Організацыя сіл
← Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г. | Організацыя сіл Артыкул Аўтар: Цішка Гартны 1924 Крыніца: Полымя, 1924. - №2 |
(Да гісторыі Савецкае Беларусі).
Ж. Х. З.
14 лютага 1918 году адчыніў сваю чыннасьць Беларускі Нацыянальны Камісарыят, зьмясьціўшыся ў гістарычным памяшканьні на Знаменскай вуліцы, дом 36. Гэтым адмяраўся першы крок па пуціне рэальнага вырашэньня беларускага нацыянальнага пытаньня. Было ясна, што Савецкая ўлада, у адлічча ад часовага ўраду меншавікоў і эсэраў, падыйшла да гэтага пытаньня з дзяржаўнаю меркаю і адначасна з іншымі галінамі політычнага і экономічнага характару павядзе яго к радыкальнаму вырашэньню. Само сабою зразумела, што паварот на гэты шлях беларускага пытаньня ўлічаўся за вялікі посьпех і лісьціў савецкія беларускія колы. Усякі намёк на опозыцыю Савецкай Уладзе, нават малейшая крыўда, аб якой яшчэ чулася на трэцім Усерасійскім Зьезьдзе Саветаў, пры гутарцы аб Усебеларускім конгрэсе—зараз сьціраліся. Між левымі коламі беларусаў і Савецкай Уладай было поўнае паразуменьне, поўная коордынацыя чыннасьці ў справе належнага вырашэньня беларускага нацыянальнага пытаньня. Ад гэтага хутка напрашвалася чароднае пытаньне,— зьліць Левую Беларускую Соцыялістычную Грамаду з Беларускай Комуністычнай Партыяй. І нясумненна, што яно зараж-жа магло-бы выліцца ў конкрэтную форму і гэтым адмеціць вобразнае завяршэньне ў эволюцыі наймацнейшай беларускай Соцыялістычнай Партыі, якою была на працягу лютаўскага пэрыоду рэволюцыі Беларуская Соцыял. Грамада ў яе левым крыле. Аднак здарэньні моманту, якія разварочваліся вакол Берасьцейскага замірэньня і наступу нямецкіх арміяў на Менск і Петраград, перамянілі хаду разьвіцьця беларускага руху. Эвакуацыя чырвонае сталіцы і пераезд ураду ў Маскву пакідалі пагражаючыя скуткі і дапамаглі аб цяжкім становішчы Савецкае Ўлады. Выразна вызначалася мажлівасьць заняцьця немцамі Петраграду, у зьвязку з чым высоўвалася пытаньне аб месцы нахаджэньня цэнтру Беларускае Соцыялістычнае Грамады і аб працы яе сяброў пад окупацыяй. Пераносіць яго ў Маскву, разам з Камісарыятам, ня мела сэнсу; тым болей, што Петраград, багаты беларускімі рэволюцыйна-пролетарскімі масамі, мог-бы падпасьці пад уплыў менскіх незалежнікаў, якія хутка панаскаквалі-б у чырвоную сталіцу са сваёй агітацыяй. Каб вырашыць гэтыя пытаньні, на 11 сакавіка было склікана агульнае сабраньне Петраградзкай Організацыі Соцыялістычнай Грамады, на якім, поруч з іншымі пытаньнямі, стаялі і гэтыя пытаньні. Абгаварыўшы іх ўсебакова, агульнае сабраньне пастанавіла: 1) аб сучасным моманце: „Прызнаць патрэбным найбольшаму ліку сяброў організацыі астацца ў Пецярбурзе, калі яго зойме немец, каб застаўшыся можна было разьехацца па окупаванай Беларусі і вясьці працу адраджэньня краю ды організаваць протэсты супроціў прылучэньня яго да Нямеччыны" і 2) аб пераносе ўправы: „Пакінуць управу Грамады ў Петраградзе, як найбуйнейшым цэнтры беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху"[1].
Гэткім чынам было санкцыянавана далейшае жыцьцё левай часткі Сацыялістычнай Грамады, адцягнуўшы яе злучэньне з Белар. С.-Д. Партыяй. На старонках выйшаўшай штотыднёвай газэты Камісарыяту „Дзяньніца" зьявілася абвестка аб прыняцьці новых сяброў у Грамаду. Але ўсё гэтае давала зусім мала надзей на далейшае разьвіцьцё беларускага рэволюцыйнага руху ў Расіі ў напрамку захаваньня традыцыйных іменьняў і формаў яго. Уся актыўная праца ад партыяў перайшла ў установу, у Камісарыят. Лідэры Грамады, кіраваўшыя ёю ў цяжкія часы Кераншчыны, цалкам аддаліся рэальнай справе дзяржаўнага афармленьня беларускага пытаньня. Пры гэтым яны пакідалі Петраград разам з урадам і пераяжджалі ў Маскву. Петраград пераходзіў на другі плян, заміраючы ня толькі політычна, а і экономічна. Станавілася ясна, што з Масквы пачнецца наступленьне на Менск. Усё-ж, на тым-жа агульным сабраньні Грамады (11 красавіка) была перавыбрана ўправа і пастаноўлена—чыннасьці ня спыняць. Пасьля гэтага, праўда, Грамада яшчэ падавала азнакі жыцьця, але хутка замерла, перадаўшы большасьць сваіх сяброў Беларускай Комуністычнай Партыі, якая скора ўлілася ў Расійскую Комуністычную Партыю на правох аўтономнай сэкцыі. Апошняя, з пераездам Беларускага Камісарыяту ў Маскву, служыла магутнаю падпораю ў шырока разьвернутай працы застаўленага ў Петраградзе Пецярбурскага аддзелу Беларускага Камісарыяту. Яна паступова расла і павялічвалася і складала сабою крэпкае ядро ў комуністычным беларускім руху. Аднак, у адносінах да Комісарыяту, Беларуская Комуністычная Партыя зьяўлялася пэрыфэрыяй. Галоўная політыка, асяродак беларускай актыўнасьці зьбіраўся ў Камісарыяце, які зразу паставіў сваю працу на цьвёрдую нагу.
Пры сваім адчыненьні Беларускі Нацыянальны Камісарыят меў гэткія аддзелы: бежанскі, культурна-асьветны, статыстычны і выдавецкі. Час хутка дадаў да гэтага аддзел ваенны. Апошні зразу вырас і распачаў вялікую працу па організацыі беларускіх чырвонагвардзейскіх аддзелаў, на што вайсковы камісар (т. Падвойскі) даў дазвол. Пры клюбе Нараўскай Організацыі Беларускай Комуністычнай партыі былі заложаны кулямётныя курсы пад кіраўніцтвам т. А. Чарвякова і вяліся страявыя заняткі. На курсах вучылася шмат таварышаў. Хутка распачаў працу і аддзел выдавецкі, выпусьціўшы першы нумар „Весткі Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту"— „Дзяньніца"—1-га красавіка і ўзяўшыся за прыгатаваньне да друку шэрагу політычных брошур. Не адставалі і іншыя аддзелы, у скорым часе абагачаныя аддзелам юрыдычным. На першым пасяджэньні колегіі Камісарыяту 24 лютага, якраз перад уступленьнем немцаў у Менск, было вынесена шмат адпаведных пастаноў, напр.: адчыніць некалькі ніжэйшых беларускіх школак, курсы для настаўнікаў і курсы для сталых; узяць пад кантроль усе старыя беларускія вайсковыя організацыі, выбраць з іх соцыялістых і запісаць да чырвонае арміі, а астатніх распусьціць; адабраць усе панскія бібліятэкі і заснаваць з іх адну цэнтральную беларускую бібліятэку... У гэты самы час было прыступлена да організацыі „Гуртка ахвотнікаў беларускага народнага штукарства", які хутка распа чаў сваю працу, а, таксама, была заложана каса ўзаемадапамогі беларускіх актыўных працаўнікоў. Усё разам казала, што Беларускі Нацыянальны Камісарыят стае цэнтрам савецка-комуністычнага крыла беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху, што вакол яго сыдуцца ўсе сьцежкі, па якім павінна лінуцца паступовае змаганьне за дасягненьне галоўных мэтаў перадавых сіл беларускага нацыянальнага руху—мэтаў пабудаваньня Савецкай Беларусі. Пэўна, пэрспэктывы гэтай працы былі дужа нявыразныя, затуманеныя, тым болей, што глеба, якая-бы падавала сьвежыя сокі, ляжала далёка ад месца знахаджэньня Камісарыяту, за высокай сьцяною фронту. Дрэнная політычная сытуацыя ў зьвязку з захапленьнем немцамі Беларусі, падыхала сумам і балюча адбівалася на разгарненьні працы. Паўставалі розныя нечаканыя думкі і дагадкі — наконт далейшага лёсу Беларусі. Многія сымптомы былі вельмі паказны для гэтага. Папершае, перад уступам немцаў у Менск вышла з падпольля Рада Усебеларускага Конгрэсу, якая абвясьціла сябе ўладаю і з дапамогаю беларускае роты салдат заваладала дзён на тры Менскам. Падасьпеўшыя легіёны гэн. Даўбор-Мусьніцкага перанялі фактычную ўладу горадам да сябе. але Рада, выбраўшыся з дому губэрнатара, дзе яна пакрулявала „вялікіх тры дні", ня сышла ў падпольле, а й з прыходам немцаў прадаўжала сваю працу. На пасяджэньні 9 сакавіка Выканаўчы Комітэт Рады выдаў „ІІ Ўстаўную Грамату да народаў Беларусі", у якой, між іншым, гаварылася: „Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічбеннай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай. Асноўныя законы яе зацьвердзіць будучы Беларускі Устаноўчы Сойм. Да яго скліканьня заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі... Выканаўчая і адміністрацыйная ўлада, як і раней, належыць да Народнага Сакратарыяту, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю нясе адпавядальнасьць". Каб не аставіць „Грамату" суха-акадэмічным дакумэнтам, незалежнікі праставілі ў ёй і пытаньні, якія цікавілі востра сялянскія гушчы і нацыянальныя меншасьці—гэта пра мову і зямлю. У „ІІ Устаўнай Грамаце" пісалася пра гэта: „Усе мовы на Беларусі раўнапраўны. Права прыватнай уласнасьці на зямлю касуецца. Зямля пераходзіць бяз выкупу тым, хто самі на ёй працуюць." 19 сакавіка на пасяджэньні Рады быў зацьверджан наказ, якім вызначаўся лічбенны склад Рады з 71 чалавека. А на пасяджэньні чародным, ноччу на 25 сакавіка, Рада прыняла пастанову аб аб'яўленьні Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнай дзяржаваю, выдаўшы ІІІ Устаўную Грамату ўжо не ад рады Ўсебеларускага зьезду, а ад Рады Беларускае Народнае Рэспублікі.
