Падвойная справядлівасьць
Падвойная справядлівасьць Публіцыстыка Аўтар: Багуслаў Адамовіч 1918 год Крыніца: Часопіс «Гоман» (Вільня), 1918, № 74 (278), 4 кастрычніка, б. 2-3 |
Падвойная справядлівасьць.
Адзін місіянар, што доўга працаваў сярод дзікага народу, каб асьвяціць яго ў веры хрысьціянскай, запытаўся раз аднаго з новапаварочаных, як ён разумее дабро і зло. „Зло — гэта будзе, на прыклад, тады — адказуе той — калі хто украдзе ў мяне жонку“. „Добра, добра“, кажа місіянар і пытаецца: „А калія будзе дабро?“ і „Дабро будзе, калі я сам украду ад яго жонку“. Вось гэта і называецца падвойная справядлівасьць.
Мы будзем сьмяяцца з дзікага чалавека, але забываемся аб тым, што й паміж людзьмі культурнымі сьветлымі такое зразумленьне справядлівасьці здараецца дужа часта. Ані ня лепш за нашага дзікага разумеюць справядлівасьць паны з „Дзеньніка Польскага“, што Выходзіць у Чэнстахове.
Тым часам цяпер, калі палякі могуць мець толькі йшчэ адну надзею на тое, што ім можа усьміхнуцца гістарычнае шчасьце, ужо пачынаюць выглядаць што, дзе і ад каго можна забраць, можа дзе што нядобра паложана і ня моцна ўмацована. Харошы зваротак, прыгожыя манеры!
Але ня досьць таго, што хочуць забраць чужое — яны, як раз як той дзікі, кажуць, што гэта й добра, што гэтак і павінна быць.
Калі хто ўжо гневаецца ці яшчэ ня верыць, каб гэта была праўда, раджу паслухаць далей або найлепш прачытаць самому 263 і 266 намяры гэтага „Дзеньніка Польскага“.
У 266 номяры прыводзіцца зьмест рафарату нейкага пана Марчэўскага, што ён выказаў на сходзе ў справах усходных межаў Каралеўства Польскага. На самым пачатку пан Марчэўскі кажа, што аб Віленшчыне няма чаго і гутарку вясьці, бо Віленшчыну ён называе цэнтрам польскай зямлі (вось чаго мы дачакаліся — няма ведама, як гэта 2 зразумець). Ен гаворыць толькі аб Віцябшчыне і аб «Польскіх» Інфлянтах. Вось жа ён тамака сам сёлета ў летку быў і… добра нагледзіў дзе што ляжыць. Пан Марчэўскі хваліцца, што ён добра прыглядаўся, хадзіў навет каля вазоў па рынку, быццам прыслухацца, ці гавораць па-польску і даведацца, ці шмат там палякоў. Бог яго ведае, чаго ён там хадзіў па рынку, ды толькі сам ён прызнаецца, што палякоў там «меншасьць» (разумей: зусім мала) а гавораць па польску дужа кепска (о, мы добра ведаем, як там гавораць «popolskiemu»).
Аж дзіва — пан Марчэўскі паказвае часамі дужа вялікую сумленнасьць. Ня прызнае, што там ёсьць беларусы—католікі і не залічае іх да палякоў. Яго ня пужае навет, што пры такім рахунку палякоў выходзіць дужа мала. Але гэта нічога, даводзіць гэты самы спрытны пан, што палякоў там мала, зато зямлі ў іх шмат: »Ў Лепельскім павеце маёнткаў польскіх большых за 100 дзесяцін ёсьць 261, а ўласнасьць польская становіць 72% усяе ўласнасьці».
Дык што-ж з таго што палякоў там мала а зямлі ў іх шмат? Ці не падзяліцца ім з беларусамі, бо ў іх зямлі мала а самых шмат. А барані, Божа!
