Перайсці да зместу

Ойча наш беларуса

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Ойча наш» беларуса
малітва
Аўтар: Пётра Просты
1914

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ойча наш, Каторы ёсць у небе! Глянь вокам ласкавым на зямельку нашую бедную і на сыноў яе верных, што да Цябе сёння свой голас падносяць і просяць аб благаславенстве і помач! Выцягні руку Тваю літасцівую і благаславі!

Няхай Імя Тваё свяціцца ад краю да краю! Выпішы Тваё Імя Святое на сэрцы беларускага народа знакамі незацёртымі і спраў, каб Яно ў пашане было па вёсках нашых і гарадох — ад аднаго канца Беларусі да другога! Пакіруй справай нашай так, каб яна вялася Табе на хвалу, а нам на пажытак…

Няхай прыйдзе Каралеўства Тваё — Каралеўства Праўды і Справядлівасці. Крыўдай зямелька наша поўніцца, слязьмі горкімі плача народ… Нам Праўду адабралі, не далі нам Справядлівасці… Цяпер мы шукаць іх хочам. Памажы, Божа! Няхай і да нас прыйдзе Каралеўства Тваё…

Няхай будзе Воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Воля Твая хоча, каб усё стварэнне ішло сваім шляхам да супольнай мэты, каб усё расло паведлуг1 сваіх патрэбаў і натуры. Воля Твая хоча, каб адзін народ не прашкаджаў другому ўзмацняцца і спакойна працаваць над пазнаннем Твайго Закону і над долі сваёй паляпшэннем. Няхай жа станецца Воля Твая Святая і на нашай зямлі! Няхай слонца Праўды ёй засвеціць і згоніць з яе прастораў цемру векавечную!..

Хлеба нашага штодзённага дай нам сягоння — і на векі! Долю нам дай, о Божа міласцівы, долю нам дай! Мы енчым так доўга ў паніжэнні і ганьбе; мы здзервянелі ў горы нашым і бядзе, але ў душах нашых не загасла жаданне лепшага жыцця, не ўлёгся голад Праўды і Свету… Мы галодны, мы не маем чаго есці, мы не маем нікога, хто б нам хлеба адламіў штодзённага. Узбудзіш Ты, о Божа, у народзе Тваім працаўнікоў рупных і шчырых грамаду і пашлі ж Ты іх на заглохлую ніву, каб спуставанне паправілі і засеялі зерне Дабра і Праўды.

І адпусці нам даўгі нашы… бо і мы даўгі мелі, а за даўгі ўзялі нам долю і шчасце… Даруй нам грахі нашыя — наша ляніўства і нядбальства, нязгоды і сваркі, і дай нам сілы досі, каб мы паправіліся і да лепшага ўзяліся жыцця. Адпусці нам даўгі нашы, бо і мы адпускаем нашым даўжніком… Адпускаем усім, хто нас крыўдзіў і туманіў, хто ад нас скарбы нашыя хацеў адабраць — нашу Веру, сумленне, мову і годнасць нашу! Мсціцца не будзем… з душы адпускаем, так, як Ты, о Пане, нам прыказаў!..

І не ўводзь нас на спакусу! Сцеражы нас ад здрады Твайго Імення і Справы нашай! Мы цёмныя і слабыя, а спакусаў у нас многа: чужыя нас завуць у свае рады, хочуць перацягнуць да сябе нашы лепшыя сілы, а нам грошы абяцаюць, і выгоды, і спакой… Колькі іх — і дужых, і светлых, і багатых — за спакусай гэтаю пайшло! Адракліся і зямлі і народа — сокамі зямлі і народнай працай узгадаваныя вырадкі — і запрапасцілі, запрадалі родную справу! О, не ўвадзі ж Ты нас у спакусу, Божа Вялікі!..

Збаў нас ад злога — ад граху, ад здрады, ад ляніўства! Ворагаў нашых паканаць памажы, надзею нам у сэрца ўлі — адрадзі Ты нас, Божа, адрадзі!

1914 г. Рым