Перайсці да зместу

Пад родным небам (1922)/Грымоты й цішы/Я — спадчына вякоў…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (За мною курганы вячыстыя) ⁂ (Я — спадчына вякоў…)
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
⁂ (Сум сьмерці і радасьць жыцьця…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я — спадчына вякоў, сын даўніх пакаленьняў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Я — спадчына вякоў, сын даўных пакаленьняў,
Я — быстралётны цень тысячалетніх ценяў,
Я — хуткамігі блеск ранейшых мігаценьняў;

Я тку далей узор няскончаных тканінаў,
Я — няпрыметны плынь стардаўных ручаінаў,
Я — кволая трава вячыстых лугавінаў.

Я рвуся ў даль зары да новых таямніцаў,
Хачу дастаць вады з няведамых крыніцаў,
Хачу дастаць агню з высокіх зараніцаў.

Хачу парваць ланцуг тысячалетняй сталі,
Хачу прабіць сьцяну да новых сьветлых даляў,
Хачу, каб мерцьвякі ў адвечным сьне маўчалі.

А мерцьвякі жывуць у кожным маім кроку.
Іх водблескі мігцяць з майго жывога вока,
Ўва мне і пада мной, і нада мной высока.

У голасе маім, у кожным маім стогне,
У думках, у крыві, ў трывожным забабоне —
Яны кіруюць мной — я вечна ў іх палоне.

1922 г.