Перайсці да зместу

Пад напевамі ветраў асенніх

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад напевамі ветраў асенніх
Аўтар: Паўлюк Трус
Крыніца: http://exussr.ru/vershy/pad-napevami-vetrau-ase

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасцягам разложыстых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.

І на вогнішчы буры віхрыстай,
На магіле мінуўшчыны дзікай,
Беларусь, над табой агнявіста
Новай квадры настаў маладзік!

Яго погляды — далі люстраныя,
Волі дух — сакаліны палёт,
Яго грудзі — уздым акіяна
Вольнай песняй вітаюць Заход.

Чую — там падымаецца лёскат,
Разліваецца полем аўсяным, —
Гэта звоніць кужэльная вёска,
Да Кастрычніка туліцца ўся.

І глядзіць туды вокам арліным,
Каб узняцца на крыллях вясенніх,
Дзе равуць вольнагучна машыны
Над краінай бяссмертнага Леніна.

Вольных песень стыхійныя хвалі
Вірабурна прыволлем буяняць
І нясуць у замежныя далі
Кліч прыгнечаным — кліч да змагання.

Прыдзе час, і пад снягам чырвоным
Ашлюбуецца з Нёманам Вісла,
І свабодаю Вільня зазвоніць, —
Хай панурыя хмары не віснуць!

Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасторам квітнеючых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.