларускай радай, бяз удзелу польскіх сэнатараў і што на пасяджэньні была многа асоб паноў рады Літоўска-Беларускага княства[96].

Гэта падкрэсьліваньне вялічыні сходу рады, borabigna, прыводзіцца ў констытуцыі для апраўданьня працівазаконнай яе дзейнасьці ў даным выпадку. Для нас־жа з вочавіднасцью ўстанаўляецца факт, што па справах Літоўска-Беларускай дзяржавы ня толькі судовых, но і фінансавых і падатковых, рада княства мела асобныя пасядженьні і вынасіла на іх рашэньні, якія былі неабходны для ўсёй дзяржавы. Калі радзе прыходзілася накладаць нават падаткі, то бягучыя адміністрацыйныя справы само сабой так-жа вырашаліся ёю. Самастойная ад польскага сэнату дзейнасьць Літоўска-Беларускай рады, як судовая, так і адміністрацыйная, пасля Люблінскай вуніі, не падлягае сумненьню.

Вялікі вальны сойм.

Ужо с XV стагодзьдзя у Літоўска-Беларускай дзяржаве паяўляецца вялікі вальны сойм. Склікаюць яго гаспадар і паны радныя. Спачатку на вялікім вальным сойме прымаюць удзел буйныя земляўласьнікі. З першай чверці XVI ст. пачынаюць заклікацца на соймы і баяры-шляхта, г. значыць сярэднія і дробныя земляўласьнікі. Прадстаўніцтва ад шляхты ў першыя часы ня было. Шляхта заклікалася пагалоўна. Пры Жыгімонце Старым ў 1511 г. першы раз быў аддан загад дзяржаўцам склікаць шляхту па паветах і прапанаваць шляхце выбраць па два прадстаўнікі ад павету для ўдзелу ў сойме. Паступова гэта практыка стала ўзмацняцца, аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел ў сходах сойму і пагалоўна. На Віленскім сойме 1565-66 г. г. была праведзена адміністрацыйная рэформа. Вялікае княства была нанова падзелена на ваяводзтвы і паветы. У кожным павеце былі ўтвораны павятовыя соймікі, якія гаспадар абавязваўся склікаць перед вальным соймам не пазней, як за чатыры тыдні да яго пачатку. На павятовыя соймікі павінны былі зьбірацца ваяводы, каштэляны, паны і ўся шляхта павету і абгаварваць як усе рэчы, аб якіх будзе абвешчана гаспадаром, так і свае ўласныя патрэбы. Яны павінны ад кожнага судовага павету абраць двух паслоў і пасылаць іх на вялікі вальны сойм, даўшы ім інструкцыі і поўнамоцтвы вырашаць, як пытаньні, абвешчаныя гаспадаром, так ״и иные припалые рэчы водле часу и патрэбы“. Станы заклікаўшыяся раней персанальна на вялікія вальныя соймы—князі, паны хоругоўныя, маршалкі і ўсе другія ўраднікі земскія і дворныя, мелі права персональна ездзіць на соймы і падаваць галасы па стараму звычаю[97].

Слад сойму перад Люблінскай вуніяй вызначыўся з наступных ״станаў, сойму належачых״.

З кзязёў, апроч тых, якія займалі ўрады, заклікаліся на сойм усе князі Вішнявецкія, Гедройцкія, Дзярэчынскія, Друцкія, Збараскія, Курцэвічы, Лукомскія, Сьвірскія, Масальскія, Ружынскія, Сангушкі, Слуцкія, Сакалінскія, Чэтвярцінскія, Чаргарыйскія. З паноў—усе паны Валовічы, Глебовічы, Гарнастаі, Давойны, Завішы, Ільінічы, Кішкі, Нарбуты, Остіковічы, Пацы, Сологубы, Сапегі, Тышкевічы, Хрэбтовічы, Шэметы. Апроч таго, у склад сойму ўваходзілі земскія паслы, абіраемыя ўсімі земляўласьнікамі шляхэцкага стану на павятовых сойміках. Усе ўдзельнікі сойму, усе ״станы сойму належачые“, былі фактычна пад'аддзеламі аднэй грамадзянскай клясы, карыстаўшайся правамі шляіэцтва. Ні мяшчанства, ні баярства, гэта значыць ваена־служылы стан, які не атрымаў шляхэцва. ні сялянства, ня мела свайго праўстаўніцтва на сойме.

Перад самай Люблінскай вуніяй, у 1568 г., атрымалі месца на сойме мяшчане сталічнага гораду Вільні па прыкладуе важнейшых польскіх гарадоў. Ім была дарована права пасылаць на вальны сойм двух або трох бурмістраў, якія павінны былі выказвацца толькі тады, калі на сойме зайдзе размова аб горадзе Вільні[98].

У часы пасяджэньняў вялікі вальны сойм дзяліўся на два "кола“; "коло" паноў рады і ״коло״ рыцарскае, шляхэцкае. Кожнае кола абгаварвала справы асобна, а затым, як і ў польскім сойме ў той час, пастановы абедзьвюх палат прыводзіліся да згоды. Сойм насіў арыстократычны характар. Магнаты, гэта значыць буйныя земляўласьнікі, напаўнялі ня толькі Раду, но ў асобах княжат, панят, ураднікаў земскіх і дворных напаўнялі так־жа і рыцарскае кола. На складзе сойму адбіваўся феўдальны характар грамадзянства таго часу ў вялікім Літоўска-Беларускім княстве. У вялікім вальным сойме прымалі ўдзел толькі тыя асобы, якія карысталіся сувэрэннымі правамі на сваіх землях пад вышэйшым сюзэрэнам—вялікім князем. Па істоце вялікі вальны сойм быў конгрэсам літоўска-беларускіх гаспадароў-феўдалаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў з гаспадаром вялікім князем на чале. Прадстаўнікі Літоўска-Беларускіх гарадоў ня былі поўнапраўнымі членамі сойму, бо Літоўска-Беларускія гарады ня сталі феўдальнымі дзяржавамі, поўнапраўнымі з адпаведнымі маемаёьцямі князёў і паноў; ня было і прадстаўнікоў ад сялян, якія былі вялікакняскімі або панскімі падданымі, ні продстаўнікоў духавенства, як асобнага стану, бо духавенства атрымлівала свае пасады ад гаспадароў-феўдалаў княства і лічылася іх духоўнымі ўраднікамі; ня было также прадстаўнікоў шляхты, жыўшай на землях панскіх і гаспадарскіх спадковых маенткаў, бо яна была на палажэньні вассалаў другой ступені. Толькі тыя шляхты, якія трымалі землі непасрэдна пад гаспадаром вялікім князем і былі вассаламі, як князі і паны, першай ступені, мелі правы на ўдзел у сойме.[99]

