О, каменне замоўкла, каменне маўчыць…
О, каменне замоўкла, каменне маўчыць… Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1926 Крыніца: Маракоў В., Рабінавая ноч. — Мінск, 2003 |
О, каменне замоўкла, каменне маўчыць,
Яно цёплага слова не скажа.
Калі так, я хачу між палёў адпачыць,
Хай палі мне пра сонца раскажуць.
А я сэрцам, ўсёй чулай душой юнака
Ўсё скажу й прапяю на прыволлі,
Каб шумела мацней пад гарою рака,
Каласілася спевамі поле.
Каб пад сонцам румяным на роднай мяжы
Я не змоўк разам з брудным каменнем,
І не стаў, як другія, без шчырасці жыць,
Адпіхнуўшы навекі імкненні.
Я хачу яшчэ жыць светам майскіх начэй,
Каб у зелені ўбачыць свой край,
Калі будзе змагацца святлей і ярчэй,
Калі раннем праплача зара…
То праплача мой родны, мой любы народ,
Праліе свае слёзы ад шчасця.
І на вольным прасторы шырокіх дуброў
Ўсё мінулае ў песні пагасне.
І тады ўсё ўздыхне, смела, шчыра ўздыхне,
Сваю радасць спяе для Айчыны
І каменне, як смецце, між палкіх агней,
Каб згарэлі, навекі пакіне!
(1926)