Адначасна з актыўнай чыннасьцю Менскай Рады, падавалі аб сабе голас і віленскія незалежнікі. За час нямецкай окупацыі Віленшчыны, пасьля некаторага часу застою, у Вільні згуртаваўся новы крэпкі асяродак беларускіх сіл. Пачала выдавацца газэта „Гоман', шмат кніжак, і шырока разьвінулася культурна-асьветная праца. К канцу 1918 году па ўсёй Заходняй Беларусі, захопленай у 1915 годзе немцамі, налічвалася да 300 беларускіх школ. Ад культурнае працы віленцы паступова перайшлі да працы політычнай. У канцы студзеня ў Вільні адбылася конфэрэнцыя, якая абрала Віленскую Беларускую Раду. Рада зразу прыняла востра-незалежніцкі напрамак, выдаўшы 18 лютага пастанову гэткага зьместу: „Палякі выказваюць захопныя тэндэнцыі на Беларусі; рускія войскі ня далі магчымасьці з'організавацца беларускай арміі і самі кінулі Беларусь безбароннаю; Беларусь мае ў гісторыі доказы магчымасьці не залежнага політычнага існаваньня; бальшавіцкі ўрад вёў гвалтоўную політыку над беларускім народам, аб чым сьведчыць разгон Усебеларускага Конгрэсу ў Менску. Прыймаючы ўсё гэта пад увагу, Віленская Беларуская Рада абвяшчае сувязь паміж Расіяй і Беларусьсю парванай. Рада зьвяртаецца да ўсіх заходніх дзяржаваў, асабліва да Нямеччыны, якая мае найбольш экономічных інтарэсаў, супольных з Літоўска-Беларускім краем, каб яны дапамаглі ў справе адбудовы дзяржаўнай незалежнасьці колішняга Літоўска-Беларускага гаспадарства, ня гледзячы на цяперашні разьдзел яго мяжою фронту".
Гэтыя факты яскрава сьведчылі за тое, што на пуціне пабудаваньня Савецкай Беларусі вынікаюць моцныя перашкоды. Разьвернутая праца менскіх і віленскіх незалежнікаў, хоць і пад непрыхільным поглядам нямецкіх окупацыйных уладаў, затое ў блізкім стыканьню з беларускім працоўным народам, магла мець буйныя скуткі, адмоўныя для Савецкай Улады. К гэтаму, некаторыя мотывы дыктавалі нямецкаму камандаваньню окупацыйнымі войскамі, выкарыстоўваць для сябе працу незалежнікаў. Агрэсыўная політыка ў адносінах да Расійскай фэдэрацыі патрабавала выкарыстаньня розных сродкаў, якімі-б можна было прынесьці тую ці іншую шкоду Савецкаму Ураду. Падпісаўшы грабежны Берасьцейскі акт, па якому большая частка Беларусі даставалася ім, нямецкія імпэрыялісты-юнкеры, аднак, чуліся за яго затулаю ня зусім бясьпечна і парушэньне беларускае незалежніцкае думкі ім было на руку. Як-ніяк, а і селяніна беларускага можна лягчэй адурачыць праз фіскальную гульню ў беларускасьць. І кіруючыся гэтымі пазывамі, час-ад-часу нямецкія окупанты падавалі повад радаўцам надзеяцца на посьпех іх прадаўнічай, з боку беларускага працоўнага народу, чыннасьці.
Гэткім чынам перад беларускімі савецкімі коламі, якія гуртаваліся ў Беларускім Нацыянальным Камісарыяце і ў Пецярбурскай Беларускай Комуністычнай Сэкцыі, вырастала пастойная патрэбнасьць паставіць супроць незалежнікам сваю як моральную, гэтак і фізычную сілу. У кожным выпадку, і дзеля працоўных гушчаў заграніцы і дзеля буржуйных урадаў Эўропы патрэбна было адзначыць, што ўсе крыклівыя лямэнтацыі Беларускай Рады, усе яе захады да прадстаўніцтва ад беларускага народу—нішто інакшае, як провокацыя. Сапраўдная Беларусь, яе працоўныя гушчы, заціснутыя ярмом нямецкай окупацыі, вельмі і вельмі далёкі ад ідэі паказной незалежнасьці і ўсёй інтрыгі авантурнай Рады. Працоўная Беларусь—хоча быць Савецкая краінай, хоча мець сваю работніцка-сялянскую ўладу. Настрой і пад немцамі і ў Усходняй Беларусі і сярод многалікіх бежанскіх масаў выразна казаў за гэта. Аставалася яго выявіць, сконцэнтраваць у адным фокусе і выліць у рознастайныя формы праз камісарыяцкую організацыю.
Кіраўнікі Беларускага Камісарыяту падлічвалі гэта і паступова разгортвалі сваю працу ў адпаведным гэтаму напрамку. На адным з пасяджэньняў колегіі Камісарыяту было пастаноўлена адчыніць аддзелы яго ў Віцебску, Смаленску і ў мясцох асяданьня бежанцаў, як: Саратаў, Тамбоў і Казань. Гэта пастанаўленьне зараз-жа прыняліся правадзіць. Ужо перад ад'ездам Белнакому ў Маскву быў камандзіраван у Віцебск памоцнік камісара т. Скарынка з мэтаю адчыненьня там аддзелу. Асабліва з Віцебскам справа не цярпела: трэба было загадзя пераняць мажлівы уплыў на жыхарства Віцебшчыны а боку Беларускае Рады, сакратарыят якое зразу пасьля заняцьця Менску немцамі, пасьпяшыў закінуць вудачку ў Віцебскія супроць-савецкія колы. Каб зьмякчыць уражаньне ад окупа цыі Менску і затушыць мажлівыя выявіцца антынямецкія пачуцьці, Сакратарыят Беларускае Рады хутчэй-жа паведамляў віцебчан тэлеграмаю, каб яны не баяліся нічога, бо ў Менску ўлада ў руках генэральнага сакратарыяту (чытай-свая!), і што сакратарыят сумее наладзіць жыцьцё. Хоць праўда, пакуль дайшла тэлеграма да віцебскіх устаноў—то і „ўлада" Сакратарыяту пала, усё-ж нельга было пакідаць беларускія районы бяз усякай савецка-нацыянальнай чыннасьці, якая-б у кожны адпаведны момант магла стаць супроць провокацыйна-антысавецкім выступленьням. К шкодзе, якраз, гэтага ўпарта не хацелі зразумець у той час Віцебская губэрская ўлада і прышлося нейкі час патраціць на выясьненьні бядовае абмылковасьці іх поглядаў. Нарэшце яны згадзіліся з довадамі прадстаўніка Белнакому, і к канцу сакавіка ў Віцебску было адчынена яго аддзяленьне. Праз нейкі час было заснована гэткае-ж аддзяленьне і ў Смаленску, у чэрвені, а далей—у Саратаве. У кожным з гэтых пунктаў закіпела работа па організацыі беларускае грамадзянскае савецкае думкі шпаркім тэмпам.
