Пад родным небам (1922)/Зачарованы край/На Гальгоце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У Ясных Крушнях На Гальгоце
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Тамуз і Егова
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Гальгоце.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ГАЛЬГОЦЕ.

Жалоба і страх панавалі на ціхіх далінах,
На сьветлай расе, на квяцістых кусткох, на расьлінах,
На, ўзгор’ях-скалох, на зялёных, пахучых галінах.

Жалосныя скаргі імглою над полем луналі,
Як жаўранкі-птушкі, насіліся ў сінія далі,
І вахталісь дрэвы ад стогнаў, як божыя шалі.

Туга і самотнасьці млелі, як цені паўночы.
Мігцеліся сполахі, быццам прарочыя вочы.
Ой, будуць пакутнасьці… Пан паднябесны так хоча…

А Сын перамог і пакусы і вабы зямныя.
Ў пакутных вачох, нібы голубы белыя тыя,
Адсьветы цьвілі — пакорнасьці думкі сьвятыя.

З грудзёў вырываліся слабыя енкі і крыкі:
«Яшчэ мукі… болей… Ты праў, Божа добры, вялікі!
Мілосны, ратуй цёмны люд ашалелы і дзікі…»

Глядзелі ў таёмнасьці вочы Прарока і Бога:
Ён бачыў вялікую, змрочную далеч-дарогу,
Ён чуў песьню вешчую, слова анёла сьвятога.

Адвечнасьць плялася над слабым жыцьця мігаценьнем,
Ён сэрцам чытаў летапісы вякоў-лятуценьняў,
Ён бачыў душой усю процьму людзкіх пакаленьняў:

Агні і пажары, і кроў, і крыжы, і паходы,
І зьдзекі, і гвалты, зьдзічэласьці з родаў ды ў роды, —
Жывуць між сабою, як стады зьвяругаў, народы.

Крыжы залачоныя зьяюць на шоўку — ня ў сэрцы,
Для славы Магутнага сеюцца гібелі, сьмерці.
Ахвярам на полымях кажуць: «Канайце і верце!»

Пра катаў-зьвяроў яшчэ гымны складаюць і песьні
І вечна, пяюць, нібы жаўранкі ў раньнюю весну…
«Яшчэ мукі… йшчэ… О, ў грудзёх маіх робіцца цесна…»

І смаглыя вусны малітву бясконца шапталі.
Так шэпча расьліна ў падводнай празрыстай крышталі
Так волас шапоча, як б’ецца аб нож з вострай сталі.

Імёны тых гідасных — ў яркіх агнёх сьвятазьяньня.
Званы аб іх медныя звоняць свае заклінаньні,
І гукі купаюцца ў хвальшах, у блудах, ў абмане.

Пакуты Яму былі рэчкай у дзікай пустэчы, —
Крык шчырай душы на праступным, разьюшаным вечы,
Прамень сярод цьмы, які зрок сьлепатою калеча.

Ён — кропелька ў моры, ці сьцерпіць за мора пакуту?
Пячэ гэтак смага — то цела сьмяротнага путы;
І замест вадзіцы далі яму келіх атруты…

І скрыдлам кажанавым, скрыдлам сьлізгучым, варожым
Цалунак агіднага Юды на вуснах палаў і трывожыў.
«О, злітуйся, Літасны… Мукі яшчэ, Ойча-Божа!»

І раптам злы дух безжалоснага страху сумненьня
Аблокам закрыў сяміколерны пломень надхненьня, —
І Бог-Чалавек запытаў сам сябе ў задзіўленьні:

«Ці-ж міласьць сьвятая — адна толькі кволая мара?
Ці-ж праўда пад сонцам — адзін толькі водблеск пажару?
Ці-ж шчырасьці слова — адзін толькі водгук ў абшары?»

«Навошта, ім, Ойчанька, ў вочках радзіцца дзіцяці?
Навошта ім, Ойчанька, ў ліры шматструннай стагнаці?
Навошта ім, Ойчанька, краску лугоў цалаваці?»

«Няхай-бы зусім ня трывожылі сэрца прарока,
Няхай-бы зусім не праменілі вешчага вока,
Няхай-бы зусім ня блішчэлі, як анёл з аблокаў!»

«О, лепей мне быці аленем у гушчы дрымотнай,
О, лепей мне быці птушынай над логам балотным,
О, лепей мне быці жывёлкай пад корнем вільтотным!..»

Як макі чырвоныя, раптам крывавяцца раны.
Душа акрыляецца сілай пакуты нязнанай.
У сэрцы гаворыць ён: «Прэч, дух вялікіх абманаў!»

«Ёсьць вера, мой Пан, гэта вера — ў душы чалавека.
Ёсьць міласьць, мой Пан, гэта міласьць — ад веку да веку.
Ёсьць праўда, мой Пан, гэта праўда — адвечная лека.»

І песьняй зрабілісь страшэнныя стогны пакуты,
І мёдам гаючым — пітво злой, сьмяротнай атруты,
І сонечнай воляй — на целе вяроўкі і путы.

І сонца агнёвае сэрца Прарока спаліла,
І вецер надвоблачны глынуў Прарочую сілу,
І цуд небаколерны зьяў над Прарочай магілай.

1912 г.