Оптымізм як жыцьцевая сіла
Оптымізм як жыцьцевая сіла Публіцыстыка Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі 1934 год Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 8 (10) ад 20.XII.1934 г., б. 7 |
Пэсымізм — найгоршы тормаз для дзеяньняў; для грамадзкай працы — балючая маральная хвароба. Пэсымісты ня толькі абрыдае жыцьцё самому сабе, але ёсьць як-бы сказаць, сабатажнікам духовых парываў людзей таго асяродзьдзя, у якім ён знаходзіцца.
Паміж беларускім старэйшым грамадзянствам а нават і паміж студэнскай моладзі здараюцца непапраўныя пэсымісты-мальконтэнты ці „нытики“, як іх добра называлі маскалі.
Такі чалавек ніколі нічым не захопіцца, ніколі нічоча не пахваліць, усё крытыкуе, а не дае свайго. Не запішацца ён да ніякай арганізацыі, ані палітычнай, ані гаспадарскай ці культурнай.
Там яму хадэкі, там санатары, там фашысты, там ізноў камуністы — усюды ён відзіць самае дрэннае, самую „гніль“, забываючыся, што гэтая гніль знаходзіцца ў ім самым і ёсьць шкоднай яму і асяродзьдзю, у якім ён абіваецца.
Проста жаласьць бярэ слухаючы маладую студэнтку ці студэнта, наракаючых на ўсіх і на усё, знеахвочаных да жыцьця. „Пашто жыць? Няма сэнсу. Хацелася-б умерці“—кажа такі нешчасьлівы хадзячы „нытик“.
Даў-бы, здаецца, такому грамадзяніну, кіруючыся міласьцяй бліжняга, вяроўку ці камень да шыі, каб памагчы яму задаволіць ягоную „ахвоту“ умерці і асвабадзіць ягонае нешчасьлівае цела ад варожага гэтаму целу ягонага духа.
Мальконтэнт абрыдае жыцьцё сабе і другім, а ў грамадзкай працы ён ня толькі што не карысны, але проста шкодны. Тады як здаровы оптымізм, ёсьць жыцьцятворчым дзейнікам і асалодай жыцьця.
Д-р Фр. Шрэдэр так кажа аб оптымізме: „Хто пасьля буры перажыў духовае адраджэньне, хто радасным сэрцам прыняў вечна творчы сьвет з яго бязмежным багацьцем хвормаў і коляраў, постацяў і сілаў, хто навучыўся ім цешыцца і ў ім дзеяць, падзіўляць нашую напоўненую гэраізмам сучаснасьць і людзкі чын — ці не навернецца той да эванэліі радасна-творчай волі і няўсыпаючай энэргіі? Да эванэліі вечна рухлівага, нясупыннага оптымізму?..
Чалавек, што не пераняты ўвесь здаровым оптымізмам—страчаны.
Камандзір, што хістаеца, нерашучы, пазбаўлены веры ў самога сябе — прывядзе толькі да заламаньня і няшчасьця. Кожная грамада, кожная супалка, што прыйшла-б на сьвет з бесканечным „калі б“ і „але“, бяз сілатворчага, парываючага намечаньня мэты—ёсьць мёртва пароджанае дзіця.
Народ, што пакідае сваю справу, ня маюючы гарачай веры ў сваю місію ў сябе дмоа і ў шырокім сьвеце — ужо адыходзіць у мінулае…
Напоўніць кожнага з нас оптымістычным пачуцьцём абавязку, які нават катастрофу абверне ў багаслаўленьне, а нікому ўжо ня будзе страшна за нашую будучыню“. (Вісті, № 42. 1934 г.).
Праўдзівыя і прыгожыя думкі. Толькі здаровы оптымізм, вера ў лепшую будучыню дасьць нам беларусам духовую і фізычную сілу ў змаганьні за вызваленьне нашага працоўнага Беларускага Народу.
Ул.