Літоўска-Беларуская шляхта з 60 гадоў XVI ст. пачала весьці барацьбу супроць паноў і князёў і дамагацца ўлады. Каб перамагчы сваіх праціўнікаў, умацаваць свае шэрагі і аслабіць магнатаў, яна пачынае дамагацца вуніі з Польшчай і спадзяецца, што пры дапамозе польскай шляхты, яна пераможа сваіх магнатаў. Часткаю надзеі шляхты здейсніліся з Люблінскай вуніяй, калі Соймы вялікага княства сталі супольнымі з соймамі Польшчы.

У склад супольнага сойму не вашло многа Літоўска-Беларускіх магнатаў. У сэнацкае кола—Раду, не папалі ўраднікі дворныя, а ў пасольскаю ізбу—княжаты, паняты, ураднікі земскія і дворныя, якія ня былі абраны павятовымі соймікамі, а заклікаліся на соймы персональна. Лік рыцарскага кола паменшыўся, но вага сярэдней шляхты пабольшала, бо ў склад членаў пасольскай ізбы ўвашлі толькі абраныя шляхтаю яе прадстаўнікі.[100]

Ужо да Люблінскай вуніі Літоўска-Беларускі Сойм атрымаў пэўную організацыю. З вуніяй Сойм стаў супольным з соймам польскім. Аднак гэта спольнасьць ня зьліла яго ў адзіны організм. Такому зьліяньню перашкаджала самая пабудова організацыі сойму: правы яго прадстаўнікоў—земскіх паслоў, абіраеміх на павятовых сойміках. Павятовыя соймікі былі ўтвораны 30 сьнежня 1565 году. Іх організацыю замацаваў Другі Літоўскі Статут, які тлумачыў яго, як прадсоймавы сход шляхты павету, якая падгатаўлялася к наступнаму сойму.

Сa злучэньнем Соймаў польскіх і соймаў вялікага княства ў адзіны спольны сойм, такія павятовыя соймікі павінны былі набыць асабліва важнае значэньне для абароны сваіх праў. Гэта значэньне соймікаў пашыралася дзякуючы іх організацыі ў абкрэсьленыя формы, якія давалі магчымасьць усяму княству выступаць як організованай адзініцы. Канчаткова такая організацыя была замацавана Статутам 1588 году.

Статут 1588 году ўжо адрозьнівае тры віды соймікаў: 1) перадсоймавы,[101] 2) падсоймовы[102] і 3) соймік, або з‘езд галоўны перад вялікім вальным соймам[103].

Павятовыя перадсоймовыя соймікі утвараюцца ״для летнего порадку во всих речах, и способов ку справедивости и обороне, иже бы з волею всих потребы се земские становили и одправованы были". Соймікі склікаюцца гаспадаром ״За порадаю рад наших того панства" складнымі гаспадарскімі лістамі. За два тыдні перад соймікам лісты павінны быьць разосланнымі праз паветовых возных ״до панов рад до княжат, панят, урядніков земских и паветовых и до иншых станов народу шляхетского, до кого перед тым стародавна листы соймавые с канцелярией нашое посылывано до домов их мають носить, а для всих посполите в местах местечках наших, на торгах, и при костелах парафеяльных обволывати, и копей з листов наших прибивати.“

На соймікі зьяждаюцца наступныя асобы: ״бискупове, воеводове, кашталяны и врядники земские, князи, панове и шляхты, каждый у сваем воеводстве або повете“.

Усе азначаныя асобы ״каждый из милости и повинности сваее ку рэчи посполитой повинен на тые соймики прибыть“. Хто-бы на соймік ня прыехаў, для таго абавязковы усе пастановы, якія вынясе соймік. Працяг пасядженьня сойміку чатыры дні.

Прадметы, абгаварваемыя соймікам, уносяцца гаспадаром праз пасылаемыя лісты і праз гаспадарскіх паслоў, адпраўляемых на соймікі спэцыальна дзеля гэтай мэты. Аднак, сарбаушыяся паны і шляхты маюць права ўносіць і абгаварваць і свае патрэбы ״немней теж и о своих потрэбах и долегростях оного повету и воеводства“. Абгаварыўшы ўнесеныя на соймік пропозыцыі, Соймік выбірае ад павету двух паслоў, якім даручае і дае поўнамоцтвы весьці нарады на вальным сойме. Дзеля таго, каб паслы вырашалі справы на сойме згодна з пастановамі сойміка, ім даюцца пісаныя інструкцыіі: ״за печатьми обывателей того повету״.[104] Кажны пасол адтрымлівае ад свайго повету або ваяводства, патрэбную суму грошай на ״страву“. Менскія паслы, напрыклад, атрымлівалі страўных грошай сто шесцьдесят коп.[105]

Пасьля нарад паветовых соймікаў, за два тыдні да адчыненьня вялікага вальнага сойму, адбываўся галоўны соймік, або зьезд усіх абабраных паслоў, а такжа і паноў-рады. Месцам галоўнага сойміку Статут 1588 г. назначае г. Слонім. ״Про тое уставуем иж перед кождым соймом великим вальным, за две недели мают вси станы того паньства великого князства, так панове рада их милости, яко и послове земские зьезд свой валный мети у Слониме".

