Пайду…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пайду…
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
Крыніца: http://biadulia.ru/stories/260.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пайду ў самоць пад хрып, пад хруст прыбрэжжа;
На кій вандроўны там бамбук я зрэжу.
У агнахмельнай радаснай бядзе
Маё каханнё — чайкаю ў вадзе.
Пайду ў задум пад шэпт,
пад песню пальмаў,
Дзе смех дзявочы асалодай паліць,
Дзе кіпарысы сталі ў стройны рад,
Дзе дзень у дзень злуецца вадаспад.
Ён малаткамі звоніць у граніты,
Ён дражніць горы стукам стокапытным,
Ён на абвал плюе разбітым шклом,
Ен чыніць бесчын срэбраным агнём.
Пайду я ў ноч, у шоўк пахучай мгліцы:
Дзе знікла з даляў спелая зарніца,
Дзе постаць мілай тоне паміж дрэў,
Дзе на вяршынах дзень стары згарэў.
Яна прыйшла насустрач маім ласкам.
Яна прыйшла, як летуценне з казкі.
У радасць рынем з ёю да зары,
Бы камень, адарваны ад гары.
3 глухіх цяснін пацягне роснай стомай.
Яна мне кіне ў грудзі соладзь стогнаў,
Заслепіць белай музыкай зубоў
І скажа свой жаночы забабон:
«Прыбой сягоння гэткі непакорны…
Вунь два чаўны згубіліся на моры…
Як непрытульны дрэвы ў гэты час.
Цалуй мацней, цалуй апошні раз…»
Задзівіць поўнай месячным спакоем,
Заслепяць цені смугла-сінім строем,
Зайграюць зоркі залатым аўсом,
Спадуць на чорны сполах валасоў.
«3 табой, з табой паеду ў Беларусь я!» —
І я ў вачах бяздоністых таплюся,
А броўкі колюць цёмнай астрынёй.
Яна дрыжыць галінкай маладой…