Прызывы Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту к беларускаму працоўнаму народу падняць голас протэсту супроціў нямецкіх окупантаў, якія захапілі вялікую частку Беларусі і пайшлі на гутарку з авантурнай Радай, каб зрабіць Беларусь асобнай рэспублікай пад протэкторатам немцаў,—атрымалі дружна-зьяднаны, гарачы водгук. Сялянства Віцебшчыны, бежанцы ў Саратаве і Маскве, бежанцы і матросы ў Пецярбурзе, політычныя партыі і абедненыя на агульных зборах і на злучаных нарадах пачалі выносіць ваяўнічыя рэзолюцыі протэсту супроціў прыгнятацеляў і прадаўнікоў працоўнай краіны Беларусі. Гэтак, на агульным сабраньні І Пецярбурскай Гарадзкой Організацыі Беларускай Соцыялістычнай Грамады 11 сакавіка аднагалосна была вынесена гэткая пастанова: „Політыку Менскіх Радаў прызнаць праступнай і асудзіць яе".[2] І ў заключэньне прынята наступная рэзолюцыя:[3] „Беларуская Сацыялістычная Грамада, як партыя рэволюцыйнага соцыяліэму, першая пачала працу на ніве нацыянальнага адраджэньня дэмократычнага працоўнага беларускага народу і павяла гэту справу па тым шляху, які ня йдзе насупярэч клясавай барацьбе і вызваленьню ад экономічнага ўціску працоўнага народу. Але за апошні час, калі нацыянальна-соцыялістычны рух у Беларусі дужа пашырыўся і ахапіў усю Беларусь, да справы беларускай рэволюцыйнай дэмократыі пачалі прысяброўвацца розныя валацугі, падасланцы буржуазіі, зусім чужыя і шкодныя справе людзі, якія з-за аховы ўласных інтарэсаў і інтарэсаў буржуазіі прымазаліся да беларускага нацыянальна-соцыялістычнага руху, і справу культурнага адраджэньна беларускага народу пасіліліся зьвярнуць на другую пуціну, на пуціну згоды з беларускай буржуазіяй і панамі, з Украінскаю буржуйнаю прадажнаю Радаю і нават з польскімі контр-рэволюцыйнымі легіёнамі. Гэтак, у Цэнтральнай Вайсковай Радзе сабраліся „беларусы", якія, за сьпіною беларускай дэмократыі і беларускага народу, пахаўрусаваліся з Украінскай Радай і польскімі панамі; а застаўшыся ад усебеларускага зьезду нейкі спаўняючы комітэт, туляючыся ад соцыалістычных організацый левага напрамку, узлажыў на сябе справу, на якую яго ніхто не ўпаўнаважваў: ён паслаў тайком ад ураду Расійскае Фэдэратыўнае Радавае Рэспублікі дэлегатаў з кадэтствуючых прадажна-буржўйных асобаў на нараду па замірэньню з немцамі; ад гэтых пасланцоў можна чакаць таго, што і ад Украінскае Рады.[4] Прымаючы ўсё гэта пад увагу, Пецярбурская Організацыя Белар. Соц. Грамады абурана політыкай беларускіх самазванных радаў, рэзка адлучае ад сябе яе сяброў, аб'яўляючы ім бязьлітасную барацьбу, і, зьвяртаючыся да рэволюцыйных рабочых і сялян Белікарасіі і іншых нацыяў, якія жывуць у Расійскай Рэспубліцы, кажа ім голасна: Беларуская Сацыялістычная Грамада настолькі падзяляе нацыянальны рух, наколькі ён ня зрушае еднасьці рэволюцыйнага фронту і пасабляе хутчэйшаму вызваленьню працоўнага люду ад усякіх прыціскаў. Прэч буржуазію і яе ўстановы— Рады. Няхай жыве Савецкая Соцыялістычная Фэдэрацыйная Рэспубліка! Няхай жыве рэволюцыйная соцыялістычная беларуская дэмократыя! Няхай жыве работніча-сялянскі інтэрнацыянал!".
Гэта рэзолюцыя была адказам на першыя крокі чыннасьці менскіх радаў, пачынаючы ад Усебеларускага зьезду да ўваходу ў Менск немцаў.
Далейшая праца незалежнікаў, павёўшая за сабою абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі і перагаворы з нямецкім камандаваньнем аб абвяшчэньні яе незалежнай—аб чым пранікалі весткі праз мяжу окупацыі— падняла цэлую хвалю протэстаў. З нумару ў нумар вестка Беларускага Камісарыяту, газэта „Дзяньніца" не пераставала біць трывогу аб пагражаючым становішчы Беларусі, прызываючы сялян і рабочых к абароне свае краіны.
На яе кліч з розных канцоў незанятае Беларусі і Расіі пачалі адгуквацца беларускія працоўныя гушчы, выказваючы сваю гатоўнасьць змагацца за захопленую Беларусь. На іх сходах, у пастановах і рэзолюцыях, выразна адзначалася глыбокае нацыянальнае пачуцьцё, якое, зьліваючыся ў адно цэлае, прадстаўляла магутны фактар, патрабуючы да сябе належнай увагі. 14 красавіка ў Пецярбурзе, а 21 красавіка ў Маскве адбыліся многалікія зборы бежанцаў, на якіх прадстаўнікі Белар. Камісарыяту, беларускай комуністычнай сэкцыі і левай соцыялістычнай грамады зрабілі даклады аб становішчы Беларусі. Тысячныя масы бежанцаў горача протэставалі супроць яе захопу немцамі і супроць Радаў, якія сваёю чыннасьцю аддавалі краіну ў доўгую няволю нямецкаму капіталу. Сьледам за гэтым пранеслася хваля протэстаў беларусаў-сялян Віцебшчыны. „Мы, грамадзяне Чэрнееўскай вол. Себескага павету Віцебшчыны,—гаворыць адна рэзолюцыя, надасланая ў Беларускі Нацыянальны Камісарыят:—сабраўшыся 7 траўня 1918 году на валасны сход і абгаварыўшы пытаньне ў зьвязку з вырашэньнем і ажыцьцяўленьнем Берасьцейскага замірэньня, пры гэтым аднагалосна пастанавілі: зьвярнуцца ў Беларускі Нацыянальны Камісарыят і ў урад Вялікай Расійскай Фэдэрацыйнай Рэспублікі з протэстам проціў намераў нямецкіх гвалтоўнікаў, якія праз розныя абяцанкі жадаюць абярнуць нас і нашых братоў беларусаў у сваіх нявольнікаў. Мы, беларусы, ня хочам міласьці нямецкіх кулакоў, а жадаем самі вырашаць лёс „Вялікай Роднай Беларусі"[5]. Таксама агульны збор (8 мая) сялян Старасельскай воласьці Віцебскага павету, абгаварыўшы бягучы момант, вынес пастанову, у якой паміж іншым кажа: „Самавызначэньне Беларусі мажліва толькі бяз умешкі немцаў, якія сваім самавызначэньнем ставяць мэту адабраць здабытую намі з гэткай цяжкасьцю свабоду". Протэстуюць горача супроціў прыгнячэньня немцамі „нашае дарагое родзіны Беларусі" і сяляне Курынскай воласьці. На сваім сходзе таго-ж 8 траўня яны ў прынятай пастанове заяўляюць, што „ніколі не падчыняцца старым бюрократычным парадкам, хто-б іх не насаджваў". Яны просяць „усіх беларусаў аб'яднацца і выносіць катэгорычныя протэсты", а ў патрэбны момант і бараніць „нашу вялікую Беларусь ад бруднага нямецкага імпэрыялізму; а „камісара" па нацыянальных справах Беларусі просяць бараніць іх, запэўніваючы яго, што ў адпаведны момант „мы гатовы выступіць, як адзін чалавек, к вам на помач"[6]. Падобныя протэсты прынялі на агульных, знарок сазваных, сходах беларускія сяляне Дамінікоўскай воласьці Невельскага павету, Ізмалінскай воласьці Себескага павету, Віцебскі павятовы савет сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў і інш.
Побач з гэтым, падняліся протэсты ад бежанцаў, расьсеяных па розных глухіх куткох Велікарасіі. Частка гэтых протэстаў накіроўвалася ў Саратаўскае аддзяленьне Бел. Нац. Камісарыяту, частка надыходзіла ў Цэнтральны Бел. Камісарыят у Маскве. Бежанцы ў Царыцыне заяўлялі: „Мы, беларусы, што жывем у Царыцыне, заяўляем протэст на захапленьне немцамі Беларусі, бо мэта іх—аддаць беларускі працоўны народ у няволю. Нашы жаданьні—атрымаць самавызначэньне ў агуле з Расійскай Савецкай Фэдэрацыйнай Рэспублікай"[7].