Галоўныя зьезды маюць задачай дапасаваньне і ўпарадкаваньне усіх інструкцый павятовых соймікау, а такжа ўсіх земскіх спраў і патрэб вялікага княства ״и там знесши и посродок себе инструкцыи всех земель и поветов мають межи себе намовы спольные в милости братерской, о всих потребах земских чинити, приводечи се до одного слушного зрозуменья речей ку доброму речи посполитое, за чим бы вжо на великом вальном сойме порадней и спешней справы и потребы речи посполитое становити и отправовати се могли.“[106]

Па сканчэньню вялікага вальнага сойму праз чатыры тыдні павінны адбыцца ў кожным павеце соймікі пасоймавыя, або рэляцыйныя. Прыехаўшыя з сойму паслы даюць вестку аб сваім прыезьдзе ваяводзе, або старосьце, ці іх намесьніку, якія праз возных абвяшчаюць аб гэтым шляхту і склікаюць яе на соймік для заслуханьня справаздачы паслоў. ״А то для того, жебы на тых сойміках паслове с поветов на сойм посыланые, звернувшйеся з сейму дали о том всим обывателям, кожного повету ведомость достаточную, штобы на котором сойме в справах и потребах речи посполитое, справили и постановили и которые се кольвек на таким соймик з‘едуть, тые тых справ соймовых слухати мають“.

Не зьявіушаяся шляхта на соймік не адпавядае за няяўку, але падлягае і павінна выконваць ўсе соймавыя пастановы.

Пастановы сойму выдаюцца бясплатна кожнаму паслу з дзяржаўнай канцэлярыі. Гэтыя пастановы ״за печатью нашою“ пасол павінен падаць ״ку захаваньню при книгах земских вряду земскому“ ״и до книг городских дати то вписати“[107].

Пры такой будове соймавай організацыі цэнтр цяжкасьці пераносіцца ня ў сойм, а у павет. Павятовы сход актыўна абгаварвае усе дзяржаўныя пытаньні; выносіць пастановы і складае адпаведныя інструкцыі, гэта значыць прадрашае ўсе пастановы сойму. Абраныя на на сойм паслы не маглі адступіцца ад сваіх інструкцый, тым болей, што паслам прыходзілася выступаць са справаздачай перад сваімі выбаршчыкамі. Калі паслам не ўдавалася правесьці на вальным сойме пастановы свайго павету, яны ўносілі протэстацыі, упісвалі іх ў кнігі дзяржаунай канцэлярыі і выпісы іх прывозілі сваім выбрашчыкам у сваё апраўданьне.

Асабліва важнае значэньне набывалі галоўныя зьезды, як сходы ўсяго княства. Пасля страты сваіх вальных соймаў у галоўным зьезде Літоўска-беларускае княжаства мела орган, які адбіваў жаданьні, патрэбы і волю ўсёй дзяржавы. Па III Статуце ён зьбіраецца у Слоніме і мае мэтай апрацоўку адзінства ״умыслов“ і згоду інструкцый асобных паветаў. Такім чынам Галоўны зьезд быў перадсоймавым сходам усяго княства і быў зьвязай з дейнасьцю вялікага вальнага сойму.

Такія зьезды, аднак, у некаторых выпадках набывалі характар самастойных соймаў, якія выносілі канчатковыя рашэньні. У 1577 г. Стэфан Баторы склікаў галоўны зьезд ўсяго княства ў Ваўкавыску для ўстанаўленьня падатку на вайсковыя патрэбы. Зьезд выпаўніў жаданьне караля і ўхваліу падаток з Літоўска-беларускіх зямель, абмежаваў яго ўжываньне ״ку потребам того самого панства, великого князства Литовского, а не на што иного“. Такія-ж зьезды склікаліся ў Вільне ў 1578, 1580, 1582 і 1584 г. г.

Яшчэ большае значэньне мелі галоўныя зьезды ў часы бескаралеўя. Такімі зьездамі былі зьезды 1587 г. 29 студзеня 1587 г. у Вільні сабраліся "рады духоўные и свецкие, княжата, панята, врадники земские и дворные и паслове земские зо всих воеводств и поветов и все рыцарство, обыватели того панства, великого князства Литовского и земли Жомоитское“. Гэты зьезд вынёс цэлы шэраг пастаноў, якія ״вси вобец, от высшего аж до нисшого стану, задержати и выполнити обецали и обовезали״. Пастановы адносіліся да рэлігіі, суду, абароны і скарбу. У адносінах рэлігіі заьцверджан быў акт Варшаўскай конфэдэрацыі 1573 г., забясьпечваўшы свабоду вызнаньня. Адносна суду—утвораны былі надзвычайныя, каптуровыя суды. Па складзе гэтых судоў зьліліся ўсе ўрады звычайных судоў паветы—земскага, гродскага, і подкаморскага. Суд павінен зьбірацца кожны месяц у вядомыя для усіх тэрміны.

Адносна абароны была пастаноўлена паклапаціцца аб баявой годнасьці замкаў, павелічыць гарнізоны наемнага войска і ў выпадку вайны, падняцца ўсім з сваімі ״почтами״ агульным ваенным рушэньнем па загаду вялікага гэтмана літоўскага. У справах скарбовых вырашана прыняць грашовую справаздачу падскарбіем земскім ад усіх ураднікаў гаспадарскіх маёнткаў і ад павятовых паборцаў: у назначаны тэрмін усе ўраднікі і паборцы павінны ўнесьці належачыя з іх гроты пад страхам кары смерцьцю і конфіскацыі маемасьці.[108]

