Перайсці да зместу

Ото ж, браце, давядзецца…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ото ж, браце, давядзецца…
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Крыніца: http://knihi.com/Francisak_Bahusevic/

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





 * * *

Ото ж, браце, давядзецца
Нам з табой вачмі сваімі
Бачыць, як свет западзецца
Са ўсім чыста і са ўсімі.

Казаў Шмуйла: «Не паможа
Жадна сіла — ўсё прапала!
Астануцца, — кажа, — можа,
Жыдкоў колькі — і то мала, —

Каб было каму астаткі
Грошы, водку, розна збожжа,
Пазбіраць усе манаткі,
Ці не купіць іх хто, можа?

А што рэшта ўсё загіне:
І кабылы, і каровы,
І авечкі, і ўсе свінне.
А там калісь, можа, новы

Свет паўстане, — кажа Шмуйла, —
Што жыдоўскі свет то будзе».
Згінець пан, прапаў хамула,
А з жыдоў настануць людзе.