Агульны ўздым беларускай грамадзкасьці ў зьвязку з вострасьцю бягучага моманту ў гісторыі Беларусі вымусіў заварушыцца і левых соцыял-рэволюцыянэраў, беларусаў па нацыянальнасьці. У пачатку чэрвеня пры Беларускім Нацыянальным Комісарыяце ўзьнік ініцыятыўны гурток для ўтварэньня Беларускай сэкцыі левых соцыял-рэволюц. пры Цэнтральным Комітэце ў Маскве. Гурток гэтак акрэсьліваў абавязак кожнага рэволюцыянэра-беларуса: „Тое прызначэньне, якое беспасярэдна адчувае на сабе працоўны народ Беларусі, наперад усяго застаўляе кожнага рэволюцыянэра-беларуса падумаць аб вызваленьні краю ад нямецкага захопу і аднаўленьня ўлады мясцовай буржуазіі. Гэткім чынам, агульнае імкненьне рэволюцыйнай Расіі да змаганьня з нямецкім імпэрыялізмам прымае для беларусаў асаблівы, можна сказаць, востры характар. Беспасярэдная небясьпека для рэволюцыі ў краі, нямінучасьць фізычнага змаганьня, неабходнасьць організацыі мясцовага насяленьня, галоўным чынам сялянства—усё гэта кліча да работы ў Беларусі тую партыю, якая высока трымае сьцяг рэволюцыі, напісаўшы на ім: „У змаганьні знойдзеш свае правы!" Але-ж тыя абставіны застаўляюць кожнага беларуса, які далучаецца да партыі левых соцыялістаў-рэволюцыянзраў, прыняць беспасярэдны і самы чынны ўдзел у справе вызва леньня краю"[8].
Сэкцыя хутка (26 мая) была з'організована і ў кароткі тэрмін налічвала ў сабе да соткі сяброў. 9 чэрвеня ў памяшканьні Сялянскай сэкцыі ЦВК яна склікала грамадзянска-бежанскі беларускі мітынг, на які сабралася да тысячы чалавек. На павестцы дню стаялі два пытаньні: бя гучы момант і бежанскае пытаньне, як выплываючае з першага. Абгаварыўшы абодва гэтыя пытаньні, сход вынес па першаму з іх наступную рэзолюцыю: „Праслухаўшы прамоўцаў, якія абрысавалі політычнае становішча ў сучасны момант Расійскае Радавае Фэдэратыўнае Рэспублікі, у зьвязку з заняцьцем нямецкімі імпэрыялістамі ваколіц Рэспублікі, у асобку Беларусі, і, бяручы на ўвагу экономічны цяжар дамаганьняў усясьветнай буржуазіі, сход вітае Радавую Уладу за яе барацьбу, як з расійскаю буржуазіяй, гэтак сама і з народным ваяўніцтвам, за інтарэсы працоўнага народу, сялян і работнікаў. Утвораная нямецкімі ваяўнікамі-імпэрыялістымі злучка з беларускай буржуазіяй, так называная „Незалежная Беларуская Рэспубліка", ёсьць ня што іншае, як спосаб да экономічнага і палітычнага прыгону беларускіх сялян і рабочых, якія прынесьлі нязьлічаныя афяры дзеля заваёваў соцыяльнае рэволюцыі і якія падпадаюць цяперака пад усе жахі таго окупацыйнага парадку, перад якім бляднеюць страхі дзікасьцяў турэцкіх башыбузукаў. Сход протэстуе супроціў прадаўніцкага напрамку дзейнасьці Менскае Рады, якая прагаласіла „Беларускую Незалежную Рэспубліку“. Цяперашні сход без адлічча партыяў, каб чуў увесь сьвет, заяўляе, што самаскліканая прадаўніцкая рада, якая ня мае нічога супольнага з беларускім працоўным народам, ня мае права казаць ад яго імені нічога, ня мае права таргаваць яго крывёю, яго будучыняю ў Бэрліне і Кіеве;[9] бо воля беларускага працоўнага народу настроена да цеснага яднаньня і братняга злучэньня з усімі велікарасійскімі сялянамі і рабочымі, з усёю Радаваю Расіяю, якая высока трымае штандар барацьбы за правы і вольнасьці працоўных усіх краёў, усіх народаў. Сход зьвяртаецца з гарачым прызывам да зьяднаньня ўсіх беларусаў у барацьбе за вызваленьне роднае краіны; зьвяртаецца з поклічам да ўсяго працоўнага народу Расіі і Ўкраіны і ўсіх старонак — пасобіць нацыянальнаму адраджэньню і вызваленьню працоўнае Беларусі, памагчы ёй змагацца з нямецкімі захопнікамі і гвалтаўнікамі, якія нясуць пагібель рэволюцыі і пабудову панства буржуазіі. Далоў заложаную нямецкімі штыхамі „Беларускую Незалежную Рэспубліку!“ Няхай жыве братні саюз паміж сялянамі, рабочымі й салдатамі Беларусі, Расіі, Украіны і ўсіх народаў! Няхай жывуць рады рабочых, салдацкіх, і сялянскіх дэпутатаў! Няхай жыве змаганьне за вольнасьць і правы працоўнага народу Беларусі[10].
Як-бы ў дапаўненьне гэтай рэзолюцыі, сход прыняў пастанову аб організацыі беларусаў-бежанцаў праз павятовыя і губэрскія зьезды і праз Усерасійскі зьезд. Скліканьне апошняга было ўзложана сходам на Беларускі Нацыянальны Камісарыят, які хутка й прыступіў да падгатоўчай працы. У № 18 „Дзяньніцы" (ад 7 ліпня) Упяршыню была зьмешчана адозва да ўсіх беларусаў-бежанцаў, павядамляючая аб хуткім скліканьні зьезду, аб пытаньнях, якія мецьмуцца на ім вырашацца і аб модусе прадстаўніцтва на ім. Сам па сабе гэты зьезд адкрываў шырокі шлях да далейшай організацыі беларускай савецкай думкі, пашыраючы яе ў сялянскія гушчы, гэтым падгагаўляючы будучую аснову беларускай дзяржаўнасьці. Беларускі нацыянальны камісарыят выяўляў сабе ўсю вялізную значнасьць гэтага зьезду, парашыў як найхутчэй склікаць яго, каб адначасна з бежанскім пытаньнем пасьвяціць беларускія працоўныя масы ў становішча іх краіны.
Весткі аб зьезьдзе хутка разьнесьліся па ўсёй савецкай тэрыторыі і бурліва ўскалыхнулі бежанскія гушчы к назначанаму тэрміну. 17 ліпня зьехалася з усіх куткоў Расіі звыш 200 чалавек-дэлегатаў. Адчыніўшыся ўрачыста, зьезд цягнуўся пяць дзён і падрабязна абгаварыў бежанскае пытаньне, пытаньне культурна-асьветнай працы сярод беларускага жыхарства, чыннасьць Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту і сучаснае становішча Беларусі. У прынятых рэзолюцыях, па першым пытаньням зьезд выказаў сваю выразна-сьвядомую беларускую позыцыю і гэтым падкресьліў яшчэ раз пасьпешны ўзрост і разьвіцьцё савецкай беларускай грамадзкасьці, якой суджана будзе ў неўзабаве стаць на шлях дзяржаўнага будаваньня свае савецкае краіны.
Разьвіцьцё здарэньняў няўхільна вярнула да гэтага. Там, за мяжою фронту, пад окупацыяй, Рада вяла сваю справу далей. Сказаўшы аз—яна сказала і букі. Ад нясьмелых мізэрных спробаў самастойнай чыннасьці яна мусіла пайсьці па кроках свае ўкраінскае аднайменьніцы—да нямецкага камандаваньня. Абвяшчаць Рэспубліку—адно, а правіць у ёй—другое. Для апошняга мала выбраць сакратарыят, а трэба мець і аружную сілу, каб на што апірацца. Гэтай сілы, як вядома, Беларуская Рада нямела. Фактычна яна была ў вольнай волі гэнэрала Фалькэнгайна, які насьмешліва пазіраў на яе ігру ў салдацікі, якая, вядома, нічога рэальнага ў сэнсе дзяржаўнага будаўніцтва „Незалежнай Беларускай Рэспублікі" не прадстаўляла. Трэба было знайсьці выйсьце. Беларуская Рада бачыла гэта выйсьце ў „хаўрусе" з немцамі. Да іх пакіравалі радныя з просьбамі, проэктамі і плянамі. Але поўнаўласнае ў Беларусі камандаваньне окупацыйным войскам ня было ўсё-ж компэтэнтным зрабіць гэткі адпаведны крок, як утварыць „беларуска-нямецкі хаўрус", ці хоць-бы вырашыць формальна пытаньне з Беларускаю Рэспублікаю. І Рада, доўга ня думаючы, шагнула праз голаў гэн. Фалькэнгайна, зьвярнуўшыся да самога Вільгэльма, нямецкага кайзэра з вядомай тэлеграмай. Перад тронам тырана пакорліва схіліліся голавы і сяброў правае Сацыялістычнае Грамады Партыі Соцыял-Дэмократаў і Беларускае Партыі Соцыялістых Фэдэралістых. Аднак, Вільгельм бязуважна прыняў нечаканую пакору і справа з „хаўрусам" мала пасунулася наперад. Усё-ж з надворнага боку гэты гістарычны акт меў вялікшае значэньне ў справе далейшага паглыбленьня здрадніцкай чыннасьці Беларускае Рады. У кожным разе ён даваў небясьпеку за будучыну окупаванай Беларусі. Магло стацца, што ў любы момант Вільгэльм можа хапіцца за добрую параду радных і папрабаваць зрабіць вопыт „нямецка-беларускага саюзу".