2 Кастрычніка 1587 году ў Вільні зьбіраецца новы зьезд паноў рады і ўсяго рыцарства вялікага Літоўска ־ беларускага княства з усіх ваяводстваў і паветаў. Зьезд быў склікан сэнатарамі і шляхтаю, якая была на Варшаўскім элекцыйным сойме. Зьезд абгаварваў пытаньне аб тым, як дзейньчаць вялікаму княству ў зьвязку з адбыўшымся выбарам палякамі двух каралёў на прастол Рэчы Посполітай з нарушэньнем умоў вуніі. Дзеля вырашэньня гэтага пытаньня зьезд наззначыў на 8 лістапада новы зьезд у Вільні, у які дзень ён і сабраўся. Гэты зьезд назначыў пасольства з пяцёх сэнатараў і дваццацёх шляхціцаў к абраным номінатам—Эрцгерцагу Аўстрыйскаму Максімільяну і Швецкаму Жыгімонту Вазе для перагавораў па інструкцыі, данай з'ездам. Назначыў сход соймікаў па ўсіх паветах Літоўска-беларускага княства для выбараў паслоў на новы зьезд. На ўсякі выпадак зьезд пастанавіў ваеннае рушэньне па загаду вялікага гэтмана. Сабраўшаеся земскае войска княства павінна была ״рушитися и тегнути“ супроць усякага ворага ״отчизны“, а такжа і ״на подпартье которого кандыдата, была того потрэба. ״Зьездам быў вырашан і шэраг другіх бягучых спраў[109].

У другой палове XVII ст. з‘езды перастаюць зьбірацца, але ў той час іх замяняюць павятовыя соймікі і пагроза парушэньня праў вялікага княства была паменшана дзякуючы ўмацаваўшамуся liberum veto.

Зьезды ў часы бескаралеўя прымалі характар ранейшых соймаў, якія вырашалі ўсе дзяржаўныя справы, без усялякай санкцыі спольнага сойму, на павятовых сойміках, а затым панамі раднымі і пасламі земскімі ўсяго княства на галоўным зьезде.

Галоўныя зьезды давалі магчымасьць абараняць і фактычна абаранялі інтэрэсы ўсяго княства і сваёй дзейнасьцю падтрымлівалі сазнаньне асобнасьці княства. Як перадсоймавыя зьезды, яны наперад вырашалі ў сваіх інтарэсах ўсе пытаньні, якія ставіліся на сойме, і на самым спольным сойме Літоўска-Беларускага княства выступае, як асобная дзяржаўная адзінка, інтарэсы каторай не заўсёды могуць супадаць з інтарэсамі Польшчы, як другой дзяржаўнай адзінкі.

Вырашэньне спраў княства перад спольным вялікім вальным соймам павінна была адбіцца і па самай дзейнасьці сойму і на яго пастановах.

Калі задачай галоўнага зьезду княства была прывесьці да згоды ўсе пастановы павятовых соймікаў, то вялікаму вальнаму сойму трэба было зрабіць тое самае з пастановамі ўсіх галоўных зьездаў, склікаўшыхся да канца XVII веку апрача княства ў Вялікай і ў Малай Польшчы.

Вялікі вальны сойм, як прымечана гістарычнай літаратурай у сваёй польскай частцы меў характар конгрэсу, гэта значыць, зьезду суверэнаў, якімі была шляхта, або іх прадстаўнікоў, абіраемых на павятовых сойміках шляхты[110]. Калі можна было пагодзіць інтарэсы шляхты на павятовых сойміках, і затым, на галоўных зьездах, то трудней гэтага было дабіцца на вялікім вальным сойме, дзе зьбіралася шляхта розных дзяржаў, меўшых не ўсягды аднолькавыя інтарэсы, і наперад вырашанымі постановамі адносна кожнай з іх. Асабліва цяжка было дасягнуць згоды паміж Польшчай і Літоўска-Беларускім княставам, імкнуўшымся да працівалежных мэт і стаяўшых на працівалеглых пунктах поглядаў. У той час, як Польшча пачала лічыць Літоўска-Беларускае княства уцэленай у карону польскую, вялікае княства імкнулася да захаваньня сваёй дзяржаўнасьці і самастойнасьці. Такія імкненьні польскай шляхты і Літоўска-Беларускага княства выразна адбіліся ня толькі ў тым змаганьні, якое вялося па розных пытаньнях на спольным сойме, галоўным чынам, у другой палове XVI ст., але і ў соймавых констытуцыях і ў форме іх пабудовы.

Соймавыя пастановы, або констытуцыі першых соймаў пасьля Люблінскай вуніі падкрэсьліваюць свае пастановы, як адной Рэчы Паспалітай, і аднаго народу. Пабаровы унівэрсал, ухвалены на Люблінскім сойме 1569 году, нарачыта падкрэсьлівае адзінства дзяржавы; Літоўска-Беларускае вялікае княства разглядаецца як і другія ״паньствы“—Кіеўскае, Валынскае, Прускае, Мазавецкае, Жмуцкае,—гэта значыць, як зямля, краіна рэчы Паспалітай, займаючая аднолькавае становішча з пералічанымі землямі, належачымі і прыслухаючымі Польшчы. "Усім і кожнаму асобна... У кароне і ўсіх паньствах нашых, як у вялікім княстве Літоўскім, Кіеўскім, Рускім, Прускім, Мазавецкім, Жмуцкім, Падляскім, Інфлянскім і іншых, належачых да Кароны“[111],

Пастанова гэнэральнай Варшаўскай конфэдэрацыі 1573 г. такжа падкрэсьлівае гэта дзяржаўнае адзінства Рэчы Паспалітай. ״Мы, рады каронныя, духоўныя і сьвецкія і ўсё рыцарства і другія станы адзінай і неразьдзельнай Рэчы Паспалітай з Вялікай і Малай Польшчы, вялікага Княжаства Літоўскага, Кіева, Валыні, Падлясься, землі Прускай, Паморскай, Жмуцкай і каронныя гарады“[112].