Вось паслухайце толькі якую ён разумную а яшчэ больш справядлівую дае раду: «Нашыя абмежкі[1] кажа ён, разьвязуюць зямльняе пытаньне ў нас, бо як раз там можа памясьціцца ня толькі 3 міліёны вашых беззямельных або малазямельных сялян, але два або й тры разы толькі». Усе гэта натое, каб уратаваць польскасьць, каб ратаваць культуру, усё добрае, сьвятое — бо ведама-ж толькі паляк добры, разумны, моральны а мо’ і сьвяты.
Гэтак польскія паны на Беларусі перададуць землі паляком з Каралеўства а беларускаму селяніну ужо зямлі на сваёй бацькаўшчыне ніяк набыць не дастанецца — хіба сажань пяску на магілках. А калі гэтага ня хочаш, то зьбірай свао лахманы, разьвітайся на заўсёды з родным краем і йдзі сабе ўпрочкі: або па зямлю ў сібірскія лясы, або куды ў адработнікі.
Каб гэтак зрабілася (барані Божа), як радзіць пан Марчэўскі, то было-б прынамсі ведама, куды беларус мае йсьці за парабка. Ня йнакш, як да тых самых палякоў у Польшчу. Бо, калі з Каралеўства Польскага перасяліць сюды і ня 10 міліёнаў людзей, як праектуе пан Марчэўскі, а толькі якіх 5—6, то ў Польшчы астануцца адныя паны і ня будзе каму рабіць, за тое што там жывець 12 міліёнаў палякоў разам з гарадамі і мястэчкамі. Гэтакім парадкам пан Марчэўскі хоча зрабіць, відаць, усіх палякоў панамі, а беларусаў іх парабкам. Але што на гэта скажуць беларусы. Што скажуць — пакажа будучына, але маўчаць ня будуць.
Мне здаецца што ня толькі беларусы ня будуць маўчаць, але ня будуць маўчаць і некаторыя з тутэйшых палякаў, хто разумее, што, зямля перш-на-перш належыць да усяго краю, а пасьля да яго, што прадаваць чужынцам зямлю тады, калі зямля патрэбна таму, хто на ей вякамі працаваў, ліў свой пот і кроў, называецца здрадай краю. Мы разумеем, што такой радай самыя польскія сяляне будуць ня вельмі рады: ім трэба кідаць сваю бацькаўшчыну, ехаць на чужое і вясьці барацьбу, з тымі, да каго па справядлівасьці павінна была-б належыць зямля. Паном Марчэўскім можна сказаць так: калі ужо так хочаце запраўды ашчасьлівіць польскіх сялян, то падзялецеся з імі зямлёй у Польшчы, бо і там дужа шмат вялікіх земляўласьнікаў, а зямля уроблена добра і да таго сялянам ня трэба будзе выежджаць на чужыну. Зрабеце гэтак і будзем тады жыць у згодзе. А калі захочаце перасяліць сваіх сялян да нас а нас паслаць з торбамі упрочкі, будзем ваяваць. Ведайце, што беларускі народ не дасца. Лепш бараніце свайго і ня сьцігуйце на чужое.
Можна было-б думаць, што гэтакія пляны зарадзіліся у галаве толькі аднаго пана Марчэўскага і спакойна з іх сьмяяцца. Але з розных вестак, чуваць, што сярод польскіх нацыяналістаў гэтая думка разьбіраецца зусім паважна і каб толькі маглі, то яны зараз-жа пачалі-б ўводзіць яе у жыцьцё. Гэтак паднялася-б калатніна і грызьня паміж братнімі народамі. Карысьці з гэтага было-б мала а бяды шмат. Скарыстаў бы хто іншы. Беларусы могуць толькі шчыра жадаць, каб палякі зразумелі, да чаго можа прывясьці такая колёнізацыя і каб як найхутчэй паміж імі зьявіліся людзі, што павялі-б агітацыю проціў такіх нягодных плянаў.
Пан Марчэўскі рэжа праўду ў вочы і перакручуе мала. Хоць гэта добра: адразу бачыш з кім маеш дзела. Але звычайна спачатку вывярнуць праўду на другі бок і тады толькі кажуць, што трэба. А трэба найчасьцей забраць нешта чужое.