Па колькі можна было папярэдзіць гэткую провокацыю, нельга было адкладваць. Рэзолюцыі протэсту бурліваю хваляю прайшоўшыя па беларускай Расіі давалі зразумець, што, апроч Менскае Рады, ёсьць і іншыя прадстаўнічыя ўстановы беларускіх працоўных гушчаў; што гэтыя апошнія пільна сачаць за разьвіцьцём падзей у захопленай ворагамі радзіне і гатовы ў любы момант заявіць усяму сьвету, што ад іх аднялі яе на час, што ўпарадкаваньне ўлады і будаўніцтва залежыць зусім не ад Менскае Рады. Калі апошняя гатова аддаць Беларусь у прыгон юнкерам, то працоўныя масы будуць змагацца супраціў гэтага, бо яны хочуць мець незалежную Савецкую Беларусь. Гэта хаценьне, аб якім мала хто думаў і дбаў, аб якім Рада й не дагадвалася. - патрошку, з малога жаральца, хутка разьлілося ў бурлівую рэчку, абмыўшы сваімі хвалямі мнегалікія беларускія працоўныя колы. Ужо ў рэзолюцыях протэсту віцебскіх сялян і бежанцаў мімаходам адзначалася, што будаўніцтва Беларусі павінна быць справай беларускіх працоўных масаў і мусіць ісьці ў напрамку са вавецкім. „Мы, беларусы, хочам самі вырашаць лес Вялікай Роднай Беларусі", канчаюць сваю рэзолюцыю сяляне Чэрнейскай воласьці Себескага павету (глядзі вышэй). „Нашы жаданьні—атрымаць самавызначэньне Беларусі ў агуле з Р. С. Ф. С. Р." заяўляюць бежанцы з Царыцына. „Мы стаімо за самавызначэньне Беларусі ў фэдэрацыі з Р .С .Ф .С .Р .“, патрабуюць сяляне Дамінікаўскай воласьці Невельскага павету. „Самавызначэньне Беларусі мажліва толькі бяз умешкі немцаў", кажуць сяляне старасельскай воласьці Віцебскага павету (глядзі вышэй). І чым далей, тым гэта думка ўсё мацнела, а к часу Усерасійскага зьезду бежанцаў-беларусаў вылілася ў адпаведную форму выразнай пастаноўкі пытаньня. Замест „можам" і „трэба"— стала зычаць моцнае, цьвёрдае— „павінна", „мусіць". „Беларусь павінна быць Савецкай Рэспублікай, а не Незалежнай, Народнай! — Гэта мусяць ведаць тыя, хто бяз голасу працоўных мэсаў спрабуе вырашаць іх лёс".
Разам з гэтым давалася разуменьне і для Савецкае Улады, каб яна помніла, што ў часы вызваленьня Беларусі з-пад нямецкай окупацыі— трэба будзе даць ёй самастойнасьць Рэспублікі. Беларускія працоўныя гушчы праз цёмную завесу мук і стогнаў свае краіны, праз сетку сваіх пакут, ачулі і праглядзелі шлях да самабудаваньня свайго жыцьця і жыцьця свае краіны. Гэта ляжала ў поўным самавызначэньні, у поўным нацыянальным вызваленьні, а пасьля—у цеснай братняй злуцы з працоўнымі гушчамі Велікарасіі, Украіны і ўсіх нацыяў вызваленай з царскага і буржуазнага прыгону быўшай Расіі.
Другога чэрвеня адбыўся ў Кронштаце агульны сход беларусаў-маракоў Бальтыцкага флёту і ўсіх грамадзян-беларусаў, якія пражывалі ў Кронштаце, у ліку звыш 500 чалавек, пад старшынством матроса Г. Мельнічэнкі. Сход, заслухаўшы даклады аб „Гістарычным лёсе і аб сучасным становішчы Беларусі і бежанскім пытаньні"—пастанавіў: „Цэнтральны Беларускі Камісарыят павінен прыняць меры да скліканьня ІІ усебеларускаіа Зьезду, які-бы канчаткова вырашыў лёс Беларусі“. У рэзолюцыі прынятай па дакладу і некалькі блытанай, але цікавай па зьместу, вось як азначаецца тагачаснае становішча Беларусі і тыя шляхі, па якіх павінна пайсьці дзяржаўнае яе будаўніцтва: „Заслухаўшы даклад аб сучасным становішчы Расіі і, галоўным чынам, аб родным краі Беларусі, а таксама аб намерах прылучыць да окупаванай часьці яе неокупаваныя прасторы і праз гэта канчаткова заняволіць увесь край, сход маракоў-беларусаў усяго Бальтыцкага флёту ў Кронштаце і ўсіх грамадзян-беларусаў, якія пражываюць у Кронштаце, прызнае: 1) што становішча ўсяе краіны (Расійскай Фэдэрацыі) пад націскам заходняга імпэрыялізму і паўстаньня ў сярэдзіне з кожным днём горшае й страшнее. Цяпер ужо стала ясна, што ў пляны нападаючых ворагаў уваходзіць думка—зрабіць чорны падзел Вялікае Расійскае Рэспублікі. 2) Што аднэю з афяраў гэтага чорнага падзелу Расіі, па свайму гістарычнаму становішчы і сучаснаму бегу здарэньняў зьяўляецца наша, доўгія гады спаўшая, прыніжаная і абойдзеная Беларусь. Вагромныя абшары яе з натуральнымі багацьцямі, з крэпкім духам беларускага народу, з парубежным станові шчам і гістарычным мінулым,—зьяўляецца выгадным таварам на міжна родным рынку і гэтым таварам імкнецца пакарыстацца ў першы чарод імпэрыялістычная Нямеччына. З) Што захопніца Нямеччына зараз самым дзікім спосабам глуміцца над нашым родным краем у яго окупаванай частцы і ў агульным шоламе гатуецца дзікім зьвяром накінуцца і на астатнія, яшчэ незанятыя часткі Беларусі, каб і ў іх сабраць усё, што можна, аж да адабраньня апошняга зерня цяпер багата сьпеючай нівы, а затым, выціснуўшы з беларуса апошні сок, на агульным міравым конгрэсе, які ўжо не за гарамі, кіне няшчасную Беларусь у цэпкія рукі аднэй з монархічных дзяржаў. Гэткае становішча нашага роднага краю застаўляе нас, зьвярнуцца да расійскай дэмократыі і прасіць: 1) Каб былі прыняты самыя рашучыя й неадкладныя крокі да ўзмацненьня абароны яшчэ незанятай усходняй часьці Беларусі, каб ня даць Нямеччыне багатага ўраджаю і не падчыніць апошнюю жменю беларусаў яе жалезнаму гвалту. 2) Каб была дадзена поўная мажлівасьць і гарантыя неадкладнага скліканьня другога Усебеларускага Зьезду, на якім сам беларускі народ скажа сваё рашучае слова аб далейшым сваім лёсе. Сход заяўляе, што самачынна ўтвораны ў Менску Ўрад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ён не прызнае і супраціў яго протэстуе. Сход лічыць, што ўся Беларусь, па духу свайго беларускага працоўнага народу, па свайму гістарычнаму мінуламу і па ходзе Вялікае Расійскае Рэволюцыі—зьяўляецца неаддзельнай часткаю Расійскае Фэдэрацыйнае Рэспублікі, у якую яна павінна ўвайсьці, як аўтономнае, дзяржаўнае цэлае. Сход заяўляе, што ў мэтах абароны Беларусі і яе натуральнага самавызначэньня, у мэтах утварэньня агульна-расійскага Фэдэрацыйнага Саюзу, ён гатоў аддаць сябе ў распараджэньне тых колаў, якія возьмуць на сябе абарону адраджаючайся і самавызначаючайся Роднай Вольнай Беларусі. Сход таксама протэстуе супроціў агульнага імкненьня Нямеччыны навязваць працоўным народам окупаваных частак Расіі монархічны і буржуйны лад, адкідаючы культуру народаў і іх вызваленьне на цэлыя стагодзьдзі назад".
