Перайсці да зместу

Пад родным небам (1922)/Грымоты й цішы/Воля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (З пылаючых квятаў-агнішчаў…) Воля
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Шатан сьмерці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Воля (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОЛЯ.

Трупы ляжалі, як горы.
Стогны плылі на прасторы.

Воўкам крывавым пажары
Вылі на полі-абшары.

Над папялішчамі сьмела
Воля па скрыдлах ляцела;

Горнай арліхаю славы
Пела над цёмнай дубравай;

Волатам юным у зброях
Дух падымала у боях;

Вогненай зданьню скрыдлатай
Зьяла над полем, над хатай;

Дзікім канём за гарою
Вабіла вока людзкое;

Бурай агнёвай над глебай
Гук падымала да неба:

З хваль выплывала царыцай,
З неба сьвяцілась зарніцай;

Бедных надзеяй карміла,
Люд у бядзе весяліла:

Ўночы камэтай квяцістай
Брызгала снопам іскрыстым;

Люду гаротнаму казкі,
Сны даравала і ласкі:

Перад замучаным вокам
Гордым стаяла прарокам;

Клікала ў бой на змаганьне,
Клікала з раньня да раньня;

Звала на сьвежых магілах,
Кроў запаляла у жылах;

Гымнам варожыла сэрцы,
Каб не баяліся сьмерці.

1922 г.