Падфарбаваная правакацыя
Падфарбаваная правакацыя Публіцыстыка Аўтар: Рамуальд Зямкевіч 1919 год Крыніца: Беларуская Думка. — 16 мая 1919. — №9; бач. 3 |
Падфарбаваная правакацыя.
Знамяніты чорнасотніцкі польскі орган «Dziennik Wileński» у № 20 з 13 мая падае вельмі спозьнены вось які пратакол:
„Пратакол агульнага абраньня падмейскіх вёсак і ваколіц парахвіі Усіх Сьвятых, якое адбылося 22 лютага 1919 года у мяйсцовасьці Падвысокая каля Вільні.
Пасьля абгаварэньня уселякіх спраў ксёндз Дыякоўскі падняў голас у справе з‘езда Беларускага у Вільні службы дворскай і Бог ведае якіх і скуль прыблудаў, пры помачы каторых, нібы-то дэлегатаў ад мейсцовай люднасьці, савецкія уласьці маняцца вынясьці рэзалюцыю, што край наш высказываецца за поўнае прылучэньне да Беларусі ці Расеі.“
Пасьля усе сабраные вынясьлі рэзалюцыю пратэста проціў кіраваньняў „Беларускага з‘езда“ (?) у «Вільні, дэкляруючы, што усе яны палякі і хочуць быць прылучаны да Польшчы. Затым ідуць подпісы.
На усё гэта мы адкажам, што, шкада вялікая, чаму толькі цяпер гэткую дэклярацыю друкуюць, трэба было яе апавесьціць у сваім часе, калі ужо было можна.
Названьне з‘езда Беларускім мае скрытую тэндэнцыю зрабіць усіх нас беларусаў — бальшавікамі, каб можна было туманіць бедных цёмных людзей і шырыць з ненавісьцю да беларускай мовы полёнізацыю, так патрэбную для ідэі еднасьці, свабоды і роўнасьці „роўных“.
Аб гэткім „Беларускім з‘ездзе“ у Вільні мы ня чулі і у кожным разе названьне яго „беларускім“ так сама праўдзівае, як названьне Чырвонай Арміі у нашым краю „Беларускай“ або названьне беларускай вядомай польскай „Літоўска-Беларускай дывізыі.“
Calumniez, calumniez il en restera quelque chose…
Р. С.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.