Бежанскі зьезд, прадстаўляючы сабою тысячныя грамады беларускага сялянства, раскіданага па вялікіх абшарах Велікарасіі, запакутаванага дашчэнту ўдалёку ад радзімы, яшчэ рашучай паставіў кропкі над літарай і. У рэзолюцыі аб сучасным становішчы Беларусі ён выразна выказаўся за „вольную работніча-сялянскую Беларусь". „Ўсерасійскі зьезд бежанцаў-беларусаў—гаворыць рэзолюцыя зьезду: „азнаёміўшыся падрабязна з тым палажэньнем, якое цяпер маецца ў нашай роднай старонцы, парашыў прызнаць, што з гэткім палажэньнем ніякім чынам нельга згадзіцца. Вось там, у Менску, залажылася нейкае, так празыванае "Беларускае Правіцельства", якім кіруюць памешчыкі-палякі: Р. Скірмунт, Хржонстоўскі, Лянкоўскі і іх прыслужнікі, розныя хлусна-соцыялістыя. Гэты ўрад, нібы-та стараецца дастаць для нашае старонкі незалежнасьць, сапраўды-ж праз гэту незалежнасьць мерыцца ўвясьці ў нашай краіне скінуты царскі парадак і аддаць яе на абіраньне нямецкаму ваяўніцтву й буржуазіі. Пры гэткім парадку, калі яго дапусьціць зрабіць беларускі працоўны народ—ён ня будзе мець ні зямлі, ні волі і не дастане ні капейкі за зьнішчанае вайною сваё дабро. Беларускі працоўны народ, побач з другімі, дамагаўшыся зямлі і волі і дастаўшы яе праз вялікую Расійскую рэволюцыю, ніколі ня згодзіцца нанава падпадаць пад цяжкі прыгон памешчыкаў і капіталістых. Прычасьціўшыся волі, ён, як адзін чалавек, сумее паўстаць і адагнаць са свае краіны сваіх ворагаў і прыгнятацеляў. Толькі ў змаганьні—свабода! Усім-жа тым апякуном Беларусі, якія выпадкам, для сваіх выгад, спыніліся на ёй і стараюцца прывесьці яе не да незалежнасьці, а да самага страшнага прыгону, якога і дзяды ня ведалі і ня зносілі, скажа:„ Вон з нашага краю, паганыя злыдні! Дэмократычны беларускі народ досыць ужо нацярпеўся на працягу гісторыі і ад польскіх паноў, і ад расійскіх чыноўнікаў і цяпер хоча быць вольным і шчасьлівым". А гэта воля і шчасьце будуць з ім толькі тады, калі ен будзе жыць у вольнай злуцы з Расійскаю Савецкаю Рэспублікаю, ня даўшыся ні ў лапы беларускіх паноў, ні ў пастку нямецкіх капіталістаў.
Далоў-жа насаджаную немцамі з дапамогаю беларускіх памешчыкаў незалежнасьць!
Няхай жыве, Вольная Работніча-Сялянская Беларусь у цеснай братняй злуцы з Расійскаю Савецкаю Рэспублікай!
Няхай жыве вольная злука працоўнага народу ўсіх краёў і ўсіх нацыяў![11]
Прадбачачы мажлівасьць торгу за окупаваную Беларусь між буржуазнымі дзяржавамі на міравым Конгрэсе, Усерасійскі зьезд бежанцаў папярэдзіў гэта наступнай рэзолюцыяй „па пытаньню аб прадстаўніцтве ад беларускага працоўнага народу на будучай мірнай нарадзе народаў: „Прызнаючы, што Беларусь павінна ўвайсьці ў будучыне ў склад саюзу свабодных народаў на падставе аўтономнасьці у фэдэрацыі з Расійскай Савецкай Рэспублікай, Зьезд прызнае неабходным, каб на будучай мірнай нарадзе народаў былі прадстаўнікі ад беларускага працоўнага народу для абароны яго інтарэсаў на падставе клясавага самавызначэньня і аднаўленьня яго культурна-гаспадарчага жыцьця, нашчэнт зруйнаванага імпэрыялістычнай вайною. Беларускі народ, як гэткі, ёсьць працоўны народ, а таму прадстаўнікі на мірную нараду павінны быць выбраны самім працоўным народам Беларусі бяз розьніцы нацыянальнасьцяў, якія ў ёй жывуць,—а не пасылацца ад імя якіх бы там ня было самазваных організацыяў і ўрадаў.[12]
Беларускі Нацыянальны Камісарыят улічваў адпаведную сытуацыю ў політычным становішчы. Намер і рашучасьць з'організаваных беларускіх працоўных гушчаў абараняць Беларусь праз яе дзяржаўнае будаваньне на падставе прынцыпыў Кастрычнікаўскай Рэволюцыі вымагала ад прадстаўнічай беларускай інстытуцыі, якім быў Камісарыят пры Савецкай уладзе, рабіць належныя крокі да ажыцяўленьня гэтай думкі. Па разуменьню кіраўнікоў Беларускага Камісарыяту і беларускіх савецкіх організацыяў нельга было захоўваць неазначанасьць погляду на Беларусь з боку Савецкае Улады ў гэткі адпаведны для беларускага працоўнага народу момант. Нядбаньне аб дзяржаўным ладзе яе магло шкодна адбіцца на настроі проціўрадаўскіх колаў і саслужыць козырам для окупантаў. Абласны Комітэт Заходняй вобласьці, які знаходзіўся ў Смаленску і правіў незанятай немцамі часткаю Беларусі (Віцебшчына не хацела ўходзіць у Заходнюю вобласьць), не разумеючы ўсёй значнасьці нямецка-радаўскіх інтрыгаў і не прыдаючы вялікага значэньня беларускаму пытаньню, прапускаў яго скрозь пальцы. Болей таго, амаль ня з самага заснаваньня Камісарыяту газэта Абласнога комітэту Заходняй вобласьці „Известия Исполнительного Комитета Советов Западной Области" і газэта „Звезда“ ўзялі варожы тон у адносінах да Камісарыяту і раз-ад-разу нападалі на яго, лічачы яго непатрэбнай, нават шкоднай для справы рэволюцыі, установай.
Гэта хітра і ўмела падлічвалася радаўцамі, яны абмылкі Вобласнага Комітэту Заходняй вобласьці выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах. „Заходняя вобласьць,—казалі яны: „ці-ж ня тое самае, што„Паўночна-Заходні Край" — назва, дадзеная Беларусі царскім русыфікатарскім урадам з адпаведнаю мэтай? Чаму-ж бальшавікі, прызнаючы самавызначэньне народаў, баяцца Беларусь назваць яе сапраўдным імем? Дзе-ж іх шчырасьць? На ненормальнасьць і дражлівасьць гэтага пытаньня ў адзін голас скардзіліся дзесяткі таварышаў-эмісараў падпольнікаў, якія пасылаліся Беларускім Нацыянальным Камісарыятам у окупаваную Беларусь і якія кожны тыдзень наяжджалі з дакладамі. Камісарыят выразна адчуваў гэту недарэчнасьць і, само сабою, першыя крокі па шляху дзяржаўнага будаваньня Савецкай Беларусі трэба было кіраваць на Смаленск. Трэба было выясьніць заблытанасьць пытаньня з назваю Беларусі—Заходняю вобласьцю— і, паразумеўшыся з таварышамі обліскомзаппамі, павесьці далей агулам захады ў гэтым напрамку.
У першай палове жніўня месяца ў Смаленск адправіліся для перагавораў з Абласным комітэтам камісар Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту т. Я. Лагун і з ім т. Войтка. Я. Лагун падаў у комітэт даклад, які быў пастаўлен на разгляд на пасяджэньні комітэту ад 16 жніўня 1918 году. Вось тэкст дакладу:
„Заходня-Абласному Комітэту Расійскай Комуністычнай партыі (бальшавікоў) Загадчыка Беларускім Камісарыятам пры Народным Камісарыяце па справах нацыянальнасьцяў—даклад аб перайменаваньні „Заходняй вобласьці" у „Беларуска-Літоўскую".[13]
Спраўка: 1) Констытуцыя РСФСР, разьдзел 1, глава 1, § 2: „Савецкая Расійская Рэспубліка зацьвярджаецца на падставе свабоднага саюзу свабодных нацыяў, як фэдэрацыя савецкіх нацыянальных рэспублік". 2) Разьдзел ІІ агульнага палажэньня констытуцыі Р С Ф С Р § 2: „Саветы абласьцей, якія адлічаюцца асаблівым бытам і нацыянальным складам, могуць об'яднацца ў аўтаномныя абласныя саюзы, на чале якіх, як і на чале ўсялякіх могучых быць заложанымі абласных аб'яднаньяў, наогул, стаяць Абласныя Зьезды Саветаў і іх выканаўчыя органы. Гэтыя аўтаномныя абласныя саюзы ўваходзяць на падставах фэдэрацыі ў Расійскую Соцыялістычную Савецкую Рэспубліку.