Вось ў 265 номеры тае самае газэты піша неякі пан «Doktor M. Nałęcz Dobrowolski». Ен даводзіць, што край паміж Вяльлёй, Неманам і Беразінай «rdzennie polski» (зусім польскі). А жывуць тут не апалячаныя беларусы а самыя праўдзівыя, чыстыя мазуры, куявякі і іншыя «Koroniaże». Яны быццам і гавораць інакш і выглядаюць інакш ад беларусаў.
Чысты сьмех! Відаць, пан Добровольскі зусім тутака ня быў і ня ведае таго, аб чым піша. А калі ведае, то адумысля брэша, як наняты. Бо пакажэце-ж, ці відзеў хто тут такіх «мазураў», ды яшчэ каб іх набралася да 3 мільёнаў, як цьвердзіць пан Добровольскі. Гетых мазураў навялі быццам сюды беларускія і літоўскія князі, пабраўшы іх ў часе вайны ў палон. Праўда, што гэта было. Але гэта было больш за паўтысачы гадоў да гэтага, а цяпер ўжо ўсё так перамянілася, што й знаку ніякага няма, а ім прыйшло ў галаву шукаць каплю ў моры. Шукай, ня шукай — усё роўна нічога ня знайдзеш. То-ж і беларусаў хіба часамі ўдавалася браць паляком у палон і вясьці ў сваю старонку, але мы й ня думаем шукаць таго, што назаўсёды прапала.
А цяпер праўдзівых „короняжаў“ палякоў з крыві і мовы ў нас дужа мала: мо й набіраецца якая тысяча. Больш маем такіх, што з паходжаньня тутэйшы чалавек, беларус, мо’ часам літвін, але прызнае сябе сьвядома — паляком, гаворыць па польску. Калі хоча, хай сабе будзе паляком, абы ён быў верным сынам нашага краю, то да яго ніхто ніякай крыўды мець ня можа. Гэта найбольш паны, шляхтуны і меставыя людзі.
Сялянства скрозь гаворыць па беларуску. А калі яно часамі умее «pa polskiemu» то ўжывае польскае ламаніны не ў сябе ў хаце, а ў касьцеле, у месьце, на рынку. Гета ўсё тыя «тутэйшыя», што маюць «польскую веру» і «каталіцкую нацыянальнасьць». Але-ж, паны дабрадзеі, нельга-ж іх назваць палякамі. Яны ўжо пачынаюць называць сябе беларусамі, і ня пройдзе колькі гадоў, як ад мазураў пана Добровольскага нічога не застанецца.
Дык на што-ж Вам гэтыя стараньні, пане Добравольскі? На тое, каб ачмуціўшы несьвядомыя беларускія масы, вырваць найлепшы кусок з усяе Беларусі і прылучыць яго да Польшчы, а пасьля ўжо наслаць сюды праўдзівых мазураў. Мы ведаем, што польскія паны з Кракова і Варшавы ўжо гостраць зубы і нажы на нашую бацькаўшчыну, замест таго, каб тварыць справядлівыя ўмовы да спакойнага суседзкага жыцьця. Ужо ў мэморыі інформацыйнага бюро ў Кракаве да польскай Рады Стану яны назвалі Беларусь «Новай Польшчай».
Пакуль што ўсё гэта толькі словы, але вельмі хутка можа прыйсьці і да дзела. Дзеля гэтага беларусы павінны быць гатовы бараніць сваю бацькаўшчыну і ведаць, што ядыная іх надзея ў самых сабе, бо калі самыя сабе не паможам, то і «найлепшы» прыяцель, можа забраць ад нас толькі найлепшае.
Б. Адамовіч.
- ↑ Абмежкамі („крэсы“) значыць землямі каля мяжы, прыгранічнымі, палякі і дагэтуль называюць сваіх суседаў быццам тыя й ня могуць быць самыя па сабе, а ўсё толькі іхнымі абмежкамі: ласыя касіць чужыя сенажаці!
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.