Такія тэндэнцыі лічыць вялікае княства правінцыяй Польшчы ўтрымаліся аднак нядоўга. Ужо ў 1573 г. абвестка, азнаямляючая аб абраным каралі, выдаецца ў другой форме: "Мы рады духоўныя і сьвецкія, рыцарства і іншыя станы Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, разам з іншымі панствамі, да іх належачымі“.[113] Карона і княства ўжо стаяць на адным роўні і ад імя станаў абедзьвюх дзяржаў выдаецца азнаямленьне.

У такой־жа форме выданы і артыкулы pacta conventa Генрыха[114]. Констытуцыя вальнага коронацыйнага сойму Стэфана Баторыя, якой зацьверджаны правы і вольнасьці народаў Рэчы Паспалітай, выражана ў такой-жа форме: ״усялякія прывілеі, даніны, запісы, дажывоцьця, прэрогатывы, вольнасьці і свабоды як Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, так і зямель да іх належачых, спольных або асобна наданых“[115].

Такое прызнаньне існаваньня Вялікага Княства, як асобнай дзяржавы, формальна зацьверджанае ў офіцыйных пастановах, хутка прыводзіць да выдзяленьня пастаноў адносна княства, або констытуцыяў. Ужо сойм Варшаўскі 1590 г. выдзяляе пастановы адносна Княства, але называе іх справамі Вялікага Літоўскага Княства[116].

Пастановы сойму 1607 г. ўжо падзелены на Констытуцыю Каронную і Констытуцыю Вялікага Літоўскага Княства[117].

Большая частка констытуцый XVII-XVIII вякоў падзелены падобным спосабам, напр., 1611, 1613, 1616, 1621, 1643, 1619, 1650, 1654, 1659, 61, 62, 67, 70, 73, 76, 77, 78, 83, 85. 90, 93, 1703, 1710, 12, 17, 26, 36, 64, 66, 68, 75, 1776. Праўда, і ў констытуцыях каронных пападаюцца пастановы адносна Літоўска-Беларускага княства. Але такія пастановы прымаюцца з агаворкай. ״Тую-ж констытуцыю прымае і Вялікае княства Літоўскае"[118], ״Гэту констытуцыю і Вялікае княства Літоўскае прымае“,[119] або ״гэта констытуцыя будзе служыць і ў Вялікім княстве Літоўскім“[120].

Ёсьць і зьмешаныя констытуцыі, аб'яднаныя адным агульным загалоўкам. Але аб'яднаньне гэта чыста надворнае. Па сутнасьці ў такіх констытуцыях адны пастановы датычацца Польшчы, другія Літоўска-Беларускай дзяржавы. Прыкладам можа служыць такой аб'яднанай формы, напрыклад, констытуцыя 1598 году“[121]. У ёй 91 артыкул. Першы артыкул уступны. Другі артыкул рэасумпцыя і дэклярацыя констытуцыі 1593 году, прычым агаворана, што дэклярацыя на Літоўска-Беларускае княства не пашыраецца. Артыкулы 3-19 датычацца Польшчы; ар. 20-36 і ар. 44 заключаюць пастановы адносна княства, прычым артыкулы 25, 26, 27, 29 пасьвечаны разьмежаваньню паветаў княства ад прылягаючых зямель Польшчы; арт 25 Берасьцейскага ваяводзтва ад Падлясься; 26—назначэньне комісіі дзеля разьмежаваньня Брацлаўскага павету ад Курляндыі і 27—назначэньне камісараў для разьмежаваньня Юрборскага лясьніцтва ад Прускіх зямель. Артыкул 78 агульны—ордынацыя землі Інфлянцкай. Усе другія артыкулы адносяцца да польскіх спраў.

Падобны характар маюць і другія констытуцыі, маючыя загаловак констытуцый каронных.

Такім чынам, спольны вялікі вальны сойм, адбіваўшы інтарэсы дзьвёх дзяржаў—Польшчы і Літоўска-Беларускага княства пашоў практычна па шляху прызнаньня асобнасьці княства і Кароны. Другога выхаду ня было, прызнаньне гэта выявілася не адразу, а пасьля доўгай парляманцкай барацьбы. Такое прызнаньне адбілася ў формуле розных соймовых констытуцый, якія сталі выносіцца ад імя Рады і паслоў каронных і рады і паслоў вялікага Літоўска-Беларускага княства. Затым па зьмесьце адны артыкулы констытуцый сталі адносіцца да кароны, другія да—Літвы, і наканец, пастановы былі падзелены на констытуцыі каронныя і констытуцыі Вялікага Княства.

Імкненьні польскай шляхты да інкорпорацыі Літоўска-Беларускага княства адбіліся і ў выбары месца для соймаў. Баючыся незалежніцкіх тэндэнцый літоўска-беларускіх паноў і жадаючы ізоліраваць літоўска-беларускую шляхту ад іх уплыву, на Люблінскім сойме польская шляхта вызначыла мейсца для спольных сойму г. Варшаву,[122] ня гледзячы на протэсты літоўска-беларускіх прадстаўнікоў, жадаючых скліканьня соймаў alternatium—на чарзе ў Польшчы і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве.

Да 1653 году ўсе звычайныя соймы, за выключэньнем Торунскага сойму 1573 г., склікаліся ў Варшаве. У 1653 годзе па прычыне цяжкіх надворных адносін для Польшчы—барацьбе з Украінай, паўстаўшай супроць панскага ўціску, экстраордынарны двухтыднёвы сойм быў склікан у Берасьці.[123]

Констытуцый вялікага Вальнага Сойму ў Варшаве 1673 г. пастанавіла склікаць кожны трэці чарговы сойм у межах Вялікага княства, у месьце Горадне, выключаючы конвокацыйны, элекцыйны і короноцыйны соймы, якія павінны адбывацца ў Польшчы. Пастанова сойму адбівае часткаю і прычыны такой перамены, рытарычна абвяшчаючы, што нішто болей не аб‘яднае грамадзянскі настрой (animos) і ня прыводзіць да згоды Рэч Паспалітую, як роўнасьць, каторую пажадана захаваць у Рэчы паспалітай паміж народамі Кароннымі і Вялікага Княства Літоўскага. Пастанова выразна сьведчыць, што і цяпер, праз сто год пасьля Люблінскага сойму, барацьба Вялікага княства з Польшчай ня скончылася, і ў яе процэсе Польшча павінна рабіць уступкі княству.