Прымаючы на ўвагу прыведзеныя вышэй асноўныя законы РСФСР, і грунтуючыся на рэзолюцыях і пастановах, якія вынесьлі сэкцыя беларусаў комуністаў Ленінградзкага комітэту РКП, сэкцыі беларусаў РКП Ленінграда, Масквы, Тамбова, Саратава і многа іншых гарадоў, а таксама і організацыяў, якія стаяць на пляцформе Савецкае Улады, аб перайменаваньні Заходняй вобласьці ў Беларуска-Літоўскую і лічачыся з тым, што колы капіталістычных кулацкіх незалежнікаў-самасьційнікаў працуюць над замацаваньнем „Беларускае Незалежнае Рэспублікі" ў абставінах окупаванай Беларусі, каб захаваць там сваё клясавае панаваньне; што пры гэтым яны агалашаюць і распальваюць нацыяналізм, дасягаючы мэты варожае Расійскай Рэволюцыі, як то было з 1-шым Усебеларускім зьездам, які адбыўся ў Менску 15/XII 1917 году і наглядна паказаў прыклад захапленьня цёмных народных гушчаў нацыянал-шовіністычнымі ідэямі, — трэба адзначыць, што напрашваецца сам сабою вывад — перайменаваць Заходнюю Вобласьць у Беларуска-Літоўскую і гэтым вырваць раз назаўсёды корань розных замераў да вузка-нацыяналістычных імкненьняў, а ў адносінах да несьвядомых культурна і політычна масаў стаць сваімі, дзеля ажыцяўленьня соцыяльна-клясавых заданьняў, якія паставіла Вялікая Кастрычнікаўская Рэволюцыя; зьнішчыць з карэньнем пытаньне „нацыянальнай незалежнасьці" і перадаць доўга прывячаўшае рабочых і сялян і быў шае сродкам дзеля эксплёататараў на працягу стагодзьдзяў нацыянальнае пытаньне ў рукі рабочых і сялян ды накіраваць яго так, каб яно служыла дадаткам да дыктатуры бяднейшых над прыгнятацелямі. Левыя эс-ры якраз у апошні час і прынялі гэту тактыку, накіраваўшы сваю чыннасьць у окупаваныя часткі Беларусі, дзе праз сваіх агітатараў (а іх налічваецца па маіх вестках да двух з паловаю тысяч) няўхільна зацьвярджаюць беларускім працоўным масам-—што справа вызваленьня Беларускага народу —ёсьць справа яго самога, што Савецкая Расія, падпісаўшы Берасьцейскі мір, прадала Беларусь, зьмяніла соцыялізму і г. д., а, дзякуючы гэтаму, сярод беларусаў окупаванай часткі Беларусі паўсталі сэпаратыскія імкненьні да неорганізаваных выступленьняў супроціў окупацыйнай улады, якія часта прыводзяць да зьніштажэньня немцамі цэлых вёсак, да растрэлаў і г. д. Знаёмячыся з павядзеньнем і тактыкаю левых эсэраў, можна быць пераконаным, што яны ёсьць пабочнымі пасобнікамі Менскіх Радаў капіталістаў-памешчыкаў, што яны дзеля таго, каб уцягнуць Савецкую Расію ў становішча вайны з Нямеччынай, пасаблялі Радзе замацоўваць незалежную рэспубліку, што яны таксама, як і Менская рада, няўхільна зацьвярджалі, што Савецкая Расія забыла аб беларусах. У зьвязку з дадатковай ратыфікацыяй мірнага дагавору і наступным ачышчэньнем немцамі некаторай часьці Беларусі, жыхарству беларускаму давядзецца вясьці змаганьне супроціў самасьційнасьці, між тым гэтаму вельмі пасобіла-б перабудаваньне вобласьці водлуг констытуцыі РСФСР.
Не знаходзячы мажлівасьці прыводзіць больш даказаў, якія вымагаюць безадкладнага рашэньня пытаньня аб перайменаваньні Вобласьці (на ІІІ Вобласным Зьезьдзе С. Р. і К. Д. пытаньне гэта вырашана ў дадатным сэнсе) знаходжу, што раней, чым унесьці зачэпленае мною пытаньне на абгавор пасяджэньня пленуму зьезду, ён бязумоўна павінен быць абгаворан у вышэйшай інстытуцыі—у Абласным Комітэце Р. К. П. З гэтае прычыны Беларускі Нацыянальны Камісарыят мусіць згаварыцца з ЦКРКП, ЦНК Саветаў і Саўнаркомам, мотывуючы належным чынам сваю пропозыцыю, а пасьля, у залежнасьці ад паглядаў Цэнтральных устаноў улады, вынесьці і сваё рашэньне па гэтаму пытаньню. Дзеля гэтага прашу КРКП назначыць нараду, пасьвечаную пытаньню аб перайменаваньні вобласьці, паставіўшы Белнаком да ведама аб часе нарады.
Нарэшце трэба адзначыць, што Беларускі Нацыянальны Камісарыят, ставячы пытаньне аб перайменаваньні Вобласьці, лічыць, што дадатняе яго вырашэньне адначасна перадрашае пытаньні аб патрэбнасьці існаваньня некаторых аддзелаў Камісарыяту. Дзеля вырашэньня пытаньня аб Беларускім Камісарыяце патрэбна мець думку Наркомнаца. Загадчык Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту Я. Лагун."[14]
Азнаёміўшыся з дакладам т. Я. Лагуна, Абліскомзап пастанавіў: „Пропозыцыю аб перайменаваньні Заходняй вобласьці ў Беларуска-Літоўскую, адкінуць. Прыняць пропозыцыю перайменаваць Заходнюю вобласьць у Заходнюю комуну". Гэта пастанова была адаслана ў Народны Камісарыят па нацыянальных справах, а адтуль накірована ў Беларускі Камісарыят.
Такім чынам захады да пагоджаньня з таварышамі з Абліскомзапа па беларускаму пытаньню, які прыняў Белнаком—не прывялі к дадатным скуткам. Абліскомзапаўцы не адкінулі сваіх памылковых поглядаў на гэта, а, наадварот, цягнулі далей газэтную кампанію супроціў „гэтае зацеі", якою яны лічылі Беларускі Нацыянальны Камісарыят з яго поліўкаю . У газэтных артыкулах т. т. з Абласнога Комітэту ня скупіліся на моцныя словы і вольныя выказы, сьведчачы гэтым аб безнадзейнасьці для Белнакому пачынаць справу дзяржаўнага будаўніцтва Савецкай Беларусі з гэтага боку. На незаслужаныя напады на Беларускі Нацыянальны Камісарыят „Звезды" і „Известий М. К. С. Зап. Ком." газэта „Дзяньніца" ў рэзкім артыкуле „Няпрыстойна комуністам!" адказвала так: „Вось ужо на працягу доўгага часу „Известия Н. К. С. Зап. Воб." і „Звезда" нясьціхана вядуць сплетную інтрыжную вайну супроціў Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту і яго аддзяленьняў, накідаючыся на іх з усіх бакоў і чапляючыся да яго бяз усякай прычыны, за няма што. Калі прачытаць іх нападкі, то сорамна неяк становіцца за іх! Ня крыўда, ня злосьць, а проста нейкая няёмкасьць забірае цябе, калі ты бачыш, што расійская дзейнасьць, якая будуецца на закладзінах соцыялізму і рэволюцыйнага разьвіцьця, мае перад сабою гэткія прыкрыя рэчы, як напададнае рэволюцыйнае ўстановы на другую. Хочацца думаць, дый трэба так думаць, што рэдакцыі „Известий И. К. С. Зап. Ком." і „Звезды " або не разьбіраюцца ні ў чым па няведаньню і няяснасьці ўяўленьня сабе задачаў моманту, ці знарочыстая робяць непачэснае дзела—цкаваньне другіх, роўных сабе, а мо' й вышэйшых устаноў, і працуючых у іх таварышоў. Беларускі Нацыянальны Камісарыят выклікан да жыцьця ходам і разьвіцьцём Вялікае Расійскае Рэволюцыі, якая напісала на сваім штандары і правяла ў жыцьцё прынцып: „Свабоднага самабудаваньня народаў на працоўных закладзінах". Яна выпхнула на паверх жыцьця вышэйшую, раўнапраўную з іншымі інстытуцыямі Фэдэрацыйнай Расійскай Рэспублікі, інстытуцыю і па нацыянальных справах рабочых і сялян розных нацыянальнасьцяў — Народны Камісарыят па справах нацыянальных. Пры гэтым Камісарыяце заложана ўжо цэлых 18 нацыянальных аддзелаў, у тым ліку і беларускі, якія агулам прынесьлі нязьлічаную карысьць для Расійскае Рэволюцыі — што ясна кожнаму шчыраму яе прыхільніку".[15]
Падобныя артыкулы ў „Дзяньніцы" былі скуткам нападнае кампаніі „Известий К. С. Зап. Ком." і „Звезды" на Беларускі Нацыянальны Камісарыят, але яны зьмяшчаліся вельмі рэдка, ужо тады, калі нельга было не адказаць у інтарэсах самой рэволюцыі. Аднак, пасьля адхіленьня Абліскомзапам пропозыцыі Белнакому аб перайменаваньні Заходняй Вобласьці ў Літоўска-Беларускую політычная сытуацыя ўнутры рэспублікі й пазамежамі была гэткай, што трэ' было больш чыньня, чым слоў. Вакол Камісарыяту стыхійна концэнтраваліся беларускія сілы, у якіх увачавідкі расло жаданьне і імкненьне будаваць Савецкую Беларусь, рабіць захады к Савецкаму Ураду аб пастаноўцы гэтага пытаньня на павестку дня. З окупаванай Беларусі даходзілі весткі аб разлажэньні нямецкае арміі, аб прагным чаканьні працоўнымі беларускімі масамі бальшавікоў. Сам ход разьвіцьця рэволюцыі казаў за тое, каб Савецкая Ўлада пайшла ў вызваленыя нацыянальныя вобласьці з ясна акрэсьленымі лёзунгамі нацыянальнай політыкі. Замест розных „незалежніцкіх" рэспублік Радаў і Тарыбаў, працоўнае жыхарства Беларусі, Літвы, Латвіі мусела атрымаць вольныя Савецкія Рэспублікі, ідэяй, настроем, духам родныя Расійскай Савецкай Рэспубліцы. Інакшага шляху ня было—кожны гэта ведаў.
Яснай была пэрспэктыва і для Беларускага Рацыянальнага Камісарыяту. Аставалася напружаньней організаваць сілы. Каб мэтазгодней павесьці працу ў гэтым напрамку, пры Камісарыяце ў канцы жніўня залажылася Беларуская Комуністычная Фракцыя, якая і прыняла на сябе гуртаваньне крэпкага комуністычнага асяродку, так патрэбнага для будучай працы ў вызваленай Беларусі. Побач з гэтым на 30 кастрычніка пры Камісарыяце была склікана нарада з адпаведных працаўнікоў Камісарыяту, яго аддзяленьняў і прадстаўнікоў беларускіх комуністычных сэкцыяў. Нарада, адчыніўшыся другога лістапада, мела мэтаю акрэсьленае ў тэлеграме, якая была паслана т. Ў. Леніну: „Першая нарада адпаведных працаўнікоў Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту, якая задалася мэтаю сабраць сярод працоўнага жыхарства Беларусі рэальныя сілы для сусьветнай соцыяльнай рэвалюцыі і дыктатуры пралетарыяту, на першым пасяджэньні другога лістападу абрала вас, дарагі Ўладзімер Ільліч, як правадыра сусьветнай рэволюцыі, сваім ганаровым старшынёю, просячы прыняць гэта абраньне"[16]. Адначасна нарада паслала другую тэлеграму т. Сталіну гэткага зьместу: „Першая нарада адпаведных працаўнікоў Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту на пасяджэньні другога лістапада абрала Вас ганаровым старшынёю, як сапраўднага выкатчыка клясавага руху нацыянальнасьцяў, і просіць заўтра, 3 лістапада, а 12 гадзіне наведаць сваім прысутнічаньнем"[17].
Гэта нарада падрабязгова абгаварыла пытаньні моманту і справу далейшай працы Беларускага Камісарыяту. Яна адмеціла разам з гэтым дадатныя ўмовы для спрыяючага разьвіцьця здарэньняў у бок вырашэньня беларускага дзяржаўнага пытаньня. Няўдача перагавораў т. Лагуна з Абліскомзапам пасьведчыла для нарады ў тым сэнсе, што апошняя мусяла пачынаць справу вырашэньня беларускага пытаньня з цэнтру і пачынаць, як найхутчэй, каб не адстаць ад разьвіцьця здарэньняў.
Нарада пастанавіла таксама, заснаваць комуністычную сэкцыю пры Маскоўскім Комітэце Р.К.П., увайшоўшы з хадайніцтвам аб гэтым у Маскоўскі Комітэт.
Апошні зразу даў згоду на гэта, і 14 лістапада адбыўся організацыйны сход комуністых-беларусаў Масквы, які і выбраў часовае бюро сэкцыі з пяці сябраў і трох кандыдатаў (сябрамі ўвайшлі: З. Жылуновіч, Я. Лагун, А. Усьціновіч, А. Дзедзя і Хрэнаў, а кандыдатамі—З . Чарнушэвіч, Салтыкаў і Клыс). Гэты вялізнай важнасьці факт зразу мяняў справу далейшага дамаганьня за Савецкую Беларусь, за правільнае вырашэньне беларускага нацыянальнага пытаньня. Сэкцыя, хутка вырасшы ў магутную комуністычную організацыю, аднавіла падставіны для працы Нацыянальнага Камісарыяту, прыдаўшы ёй большую рашучасьць і аўтарытэтнасьць. У Камісарыята знайшлася магчымасьць разьвінуць шырэй агітацыйную чыннасьць, як у Р.С.Ф.С.Р., гэтак, асабліва, і ў Беларусі. Амаль ня што-дня бюро сэкцыі адпраўляла ў окупаваную Беларусь беларусаў-комуністых, якія хутка заснавалі ў Менску беларускую сэкцыю і павялі шырокую працу. Была наладжана цесная сувязь паміж Менскам і Масквою, даючы гэтым праўдзівую орыентыроўку ў працы.
Дзякуючы гэтаму, пытаньне аб Савецкай Беларусі настойка вытыркала на паверх, выразьней і выразьней азначваючы на свае аблічча, і застаўляла гутарыць аб сабе на народных мітынгах, на нарадах Камісарыяцкай Колегіі, Бюро Белсэкцыі, на сходах беларускіх комуністых і асабліва на старонках „Дзяньніцы".
У паветры ўжо насіўся подых блізкага прыходу вялікага нараджэньня Беларускай Незалежнай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі.
Зноскі
[правіць]- ↑ Пратаколы Пецярбурскай Організацыі Б. С. Г. Прат. ад 11 сакавіка 1918 г.
- ↑ Пратаколы Пец. Орг. Бел. С. Гр.
- ↑ Рэзолюцыя была надрукавана ў „Дзяньніцы" № 4 за 1918 г. і няпоўнасьцю ў маім артыкуле „Два бакі беларускага нацыянальнага руху" „Полымя" № 3—4.
- ↑ Як вядома, Украінская Рада ў Брэсьце падпісала сэпаратную ўмову з немцамі, дзякуючы якой Украіна стала нямецкай провінцыяй.
- ↑ "Дзяньніца" № 12 ад 17 траўня 1918 г.
- ↑ „Дзяньніца" № 15 ад 7 чэрвеня 1918 г.
- ↑ „Дзяньніца" № 12 ад 17 траўня 1918 г.
- ↑ Аб Беларускай Сэкцыі левых соцыялістаў-рэволюцыянэраў. „Дзяньніца № 14 за 1918 год.
- ↑ Пры міравых перагаворах між Савецкаю уладаю і Скарапацкім—у Кіеў езьдзілі прадстаўнікі Беларускай рады з сваімі дамаганьнямі.
- ↑ "Дзяньніца" № 17 за 1918 г.
- ↑ "Дзяньніца* № 21 ад 26 ліпня 1918 г.
- ↑ „Дзяньніца" ад 30 ліпня 1918 г.
- ↑ Формуліроўка пропозыцыі Бел. Нац. Каміс. ясна сьведчыць аб далікатных адносінах у той час да ўжо насьпеўшага вырашэньня беларускага пытаньня.
- ↑ „Дзяньніца* ад 25 кастрычніка 1918 г.
- ↑ „Дзяньніца" 25 кастрычніка 1918 г. артыкул: "Няпрыстойна комуністам".
- ↑ „Дзяньніца" ад 19 лістапада 1918 г.
- ↑ „Дзяньніца" ад 19 лістапада 1918 г.