Разам з вызначэньнем месца, дзе адбываюцца соймы, былі вырашаны некаторыя абрадавыя пытаньні на пасяджэньнях сойму. Пропозыцыі на соймах, дзе-бы яны не адпраўляліся—у межах кароны, ці княства, адносна спраў каронных уносяцца пячатарам, або канцлерам каронным, а па справах княства—канцлерам Літоўска-Беларускага вялікага княства. Калі соймы адбываюцца ў Польшчы, то адказы на вітаньне пасольскай хаты дае канцлер каронны; ён-жа прымае абвестку аб выбары пасольскага маршалку; пры адбываньні сойму ў Горадні прымае вітаньне пасольскай ізбы, абвестку аб абраньні маршалка пасольскай ізбы і дае адказ на вітаньне канцлер вялікага княства. Калі адбываецца сойм у Горадні, то скарб вялікага княства бярэ на свой кошт утрыманьне і прыём паслоў Маскоўскіх, Турэцкіх, татарскіх і казацкіх, прыяжджаючых на сойм, такжа, як скарб каронны ўтрымлівае іх на свой кошт пры адбываньні сойму ў Варшаве.[124]

Цяг часу з моманту заключэньня Люблінскай вуніі не дапамог зрастаньню польскай і літоўска-беларускае частак сойму ў адзінае органічнае цела. Літоўска-Беларускае княства ня толькі не памяншае сваіх праў, але дабіваецца зьдзейсьненьня некаторых сваіх жаданьняў, абвешчаных ім на Люблінскім сойме, як, напр., месца пасяджэньняў сойму і на тэрыторыі княства, ужо спусьця 100 год з лішкам пасьля Люблінскай вуніі. Гэты факт сьведчыць, што традыцыйныя тэндэнцыі княства не памёрлі і княства ня страчвала сазнаньня сваей дзяржаўнай самастойнасьці. Княства не здавальняецца тым становішчам, якое займае, але імкнецца да пашырэньня сваіх праў, каб раўнапраўнасьць дзяржаўных організмаў выяўлялася і ў нязначных фактах, як месца для вялікіх вальных соймаў.

Акт Люблінскай вуніі, катораму прыдавалі да апошніх часоў значэньне акту, аб'яднаўшага дзьве дзяржавы і аканчальна вырашаўшага палажэньне Літоўска-Беларускае дзяржавы ў складзе Рэчы Паспалітае, не зьяўляецца канчатковым. Грунтавацца на адных пастановах Люблінскага сойму ў вырашэньіні пытаньня аб становішчы Літоўска-Беларускага княства пасьля 1569 году, ня прыходзіцца. Барацьба паміж княствам і Польшчай вядзецца і пасьля Люблінскай вуніі. Вынікам гэтай барацьбы паяўляюцца новыя акты, якія корэктуюць або ліквідуюць пастановы Люблінскага сойму. Важнейшым з такіх актаў яўляецца Трэці Літоўскі Статут 1588 году, палажыўшы асновы для дзяржаўнай незалежнасьці Літоўска-Беларускага княства і стаўшы грунтам і апорай княства ў яго барацьбе з Польшчай за сваю самастойнасьць. Другімі актамі, дапаўняючымі статут, зьяўляюцца соймавыя констытуцыі. Але іх правільнае разуменьне магчыма толькі з дэтальным вывучэньнем дзейнасьці вялікіх вальных соймаў, соймавых дзеньнікаў, галоўных зьездаў вялікага княства і павятовых літоўска-беларускіх соймікаў. Чарговай задачай беларускай гісторыі павінна быць вывучэньне гэтых організацый і іх дзейнасьці. Толькі пасьля грунтоўнага дасьледваньня і высьвятленьня політычнага жыцьця Беларусі ў дзейнасьці гэтых устаноў, можна будзе з пэўнасьцю гаварыць аб узаемаадносінах Літоўска-Беларускага княства да Польшчы пасьля Люблінскай вуніі. Разам з гэтым будзе ўстаноўлен правільны погляд на ўплыў польскай культуры на Беларусі і пытаньня рэлігійнага характару, якім да гэтага часу прыдаюць політычнае значэньне.

Ня гледзячы на слабую распрацованасьць гісторыі Літоўска-Беларускага княства пасьля Люблінскай вуніі, можна сказаць, што вывады гісторыкаў, зробленыя на аснове акту Люблінскага прывілея аб страце княствам дзяржаўнай незалежнасьці і зьліяньні з Польшчай у 1569 годзе, сьпешны і неабаснаваны. На аснове Люблінскага прывілею, Трэцяга Літоўскага Статуту і соймавых констытуйый можна лічыць установленым, што Літоўска-Беларускае княжаства пасьля 1569 году мае сваю тэрыторыю з строга адзначанымі межамі. Граніцы княства ахраняюцца спэцыяльнаю стражаю, праводзіцца размежаваньне краін літоўска-беларускіх ад польскіх. Войска польскае ня мае права пераходзіць у межы княства, як і войска літоўска-беларускае ў краіны Польшчы пад страхам вялікай кары[125].

Жыхарства Літоўска-Беларускага княства карыстаецца ўласнымі і асобнымі правамі, зафіксіраванымі ў Статуце. Палякі, як і ўсе чужаземцы, павінны набыць індыгенат, гэта значыць подданства Літоўска-беларускаму княству, каб карыстацца аднолькавымі правамі з тубыльцамі. Жыхарства княства мае свой свод законаў—Літоўскі Статут, свой уласны суд, сваю дзяржаўную беларускую мову, якую захоўвае да 1697 году.

Пасьля вуніі Літоўска-Беларускае княства захавала свой уласны цэнтральны ўрад. Маршалкі земскі і дворны, канцлер, падскарбі, гэтман—урады, якія існавлі і да вуніі. З урадамі былі зьвязаны і адпаведныя ўстановы. Маршалак земскі, як міністар вялікакняжацкага двара з усімі атрыбутамі сваёй улады сьведчыць аб тым, што вярхоўная ўлада князя ня зьліваецца з уладай караля. Хаця і адна асоба займае гэтае месца, але яна сядзіць на двух прастолах з рознаю ўладаю на аснове законаў кожнай дзяржавы. Канцлер з дзяржаўнаю канцылярыяй Літоўска-Беларускага княства, у каторай вяліся ўсе справы княства, меўшы ў сваіх руках дзяржаўную пячатку, без якой ніводзін загад ня меў сілы, быў пастаяннным абаронцай дзяржаўнай самастойнасьці Літоўска-Беларускага княства.

Падскарбі земскі міністэр фінансаў княства. Па ўмовах Люблінскай вуніі ўводзілася толькі аднолькавая па форме і весу монэта. Аддзельнасьць фінансаў і скарбу ў Польшчы і ў Літоўска-Беларускім княстве захавалася поўная. Вялікае княства мае і сваю мынцу, дзе чэканіць монэту для ўласных патрэб. Кожная дзяржава мае свой бюджэт і даўгі аднэй строга даходзяцца з другое.

Гэтман найвысшы з сваім намесьнікам гэтманам польным быў вайсковым міністрам і галоўнакамандуючым літоуска-беларускім войскам. З часоў Люблінскай вуніі войска, як і да вуніі, засталося ў Літоуска-Беларускай дзяржаве ўласнае. Яно складалася з наёмнага войска і земскага рушэньня. Земскае рушэньне склікалася ў часы вайны і заключалася ў тым, што ўся шляхта павінна была выстаўляць з сваіх зямель устаноўлены законам лік жаўнераў. Констытуцыяй 1676 году было прызначана для Кароны 80.000 чалавек і для Літоўска-Беларускага княства 20,000 чалавек.

Вялікае Літоўска-Беларускага княства, маючае сваю уласнаю тэррыторыю, урад, войска, мае і свой цітул, дзяржаўны гэрб і дзяржаўную пячатку, як сыбмалы сваей дзяржаўнай самастойнасьці і захоўвае іх да самага падзелу Рэчы Пасполітай.

Спольным з Польшчай зьяўляецца вялікі вальны сойм. Аднак характар яго організацыі перешкаджае яму зліцца ў аднароднае адзінае цела. Супольныя пасяджэньня палякаў з літоуцамі і беларусамі на сойме не памаглі органічнаму зрастаньню двух народаў і дзяржаў. Двухдзяржаўнасьць Рэчы Пасполітай захоуваецца на працягу ўсяго перыяду сумеснага істнаваньня і выразна адбіваецца на пастановах вялікага вальнага сойму, каторы прымушан выносіць асобны констытуцыі для Кароны і асобныя для Літоўска-Беларускага Княства. У некаторых выпадках адбываюцца і асобныя пасяджэньня як рады княства, так і пасольскага ״кола“.

Як־жа назваць такую організацыю Рэчы Пасполітай? Палітычнага адзінства, нават фармальнага, у Рэчы Пасполітай, як вачавідна, ня істнавала. Усе элементы дуалізма на фэдэрацыйных асновах выразна выяўлены у пабудове Рэчы Пасполітай.


  1. Прывілей на далучэньне Падлясься, Валыні і Кіеўшчыны. Vol. legm. II, ст. 77-87.
  2. Любавский-Литовско-русский сойм, прилож. 77, ст. 220
  3. Volumina legum, II t. ст. 89.
  4. Volumina legum, Petersburg 1859 r. t. II, ст. 87-92.
  5. Vol. legum, t. II, ст. 92-93.
  6. Ibidem 93.
  7. Ibidem 94-102.
  8. Ibidem 100-102.
  9. Maciej Stryjkowski Kronika Polska-Litewska i Żmudska i Wszystkiej Rusi.
  10. Marcin Bielski kronika.
  11. Lukasz flornicki. Dzieje w koronie Polskiej za Zygmunda I i za Augusta… do roku 1572.
  12. Teodor Narbut Dzieji narodu Litewskiego.
  13. В И. Пичета—Литовско-Польския унии и отношение к ним литовско-русской шляхты. Сборник статей, пасвященных Ключевскому М. 1909 г.
  14. М. Довнар-Запольский. Польско-литовские унии на сеймах до 1569 г. (Древности Труды славянской комиссии Московского Археологического Общества, т. II,1897 г.)
  15. Wladyslaw Smolenski Dsieje narodu Polskiego wydanie piate.
  16. Stanislaw Kutseba Historya Ustroju Polski w zarysie, tom I: Korona Lvow 1913, tom II: Litwa, Lwow 1914.
  17. Леонтович—Сеймы и сеймики в Великом Княжестве Литовском. (Журн. М. Н. Пр. 1910, № 3, стр. 50-51).
  18. Лаппо, opus citra ст. 79-85.
  19. И. И. Лаппо Люблинская уния и Третий Литовский Статут Ж. М. Н. Просв. Его же. К вопросу об утверждении Литовского Статута 1588 г. 1917, № 5.
  20. Volumina legum, t II ст. 100-101.
  21. Ibidem 100.
  22. Yolum. legum II. 101, гл. працу, И. И. Лаппо Люблинская уния и Третий Литовский Статут ст. 104.
  23. О. И. Леонтович, Русская правда и Литовский Статут в видах настоятельной необходимости включить Литовское законодательство в круг истории русск. права (Киевск. Унив. Изв. 1865 г. № 2, 3, 4).
  24. С. Л. Пташицкий. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского Статута СПб. 1893 г., ст. 13.
  25. Апроч вышэй памянёных у працы: Великое Княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Баторня СПб. 1901 г.
  26. И. И. Лаппо к вопросу об утверждении Литовского Статута 1588 г., ст. 9.
  27. Лаппо. Великое Княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория, ст. 85—228.
  28. Лаппо к вопросу об утверждении III литовского Статуту ст. 29.
  29. И. И. Лаппо. Постановление трех Виленских с'ездов 1587 г. (Сборник статей посвященных С. Ф. Платонову, СПб. 1911 г.)
  30. ״Лаппо״ К вопросу об утверждении III Литовского стр. 38.
  31. Ioachima Bielskiego dalszy ciag kroniki Polskiej... warszawa 1851 г.
  32. Статут Великого Князьства Литовского 1588 г. Новое издание Московского общества истории и древностей российских. Москва 1854 г.
  33. Асабліва яскрава у наступных разд. і артык.: 1, 2, 4, 6, 7, 8, 9, 10, 14, 15, 16 17, 22, 25, 26, 29, 30, 31, 34, 35; разд. П-1, 23, 1 др. разд. IIІ арт. I. 2, 3, 4, 5, 7, 8/12 13, Н, 16, 18, 29, 30, 32, 33, 36, 38, 39, 46, 48. разд. IV-арт.-І, 12, 14, 15, 29, 37, 45. 55, 56, 67, 80, 94, 95, 96, 104; разд. V-арт. 4,7, 22, разд. VII; разд. VII і 1-2, р. XI арт. 14, 4, 57, 60, і др.
  34. Разд. 1 артыкул. I.
  35. XI, 68.
  36. 1-4.
  37. Разд. XI, 28, глядзі указания вышей.
  38. 1,11,12
  39. 1,14
  40. Разьдз. I, 14.
  41. Разд. III, I.
  42. Разьдз. III 4.
  43. Лаппо—к вопросу об утверждении III лит. статута, ст. 32.
  44. Uol. leg. II. 270.
  45. Uol. leg. II, 268; Літ. ст. разд. I, 16 і IV, 12.
  46. Uol. leg. II, ст. 89-90.
  47. Літ. ст. разд. I, 26; III, 12; IV, 1, 4, 8 і др.
  48. III. 1, 2, 8.
  49. Разьдз. ІІІ, арт. 12.
  50. Разьдз. ІІ, арт. 1.
  51. ІІ, 5.
  52. ІУ, I.
  53. ІУ, 37.
  54. ІУ, 83
  55. ІУ, 104
  56. IX, 1 і 10.
  57. Разд. IV, арт. 56.
  58. УІ, 3.
  59. VII, 1.
  60. УІІІ, 2.
  61. Лаппо—Люблинская уния и третий Литовский Статут, стр. 108 і далей.
  62. Opus. citra ст. 117.
  63. Літоўская метрыка Судных Дзел Літоўскіх 73 л. 107-408 (узята ў Лаппа).
  64. ІІІ Літоўскі Статут ІІІ, 1 і 13.
  65. Volumina Legum, II, ст. 90.
  66. И. И. Лаппо Велик. кн. Литовское т. I ст. 139.
  67. И. И. Лаппо ibidem ст. 145-148.
  68. Третий Литовский Статут, пасьвечаньне Л. Сапегі, ст. V-VI.
  69. Статут, прывілей, ст. IV.
  70. Статут, разд. I, арт. 20.
  71. І, 14
  72. XI, 68.
  73. і разд. I, 3.
  74. I. Малиновский. Рада Великого княжества литовского в связи с боярской думой Древней России, часть II вып. II. Томск 1912 г. ст. 12.
  75. Г. Маліноўскі opus citra ст. 26.
  76. Лаппо В. кн. Л. I. 129.
  77. Любавский. Очерки, приложения, ст. 307-312.
  78. Статут 1529 г. III, 6.
  79. Маліноўскі, ст. 111.
  80. Uol. legum. II, 90 § 8.
  81. ibidem ст. 93 і конст. 34, ст. 94.
  82. III Лит. Статут разд. 1, арт. 9
  83. Ibidem I, 15.
  84. Статут III, 5.
  85. ibidem III, 23.
  86. II, 5
  87. I, 10
  88. I, 28
  89. I, 4
  90. I, II
  91. Разд. II, арт. 2.
  92. Volum. legum II ст. 251.
  93. Vol. leg III, ст. 36.
  94. Vol. leg. IV, ст. 8.
  95. Vol. legum VIII, ордынацыя сойму 1775 г.;
  96. Volum leg IV, ст. 394.
  97. М. Любавский—Литовско-русский сейм, ст. 732.
  98. Любавский, opus citra, ст. 5.
  99. Любавский— Л.—P. сейм, ст. 850;
  100. Ibidem, ст. 848.
  101. Литовский Статут, III,6.
  102. III,9
  103. III,8
  104. Литовский Статут 1588 г., разд. III, арт. 8.
  105. Разьдз. III арт. 9.
  106. Литовский Статут 1588 г., разд. III, арт. б.
  107. Разьдз. III, арт. 7
  108. И. Лаппо—Постановления трех Виленских с‘ездов 1587 г. Сборник статей, посвященных С. Ф. Платонову, СПБ 1911 г., ст. 369.
  109. Н. И. Лаппо. opus citra ст. 374.
  110. М. Karejew Zarys historyczny Seimun Polskiego Warcszawa. 1893 г. ст. 10.
  111. Volum Leg; II, ст. 102.
  112. Ibidem, ст. 124.
  113. Ibidem, ст. 131.
  114. Ibidem, ст.. 133.
  115. Ibidem, ст. 159.
  116. Ibidem, II, 316.
  117. Ibidem, II, 448.
  118. Vol. leg. III, ст. 80,
  119. Ibidem. III, ст. 178.
  120. Ibidem, 180.
  121. Ibidem, II, ст. 366-379
  122. Uolum leg. II, ст. 92
  123. ibidem IV, ст. 183
  124. Volum, legum, t. V, ст. 67.
  125. Vol. leg., t. V, ст. 86

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.